Вы тут

Мітрапаліт Павел: Я хачу ўсіх прызваць да разважлівасці, міру, дыялогу і згоды


Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі заклікае беларусаў да міру. З нагоды складанай грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне ён сёння даў прэс-канферэнцыю.


«Мы не меркавалі, што да нас можа прыйсці бяда, што можа здарыцца так: блізкія людзі паўстануць адзін супраць другога. Я сёння хачу звярнуцца да ўсіх і прызваць да разважлівасці, міру,  дыялогу і згоды. Я хацеў бы звярнуцца да тых, хто прыбыў у Беларусь для таго, каб тут пакуражыцца, каб распаліць тут варожасць і нянавісць, — вяртайцеся ў свае дамы, не распальвайце тут полымя, — сказаў Мітрапаліт. — Пакіньце беларускі народ самастойна жыць і выбіраць шлях, па якім ён пойдзе далей».

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі асабліва папрасіў бацькоў, чые дзеці выходзяць на барыкады, прызваць іх падумаць, што ёсць шлях міру і згоды, каб захаваць адзінадушнасць у Айчыне.

«Я хацеў бы звярнуцца да дзяржаўнай улады і народных дэпутатаў, каб падумалі пра тое, што можна і неабходна сёння зрабіць, каб знайсці выхад са становішча, якое сталася. Я нікога не хачу асуджаць — ні той, ні іншы бок. Я разумею, што ёсць і іншыя, цёмныя сілы, іх слугі, якія жывуць тым, што бачаць варожасць і нянавісць паміж людзьмі, і магчыма атрымліваюць ад гэтага нейкія дывідэнды. Але жыць нам у гэтай краіне», — дадаў мітрапаліт Павел.

Па словах Патрыяршага Экзарха, ён прызывае вырашаць усе праблемы «мірным шляхам, не з дапамогай зброі, камянёў ці кулакоў».

«Хочацца пажадаць, каб і абаронцы нашай Айчыны, пастаўленыя на абарону нашага народу, сувымяралі сваю ўладу і магчымасці ў адносінах да тых, хто сёння думае пра іншы шлях, але не ведае, як на яго стаць»,— пазначыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел.

Ён з жалем акцэнтаваў: нядаўна ўсюды казаў, што Беларусь сапраўды мірная, спакойная краіна, дзе магчыма днём і ноччу хадзіць не аглядваючыся, ведаючы, што тут мір. А сёння нават яго супрацоўнікі просяць дазволу скончыць працоўны дзень раней, каб спакойна дайсці да дому.

Мітрапаліт заклікае свяшчэннікаў і паству маліцца аб выхадзе з крызісу, і спадзяецца на разважлівасць нашых улад, жыхароў.

«Давайце ўсе разам спынем гэту варожасць і нянавісць. Калі толькі пачынае бушаваць запал у нас, ніякага правільнага рашэння прыняць мы не зможам. Толькі спакойна, памаліўшыся, ахладзіўшыся, супакоіўшыся мы можам вырашыць, што нас хвалюе. Ёсць пытанні, так, але іх магчыма вырашаць не шляхам супрацьстаяння», — канстатаваў ён.

Па словах мітрапаліта, сённяшнія падзеі для яго «ашаламляльны смутак»: «Я думаю, не дай Бог, каб не адбылося штосьці яшчэ больш горшае. Таму неабходна супакоіцца і спыніцца ўсім: і таму, і іншаму боку і ўсім разам выходзіць з гэтага становішча».

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».