Дзве суседнiя краiны Афрыканскага кантынента, адны з самых населеных (больш чым 100 мiльёнаў чалавек кожная) знаходзiлiся на мяжы вайны. I толькi тэрмiновае ўмяшанне прэзiдэнта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублiкi Сiрыла Рамафосы i кiраўнiцтва Афрыканскага саюза дазволiлi пасадзiць канфлiктуючыя Егiпет i Эфiопiю за стол перагавораў. У абмеркаваннi быў прадстаўлены i Судан — яшчэ адзiн удзельнiк гэтага «трохвугольнiка супрацьстаяння». Прычына спрэчак — гiдраэлектрастанцыя «Хiдасэ», або «Плацiна вялiкага адраджэння Эфiопii» (Grand Ethiopian Renaissance Dam — GERD), якая ўзводзiцца на Блакiтным Нiле. Яна павiнна стаць найбуйнейшай на Чорным кантыненце, праектная магутнасць складае 6,45 гiгавата. Для Адыс-Абебы гэты грандыёзны праект стратэгiчна выгадны, аднак для Каiра i Хартума яго рэалiзацыя, сцвярджаюць спецыялiсты, мае сур'ёзныя рызыкi. Да чаго ж прывядзе «варажба на Нiле»?
Белы, жоўты, блакiтны, чорны
Нiл — насамрэч сусветны брэнд, разам з пустыняй Сахара гэта адзiн з галоўных сiмвалаў Чорнага кантынента. Рака бярэ пачатак на Усходне-Афрыканскiм пласкагор'i i ўпадае ў Мiжземнае мора, утвараючы дэльту плошчай 24 тысячы квадратных кiламетраў. Водная сiстэма Нiла лiчыцца самай доўгай на Зямлi — 6852 кiламетры. Гэта адзiная рака Паўночнай Афрыкi, якая праходзiць праз Сахару i даносiць свае воды да Мiжземнага мора, з'яўляючыся крынiцай жыцця ў бязводнай пустынi. Пастаянны вадацёк Нiла iснуе за кошт ападкаў, што выпадаюць у больш паўднёвых абласцях i такiм чынам сiлкуюць яго вытокi.
Белы Нiл пачынаецца ў экватарыяльным поясе, там ён папаўняецца ад круглагадовых дажджоў. У вярхоўях узровень яго вельмi высокi i даволi сталы, бо яшчэ рэгулюецца азёрамi. Аднак у межах Верхне-Нiльскай катлавiны вялiкая колькасць вады губляецца на выпарэнне, i ў сiлкаваннi ракi нiжэй Хартума больш важнае значэнне мае Блакiтны Нiл, якi нясе багатыя воды пасля летнiх дажджоў, што выпадаюць на Абiсiнскiм сугор'i.
Цiкава, што тры прытокi Белага Нiла маюць назвы, звязаныя з колерам. Сабат (ад арабскай Бахр-эль-Асфар — «жоўтая рака»), Блакiтны Нiл, Атбара (ад арабскага Бахр-эль-Асвад — «чорная рака») — правы прыток нiжэй Хартума. Як сцвярджаюць спецыялiсты, «каляровыя» назвы невыпадковыя i маюць сiмвалiчнае значэнне.
Егiпецкi iнтарэс
Водныя рэсурсы Нiла са старажытных часоў выкарыстоўваюцца для арашэння i натуральнага ўгнаення палеткаў, рыбалоўства, водазабеспячэння i суднаходства. Цяпер яны прымяняюцца i для вырабу гiдраэнергii: энергетычны патэнцыял Нiла ацэньваецца ва ўнушальныя 50 гiгават. Сумарная даўжыня суднаходных участкаў складае 3,2 тысячы кiламетраў. Асаблiва важная рака для Егiпта, дзе ў прыбярэжнай паласе шырынёй 10-15 кiламетраў жыве каля 97 працэнтаў насельнiцтва краiны. Нiл у нiжнiм цячэннi перыядычна разлiваецца, затапляючы ўсю далiну. Прытокi ракi, што сцякаюць з Абiсiнскага нагор'я, прыносяць вялiкую колькасць глею, якi асядае падчас разлiву. Гэтае рэгулярнае ўгнаенне адыгрывае вялiкую ролю ў земляробстве Егiпта.
Стварэнне Асуанскага гiдракомплексу паспрыяла шматгадоваму рэгуляванню сцёку Нiла, лiквiдавала пагрозу катастрафiчных паводак (раней падчас паводкi ўзровень вады ў рацэ каля Каiра ўздымаўся да васьмi метраў!) i дазволiла павялiчыць агульную плошчу зямель, якiя арашаюцца. Кантроль над паступленнем вады стварыў умовы для круглагадовага арашэння, i цяпер у некаторых абласцях можна здымаць тры ўраджаi ў год. На Нiле стаяць буйныя гарады Хартум, Асуан, Луксор (Фiвы), гарадская агламерацыя Каiр—Гiза, а ў дэльце — Александрыя. Рака на поўнач ад Асуана — папулярны турыстычны маршрут.
Перспектывы i рызыкi
Будаўнiцтва ГЭС «Хiдасэ» на Блакiтным Нiле вядзецца з 2011 года. Але гэта не проста грандыёзны i дарагi (каля 4,8 мiльярда долараў) праект. «Адраджэнне» ператварылася ў свайго роду эфiопскую нацыянальную iдэю, гэта галоўная стаўка дзяржавы на сацыяльна-эканамiчны прарыў. Больш за палову велiзарнага насельнiцтва Эфiопii жыве без электрычнасцi. Запуск ГЭС (па афiцыйных звестках, на цяперашнi момант выканана тры чвэрцi работ) не толькi пакрые ўнутраныя патрэбы краiны i дасць магутны iмпульс для сацыяльна-эканамiчнага развiцця, але i дазволiць экспартаваць электраэнергiю суседзям, якiя вельмi ў гэтым зацiкаўлены, бо таксама сутыкаюцца з падобнымi цяжкасцямi.
Аднак гэтая дабратворная карцiна мае зваротны бок: тое, што добра для Эфiопii, пагражае сур'ёзнымi праблемамi дзяржавам, размешчаным на поўнач ад яе. Плацiна на Блакiтным Нiле можа выклiкаць засуху на егiпецкiх i суданскiх тэрыторыях, перабоi ў рабоце Асуанскага гiдравузла ў Егiпце i, як вынiк, удары па эканомiцы, пагаршэнне жыцця насельнiцтва i нават голад.
«94 працэнты тэрыторыi Егiпта складае пустыня, — заявiў мiнiстр водных рэсурсаў i iрыгацыi краiны Махамед Абдэль Ацi на канферэнцыi па праблемах егiпецкай сельскай гаспадаркi ў перыяд пандэмii каранавiруса, — а 94 працэнты плошчы Эфiопii — гэта «зялёная зона». Такiм быў адказ егiпецкага чыноўнiка на абвiнавачванне яго краiны ў тым, што Егiпет забiрае сабе львiную долю вады з Нiла.
Адным з галоўных аргументаў Абдэля Ацi стала тое, што ў Эфiопii выдатна развiта жывёлагадоўля, агульны статак налiчвае 100 мiльёнаў галоў. Вядома, што асноўным спажыўцом вады ў Афрыцы з'яўляецца менавiта гэтая галiна. I краiна бярэ з агульнага рэзервуара ваду, нягледзячы на наяўнасць уласных багатых крынiц: колькасць «блакiтнай» вады ў возеры Вiкторыя складае амаль 3000 кубiчных кiламетраў. Да гэтага дадаецца «зялёная» вада ў лясах i на пашах, а таксама багацце дажджавой i падземнай вады. «А вось Егiпет пакутуе ад недахопу вады, нягледзячы на пастаяннае павелiчэнне яго патрэб», — заўважыў Абдэль Ацi.
Цяжкiя перагаворы
Не дзiўна, што Эфiопiя да гэтага часу не можа прыйсцi да згоды з Егiптам i Суданам, чые iнтарэсы былi закрануты ў вынiку ўзвядзення новага мегааб'екта ў Афрыцы. Буйнамаштабны праект плануецца цалкам завяршыць да 2022 года, але тэрмiны заканчэння будаўнiцтва ўжо неаднаразова зрушвалiся ў сувязi з прэтэнзiямi, якiя прад'яўлялi Адыс-Абебе Каiр i Хартум.
Перагаворы працягваюцца з моманту закладкi плацiны. Асноўны канфлiкт разгортваецца памiж Адыс-Абебай i Каiрам, Хартум займае другарадную пазiцыю. З пачатку ўзвядзення ГЭС краiны ўжо правялi больш за дзясятак раўндаў перагавораў з мэтай урэгулявання пытанняў аб заканчэннi будаўнiцтва плацiны, умовах яе эксплуатацыi i размеркавання вады, аднак шэраг рознагалоссяў дасюль застаўся нявырашаны.
За гэты час Егiпет, Судан i Эфiопiя падпiсалi сумесную дэкларацыю краiн басейна Нiла, якая ўключае пункт аб справядлiвым выкарыстаннi яго водных рэсурсаў (якое кожны з бакоў разумее выключна па-свойму). Паколькi напружанасць памiж Адыс-Абебай i Каiрам захоўвалася, два гады таму было вырашана арганiзаваць групу навукоўцаў па пяць чалавек ад кожнай з трох краiн. Таксама была створана мiжурадавая камiсiя па Нiле са штаб-кватэрай на нейтральнай тэрыторыi — ва Угандзе.
У лютым 2020 года былi прызначаныя трохбаковыя перагаворы па плацiне ў Вашынгтоне, дзе ЗША выступалi ў якасцi назiральнiка. Аднак яны аказалiся цалкам правалены пасля адмовы ад удзелу ў iх эфiопскага боку. Улады Эфiопii абвiнавацiлi ЗША: маўляў, яны перасталi адыгрываць ролю нейтральнага назiральнiка пасля заявы Вашынгтона, што плацiна не павiнна быць завершана без дасягнення пагаднення з Егiптам.
Пасол Эфiопii ў Расii Алемаеху Тэгену Аргау растлумачыў, што яго краiна выступае супраць удзелу «iншых гульцоў» у перагаворах па будаўнiцтве i эксплуатацыi плацiны. Дыпламат заявiў, што найлепшы фармат перагавораў — пад эгiдай Афрыканскага саюза, бо ўзвядзенне плацiны з'яўляецца пытаннем развiцця Эфiопii i кантынента ў цэлым.
У сваю чаргу, мiнiстр замежных спраў Эфiопii Геду Андаргачэу абвiнавацiў Егiпет у спробе ўшчамiць iнтарэсы Эфiопii i Судана падчас перагавораў па GERD. «Замест сур'ёзнага абмеркавання Егiпет выкарыстаў перагаворную платформу для вылучэння патрабаванняў, каб плацiна была меншая, несла меншы аб'ём вады i ператварылася ў нешта, што не адпавядала б нашым патрэбам», — заявiў кiраўнiк МЗС Эфiопii. Таксама Андаргачэу адзначыў, што егiпецкi бок павiнен скончыць стаяць на перашкодзе i заняцца, нарэшце, супрацоўнiцтвам з Адыс-Абебай i Хартумам па пытаннях, звязаных з узвядзеннем плацiны.
На паўзе
Зараз ужо завершаны першы этап запаўнення вадасховiшча. Для поўнага запаўнення, згодна з графiкам, спатрэбiцца ад чатырох да сямi гадоў. Улады Эфiопii адзначаюць, што графiк можна скарацiць на тэрмiн, меншы за чатыры гады, але на карысць размешчаных нiжэй па цячэннi Нiла краiн Адыс-Абеба можа пагадзiцца на карэкцiроўку тэрмiнаў.
Тым не менш памiж трыма краiнамi яшчэ застаюцца рознагалоссi па тэхнiчных i прававых аспектах эксплуатацыi GERD. Яны звязаны з настойлiвымi патрабаваннямi Егiпта аб гiстарычным праве на Нiл, у той час як суседнiя краiны ўзбярэжжа, у тым лiку Эфiопiя i Судан, засноўваюць сваю дыпламатыю на натуральных правах.
ГЭС «Хiдасэ» ўяўляе пагрозу для жыхароў Судана. З такой заявай выступiла мiнiстэрства iрыгацыi гэтай краiны пасля чарговых перагавораў з Эфiопiяй i Егiптам з нагоды будаўнiцтва плацiны. Пра гэта паведамiла турэцкае iнфармагенцтва Anadolu. «Падкрэслiваем сур'ёзнасць рызык, якiя плацiна ўяўляе для Судана i яго жыхароў, у тым лiку экалагiчных i сацыяльных рызык, а таксама для бяспекi мiльёнаў жыхароў уздоўж берагоў Блакiтнага Нiла», — заявiла суданскае ведамства.
Пасля гэтых перагавораў Каiр абвясцiў пра рашэнне адмовiцца ад далейшага абмеркавання. Егiпет вырашыў узяць паўзу для ўнутраных кансультацый. Такiм чынам ён адрэагаваў на прапанаваны Адыс-Абебай новы праект запаўнення вадасховiшча.
Хутчэй за ўсё, плацiна будзе дабудавана i запушчана, а бакi працягнуць дамаўляцца па спрэчных момантах ужо пасля гэтага. Шанцы на мiрнае ўрэгуляванне канфлiкту, вядома, ёсць: i Каiр, i Адыс-Абеба на словах настроены ваяўнiча, але, натуральна, хочуць пазбегнуць вайны. «Варажба на Нiле» працягваецца.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца.
«Абеліскі параненай зямлі».
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.