Вы тут

Нявіннасць дзяцінства і жах вайны


У ліпені выдавецкі дом «Звязда» прадставіў чатыры новыя кнігі, кожная з якіх мае добры камерцыйны патэнцыял. Дзве з іх — дзіцячыя. А гэта, як вядома, менавіта тое, што, акрамя класічнай і спецыяльнай літаратуры, цяпер карыстаецца попытам. Дзве іншыя — альбомы, дзе размешчаны фотаздымкі, паштоўкі, плакаты і многія ўнікальныя матэрыялы ваеннага і пасляваеннага перыяду.


Выдавецкі дом «Звязда» перавыдаў дзіцячую кнігу «Дуб і крумкач» Алены Стэльмах  — заслужанага журналіста Беларускага Саюза журналістаў, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі. Гэта вершаваная п’еса ў чатырох дзеях, дзе асноўным пунктам прыцягнення ўвагі чытача з’яўляецца супрацьстаянне міралюбівых прадстаўнікоў жывёльнага і расліннага свету (адной з важных дзеючых асоб з’яўляецца Дуб, які ўвасабляе прыродную гармонію, мудрасць) з Крумкачом. Ён з’яўляецца сімвалам зла, разбурэння і вайны. Класічная барацьба заканчваецца прадказальна, але важна, што ў творы з умоўным злом змагаюцца не пры дапамозе грубай сілы, а словам. Такім чынам Алена Стэльмах дае дзецям вельмі важны наказ: большую частку праблем, нават самых сур’ёзных, можна вырашыць без агрэсіі. Асабліва калі гаворка вядзецца пра чалавечыя адносіны. Малюнкі, якія выканала Марыя Міцкевіч, чымсьці нагадваюць адначасова манеру еўрапейскіх коміксаў і беларускую савецкую школу анімацыі. Гэта добра, бо, магчыма, калісьці п’еса стане асновай для стварэння мультфільма. Таксама папулярнасці твора Алены Стэльмах павінна спрыяць і сама форма п’есы, бо яна падыходзіць, напрыклад, для школьных драматычных гурткоў або іншых вучнёўскіх тэатральных ініцыятыў. Здаецца, што чытачы ўжо даўно чакалі гэты твор пісьменніцы ў новым выданні, бо першы пошукавы запыт у інтэрнэце, які прапаноўвае сістэма Google, менавіта «Алена Стэльмах Дуб і Крумкач». Гэтае выданне мае ўсе шанцы на поспех.

Другая ліпеньская кніга  — зборнік дзіцячых вершаў «У казачным лесе» паэтэсы Ніны Галіноўскай, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы і прэміі Васіля Віткі. Галоўныя героі большасці твораў — звяры і птушкі, што традыцыйна для дзіцячай літаратуры, але таксама сустракаюцца вершы, якія прысвечаны непасрэдна дзецям. Такая разнастайнасць, па-першае, не дазволіць маленькім чытачам засумаваць падчас знаёмства са зборнікам, па-другое, яны змогуць асацыіраваць сябе з некаторымі героямі і такім чынам больш уключацца ў працэс чытання. Калі твор Алены Стэльмах даволі дыдактычны, то многія вершы Ніны Галіноўскай не ставяць мэты «прышчапіць» чытачам нейкія маральныя каштоўнасці, і гэта нядрэнна. Дзецям часам таксама трэба адпачыць ад сур’ёзных урокаў жыцця і пасмяяцца разам з пісьменніцай з ката, які прыйшоў у буфет па бутэрброд ці з Геркулеса  — ён вырашыў памерацца ростам з дрэвамі ў сасновым лесе. Акварэльныя малюнкі Алены Карповіч выдатна перадаюць казачную атмасферу, што пануе ў большай частцы кнігі. Не менш удала мастачка выканала побытавыя і гумарыстычная сцэны. Кніга падзелена на дзве часткі. Калі першая вельмі разнастайная тэматычна, то другая больш сэнсава цэласная — вершы пра зіму і зімовыя святы.

«У казачным лесе» Ніны Галіноўскай і «Дуб і Крумкач» Алены Стэльмах  — добрыя прыклады сучаснай дзіцячай літаратуры, якая можа зацікавіць маленькіх чытачоў не толькі прыгожым афармленнем, але і тэкстамі, што вельмі каштоўна.

Вядомы гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў прадставіў новыя кнігі ў серыі «У пошуках страчанага». Абедзве — фотаальбомы ў цвёрдай вокладцы, якія падзелены на тэматычныя блокі. Уражвае талент Уладзіміра Ліхадзедава як укладальніка, бо кнігі падпарадкоўваюцца строгай ўнутранай логіцы ў плане размяшчэння матэрыялаў. Таму, нягледзячы на тое, што адзіны тэкст у кнігах  — гэта прадмовы Паўла Сухарукава і подпісы да фотаздымкаў ды іншых матэрыялаў, абодва выданні добра спраўляюцца з тым, каб распавесці пра Вялікую Айчынную вайну і тое, з якімі яе наступствамі давялося сутыкнуцца не толькі беларусам, але і ўсяму насельніцтву Савецкага Саюза пасля яе.

 Першая кніга «75 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне» складаецца з трох частак: «Беларусь памятае!», «75 гадоў Вялікай Перамогі» і «Патрыятычныя выданні Вялікай Айчыннай вайны». Першая  — прадмова Паўла Сухарукава, у якой ён актуалізуе гэтую тэму, падкрэслівае важнасць захавання памяці пра кошт перамогі ў вайне. Другая частка ўяўляе сабой унікальны праект, які дазваляе чытачу ўбачыць фатаграфіі гарадоў у даваенны, ваенны і пасляваенны перыяды. Акрамя таго, што самі па сабе гэтыя фотаздымкі маюць гістарычную каштоўнасць, яны аказваюць на чалавека моцнае эмацыянальнае ўздзеянне, бо наглядна дэманструюць, наколькі разбуральная вайна не толькі ў дачыненні да людскіх лёсаў і жыццяў, але і да архітэктурных помнікаў. У  трэцяй частцы прадстаўлены агітплакаты і старонкі газеты ваеннага часу «Раздавім фашысцкую гадзіну» з антыфашысцкімі вершамі, апавяданнямі, лозунгамі, анекдотамі і малюнкамі. Здзіўляе тое, колькі творчых сіл і таленту было задзейнічана для стварэння выдання. Гэты раздзел кнігі мае асаблівую каштоўнасць — большая частка матэрыялаў друкуецца ўпершыню.

Другая кніга Уладзіміра Ліхадзедава называецца «Блакада». У ёй змешчаны фотаматэрыялы, прысвечаныя адной з самых трагічных старонак у гісторыі вайны  — блакадзе Ленінграда. У кнізе чатыры часткі, назвы якіх гавораць самі за сябе: «Глыток праўдзівасці — на ўсе часы» (прадмова Паўла Сухарукава), «Паштоўкі, выдадзеныя ў Ленінградзе ў 1941-1945-х гадах», «Фотаздымкі блакаднага Ленінграда» і «Лісты і дакументы блакаднага Ленінграда». Кожная з частак паступова паглыбляе чытача ў гісторыю блакады. Калі фатаграфіі і паштоўкі дазваляюць у першую чаргу ўбачыць факт разбурэнняў, што прынесла вайна, то лісты перадаюць жах людзей, якія апынуліся адрэзанымі ад свету ў блакадным горадзе. Часам голыя факты робяць значна больш моцнае ўражанне, чым гісторыі, шмат разоў загорнутыя ў мастацкія ўпрыгажэнні.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.