Вы тут

Што хвалюе жыхароў Мінскай вобласці?


З рознымі пытаннямі звярнуліся заяўнікі на прамую тэлефонную лінію, якую правяла старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. У прыватнасці, людзей хвалявалі асфальтаванне і рамонт дарог, прыборка пад'ездаў, дрэнная работа мабільнай сувязі, узаемаадносіны з суседзямі, медыцынскае абслугоўванне. Нечакана патэлефанавала нават жанчына з Віцебшчыны.


Эльвіра Густаваўна жыве ў Оршы. Яе ўнук-лейтэнант каля двух гадоў служыў у войску. Па словах бабулі, салдат украў ражок з патронамі, за гэта яго асудзілі на чатыры гады.

— Дапамажыце, калі ласка, вызваліць яго з няволі, — плакала жанчына.

— Я старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і рашаю пытанні жыхароў Мінскай вобласці. Звяртайцеся да кіраўніцтва сваёй вобласці. Ды і разгледзець вашу скаргу мае права толькі Вярхоўны суд.

Але пенсіянерка паўтарала адно і тое ж: «Дапамажыце».

— Значыць так, Эльвіра Густаваўна, калі вы да мяне звярнуліся, я буду займацца вашым пытаннем як член Савета Рэспублікі. Чакаю ад вас зварот у пісьмовай форме па адрасе: Мінск, вуліца Энгельса, 1, для таго каб звярнуцца ў адпаведныя органы і высветліць сітуацыю.

Ад імя ўсіх жыльцоў дома да Наталлі Віктараўны звярнулася Жанна Максімаўна з вёскі Новае Поле Мінскага раёна. Паводле яе слоў, кватэру, што ніжэй паверхам, ператварылі ў прытон. Тут пражывае сямейная пара, якая злоўжывае спіртным. Да іх цугам ходзяць «сябры», якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Ад пастаянных шумных «банкетаў», якія тут ладзяцца, суседзі прыходзяць у жах. Праблемныя кватаранты гадамі не плацяць за камунальныя паслугі. Нібыта ёсць рашэнне суда аб высяленні іх з жылля, але яны не адчыняюць дзверы судовым выканаўцам. Неаднаразова жыхары выклікалі міліцыю, якая папярэджвала сужэнцаў аб недапушчальнасці такіх паводзін. Але як толькі міліцыянеры сыходзяць, усё пачынаецца нанова.

Следам за Жаннай Максімаўнай патэлефанаваў Дзмітрый Алегавіч з гэтага ж дома. Мужчына паскардзіўся, што ў пад'ездзе завялася вясёлая кампанія, шумяць, п'юць, кураць. Ім адключылі святло, газ. Яны гатуюць ежу на керагазе. Дзе гарантыя, што не здарыцца бяда?

— Заставайцеся на сувязі, — папрасіла заяўніка Наталля Якубіцкая. Па тэлефоне звязалася са старшынёй Мінскага раённага Савета дэпутатаў Юліяй Бялянкінай:

— Юлія Іванаўна, вам даручэнне. Тэрмінова збірайце каманду — старшыню сельсавета, санітарную службу, прадстаўнікоў ЖКГ, участковага інспектара міліцыі. Няхай выедуць на месца, разбяруцца ў сітуацыі і прымуць меры, каб абараніць законапаслухмяных грамадзян. А я вазьму пытанне на асабісты кантроль.

Раіса Антонаўна з аграгарадка Мачулішчы паскардзілася, што ўжо тры месяцы ў доме, дзе яна пражывае, не прыбіраюць пад'езды, прычым, кошт паслугі ўключаюць у жыроўку.

— Не кладзіце трубку, — сказала Наталля Якубіцкая і адразу патэлефанавала дырэктару Дзяржаўнага аб'яднання «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці» Васілю Шашку, які паабяцаў вырашыць пытанне. І літаральна праз хвілін дзесяць паведаміў, што на месца накіравалі прыбіральшчыц.

Іван Сяргеевіч з вёскі Чэхі Вілейскага раёна прасіў заасфальтаваць участак дарогі, што пралягае праз вёску. Машыны падымаюць пыл, нельга дыхаць.

— Якой даўжыні гэты адрэзак? — спытала Наталля Віктараўна.

— Каля аднаго кіламетра, — канстатаваў мужчына. — Я звяртаўся ў сельвыканкам, але мне сказалі, што няма сродкаў.

— Сапраўды, сродкі акумулююцца на рахунку райвыканкамаў, — растлумачыла Наталля Якубіцкая.— Не абяцаю вам, што дарогу зробяць заўтра, але буду размаўляць з кіраўніцтвам раёна.

Такія ж праблемы хвалююць і Марыю Іванаўну з аграгарадка Таль Любанскага раёна.

— Яшчэ ў 2014 годзе ў вёсцы заасфальтавалі вуліцу Камсамольскую. Але застаўся адрэзак у паўтара кіламетра. Тут нельга ні прайсці, ні праехаць — суцэльныя выбоіны.

Наталля Юр'еўна з вёскі Селеўцы Маладзечанскага раёна 22 гады працуе даяркай. Праца ў асноўным ручная, цяжкая. Жанчына пацікавілася, чаму не можа атрымаць ільготную пенсію.

— Мы дашлём ваша пытанне ў сацыяльную службу, каб спецыялісты падрыхтавалі для вас тлумачэнне. Але скажу так: змяненні і дапаўненні ў адпаведнае заканадаўства можна ўнесці толькі праз заканадаўчы орган — Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Таццяна Міхайлаўна з вёскі Апаліны Слуцкага раёна адзінокая, інвалід ІІІ групы. Ёй вельмі патрэбны танометр для вымярэння крывянога ціску, але за сваю невялікую пенсію набыць яго праблематычна. Яна прасіла купіць ёй апарат.

Наталля Якубіцкая паабяцала паспрабаваць знайсці для гэтага спонсара.

Марына Уладзіміраўна з Цімкавіч Валожынскага раёна хадайнічала за Віктара Фёдаравіча, якога даглядае. Яму 83 гады, інвалід, перанёс тры інсульты. А нядаўна яму зрабілі аперацыю і паставілі прыстасаванне для адводу вадкасці, якое трэба рэгулярна мяняць. Па выкліку ўрачы хуткай дапамогі правялі неабходную працэдуру. Але медыкі сказалі, што ў далейшым прыязджаць не будуць.

Наталля Якубіцкая супакоіла жанчыну, што звернецца ва ўпраўленне аховы здароўя Мінаблвыканкама, каб мужчыну аказвалі дапамогу на пастаяннай аснове.

Усяго ж старшыня абласнога Савета дэпутатаў выслухала каля трыццаці чалавек. Частка заяўнікаў атрымала кансультацыю, некаторыя пытанні вырашыліся адразу. А на тыя звароты, што патрабуюць выезду на месца або больш падрабязнага вывучэння, заяўнікі атрымаюць адказы ў азначаныя заканадаўствам тэрміны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».