Двое сяброў — уласнікі бізнесу на працягу сямі гадоў спрачаліся і судзіліся, адстойваючы свае правы. Калі паспрабавалі адпрацаваць сітуацыю з медыятарам, дамовіліся за тры сустрэчы. Ранкам адзін з іх патэлефанаваў другому і сказаў, што ўпершыню за час іх варагавання нармальна спаў, бо ўсе сем гадоў жыў у стане стрэсу. А калі б раней чуў пра медыяцыю, усяго гэтага можна было б пазбегнуць. Што такое медыяцыя, каму і чым яна можа дапамагчы, з якімі праблемамі звяртаюцца людзі да медыятараў і каго не варта дапускаць да гэтай працэдуры — пра ўсё гэта і яшчэ больш расказвалі эксперты падчас круглага стала, які арганізавалі ў БелТА.
Шанц на прымірэнне, калі не відаць выйсця
Медыяцыя — прызнаны ва ўсім свеце спосаб вырашэння спрэчак. Яна стала развівацца ў другой палове XX стагоддзя ў ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і паступова распаўсюдзілася ў Еўропе. У Беларусі яе станаўленне пачалося ў 2011-2012 гадах з пілотнага праекта развіцця пазасудовай медыяцыі, які быў падтрыманы Вышэйшым гаспадарчым судом. Станоўчы вынік гэтай спробы прывёў у 2013-м да прыняцця закона аб медыяцыі. Цяпер яна паступова пранікае ў розныя сферы нашага жыцця.
— Доўгі час вырашыць канфлікт у Беларусі можна было толькі ў судзе. Медыяцыя — прынцыпова новы спосаб вырашэння спрэчак, які адпавядае сучасным рэаліям, дапамагае захаваць партнёрскія адносіны і робіць іх больш прадукцыйнымі, чаго наўрад ці можна дасягнуць праз суд, — упэўнена Дзіяна ПАДЛЕСКАЯ, начальнік упраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Міністэрства юстыцыі. — Яна закліканая ўрэгуляваць канфлікт, калі варожыя бакі не могуць самастойна знайсці выйсце, аднак існуе шанц вырашыць праблему, не чакаючы судовага рашэння.
Спецыялісты запэўніваюць, што медыяцыя — альтэрнатыўны традыцыйнаму дасудоваму ўрэгуляванню канфліктаў спосаб, аднак не замена яму. Па сутнасці, гэта перамовы бакоў з удзелам незалежнай асобы — медыятара, каб выпрацаваць узаемапрымальнае рашэнне, якое прымуць, дарэчы, самі спрачальнікі, а медыятар толькі стварае для гэтага ўмовы.
— Медыяцыя не канкурыруе з судом. Яна дае магчымасць выбраць, як мы будзем разбірацца з канфліктам (праз трацейскі суд, інстытут прымірэння, інстытут медыяцыі), дае ім альтэрнатыву выбару, а не проста з'яўляецца альтэрнатывай суду, — падкрэсліў Станіслаў НІКІЦІН, трэнер Цэнтра медыяцыі і перамоў, бізнес-трэнер па карпаратыўнай канфлікталогіі. — Падчас суда выносіцца рашэнне, якое не заўжды задавальняе людзей. Яны губляюць адносіны, ці разбірацельствы зацягваюцца надоўга. Аднак чалавечае мысленне ўсё ж эвалюцыянуе, і людзі разумеюць, што дамаўляцца — больш выгадна, чым доўга судзіцца. Беларусы ўжо саспелі да прыняцця думкі, што медыяцыя дапамагае раз і назаўжды цалкам вычарпаць інцыдэнт без наступнага ўзнікнення канфліктаў.
Медыяцыя якраз-такі і выйшла з судоў, і цяпер назіраецца здаровая пераемнасць і супрацоўніцтва медыятараў з судамі, дадаў Міхаіл МАЦКЕВІЧ, начальнік аддзела практычнай медыяцыі Цэнтра «Медыяцыя і права»:
— Медыятары дзяжураць у судах, адкуль да іх паступаюць справы, і суддзі бачаць, што многія з іх можна вырашыць з дапамогай медыяцыі, разгрузіўшы такім чынам суды.
Без іскавых абмежаванняў, але з гарантыяй прымусовага выканання
Сёлета з 1 ліпеня пачалі працаваць змены ў Закон аб медыяцыі, якія скіраваны на шырэйшае распаўсюджванне пазасудовай медыяцыі і папулярызацыю яе магчымасцяў, найперш у сферы шлюбна-сямейных адносін.
Цяпер суды і загсы пры звароце сужэнцаў аб скасаванні шлюбу будуць абавязаны растлумачыць ім іх права на інфармацыйную сустрэчу з медыятарам, а ўжо ён раскажа, што такое медыяцыя і чым яна карысная. Рашэнне наконт удзелу ў медыяцыі прымаюць самі сужэнцы, расказала прадстаўніца Мінюста:
— Гэта магчымасць яшчэ раз пашукаць кампраміснае рашэнне, каб захаваць нармальныя адносіны. Часам прычыны канфлікту зусім не ў тым, што кажуць бакі. Задача медыятара — дапамагчы ім гэта зразумець, і, магчыма, гэта і стане вырашэннем канфлікту.
Кодэкс аб шлюбе і сям'і дапаўняецца палажэннямі, якія прадугледжваюць прымяненне медыяцыі па спрэчках, якія ўзнікаюць у шлюбна-сямейных адносінах. Спрэчкі, якія можна ўрэгуляваць з дапамогай медыятара, бакі вызначаюць у шлюбным дагаворы.
Яшчэ адно новаўвядзенне — укараненне медыяцыі ў якасці альтэрнатыўнага дасудовага спосабу вырашэння спрэчак паміж юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі нароўні з прэтэнзійным парадкам.
— Адна з мэт заканадаўчых змен — уніфікацыя нормаў грамадзянскага і гаспадарчага працэсаў у частцы пытанняў, звязаных з медыяцыяй, у сувязі з чым бакі могуць звярнуцца да медыяцыі на любой стадыі судаводства, — звярнула ўвагу Дзіяна Падлеская. — Суд мае права пакінуць іск без разгляду, калі бакі ў медыяцыі заключаюць пагадненне аб прымірэнні. Пры гэтым бакі могуць абмяркоўваць свае прэтэнзіі, не абмяжоўваючыся іскавымі патрабаваннямі, і ім яшчэ вернуць дзяржпошліну.
Як дадатковая гарантыя па завяршэнні медыяцыі прадугледжваецца выдача выканаўчага ліста на прымусовае выкананне медыяцыйнага пагаднення. Хоць да 90 % пагадненняў і так добраахвотна выконваецца.
Калі медыяцыя дарэмная
Часцей за ўсё людзі прыходзяць да медыятараў з сямейнымі канфліктамі: па пытаннях падзелу маёмасці, з запытам на вызначэнне парадку адносін з дзецьмі, са спадчыннымі праблемамі. А таксама па эканамічных спрэчках, акрэсліла Алена ЛЯСНАЯ, прадстаўніца Медыятыўнага бюро.
Калі людзі звяртаюцца да медыятара з запытам на правядзенне працэдуры, спецыяліст найперш вызначае, ці можна ўрэгуляваць спрэчку з дапамогай медыяцыі, бо ёсць катэгорыі спрэчак, для якіх гэта немагчыма.
— Падчас сумеснай сустрэчы спрачальнікаў і медыятара пачынаецца непасрэдна сама працэдура медыяцыі. Кожны з бакоў расказвае сваё бачанне праблемы і прычыну ўзнікнення канфлікту. Далей шляхам ужывання медыяцыйных тэхнік і тэхналогій, задаючы пытанні, медыятар дапамагае бакам дасягнуць пагаднення ў вырашэнні іх пытання, — акрэсліла сутнасць працэдуры Наталля ГАНЧАРОВА, заснавальнік кансультацыйна-практычнай установы «Медыяцыйнае бюро».
Праца медыятара — стварэнне канструктыўнай атмасферы, якую ён захоўвае падчас працэдуры. І менавіта ў гэтай атмасферы бакі могуць прагаварыць тыя моманты, якія не змаглі агучыць у іншых умовах. Тады канфлікт пачынае раскрывацца па-новаму, і калі бакам паступае новая інфармацыя, з'яўляецца магчымасць для вырашэння канфлікту, дадаў Міхаіл Мацкевіч.
Такім чынам, медыяцыя дапамагае не толькі наладзіць камунікацыю, але і навучыцца ў далейшым дамаўляцца ўжо самастойна, каб вырашаць новыя канфлікты без чыёйсьці дапамогі. А самае галоўнае — яна вучыць браць на сябе адказнасць за прынятыя рашэнні.
Спрэчка не можа падлягаць медыяцыі, калі ў аднаго з бакоў верхняя мяжа не супадае з ніжняй мяжой другога. Іх інтарэсы такім чынам ніколі не перасякуцца, і яны не дасягнуць дамоўленасці. Аднак гэта не значыць, што нельга ісці ў медыяцыю. Падчас працэдуры бакі змогуць хоць бы выслухаць адно аднаго і, магчыма, зразумець свае інтарэсы і межы сваіх жаданняў, а таксама — што рабіць далей.
— Адзін чалавек хоча прадаць рэч, за якую ён просіць пяць рублёў і меншай цану не зробіць. А пакупнік не гатовы набыць яе больш чым за чатыры рублі, — прывяла прыклад Наталля АЛЬШЭЎСКАЯ, адвакат, медыятар, член праўлення Беларускай лігі сямейных медыятараў. — І колькі б яны ні размаўлялі, іх інтарэсы не супадуць, як і межы жаданняў. А ў медыяцыі бакі зыходзяць перш за ўсё з таго, што яны ўсё ж змогуць дамовіцца.
Не падлягае медыяцыі і сітуацыя, калі канфлікт дасягнуў эскалацыі і варожыя бакі займаюць пазіцыю «ўсё або нічога». Гэта не значыць, што не варта спрабаваць, аднак для спрачальнікаў працэдура будзе вельмі цяжкая, бо запатрабуе ад іх шмат намаганняў, каб адпрацаваць свае эмоцыі і дайсці да ісцінных інтарэсаў.
Немагчымая таксама медыяцыя, калі адзін з бакоў мае алкагольную залежнасць ці псіхічныя расстройствы. У такіх людзей няма адказнасці за рашэнні, якія яны прымаюць, нават калі і будуць на ўсё пагаджацца. Усе ўдзельнікі медыяцыі будуць разумець, што ў гэтым выпадку ўмовы пагаднення не будуць выкананы, падкрэслілі спецыялісты.
Няхай мяне навучаць... быць стваральнікам медыяцыйнай культуры
У Беларусі цяпер сертыфікавана 865 медыятараў, больш за 600 з якіх прайшлі навучанне ў Цэнтры «Медыяцыя і права». Падрыхтоўкай спецыялістаў займаюцца пяць арганізацый.
— Спачатку медыятарамі станавіліся амаль адны юрысты. Пасля з'явіліся педагогі, натарыусы, дзяржслужачыя, настаўнікі. Каштоўнасць навучання медыяцыі ў тым, што яна дае магчымасць атрымаць камунікатыўныя навыкі, — звяртае ўвагу Міхаіл Мацкевіч. — Аднак найперш важна, каб навучыўся кіраўнік структуры, бо ён пасля стане стваральнікам медыяцыйнай культуры.
Вядомы выпадкі, калі бізнес-медыяцыя становіцца бадай што кансалтынгавай паслугай. Да спецыялістаў звяртаюцца па дапамогу і пасля ўнутры кампаній ствараюць міні-інстытуты медыяцыі, калі супрацоўнікі ўжо ўласнымі сіламі стараюцца вырашаць унутрыкарпаратыўныя спрэчкі ці прасоўваць пэўныя змены.
У краіне вымалёўваецца беларуская мадэль сямейнай медыяцыі для вырашэння школьных канфліктаў. Для гэтага трэба працаваць і са школьнікамі, і з іх бацькамі, прыцягваючы да ўдзелу псіхолагаў.
— Любы канфлікт у сям'і ўзнікае з эмацыянальнай сферы, у глыбіні якой ляжыць незадавальненне ўласных інтарэсаў, — расказала Наталля Альшэўская. — Звяртаючыся па дапамогу да юрыстаў, людзі не задавальняюць свае інтарэсы, і эмацыянальны канфлікт паглыбляецца. Суд можа задаволіць толькі фактычную пазіцыю, але не сапраўдныя інтарэсы бакоў. Таму ў сямейнай медыяцыі адпрацоўваецца менавіта эмацыянальная сфера. Толькі разабраўшы крыўду, злосць, гнеў, зайздрасць сужэнцаў, калі яны пачынаюць разумець, што эмоцыі жонкі ці мужа — адлюстраванне іх душэўнага стану, які залежыць уласна ад чалавека, пачнецца канструктыўнае рашэнне праблемы.
Калі нават адна са ста сем'яў захавае шлюб пасля медыяцыі, гэта ўжо добра, лічаць эксперты, бо астатнія 99 таксама не проста цывілізавана разыдуцца, а трансфармуюць свае адносіны ў нешта лепшае. З дапамогай медыяцыі, пэўна, можна палепшыць і якасць жыцця «ласкутных» сем'яў, якія ствараюцца ў другіх, трэціх шлюбах, а ад першых застаюцца дзеці. Усім ім неяк даводзіцца ўзаемадзейнічаць, а незадавальненне ўспрымаецца як норма. Таму і працэнт разводаў у другіх шлюбах яшчэ вышэйшы, чым у першых: людзі не ўлічылі папярэдніх памылак і не вывучылі ўрокі.
Перспектыву выкарыстання медыяцыі бачаць эксперты і ў крымінальным працэсе падчас аднаўленчага правасуддзя. А ў школьнай медыяцыі ўвогуле закладзены вялікі патэнцыял, бо калі прававая культура ўкладаецца з маленства, гэта добры задзел на будучыню.
Ірына СІДАРОК
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».