Мітынг у падтрымку дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі пачаўся каля Дома ўрада з затрымкай. Яго адкрыццё было анансавана а 12-й гадзіне, але выступаць прысутныя пачалі на гадзіну пазней. Першым слова ўзяў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька. Дарэчы, грамадскае аб’яднанне «Белая Русь», старшынёй якога ён з’яўляецца, было галоўным арганізатарам акцыі.
«Радзіма ў небяспецы. Гэта не метафара - гэта факт», — сказаў ён.
Выказваліся пасля яго шматдзетная маці, намеснік камандзіра АМАПа, прадстаўнікі аграсектару з рэгіёнаў, урач, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, украінская спявачка Вікторыя Кахана. А капэла песню пры падтрымцы натоўпа праспявала маленькая дзяўчынка Ета. Паспрабавала падыйсці да мікрафона жанчына, якая заявіла, што выбары сфальсіфікаваны і яна можа гэта даказаць.
Сярод прысутных было шмат пажылых людзей, людзей сярэдняга ўзросту, дастаткова і моладзі. Запоўненай аказалася ўся плошча перад Домам ураду. Прысутныя скандавалі лозунгі «За бацьку!», «За Беларусь», «Любімую не аддадзім». На плакатах надпісы — «Нас не тры працэнты», «Не разрывайце нашу Беларусь», «Лукашэнка — народны Прэзідэнт», «Lukashenko is love». У руках большасці мітынгуючых былі сцягі Беларусі і сімволіка Камуністычнай партыі Беларусі. Можна было заўважыць і сцягі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, таварыства «Дынама», а таксама Расіі.
У першай лініі каля імправізаванай сцэны стаялі прадстаўнікі ўлады, міністры. Сярод прысутных можна было пабачыць і іншых вышэйшых службовых асоб краіны.
Журналістаў у эпіцэнтр падзей пусцілі не адразу. Пакуль яны чакалі дазволу, спрабавалі задаваць пытанні тым, хто ішоў на плошчу Незалежнасці. Перад тым у некаторых тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя, што многіх загналі на мітынг пад прымусам і пагрозай звальнення.
Праверыць інфармацыю было няпроста, бо многія людзі адмаўляліся ад размовы з журналістамі, некаторыя нават закрывалі твары ад аб’ектываў камер.
Вось што сказалі тыя, хто перад мітынгам усё ж спыніўся перад рэпарцёрамі:
Прыкладна праз гадзіну пасля пачатку мітынгу на плошчы з’явіўся дзеючы кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка і яго малодшы сын. З досыць эмацыйнай прамовай ён выступаў амаль паўгадзіны. Мы сабралі асноўныя тэзісы яго прамовы.
Аляксандр Лукашэнка параўнаў сённяшнюю сітуацыю з перадваеннай, патлумачыўшы, што за мяжой заходнюю граніцу Беларусі «бачаць пад Мінскам, як у 39-м, а не пад Брэстам».
«Гэтаму не бываць. Мы станем усе Брэсцкай крэпасцю — краіну не аддадзім. Беларусы, думайце сваёй галавой, пакуль не позна, сёння. Бо заўтра за нас будуць думаць іншыя. Вось у чым каштоўнасць таго, што вы прыехалі падтрымаць не толькі мяне, але і абараніць краіну», — звярнуўся да ўдзельнікаў мітынга Прэзідэнт.
«Бацька, мы з табой!», — пачулася ў адказ.
Па словах кіраўніка дзяржавы, беларусы паказалі, хто ў доме гаспадар. Ён адзначыў, што «меншасць, галасы якой чуюць і разумеюць, павінна лічыцца з меркаваннем пераважнай большасці».
«З нашым меркаваннем. Яны крычаць мне «Сыходзь» — не пытанне. Родныя мае, я тут стаю не таму, што я моцна ўхапіўся за ўладу. Чвэрць стагоддзя — я аддаў усю сваю маладосць і самыя лепшыя гады служэнню вам і нашай Радзіме. Прэзідэнты прыходяць і сыходзяць. АМАП сыдзе, армію адпусцім і сядзем зноў на плошчы. Чаго і каго тут будзем чакаць? Каго заўтра карміць будзем? Крымінальнікаў і бандытаў выпусціць — не пытанне. Але забіваць і абдзіраць яны будуць нас і нашых дзяцей. Памятайце гэта. Яны рвуцца да ўлады», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь, на яго думку, спакуслівы, але невялікі кавалак, які «з’ядуць і не падавяцца».
«Што з вамі, беларусы? Вы ж хацелі стагоддзямі «людзьмі звацца». І памятайце: загубіце першага Прэзідэнта — гэта будзе пачатак вашага канца. Вы заўсёды будзеце як ва Украіне, як у іншых краінах, стаяць на каленях і маліцца невядома на каго», — папярэдзіў лідар краіны.
Ён звярнуўся з заклікам «не распальваць вогнішча», бо, як вучыць гісторыя, на пажарышчы будучыні не пабудаваць.
«Будзеце жабракамі, будзеце хадзіць з працягнутай рукой і прасіць кавалак хлеба — які мы сёння можам самі адшукаць, самі вырасцім. Мы ўмеем гэта рабіць, мы ні ад каго нічога не хочам. Мы хочам, каб не лезлі ў наш дом. Мы з усімі пытаннямі разбярэмся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што як у ваду глядзеў, калі казаў, што выбары будуць цікавымі, а пасля выбараў — яшчэ цікавей. Заклікаў берагчы Беларусь, якая належаць ужо наступным пакаленням.
«Мы хаця неяк пражылі свой шлях да сённяшняга дня. А ім (дзецям, унукам — «Зв») што пакінем? Час сёння вельмі сур’ёзны. Таму я пазваў вас, каб вы абаранілі краіну, падтрымалі людзей, якія ідуць у бой за вас, за вашу будучыню», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Я жывы і буду жыць! І памятайце: я ніколі вам не здраджваў. І я вам ніколі не здраджу!».
З асобнымі словамі падзякі Прэзідэнт звярнуўся да сялян, працоўных, ветэранаў, ваеннаслужачых.
Напрыканцы мітынгу кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька зачытаў зварот да беларускага народа ад грамадзян, якія сабраліся на плошчы Незалежнасці.
«Мы лічым, што вулічныя пратэсты вядуць да расколу ў грамадстве, раздзяленню грамадзян на сваіх і чужых. Гэтага нельга дапусціць», — працытаваў петыцыю Генадзь Давыдзька.
Марыя ДАДАЛКА
Варвара МАРОЗАВА
Расказвае магістр псіхалогіі Наталі Свірыдава.
З пачаткам навучальнага года рэгіструецца і рост захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?