Сёлета за сем першых месяцаў у прысталічнай вобласці адбылося 769 пажараў. З іх на долю жылых дамоў прыйшлося 295. Працэнт высокі — больш за траціну. Загінулі 34 чалавекі.
Па якіх жа прычынах гараць жылыя дамы? Пра гэта мы распыталі афіцыйнага прадстаўніка Мінскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Дзіяну Жалязняк.
— Так, пытанне пажараў у жылых дамах у нашым рэгіёне вельмі вострае. Вобласць мае шэраг асаблівасцяў, калі параўноўваць з іншымі рэгіёнамі. Міншчына лідзіруе па колькасці сельскага насельніцтва, да таго ж у нас вельмі шмат садовых таварыстваў і дамоў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці дач.
— Датычна летніх дамкоў існуе адна асаблівасць. Напрыклад, у кватэры, дзе чалавек жыве пастаянна, камунікацыі, як правіла, знаходзяцца ў лепшым стане — за той жа праводкай хоць мінімальна, але сочаць. Што да дач, то ўсё наадварот. Мы не раз сутыкаліся з меркаваннем: маўляў, «на адзін раз хопіць». А калі не хопіць? Да таго ж у «ганаровую ссылку» ў летнія дамкі адпраўляюцца старыя электрапрыборы, якія даўно адпрацавалі закладзены заводам-вытворцам рэсурс для іх бяспечнай эксплуатацыі. Нарэшце, чым бліжэй да восені, тым больш актуальная праблема выкарыстання пячнога абсталявання. Па традыцыі крытычны момант — старт ацяпляльнага сезону, ды і ў жніўні ўжо могуць быць халодныя ночы.
Таму ратавальнікі раяць заняцца аглядам печы ўжо зараз, калі на дварэ яшчэ захоўваецца летняе цяпло. Гэта неабходна, каб элементарна выйграць час і ліквідаваць узніклыя праблемы, пакуль яшчэ не позна. Пры першым жа паленні свежапабеленая печ высвеціць усе трэшчыны, як на фотаздымку. Ды і комін таксама прачысціць не пашкодзіць.
— Мы просім сваякоў старых людзей дапамагчы зрабіць ім усю неабходную работу за жнівень, максімум — верасень, — адзначае Дзіяна Жалязняк. — Адзінокім людзям гатовы прыйсці на дапамогу ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
І сапраўды, цягнуць да апошняга не варта, бо сінаптычная абстаноўка ў нас пераменлівая і істотнае пахаладанне можа адбыцца ў любы час.
Але асноўная прычына пажараў у жылых дамах — гэта неасцярожнае абыходжанне з агнём (129 з 295 пажараў). Прычым 85 прыпадае на долю неасцярожнага курэння. Звычайна гэта адбываецца па адной і той жа схеме — чалавек вырашыў пакурыць перад сном у ложку (і не заўжды ў цвярозым стане), непрыкметна для сябе заснуў, цыгарэта вывалілася з рук і пачала пакрысе прапальваць тканіну...
— Калі тое ж прывядзенне электраправодкі ў належны стан можа пацягнуць значныя матэрыяльныя выдаткі, то не дапусціць курэння ў ложку здольны кожны, хто мае такую звычку, — мяркуе Дзіяна Жалязняк. — Нават даросламу чалавеку дастаткова літаральна пары ўдыхаў дыму, каб страціць прытомнасць.
Час на выратаванне яго мінімальны...
Пры гэтым уратавацца дапаможа аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Так адбылося ў Заслаўі. У адной з кватэр, дзе жыве шматдзетная сям'я, раптам узнікла задымленне. Бацька пачуў, што апавяшчальнік спрацаваў, і хуценька вывеў усю сям'ю з кватэры. Дзякуючы гэтаму яны ацалелі. Агонь пашкодзіў перакрыцці столі, закурыў сцены і маёмасць.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
«Залатая падаплёка крылаў... »
Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны.
На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.