Вы тут

Калі следчы завітаў да вас у хату...


Незвычайны сацыяльны праект арганізавалі прадстаўнікі «Саюза следчых» Гомельскай вобласці. Разам са спецыялістамі самых розных адказных структур і прадстаўнікамі мясцовых уладаў яны наведваюць малыя населеныя пункты. Так можна лепш ацаніць жыццё людзей у глыбінцы і праблемы, з якімі яны сутыкаюцца.


Стар­шы­ня «Са­ю­за след­чых» Го­мель­скай воб­лас­ці Ар­кадзь Трацця­коў  і На­тал­ля Куш­ня­ро­ва ў гас­цях у жы­хар­кі вёс­кі Дуб­ра­ва.

Гэтым разам напрамак «Саюза следчых» Гомельшчыны — Жлобінскі раён. Задача — наведаць маланаселеныя пункты Кароткавіцкага сельсавета. Увайсці ў курс справы — як жывуць, дзе працуюць, якія ёсць перспектывы — дапамагае кіраўнік спраў Кароткавіцкага сельвыканкама Вольга Ісаенка.

— У Кароткавіцкі сельсавет аб'яднаны шэсць населенных пунктаў, дзе пражывае 981 чалавек. З іх амаль 200 дзяцей, — тлумачыць Вольга Аляксееўна.

Цэнтр сельсавета — аграгарадок Кароткавічы — вёска, якую ў 1943 годзе, адступаючы, фашысты зруйнавалі з зямлёй. Мясцовых з Кароткавічаў сагналі ў тую самую вёсачку Ала на Светлагоршчыне, якая стала цяпер сімвалам народнай памяці Беларусі.

Між тым мэта ўдзельнікаў місіі «Саюза следчых» — сустрэцца з мясцовымі жыхарамі ў самых маленькіх, аддаленых вёсачках сельсавета.

Накіроўваюцца на адну з малочнатаварных фермаў сельгаспрадпрыемства «Агра-Кароткавічы». Працоўны дзень у самым разгары, работнікі гаспадаркі наведвальнікаў не чакалі. Спачатку крыху саромеюцца такой увагі, але, асвоіўшыся ў размове, тлумачаць, як жывецца ды працуецца на вёсцы.

— Для нас вельмі важна, каб жыхары малых сельскіх населеных пунктаў бачылі ў нас не высокіх гасцей з вобласці, а памочнікаў у вырашэнні жыццёвых праблем, — выказвае сваю пазіцыю намеснік начальніка ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці, старшыня «Саюза следчых» Аркадзь Траццякоў. Менавіта Аркадзь Валер'евіч ініцыяваў і наладзіў такую нестандартную форму работы з вясковымі жыхарамі.

Працаўнікі гаспадаркі зацікаўлены незвычайным кірункам работы следчых, пытаюцца, дзе больш падрабязна пачытаць аб грамадскім аб'яднанні «Саюз следчых». Потым прымаюць прапанову ад супрацоўнікаў раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа і выкарыстоўваюць магчымасць атрымаць кансультацыю па пытаннях здароўя — вымераць артэрыяльны ціск, тэмпературу, сатурацыю (узровень насычанасці крыві кіслародам). Дапамагаюць у гэтым вяскоўцам удзельнікі акцыі — начальнік аддзела Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Арцём Карпенка і медыцынская сястра, валанцёр медыка-сацыяльнай службы «Дапамога» Наталля Кушнярова.

У незвычайным туры па раёне гомельскіх следчых падтрымалі таксама супрацоўнікі Жлобінскага філіяла Гомельскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Пытанні да гэтых спецыялістаў звычайна адны з самых папулярных у спісе запытаў ад вяскоўцаў.

Наступны пункт — вёска Плесавічы. Кіраўнік сельвыканкама расказвае, у якіх дамах пражываюць адзінокія пенсіянеры, інваліды — гэтым людзям асабліва патрэбна падтрымка і дапамога.

Жыхарка Плесавічаў, інвалід-калясачнік Таццяна Мікалаеўна Іванова ў размове са следчымі просіць разабрацца, ці можна з райцэнтра дастаўляць лекі, што выпісваюцца па рэцэптах.

У гас­цях у пен­сі­я­нер­кі з вёс­кі Дуб­ра­ва.

— Я ж не адна такая ў вёсцы, у нас шмат старых за 80 гадоў, а трэба шукаць, як дабрацца да райбальніцы, каб атрымаць лекі бясплатна, — дзеліцца пенсіянерка.

Жанчына звяртае ўвагу і на тое, што ў іх вёсцы няма магазіна.

Іншыя вяскоўцы, якія сустракаюць гасцей на вуліцы, узнімаюць пытанне водазабеспячэння. У цэнтры сельсавета — аграгарадку Кароткавічы — не так даўно адкрылася новая станцыя абезжалезвання. Тут, у Плесавічах, многія людзі карыстаюцца вадой калодзежнай.

Гомельскія следчыя бяруць на даследаванне ваду са студні. Дапаможа зрабіць аналіз спецыяліст Гомельскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Настасся Дзям'янцава, якая таксама прыехала ў Жлобінскі раён у складзе групы.

Удзельнікі акцыі завіталі на падворак пенсіянера Анатоля Канстанцінавіча Запольскага. Мужчына, які размяняў дзявяты дзясятак, жыве адзін, але дзеці ды ўнукі наведваюць старога часта. Яны і паднялі пытанне, ці магчыма аформіць ва ўласнасць незанятую зямлю каля бацькоўскага агарода, якую па сваёй ініцыятыве апрацоўваюць, бо зарастае бур'яном.

Усе тлумачэнні дала спецыяліст Жлобінскага філіяла Гомельскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры Вольга Шульга.

Увогуле ў давяральных гутарках са следчымі вяскоўцы дзяліліся сваімі жыццёвымі гісторыямі, некаторыя прасілі параіць, як вырашыць побытавыя праблемы. Камусьці былі неабходны медыцынская і юрыдычная кансультацыі, хтосьці прасіў дапамагчы працаўладкаваць дарослых, але не зусім самастойных дзяцей, якія перабіваюцца рэдкімі падпрацоўкамі, часцяком выпіваюць і не заўжды сябруюць з законам.

Вы­мя­рэн­не ар­тэ­рыя­льна­га ціс­ку ў жы­ха­ра вёс­кі Пле­са­ві­чы.

Усе пытанні і прапановы, у тым ліку тыя, што не адносяцца да кампетэнцыі следчых, прыняты да выканання.

— Не сакрэт, што ўзровень прававой культуры ў аддаленых населеных пунктах не самы высокі. Няхай сёння хапае крыніц для атрымання інфармацыі, але жыхары вёсак, асабліва пажылога ўзросту, могуць штосьці недачытаць, недачуць, няправільна зразумець. Наша задача — забяспечыць іх неабходнай інфармацыяй і высветліць, якую дапамогу мы можам аказаць гэтым людзям, — падкрэсліў Аркадзь Траццякоў.

Напрыканцы акцыі ў аграгарадку Кароткавічы быў арганізаваны сельскі сход. Акрамя інфармацыйнай группы, з мясцовымі жыхарамі сустрэліся начальнік УСК па Гомельскай вобласці Сяргей Удовікаў, начальнік Жлобінскага РАСК Павел Карась і старшыня Жлобінскага райвыканкама Іван Навуменка.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».