Вы тут

Шматкроп’е нацыянальнага


Палатно і алей, ніткі і папера, люстра і шкло — аўтару ў мастацтве падуладны любыя матэрыялы і рэчывы, калі ў яго ёсць мэта. Выстаўка «Трыенале сучаснага мастацтва», што працуе ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» здольная паказаць, на што скіраваны роздумы і памкненні сучасных мастакоў і якімі здабыткамі можа ганарыцца галіна.


Трыенале сучаснага мастацтва арганізавана па выніках Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва» 2019—2020 гадоў. Сярод задач конкурсу, які праходзіць другі раз, — адраджэнне і развіццё найлепшых традыцый і дасягненняў нацыянальнага выяўленчага мастацтва, прыцягненне да яго ўвагі шырокіх колаў грамадства, а таксама павышэнне прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў конкурсу. Арганізатары імкнуцца выявіць і падтрымаць таленавітую моладзь.

На экспазіцыі ў Палацы мастацтваў прадстаўлены 92 работы, якія былі адабраны камісіяй з 358 заявак па 10 намінацыях: «Жывапіс», «Графіка», «Скульптура», «Дызайн», «Актуальнае мастацтва» (арт-аб’ект, інсталяцыя), «Мастацкая фатаграфія», «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Мастацтвазнаўства і крытыка», «Творчы дэбют».

Падчас правядзення выстаўкі, арганізаванай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, журы вызначыць лаўрэатаў конкурсу з ліку прэтэндэнтаў. Пераможцы атрымаюць грашовую прэмію, дыплом лаўрэата і спецыяльны прыз. Таксама будуць уручаны дыпломы «За ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва» і «Мецэнат выяўленчага мастацтва». Старшынёй журы стаў дырэктар філіяла «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы» НАН Беларусі Валерый Жук. Таксама ацэньваць работы мастакоў будуць старшыня Саюза дызайнераў Зміцер Сурскі, дырэктар Цэнтра сучасных мастацтваў Сяргей Крыштаповіч, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў ды іншыя.

Арганізатары звязалі экспазіцыю з юбілеем авангарднай суполкі УНОВИС. Але, калі казаць пра канцэпцыю выстаўкі, абавязкова трэба згадаць механізм складання экспазіцыі: усё ж гэта выбар не аднаго ці некалькіх аўтараў, а камісіі, якая так ці інакш стварала свой пазл.

Сучасная мінуўшчына

Нацыянальная скіраванасць  — ключавы канцэпт выстаўкі. Найбольш правакацыйнымі тут выглядаюць работы з праекта «Спадчына» Дар’і Сямчук. Матэрыялы, якія выкарыстала мастачка, даволі разнастайныя: акрамя іншага, гэта фанера і даматканае палатно з вышыўкай. Аўтар змешвае сучаснаць і традыцыю, наносячы на беларускія строі ды абрусы чорныя графіці, пэўныя знакі і нават лагатып «Playboy». Успрымаецца гэта не інакш як пратэст супраць уплыву іншых культур і контркультур на ўсё нацыянальнае, што быццам абараняецца і захоўваецца. На справе ж усё складаней.

Змешчаны ў экспазіцыі і даволі традыцыйныя па зместу і жанрах работы, прысвечаныя гісторыі Беларусі: «Усяслаў Чарадзей» Мікалая Апіёка, трыпціх «UWERTURA S. M.» Рыгора Таболіча, помнік заснавальніку Лідскага замка Вялікаму Князю Гедыміну Сяргея Аганава і Вольгі Нячай, помнік Льву Сапегу ў Слоніме Івана Міско, Уладзіміра Піпіна ды Сяргея Логвіна. У цікавай аўтарскай тэхніцы, якую складаюць жывапіс па дрэве, дошка, ляўкас, яечная тэмпера, акрыл, алей, дэкаратыўнае шкло і дэкаратыўнае жалеза, працуе Ігар Гардзіёнак, стваральнік серыі гістарычных партрэтаў дзеячаў ВКЛ «На прасторах Вялікага княства». Між тым цёплыя пачуцці выклікае ледзь не адзіны пейзаж на выстаўцы — «Адвечнае» Антона Вырвы.

На сёлетнім Трыенале прысутнічаюць і работы, прысвечаныя дзеячам літаратуры і мастацтва. Так, Ніна Пілюзіна стварыла габелен «Творчы шлях Якуба Коласа», Алена Шлегель — квадраптых «Родны алфавіт» (дзе на першым плане Францыск Скарына), Марына Аніськова — дызайн-праект «Космас Я. Купалы і Я. Коласа», а Юрый Несцярук — трыпціх «Коласавы мясціны Стаўбцоўшчыны». На жаль, выглядае так, што мастакі натхняюцца толькі вядомымі і ўплывовымі літаратарамі.

Значным для асэнсавання мінулага падаецца праект «Шматкроп’е» Валянціны Шобы. Як адзначае стваральніца, людзі паступова ставяць шматкроп’е сваімі думкамі і дзеяннямі… яны з’яджаюць у гарады, забыўшыся пра свае карані. Пазней, прыстасаваўшыся да гарадскога жыцця, едуць за мяжу будаваць чужое жыццё. Мастачка пытае: можа, ёсць сэнс зламаць стэрэатып «Добра там, дзе нас няма» і пабудаваць нешта сваё, зрабіць добра там, дзе мы ёсць?

Рэалізму выстаўцы надаюць, бясспрэчна, фотаработы, напрыклад, праект Вольгі Савіч «RE:Story». Аўтар стварыла адмысловыя кампазіцыі з кавалкаў старых фотаздымкаў, а таксама шпалер і розных запісак. Атрымаліся творы, якія ў нейкім сэнсе могуць насцярожыць, але, прыгледзеўшыся, разумееш: гэта ўсё тыя ж кавалачкі гісторыі, што, у адрозненне ад многага, здолелі захавацца.

Прадстаўлена ў намінацыі «Мастацкая фатаграфія» і серыя Яўгена Гараўскага «Лінія Сталіна». На чорнабелых здымках  — сучасны выгляд некаторых збудаванняў. Асаблівае адчуванне забыцця, што сыходзіць ад кожнай жэлацінава-срэбнай фатаграфіі, найлепш перададзена менавіта на самай лаканічнай, дзе адлюстравана частка звязанага з вайной прадмета (можна толькі меркаваць, якога) з выбітай зоркай  — сімвалам мінулага, якое тут здаецца неймаверна далёкім і ўжо забытым.

Аляксандр Суша «La Vita». 2019.

Тэме вайны прысвечана таксама работа Уладзіміра Уродніча «Непрачытаныя лісты», якая не патрабуе дасканалага пошуку метафар. На палатне аўтар адлюстраваў жах вайны, выкарыстаўшы больш чым традыцыйныя вобразы (полымя, чорныя клубы дыму, танкі, што гараць, салдаты, якія яшчэ змагаюцца і жыццё якіх ужо скончана). Галоўная ж роля адведзена герою, які выглядае, як Георгій Пераможца. Менавіта ён «перадае» салдатам адрасаваныя ім трохкутнічкі.

Рэлігія і міф

Неспадзявана, але твораў, прысвечаных веры ў вышэйшыя сілы, на Трыенале вельмі шмат. Сярод іх — работы, прадстаўленыя ў намінацыі «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва»: роспіс крыптавай царквы, прысвечанай абразу Божай Маці «Спорительница хлебов» аўтараў Мікалая, Віктара і Аляксея Доўнараў ды мазаічныя кампазіцыі для афармлення фасада і бабінца кафедральнага сабора Раства Хрыстова ў Салігорску (калектыў аўтараў: Дзяніс Чубукоў, Піліп Басалыга, Вольга Грынь, Аляўціна Башкатава, Ігар Гамянюк). А таксама жывапіс Паўла Кандрусевіча. На выстаўцы прадстаўлены яго работы з серыі алтарных карцін для касцёла Святой Ганны ў вёсцы Камень («Укрыжаваны Езус», «Святая Ганна з Марыяй», «Апосталы Пётр і Павел»).

Адметная і работа Ганны Конанавай «Свяцільня». На палатне адлюстраваны высокія прыступкі, па якіх падымаюцца людзі, і царква. Але галоўны «герой» — святло, якое сыходзіць ад царквы ў неба і якое ідзе ўвогуле ад работы. Метад перспектывы, выкарыстаны мастачкай, таксама ўплывае на такое ўспрыманне твора. Арганічна ў экспазіцыю ўпісваюцца і графічныя творы Уладзіміра Вішнеўскага з серыі ілюстрацый да раздзела Бібліі «Саборныя пасланні Апосталаў». Увогуле асноўны акцэнт у творчасці мастак робіць на нацыянальнае самаўсведамленне. Двухколернасць (панаванне залатога і чорнага) толькі падкрэслівае асноўныя сэнсы.

Дзмітрый Аганаў «Каханне ў мыльным пузыры». 2018.

Даволі доўга можна разважаць над тэкстыльнай скульптурай «Стварэнне Евы» Хрысціны Высоцкай, таму што відавочных ідэй у ёй не бачна, у адрозненне ад твораў Вольгі Крупянковай з серыі экслібрысаў «Адам і Ева», дзе нават назвы не пакідаюць месца для роздумаў: «Сон у Раі», «Выгнанне з Раю», «Забаронены плод», «Яблык для Адама» і інш.

Дыптых «Вяртанне» Генадзя Вяля аб’ядноўвае тэмы рэлігіі і захавання спадчыны. На іх намаляваны Берасцейская Біблія і Біблія Францыска Скарыны. Побач з кожным выданнем — валошка і флэш-накапляльнік.

Нібы асобна ў гэтым шэрагу стаіць трыпціх Глеба Сідарэнкі «Грэчаскія Багі», дзе сярод іншых вобразаў старажытнасці важная роля надаецца аголенаму целу. Дарэчы, менавіта яно стала крыніцай натхнення для многіх аўтараў, прадстаўленых на Трыенале. Пачынаючы з «La Vita» Аляксандра Сушы і завяршаючы «Beach Volleyball/Пляжны валейбол» Уладзіміра Кандрусевіча  — аголенасць апяваецца ў лепшых традыцыях старажытнасці і сярэднявечча.

Спрадвечнае / наватарскае

Важная частка выстаўкі — інклюзіўны арт-праект Васіля Зянько «І, адчуваючы, бачыць…», створаны ў суаўтарстве з невідушчай піяністкай Марыяй Рудко. У ім гарманічна перапляліся жывапіс і літаратура. Экспазіцыя складаецца з сямі тактыльных твораў. Гэта жывапісна-рэльефныя ілюстрацыі «пункціраў» — кароткіх вершаў лірыка-філасофскага зместу  — са зборніка Алеся Разанава «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж», перакладзеных на шрыфт Брайля ў выглядзе мазкоў-кропак. Але відушчых работы Васіля Зянько таксама прывабліваюць: дзяцел, які стукае па дрэве, ластаўкі на правадах, пчала на асоце, васількі ля жыта, матылёк на кусце квяцістага бэзу — усё гэта пераносіць у гарманічны свет колераў, гукаў, пахаў і пэўным чынам уплывае на настрой.

Арт-аб’ект «Белы шум» Таццяны Макляцовай і Святланы Баранкоўскай  — сапраўднае сумяшчэнне традыцыі і наватарства. Габелены, выкананыя пераважна ў адценнях шэрага, размешчаны не на сцяне, а каскадам па адведзенаму перыметру, утвараючы тым самым эфект бязважкасці, а таксама напластавання. Як адзначаюць стваральнікі, праект — выклік сучаснасці, якая складаецца з пастаяннай плыні хаатычнай інфармацыі, усеабдымнай хвалі стацыянарнага шуму. Гэта час, калі вельмі цяжка вызначыць, дзе праўда, а дзе фальш, і мэта «Белага шуму» — знайсці сябе сярод гэтага бязладдзя пры дапамозе мастацтва. Асноўныя сэнсы тэкстыльных палотнаў, у структуру якіх уваходзяць газетныя тэксты і папяровыя рукапісы, — няма нічога болей непатрэбнага, чым учарашнія навіны, і нічога больш вечнага, чым ткацкае перапляценне.

Тамара Васюк «Жыццё сусвету». 2019.

Сёлета многія аўтары ў чарговы раз эскперыментуюць з гукам (праект «Партрэты, якія гучаць» Марыны Раманоўскай і Рамана Волазнева), відэа-артам (інсталяцыя «Імкненне. Шкло» Ірыны і Аляксея Кузняцовых), гукам і святлом (праект «НЕхта/НІхто» Паўла Вайніцкага і Яўгена Рагозіна)… Ці здольны глядач, які, магчыма, прыйшоў адпачыць якраз ад неймавернага святла, паўсюдных гукаў і відэа, належным чынам іх ацаніць? Але што гэта, калі не сучаснае мастацтва, пошук новага? Пагадзіцца ці паспрачацца з гэтым можна да канца працы выстаўкі — 7 жніўня.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».