Вы тут

Аптымізацыю нормаў і правілаў будаўніцтва разглядаюць на нарадзе ў Палацы Незалежнасці


Працу будаўнічай галіны і павышэнне яе эфектыўнасці абмяркоўваюць на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. 


Увесь комплекс задач па галіне падрабязна разгледзелі на рэспубліканскім семінары-нарадзе 23 лістапада 2018 года. Выпрацаваныя тады рашэнні і напрамкі павышэння эфектыўнасці галіны замацаваны ў дакуменце самага высокага ўзроўню — Дырэктыве № 8.

Дакумент, падпісаны ў сакавіку мінулага года, утрымлівае задачы па ліквідацыі наяўных у галіне праблем, менавіта — захавання нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва аб’ектаў, у тым ліку жылых дамоў, падтрымання сярэдняга кошту квадратнага метра жылля з дзяржаўнай падтрымкай у памеры, якi не перавышае сярэднямесячную заработную плату, зніжэння да аднаго года тэрміну накіравання шматдзетных сем’яў на будаўніцтва жылля.

Рашэнні, выкладзеныя ў Дырэктыве, павінны былі спрыяць развіццю гарадоў-спадарожнікаў, павелічэнню аб’ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля, комплекснаму развіццю населеных пунктаў, павышэнню якасці і скарачэнню тэрмінаў падрыхтоўкі праектнай дакументацыі, павышэнню канкурэнтаздольнасці арганізацый будкомплексу на ўнутраным і знешніх рынках.

«І сёння я хачу пачуць меркаванне міністра з нагоды перспектыў развіцця. Улічваючы, што ў будаўніцтве вы чалавек не новы. І тым больш на даручаную гаспадарку адкрытымі вачыма паглядзеў і вывучыў яе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У Пасланні Прэзідэнт адзначаў, што ў першым паўгоддзі будаўнікі спрацавалі нядрэнна — амаль 106 адсоткаў да ўзроўню мінулага года. 

«У гэтай сувязі я хацеў бы даведацца, чаго чакаеце па выніках года? Як ідуць справы з экспартам будаўнічых паслуг і матэрыялаў у сітуацыі, якая склалася? Якія праблемы Вы бачыце ў развіцці індустрыі?» — задаў кіраўнік краіны тэмы размовы.

Ён нагадаў, «што найважнейшым прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ў галіне заўсёды з’яўлялася жыллёвае будаўніцтва».

Сярод актуальных пытанняў на нарадзе: як рэгіёнамі вырашаецца задача па ліквідацыі чаргі сярод шматдзетных сем’яў, якія меры прыняты па развіцці рынку арэнднага жылля, павелічэнні долі дамоў, збудаваных за кошт сродкаў ведамстваў і прадпрыемстваў, што зроблена для таго, каб будаваць больш малапавярховага, індывідуальнага жылля? 

«І неабходна не забываць шырэй выкарыстоўваць электрычнасць. Ужываць яго для ацяплення ў новых дамах. Абсталяваць іх электраплітамі. Мы, дарэчы, ўчора з энергетыкамі гэта пытанне сур’ёзна разгледзелі, і там ёсць добрая прапанова па павелічэнні аб’ёмаў спажывання электрычнасці для жылля», — дадаў лідар краіны.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час правялі маштабную мадэрнізацыю прадпрыемстваў будаўнічага комплексу, куды былі ўкладзеныя вялікія бюджэтныя і банкаўскія рэсурсы.

«Нядаўна прынялі дадатковыя меры, накіраваныя на стабілізацыю працы гэтых прадпрыемстваў. Як выкананы гэтыя задачы, як яны выконваюцца? Ці вяртаюцца выдзеленыя сродкі?» — спытаў у прысутных Прэзідэнт. 

Па словах кіраўніка краіны, ён неаднаразова ўздымаў пытанне аб тым, што ў будаўнічай галіне ўсё занадта зарэгулявана. Нормы і правілы, якія прымяняюцца пры праектаванні, будаўніцтве і прыёмцы аб’ектаў у эксплуатацыю, з’яўляюцца залішнімі.

«Многія гэтыя нормы даўно маральна састарэлі і маюць патрэбу ў кардынальнай перапрацоўцы і аптымізацыі. Адпаведныя рашэнні былі прынятыя, ці змянілі мы гэтыя нормы, ці прыбралі залішнюю бюракратыю, ці паднялі гэтыя нормы, як у нас прынята казаць, да ўзроўню еўрапейскіх стандартаў. Што з гэтым пытаннем?» — працягнуў Аляксандр Лукашэнка.

У чэрвені 2019 года выдадзены Указ, які прадугледжвае распрацоўку прынцыпова новых тэхнічных нарматыўных прававых актаў — будаўнічых нормаў і правілаў. Прэзідэнт запытаў: што зроблена ў гэтым напрамку?

Ён пацікавіўся таксама, як сёння ідуць справы на шкляных заводах, як выконваецца задача па іх загрузцы і мінімізацыі закупак шкляной тары за мяжой.

Руслан Пархамовіч, міністр архітэктуры і будаўніцтва, выступаючы з дакладам, паведаміў, што прырост валавага дадатковага кошту па сектары за шэсць месяцаў года склаў 6 працэнтаў. Забяспечана суаднясенне сярэдняга кошту аднаго квадратнага метра жылля і намінальнага сярэднямесячнага заробку на ўзроўні 0,86. Па словах міністра, сярэдні заробак будаўніка ў краіне — 1309 рублёў, тэмп росту ў параўнанні з мінулым годам 115%. Па выніках паўгоддзя ўведзена ў экплуатацыю — 1 мільён 774 тысячы «квадратаў».

Актуалізаваны планы Смалявіч, Рудзенска і Фаніпаля

Сёння кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб выкананні яго даручэнняў па актуалізацыі планаў гарадоў-спадарожнікаў Смалявіч, Рудзенска і Фаніпаля.
Як паведаміў журналістам дырэктар БелНДІП горадабудаўніцтва Аляксандр Хіжняк, адпаведныя праекты гатовыя да грамадскага абмеркавання, экспертыз, узгадненняў і прадстаўлення кіраўніку дзяржавы на зацвярджэнне. Генеральныя планы астатніх гарадоў-спадарожнікаў будуць актуалізаваныя ў наступным годзе.

«Размова ідзе аб тым, што развіваць трэба не толькі жыллёвае будаўніцтва, але і ствараць умовы, каб у людзей былі працоўныя месцы. У прыватнасці, Смалявічы знаходзяцца ў вязцы з Індустрыяльным паркам «Вялікі камень» — натуральна, людзі будуць працаваць там. У Рудзенску развіваецца буйны інвестыцыйны праект БНБК, таму ў гэтым горадабудаўнічым праекце прынята рашэнне аб фарміраванні прамысловага парку «Рудзенск» на прылеглых тэрыторыях. У Фаніпалі актыўна будзе развівацца тэрыторыя Свабоднай эканамічнай зоны «Мінск» участак Фаніпаль», — праінфармаваў Аляксандр Хіжняк.

Гэтыя гарады — своеасаблівыя пілотныя праекты, працягнуў дырэктар прадпрыемства.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову аб павышэнні статуса архітэктараў у Беларусі, аб умацаванні гэтай службы з наступным падпарадкаваннем Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва.

«Развіваць гарады павінны прафесіяналы. У прыватнасці, у насельніцтва вялікая маса пытанняў па архітэктурным абліччы гарадоў, будаўніцтве: дзесьці будуем высотнае жыллё ў сядзібным, дзе гэта абсалютна дысануе з навакольнай забудовай, і гэтак далей», — растлумачыў Аляксандр Хіжняк неабходнасць удзелу кіраўніка дзяржавы ў развіцці айчыннай архітэктурнай службы.

Потым, у размове з журналістамі, ён дадаў, што абмеркаваны пытанні паэтапнага павелічэння будаўніцтва жылля на пяцігодку — і арэнднага, і для шматдзетных, і жылля, абсталяванага электраплітамі.

Па словах міністра, амаль уступіла ў дзеянне іпатэка. Указ аб такім відзе крэдытавання быў прыняты ў красавіку, і ён уступае ў сілу пасля 6 месяцаў з апублікавання.

«Акрамя гэтага, рыхтуецца ўказ па жыллёвых будаўнічых зберажэннях. Вось-вось ён будзе ўнесены на разгляд. Тут цэлы комплекс нарматыўных дакуметаў, якія ўжо прайшлі, і яшчэ шэраг дакументаў рыхтуецца да разгляду і прыняцця», — паведаміў Руслан Пархамовіч.

Ён заявіў, што на нарадзе былі разгледжаны пытанні па стварэнні будаўнічага шклянога холдынга. У найбліжэйшы час будзе праводзіцца актыўная работа па яго стварэнні.

Больш падрабязна пра гэта рассказаў Юрый Скрыпко, генеральны дырэктар «Гродзенскага шклозавода»: «Абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні ў Беларусі шклянога холдынга. Ёсць станоўчыя прыклады і выдатны эфект ад аб’яднання. Пытанне будзе прапрацоўваццца і знойдзена рашэнне».

Пра яго меркаванні, галоўная карысць ад новай формы — аб’яданне кампетэнцый.

Некалькі гадоў таму Гродзенскі шклозавод быў аб’яднаны з такім жа прадпрыемствам у пасёлку Елізава. «Здзелка была рэзанансная. Прайшло два гады, і ўсе задаволеныя, абмяняліся вопытам, сталі танней пакупаць сыравіну, лепш прадаваць сваю прадукцыю. Усё гэта дазволіла павысіць эфектыўнасць у разы», — звярнуў увагу Юрый Скрыпко.

Разгляд рашэння аб холдынгу ўжо на фінальнай стадыі, і ён будзе створаны, па словах гендырэктара, у найбліжэйшы час.

Марыя ДАДАЛКА

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».