Вы тут

Мамін дзённік. Тата вам не мама


Пакуль я гатавала абед, мае хлопчыкi, як я называю сына i мужа, гулялi на двары. Быў спякотны дзень, напярэдаднi прайшла навальнiца. Гадзiннiк падказваў: наблiжаецца дзённы сон Цёмiка, а перад гэтым малога трэба яшчэ памыць i накармiць. Выглянуўшы ў акно, хлопцаў сваiх не ўбачыла, таму пайшла на вулiцу iх шукаць.


Павярнула за дом i ледзь не самлела. Арцём з такiм iмпэтам тупаў па лужыне, што пырскi даляталi ажно да вушэй. Разам з гаспадаром «купаўся» i сiне-жоўты грузавiчок. Уражаная, што Цёма не ў гумавых ботах, якiх у сына ажно дзве пары, незадаволена паглядзела на мужа. Прадчуваючы маё пытанне, Дзiма сказаў: «Горача ж, дый вада цёплая! Няхай малы нацешыцца». А я што, супраць? Толькi цi ж у сандалях?!

Колькi цярпення каштавала растлумачыць свайму двухгадоваму сыну, што па лужынах мы ходзiм выключна ў ботах, у iншым жа абутку ваду абмiнаем! А тут раз — i ўся мая навука кату пад хвост: бацька ж дазволiў! Як з тым самакатам. Пакуль асвойвалi новы транспарт, каталiся выключна па тратуары i дваровых тэрыторыях, дарогу пераходзiлi па «зебры» (i гэта ў вёсцы!). Аднойчы прагулка не задалася: Цёмку цягнула на праезную частку. Аказалася, напярэдаднi яны каталiся тут з бацькам. Вось што значыць аўтарытэт!
Я магу колькi разоў паўтараць адно i тое ж — у адно вуха ўляцiць, у другое вылецiць. Бацька ж скажа цi пакажа аднойчы, i малому будзе дастаткова.

Па аб'ектыўных прычынах яны бачацца не часта, таму кожная сустрэча са сваiм «таткам-шапкам» — як смешна называе яго Цёмiк — для дзiцяцi свята. Напэўна, няма таго, чаго б Дзiма не дазваляў свайму першынцу. У межах разумнага, канешне. Паскакаць у горадзе на батуце — калi ласка (хоць такi ж каля пад'-езда стаiць ды грошай плацiць не трэба!). А яшчэ — пакатацца за рулём на бацькавых каленях па глухiх вясковых дарогах, з'есцi, пакуль мама не бачыць, лiшнi чупа-чупс  цi цукерку — тата вам не мама, як пяецца ў досыць ужо папулярнай песнi.

Цёмiк — яшчэ той бацькаў хвосцiк. Усюды за iм. Дзiма мые машыну, i малы палiвае колы са сваёй цацачнай лейкi, у якую, можа, толькi шклянка вады змяшчаецца. Даручыла мужу выбiць дыванкi, гляджу ў акно — пыл засцiлае вочы, а Арцёмка колькi мае сiлы пляскае па iх выбiвачкай. Тата есць вiдэльцам, як раптам Цёмка адкiдае ўбок лыжку i адчыняе шуфляду ў пошуках патрэбнага сталовага прыбора. А потым, паўтараючы за сваiм любiмчыкам, пiхае ў рот зубок часнаку, пры гэтым нават не крывiцца. Сынок з радасцю нясе бацьку вырваную кветку i шчыра здзiўляецца, чаму той кажа, што кветкi трэба дарыць выключна мацi. А калi апошняя, то-бок я, п'е гарбату з бацькавага кубка, абавязкова нагадае мне, што ў мамы ёсць свой.

А днямi такое ўчынiлi! Паехалi ўсе разам збiраць вiшнi. Пакуль мы хадзiлi па садзе ды вышуквалi нiжэйшыя галiнкi з сакавiтымi ягадамi, а хтосьцi, бы той шпак, сядзеў на дрэве, Арцём заблакiраваў нам машыну. Перад гэтым бацька дазволiў яму пасядзець на яго месцы — так бы мовiць, адчуць сябе кiроўцам. Цёма пазабаўляўся ды прыйшоў да нас, хутчэй да амаль напоўненых ужо вёдраў — вiшнi ён у нас есць i нават не крывiцца. Я тым часам дзверы машыны прычынiла, каб не садзiўся акумулятар. I тут раптам шчоўк — i аўтамабiль аказаўся зачынены яшчэ i знутры. Не бяда, скажаце вы, ключы ўзяў ды паехаў. Вось i мы так падумалi б, каб не ўбачылi, што ключы знаходзяцца там, дзе ў гэты момант яны не павiнны былi быць. Я, як чалавек эмацыянальны, вядома, па шапцы дала ўсiм: i сыну, якому не варта забаўляцца там, дзе не трэба, i мужу, якi, дазваляючы сыну многае, забыўся пакласцi ключы ў кiшэню.

Мяне хутка «абсадзiлi». Шкло, дзякуй богу, выбiваць не давялося: муж адшукаў нейкi спосаб, пажартаваўшы, што ўпершыню «ўзломваў» аўто. На сына, заўважу, нават не пiкнуў, спiсаў усё на сваю i, заўважце, маю няўважлiвасць. Вось я i кажу: тата вам не мама...

Веранiка КАНЮТА

Прэв’ю: gants.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».