Вы тут

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня


Падрыхтоўка да школы — справа клопатная i далёка не танная. На чым можна сэканомiць грошы, час i сiлы, пры гэтым нi на што не забыўшыся i не накупляўшы лiшняга? Пра гэта мы спыталi ў розных спецыялiстаў i ў мам школьнiкаў рознага ўзросту.


Фота: БЕЛТА.

Канцылярскiя тавары

Першае i галоўнае правiла — яшчэ дома вызначыцеся з тым, што вам трэба. Самi па сабе канцылярскiя тавары каштуюць капейкi, але за ўсё разам набягае вялiкая сума. У першым класе спiс канцтавараў выдае настаўнiк на бацькоўскiм сходзе ў канцы жнiўня. Калi яго ў вас няма, купiце «канцылярку» па мiнiмуме — некалькi тонкiх сшыткаў у клетку i ў лiнейку, адну-дзве ручкi,  простыя алоўкi, гумку. Падлiковы матэрыял для першакласнiкаў (у асноўным, гэта палачкi) выпускаецца ў незлiчонай колькасцi варыянтаў i памераў. Якi патрэбны менавiта ў вашым класе, удакладнiце ў настаўнiка. Тое ж самае датычыцца i лiнейкi — у некаторых школах першакласнiкаў просяць прыносiць на ўрокi драўляныя лiнейкi, а не пластмасавыя. Пенал, дзе для кожнага алоўка або ручкi прадугледжаны трымальнiкi — не лепшы варыянт для першакласнiка. Танней i разумней набыць пенал на «маланцы», у якi можна проста ссыпаць ручкi i алоўкi.

  • Што кажуць спецыялiсты?

Галiна Грынчук, настаўнiк гiмназii-каледжа:

— Не трэба купляць першакласнiку шмат сшыткаў. Яны карыстаюцца пропiсамі i спецыяльнымі рабочымі сшыткамі, якiя часцей за ўсё закупляюцца на клас цэнтралiзавана.

Не купляйце малодшым школьнiкам, i асаблiва першакласнiкам, дарагiя алоўкi i ручкi. Усё гэта будзе губляцца. Дарэчы, гелевымi ручкамi ў малодшай школе пiсаць не дазваляецца, толькi шарыкавымi. I не варта загадзя купляць вокладкi на падручнiкi — можна прамахнуцца з памерамi. Атрымаеце падручнiкi — купiце вокладкi.

  • Што кажуць мамы?

Вольга Прылюбка, дырэктар прадзюсарскага цэнтра, мама траiх дзяцей:

— Мая галоўная парада: састаўце падрабязны спiс. Рабiце пакупкi толькi па гэтым спiсе, i стаўце галачку насупраць кожнага пункта. Да 1 верасня ў крамах i гандлёвых цэнтрах столькi ўсякай прыгажосцi, што на эмоцыях можна накупляць многа непатрэбнага.

Кацярына Алёхiна, практычны псiхолаг, мама пяцiкласнiка:

— Я нiколi не купляю канцтавары да 1 верасня, калi ўсюды чэргi i натоўп народу каля вiтрын. Мой лайфхак — мець на першы тыдзень наступнага школьнага года невялiкi запас «канцыляркi» з мiнулага года. А закупляцца сшыткамi, ручкамi i ўсiм iншым дзесьцi з 5 да 10 верасня. Знiжкi яшчэ дзейнiчаюць, а чэргаў ужо няма.

Танiта Кам, дызайнер упрыгожванняў, мама трэцякласнiцы:

— Маё правiла ў дачыненнi да канцтавараў для школы: спадабаўся дызайн — купiце некалькi. Гэта ж не дорага, а праз паўгода-год вы падзякуеце сабе за прадбачлiвасць. Ручкi-алоўкi аптымальна купляць оптам. Нядаўна купiла цэлую ўпакоўку сiнiх шарыкавых ручак — 100 штук. Па-першае, оптам атрымлiваецца танней. Па-другое, пытанне з ручкамi цяпер вырашана надоўга. Асобна хачу сказаць пра тых дзяцей, хто iдзе першы раз у першы клас. Вось для iх канцтавары сапраўды трэба выбiраць, лепш за ўсё — разам з дзiцем. Каб усё гэта было прыгожым, мiлым, падабалася першакласнiку. Гэта патрабуе ад мамы сiл, часу i некаторых матэрыяльных выдаткаў, але гэта архiважна! Першага верасня для першакласнiка — вельмi сур'ёзная падзея. I калi вы хочаце, каб ваша дзiця палюбiла школу, гэту падзею трэба абставiць з усёй урачыстасцю.

Адзенне

Калi ў вашай школе прадугледжана пэўная школьная форма, тады зразумела, што купляць. Але патрабаваннi большасцi сучасных школ дастаткова абстрактныя: дзелавы стыль.

Пачнiце з рэвiзii леташняга школьнага гардэробу дзiцяцi — можа быць, сын цi дачка яшчэ не з усяго выраслi. Вадалазкi, кашулi, спаднiцы можна насiць i два гады. Пасля рэвiзii складаем спiс неабходных пакупак.

  • Што кажуць спецыялiсты?

Галiна Грынчук, настаўнiк:

— Калi вы — мама першакласнiка, перад тым, як iсцi па школьную форму ў краму, адкрыйце сайт вашай школы. Там пазначаны патрабаваннi да формы адзення вучняў. У некаторых школах могуць быць канкрэтныя патрабаваннi па колеры або фасоне. Тое ж самае датычыцца i фiзкультурнай формы: у некаторых школах прадугледжваецца пэўны яе колер па класах. Першакласнiкi звычайна доўга зашпiльваюць гузiкi, а часам зусiм не ўмеюць гэта рабiць. Няхай разам з сарочкамi для ўрачыстых мерапрыемстваў у гардэробе вашага школьнiка будуць трыкатажныя вырабы без гузiкаў.

Лiлiя Кацер, валеолаг:

— Аптымальны варыянт, калi тканiна, з якой шыецца форма, напалову складаецца з натуральных матэрыялаў. Дзякуючы натуральным валокнам адзенне будзе гiграскапiчным, будзе прапускаць паветра, а штучныя валокны не дазволяць ёй камячыцца, забяспечаць устойлiвасць афарбоўкi i захаванне вонкавага выгляду вырабу пасля шматразовага
мыцця.

Вольга Жураўская, fashion-стылiст:

— Купляючы школьную вопратку дзiцяцi, трэба набываць яе не «для школы», а для жыцця. Арыентуйцеся на тое, цi зможа дзiця насiць тое, што вы купiлi, толькi ў школу, цi захоча надзець нейкiя «школьныя» рэчы ў iншых спалучэннях у вольны час. Калi захоча — значыць, вы набылi правiльную рэч. Я раiла б купляць школьнае адзенне дзiцяцi па прынцыпе фармiравання капсульнага гардэробу. «Капсула» — гэта базавы камплект рэчаў для канкрэтных сiтуацый (напрыклад, дзелавая «капсула»), вытрыманы ў адным стылi i каляровай гаме, якi прадугледжвае вялiкую колькасць камбiнацый.

  • Што кажуць мамы?

Вольга Прылюбка, мама траiх дзяцей:

— Я не раiла б мамам хлопчыкаў купляць дзеля 1 верасня касцюм з пiнжаком. Пiнжак хлопчык надзене ад сiлы тры-чатыры разы за год. Ды i штаны са стрэлкамi даставяць нямала клопату: вы гатовыя прасаваць iх кожны дзень? У нас нават белая кашуля адна — яна дасталася ад старэйшага брата. Школьнiк у нас у сям'i — толькi сярэднi сын, старэйшы ўжо скончыў школу, малодшая дачка яшчэ маленькая. I наш варыянт школьнай формы — цёмныя штаны ў стылi сasual без усялякiх стрэлак (калi забыўся фiзкультурную форму, яны лёгка ператвараюцца ў элегантныя «трэнiкi») i тонкiя трыкатажныя свiтары спакойнай светлай расфарбоўкi.

Марына Федаровiч, рэдактар, мама шасцiкласнiцы:

— Калi вы — занятая мама, якая шмат працуе, дапамажыце сабе: купiце не дзве, а пяць блузак, не адну, а дзве школьныя спаднiцы, плюс штаны, сарафан i дзве камiзэлькi цi, напрыклад, жакет i камiзэльку. Так вам не прыйдзецца некалькi разоў на тыдзень займацца мыццём, чысткай i прасаваннем школьнага адзення.

Танiта Кам, мама трэцякласнiцы:

— Калi выбiраць адзенне для пачатковай школы, мне падабаецца айчынная «Калiнка». У фiрменных крамах «Калiнкi» заўсёды вялiкi выбар мадэляў i нядрэнны дызайн рэчаў. А калi казаць пра больш дарослых дзяцей, то сёлета цiкавыя мадэлi я знайшла ў iнтэрнэце на Wildberries. I, дарэчы, не ў сезон у крамах дзiцячага i падлеткавага адзення бываюць знiжкi да 70 %.

Абутак

У школу патрабуецца «зменка». Лепш выбiраць натуральную скуру цi якасныя тканiны. Галоўнае правiла для зменнага абутку — не слiзкая падэшва.

  • Што кажуць мамы?

Кацярына Алёхiна, мама пяцiкласнiка:

— Са шнуркамi малодшыя школьнiкi звычайна доўга важдаюцца, а некаторыя дзецi класа да пятага не могуць асвоiць гэтую мудрагелiстасць. Лепш выбраць абутак без шнуркоў — напрыклад, на лiпучках. Або замест шнуркоў уцягнуць тонкую каляровую гумку, каб надзяваць i здымаць абутак можна было, не расшнуроўваючы.

Вольга Прылюбка, мама траiх дзяцей:

— Каб захаваць «вулiчны» абутак у добрым стане, насiце ў школе «зменку», пачынаючы з верасня. Калi казаць пра зменны абутак для хлопчыка, мне падабаюцца слiпоны. Гэта красоўкi з тканiны. Яны без шнуркоў i добра цягнуцца. Акуратна, нядорага, камфортна, да таго ж яны мыюцца ў пральнай машыне. Дарэчы, пад пэўны стыль адзення такi абутак падыдзе i дзяўчынкам.

Рукзак

Галоўныя патрабаваннi да рукзака для першакласнiка — матэрыял, якi не надта лёгка забруджваецца i без праблем адмываецца, цвёрдая спiнка, шырокiя шлейкi i нескладаныя зашпiлькi. Па рукзак лепш адправiцца ў краму разам з першакласнiкам: прапануйце яму паспрабаваць расшпiлiць i зашпiлiць усе зашпiлькi на сумцы. Атрымалася — купляйце.

  • Што кажуць спецыялiсты?

Галiна Грынчук, настаўнiк:

— Як мiнiмум у першым класе (а ў некаторых школах i ў другiм класе) школьны партфель цi рукзак дзiцяцi не патрэбны. Падручнiкi, зменны абутак, спартыўная форма малодшых школьнiкаў застаюцца ў класе. Дадому дзецi носяць толькi сшыткi — для iх купiце лёгкую папку з ручкамi для пераноскi.

Лiлiя Кацер, валеолаг:

— Слова «ранец» сёння ўспрымаецца як састарэлае, але дзецям малодшага i сярэдняга школьнага ўзросту медыкi рэкамендуюць насiць менавiта ранец — сумку на шлейках з цвёрдым каркасным корпусам i шчыльнай спiнкай. Рукзак жа — гэта сумка на шлейках без цвёрдага каркаса. Ранец раўнамерна размяркоўвае вагу школьных падручнiкаў па пазваночнiку дзiцяцi. Дзякуючы цвёрдаму корпусу змесцiва ранца будзе надзейна абаронена ад падзенняў, удараў, ападкаў — гэта зручна для малодшых школьнiкаў, якiя яшчэ не ўмеюць сачыць за сваiмi рэчамi. Вага школьнай сумкi павiнна быць: для навучэнцаў пачатковых класаў — не больш за 600—700 г, для навучэнцаў сярэднiх i старэйшых класаў — не больш за 1000 г. Важна, каб на школьнай сумцы былi святлоадбiвальныя элементы — на пярэднiх, бакавых паверхнях i верхнiм клапане.

  • Што кажуць мамы?

Танiта Кам, мама трэцякласнiцы:

— Апошнiм часам у моду ўвайшлi так званыя артапедычныя рукзакi. Прыгожыя, карысныя для спiны, дарагiя. I жудасна цяжкiя! Мы ледзь не купiлi такi. Але ён жа пусты важыць, як мех бульбы! А ў яго яшчэ прыйдзецца пакласцi мiнiмум тры-чатыры кнiжкi. На мой погляд, вельмi важна, каб школьны рукзак сам па сабе быў лёгкi.

Алiна Кот, IT-спецыялiст, мама дваiх дзяцей:

— У мяне дзецi ўжо дарослыя: сын у восьмым класе, дачка — у дзявятым. Класа з восьмага пытанне з набыццём школьнай сумкi ўжо не актуальнае для бацькоў. Падлеткi i так усюды ходзяць з рукзакамi. Адзiнае правiла для школьнага рукзака: без яркiх надпiсаў i уставак, больш класiчнага выгляду.

Вольга Прылюбка, мама траiх дзяцей:

— Я аддаю перавагу недарагiм мадэлям рукзакоў для школы. Калi парвецца — не так шкада. Акрамя таго, дзецям надакучвае адно i тое ж адзенне, а новы рукзак дазваляе трохi змянiць стыль. Я купляю сыну рукзак два разы за школьны год.

Гаджэты

Класiчны набор сучаснага школьнiка — тэлефон i планшэт. Часам у гэты спiс дадаецца ноўтбук.

  • Што кажуць спецыялiсты?

Лiлiя Кацер, валеолаг:

— Па сутнасцi, тэлефон патрэбны дзiцяцi па дарозе ў школу i дадому, каб сказаць, што з iм усё добра, а ў выпадку экстраннай сiтуацыi звязацца з бацькамi. Працяглае «сядзенне ў гаджэтах» пагаршае памяць, сон i зрок.

  • Што кажуць мамы?

Танiта Кам, мама трэцякласнiцы:

— Можна адкласцi набыццё мабiльнага тэлефона да пятага класа. Мы пакуль абыходзiмся «разумным гадзiннiкам». Ён паказвае час, з яго можна патэлефанаваць маме, прадугледжана кнопка SOS, GPS-адсочванне, датчыкi зняцця з рукi i выхаду з пазначанай зоны. А мабiльныя тэлефоны дзецi здаюць настаўнiку перад урокамi i атрымлiваюць толькi пасля заканчэння заняткаў. Так што сэнсу ў гэтым гаджэце я не бачу, пакуль дзiця не падрасце. Праўда, калi ва ўсiх дзяцей у вашым класе ўжо ёсць «мабiльнiкi», а ў вашага дзiцяцi няма, гэта можа быць для яго псiхалагiчна цяжка.

Вольга Прылюбка, мама траiх дзяцей:

— Я ўпэўнена: малодшаму школьнiку гаджэты не патрэбны. Хоць у нас яны былi з першага класа — i мабiльны тэлефон, i планшэт. Але карыстацца падручнiкамi i чытаць кнiгi ў электронным выглядзе я сваё дзiця не прывучаю. Хацелася б, каб сын палюбiў менавiта папяровыя кнiгi — iх пах, паход у бiблiятэку. Уменне «загуглiць» кароткi змест дзецi набываюць хутка.

I яшчэ некалькi парад

  • Карыстайцеся кэшбэкам i шукайце iнфармацыю пра знiжкi. У аддзелах адзення i абутку буйных крам нярэдка прадугледжаны знiжкi на другую i трэцюю пакупкi ў чэку.
  • Не забывайце дысконтныя карты — нават невялiкая эканомiя на кожным тавары можа даць значную эканомiю па вынiку.
  • Калi ваша дзiця — першакласнiк, падпiшыце ўсе яго школьныя рэчы. Так рэч лягчэй знойдзецца, калi згубiцца.
  • Калi патрэбен бэйдж з iмем, выбiрайце той, якi мацуецца на грудзях, а не вешаецца на шыю. Дзецi шмат бегаюць, могуць зачапiцца стужкай бэйджыка i траўмiравацца.
  • Кветкi — асобны артыкул выдаткаў да 1 верасня. Апошнiм часам у некаторых класах бацькоўскi камiтэт збiрае грошы i ад усяго класа дорыць класнай кiраўнiцы адзiн вялiкi букет. Ён выглядае нашмат лепш, чым 30 букецiкаў па тры гваздзiчкi, i дастаўляе настаўнiку значна больш пазiтыўных эмоцый.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.