Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным штотыднёвым аглядзе «Звязды» прапануем вашай увазе свежыя спартыўныя навiны.


1. У амерыканскім Лексінгтоне прайшоў тэнісны турнір катэгорыі WTA Іnternatіonal — The Top Seed Open presented by Bluegrass Orthopaedіcs. Удзел у турніры ўзялі і беларускія тэнісісткі: Арына Сабаленка, Вікторыя Азаранка і Вольга Гаварцова.

Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка, якая займае 11-ю пазіцыю ў сусветным рэйтынгу, скончыла выступленне на 1/4 фіналу. У другім крузе Арына прайграла саперніцы з ЗША, шаснаццацігадовай Коры Гаўф (53 WTA) — 6:7, 6:4, 4:6. Вольга Гаварцова ў матчы другога круга саступіла прадстаўніцы Туніса Онс Жабер (39 WTA). Вынік матча — 6:3, 2:6, 4:6.

Не задалося выступленне на турніры ў экс-першай ракеткі свету, алімпійскай чэмпіёнкі Вікторыі Азаранкі (58 WTA). У двух сэтах яна саступіла Венус Уільямс (67 WTA) з ЗША. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 20 хвілін і скончылася з вынікам 3:6, 2:6.

2. Чэмпіён Беларусі па гандболе «Мяшкоў Брэст» прайграў першы міжнародны таварыскі матч супраць украінскага чэмпіёна запарожскага «Матора» з вынікам 27:30. Сустрэча адбылася ў Брэсце 13 жніўня. Але на наступны дзень беларусы перамаглі ўкраінскіх апанентаў у другім таварыскім матчы з вынікам 31:26. У абедзвюх сустрэчах найлепшую гульню паказаў член каманды «Мяшкоў Брэст» Мікіта Вайлупаў, які закінуў 11 мячоў.

Тым часам віцэ-чэмпіён Беларусі мінскі клуб СКА перамог на міжнародным турніры «Кубак Парыматч» у Маскве. У вырашальным матчы беларусы абыгралі маскоўскі ЦСКА з вынікам 29:27. Найлепшы вынік у камандзе СКА паказаў Яўген Нікановіч, які закінуў пяць мячоў. Гэтая сустрэча стала своеасаблівай рэпетыцыяй перад матчамі СКА і ЦСКА ў кваліфікацыі Еўрапейскай лігі. Першая гульня адбудзецца 29 жніўня ў Мінску, адказная — 6 верасня ў Маскве.

3. У Брэсце прайшоў чэмпіянат Беларусі па акадэмічным веславанні, на якім выступілі найлепшыя беларускія спартсмены. Турнір сабраў 280 удзельнікаў. Чэмпіянат стаў адборачным на кантынентальныя форумы ў розных узроставых катэгорыях.

Добрую форму паказалі Таццяна Клімовіч (7 хвілін 50,530 секунды) і Дзяніс Мігаль (7 хвілін 04,586 секунды) — пераможцы ў адзіночных гонках на 2000 метраў.

У фінальным заездзе распашных двоек першае месца заваявалі Сяргей Валадзько і Дзяніс Фурман, іх вынік — 6 хвілін 34,766 секунды. Спартсмены маюць алімпійскую ліцэнзію і актыўна рыхтуюцца да Алімпійскіх гульняў у Токіа.

Узнагароджвала чэмпіёнаў і прызёраў спаборніцтваў Кацярына Карстэн, першая ў суверэннай Беларусі алімпійская чэмпіёнка па акадэмічным веславанні.

4. У Мінску прайшоў турнір па лёгкай атлетыцы на прызы Міхаіла Жэлябкоўскага. У бегу на 400 метраў першыя фінішавалі Настасся Латушка (1 хвіліна 8,54 секунды) і Дзмітрый Рачко (55,50 секунды). Дыстанцыю 200 метраў хутчэй за ўсіх прабеглі Аліна Лучшава (23,97 секунды) і Максім Богдан (21,63 секунды), на 800 метрах самымі хуткімі сталі Таццяна Шабанава (2 хвіліны 8,76 секунды) і Ілья Карнавухаў (1 хвіліна 49,90 секунды). Дыстанцыю 100 і 110 метраў з бар'ерамі найхутчэй адолелі адпаведна Святлана Парахонька (13,24 секунды) і Віталь Парахонька (13,91 секунды).

Ягор Чуйко (15,52 метра) і Ірына Васькоўская (14,05 метра) — лідары ў трайным скачку. Максім Недасекаў (2,33 метра) і Марыя Жодзік (1,87 метра) — у скачках у вышыню. Пераможцы ў скачках з шастом — Хрысціна Канцавенка (4,05 метра) і Вадзім Коцік (4,40 метра). Найлепшыя вынікі ў скачках у даўжыню паказалі Вольга Анцікян (5,69 метра ) і Арцём Гурын (7,51 метра).

Далей за ўсіх кінулі молат Павел Барэйша (76,41 метра) і Настасся Маслава (68,84 метра). Ну а найлепш штурхнулі ядро Алена Пасечнік (17,40 метра) і Аляксей Нічыпар (19,51 метра).

5. Паўабаронца бабруйскай «Белшыны» Дзмітрый Рэкеш прызнаны найлепшым гульцом 21-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У пераможнай гульне са «Слуцкам» (4:2) ён правёў на полі 70 хвілін і двойчы папаў у вароты саперніка. Зараз турнірную табліцу 30-га чэмпіянату ўзначальвае салігорскі «Шахцёр», які набраў 43 балы ў 21 сустрэчы. У бамбардзірскай гонцы пакуль перамагае ўзбекскі форвард «Шахцёра» Джасурбек Яхшыбоеў, які забіў 13 мячоў. Матчы наступнага тура беларускага першынства запланаваныя на 21—23 жніўня.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».