Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі


Вера:

— Тата, ты нам на Новы год павiнен купiць хамяка.

Не паспеў я адкрыць рот, Поля:

— Толькi з адной умовай!

Я:

— З якой?

— Ты за iм прыбiраеш.

I вось я ўжо гатовы купiць хамяка, толькi б за iм не прыбiраць.

Прафесiйныя перагаворшчыкi!

* * *

Я ўжо пiсаў пра тое, як двайняткi вучылi двухгадовую Ксенiю выконваць каманды пры дапамозе бульбы фры. I вось сёння iм прыйшоў «адказ».

Дзецi елi шакаладныя шарыкi, i ў Веры яны скончылiся. Вера ўбачыла, што ў Ксенii ў талерцы яшчэ шмат шарыкаў, i сказала:

— Ксюша, дай мне, калi ласка, некалькi шарыкаў.

Ксенiя з важным выглядам дастала адзiн шарык з талеркi, працягнула яго Веры i строга сказала:

— Голас!

Нiчога не пародзiш, давялося Веры крыху пагаўкаць, каб атрымаць жаданыя шарыкi.
P.S. Па праўдзе кажучы, мяне падобная практыка трохi напружвае: як бы ў адзiн цудоўны момант мне самому не давялося гаўкаць.

* * *

Вырашыў падбадзёрыць сына, якi ўсе вечары напралёт вучыць фiзiку. Паляпаў яго па плячы i кажу:

— Давай, сынок, вучы фiзiку, будзеш як Iлан Маск.

Сын, незадаволена:

— Прычым тут Iлан Маск?

— Ну, ён жа там усё вынаходзiць.

— Тата, Iлан Маск звычайны папулiст.

Тут ужо я пакрыўдзiўся за Iлана Маска:

— Чаму гэта ён папулiст?

— Ён проста бiзнесмен, рэкламуе свой бiзнес.

Вiдаць, татаў камплiмент не залiчаны (яшчэ i Iлану нi за што дасталося). Наступны раз паспрабую Эйнштэйнам падбадзёрыць — Эйнштэйн у любым выпадку бяспройгрышны варыянт.

А наогул, як табе такое, Iлан Маск?

* * *

Двайняткi прыйшлi дадому гордыя — атрымалi «дзясятку» i «дзявятку» па англiйскай.

Вера, яхiдна:

— А ў цябе, тата, былi калi-небудзь дзясяткi па англiйскай?

— Не.

— А дзявяткi?

— Не.

— А васьмёркi?

Поля:

— Вера, ты што забылася? Тата сам казаў, што вучыўся на адны пяцёркi.

I ведаюць жа цудоўна пра пяцiбальную сiстэму, i ўсё роўна здзекуюцца.

P.S. Дарэчы, у мяне былi далёка не толькi пяцёркi, i нават не толькi чацвёркi, але навошта ўскладняць i без таго сумнае становiшча?

* * *

Прачытаў артыкул пра адну амерыканскую бабулю, якой ужо сто сем гадоў i якая сакрэтам маладосцi назвала штодзённае ўжыванне кока-колы.

Абрадаваўся i кажу жонцы:

— Вось бачыш, бабуля сто сем гадоў дзякуючы коле пражыла, а вы мне яе пiць забараняеце.

Старэйшая дачка:

— Тата, ну ты як маленькi! Гэта ж проста рэклама.

Жонка, скептычна:

— Наўрад цi знойдзецца iдыёт, якi клюне на такую рэкламу.

Дачка, заклапочана:

— Ну ты ж бачыш, што тата ўжо клюе.

(Цудоўны дыялог, я аж заслухаўся!)

Эх, бабуля, цяжка жыць на свеце, калi самыя блiзкiя людзi табе не вераць. Выпi там у сябе ў Амерыцы за маё здароўе шклянку колы — можа, няхай не сто сем гадоў, але хоць бы сем яшчэ працягну.

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».