Вы тут

«Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» — 2021


Добрай традыцыяй стала правядзенне фестывалю «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» ў музеі «Замкавы комплекс “Мір”». Упершыню падобныя стасункі пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў з чытачамі прайшлі 15  чэрвеня 2019  года. Другі па ліку кніжны фестываль праводзілі, нягледзячы на пандэмію каронавіруса, і ў 2020 годзе — 20 чэрвеня.


Ва ўстанове «Музей “Замкавы комплекс «Мір»”» адбылася рабочая сустрэча з нагоды абмеркавання, якімі будуць III «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» ў 2021 годзе. Папярэдняй датай правядзення форуму, прысвечанага гістарычнай, асветніцкай літаратуры Беларусі і суседніх краін, вызначаны 20-21 чэрвеня.

Дырэктар «Замкавага комплексу “Мір”» Аляксандр Лойка адзначыў, што папулярызаваць сучасную кнігу на тэмы гісторыі і асветніцтва варта, выкарыстоўваючы выразныя сродкі прапаганды. «Сёння, нягледзячы на лічбавізацыю, развіццё інфарматызацыі, цікавую, вартую ўвагі кнігу чытаюць і людзі сталага веку, і моладзь, і падлеткі. Важна толькі арганізатарам культурна-асветніцкага жыцця разглядаць мастацкую, адукацыйную літаратуру як частку культуры»,  — заўважыў кіраўнік музея.

Мастацтвазнаўца Ала Зміёва ў абмеркаванні праграмы III  «Кніжных сустрэч у Мірскім замку» акцэнтавала ўвагу на сувязь кнігі з выяўленчым мастацтвам. Нагадала, у прыватнасці, што сёлета і выстаўка экслібрыса Беларусі, і выстаўка, звязаная з адлюстраваннем гісторыі беларускага кнігадрукавання выяўленчымі сродкамі, і вернісаж кніжнай графікі ў дзіцячым кнігавыданні Беларусі і Эстоніі склалі выдатную пляцоўку для дыскусій, абмеркавання розных пытанняў сучаснага кнігавыдання, сучаснага літаратурнага працэсу. Ала Барысаўна сказала і пра тое, што варта было б шырэй прадставіць у 2021 годзе беларускі кніжны знак, а мо і запрасіць да ўдзелу ў фестывалі калекцыянераў і кніжных графікаў з іншых краін. «А чаму б не правесці конкурс на лепшы кніжны знак у гонар Мірскага замка і яго 500-годдзя?» — прапанаваў Аляксандр Лойка.

Галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Аляксандр Карлюкевіч выказаўся пра неабходнасць прыцягнення да ўдзелу ў III «Кніжных сустрэчах у Мірскім замку» пісьменнікаў і кнігавыдаўцоў Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, іншых краін. І ўжо цяпер пра сваю цікавасць да фестывалю ў Міры выказалі гістарычныя пісьменнікі з Масквы  — Яўген Анташкевіч, Мікалай Чаркашын, Ларыса Чаркашына, Валерый Казакоў, галоўны рэдактар «Литературной газеты» Максім Замшаў, з Варшавы — Яцэк Палкевіч, з Кіева  — Ірына Данеўская, Галіна Тарасюк, Уладзімір Даніленка, з Ташкента  — Рысалат Хайдарава, Сіражытдзін Саідаў.

Аляксандра ЦІТАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».