Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


КАЛІ НЯМА СЛОЎ

Няхай жыве лазня!

Гэтая лазня ў свой час была выштукавана ў канцы агарода — амаль на самым беразе ракі. Лепшага месца, што ні кажыце, шукай, не знойдзеш. Пасля парылкі можна скокнуць у рачную плынь, балазе, далёка бегчы не трэба, асвяжыцца, і тым самым адчуць самае што ні на ёсць хараство жыцця. Цуд!

Лазня была зроблена з новых бёрнаў-круглякоў сасны вясковымі майстрамі. Майстры патроху адзін за адным адышлі ў іншы свет, не стала і гаспадара лазні, а потым і гаспадыні. Лазня асірацела. Ды што лазня — асірацела, лічы, уся вёска: тры двары засталося. А было ж некалі іх больш за сотню.

А потым неяк прыехаў праведаць родныя мясціны Іван Фёдаравіч, мінчук, ён даўно жыў у сталіцы і быў на заслужаным адпачынку. Завітаў на свой падворак, які не адразу пазнаў: усё жалеззе з печы і грубы выдрана. А так быццам усё на месцы. Шкло на вокнах, падлога. Успомніў Іван Фёдаравіч і пра лазню, яе ўбачыў ён не адразу — агарод зароз вербалозам, нагадваў джунглі. А калі падышоў бліжэй да ракі, ахнуў — лазні на месцы не было!

Нядоўга думаючы, гараджанін завітаў да цёткі Мікіціхі, суседкі.

— А дзе наша лазня, Вера Сцяпанаўна? — пераступіўшы парог, адразу запытаўся ён.

Суседка здзівілася, няйначай, такому пытанню, таму адказала коратка:

— А навошта яна табе, лазня? Хіба ў горад забярэш?

— У горад не ў горад, а чужое — не руш! — разгневаны Іван Фёдаравіч матлянуў у паветры кулаком. — Не дазволю рабаваць чужое!.. Засуджу!..

— Божухны! Ды што лазня! Усю вёску расцягнулі — хіба не бачыш? Што каму спатрэбіцца, тое і бяруць. З усяго наваколля едуць. І на калёсах, і на тэхніцы. Не ўпільнуеш. Такія дамкі знішчылі дабротныя, а ты пра лазню! Супакойся і забудзь. Як учарашні дзень.

Былы вясковец не супакоіўся і не забыўся. Вера Сцяпанаўна ўсё ж выдала таго чалавека, які перавёз лазню ў райцэнтр. Гэта быў сын вясковага каваля Пятро Валюшаў. Ведаў яго Іван Фёдаравіч, вядома ж: раслі разам. Паколькі мінчук быў на легкавіку, у той жа дзень наведаўся да земляка. Той запрасіў за стол, госць адхіліў прапанову і адразу ж перавёў размову на лазню.

— Ведаеш, з якой нагоды я прыехаў да цябе, зямляк? — строга паглядзеў на гаспадара дома Іван Фёдаравіч. — Бачу, не здагадваешся. То скажу: па грошы. Я ацаніў лазню ў тысячу рублёў.

— Ого задраў! — здзівіўся райцэнтравец. — Чаму так многа? Цяпер за хату ў вёсцы столькі не даюць. З пафарбаванымі аканіцамі. Ды і згніла б твая лазня, калі б не я. Альбо хто скраў бы — шукай ветру ў полі. Ды яно неяк і не па-зямляцку, Ваня... Мо, магарычом абыдземся?

— Ты за каго мяне лічыш? Лазню — за чарку гарэлкі? Рыхтуй грошы. Я пазней заеду.

Не дамовіліся.

Справу вырашаў суд. Ён пастанавіў: альбо заплаціць грошы за крадзеж, альбо вярнуць лазню на ранейшае месца. Пятро Валюшаў вярнуў будыніну на ранейшае месца. Прыехаў з двума сынамі, склаў яе за пару дзён. Быццам Вера Сцяпанаўна прызналася, што чула, як Пятро Валюшаў, пакідаючы складзеную лазню, кінуў папрок Івану
Фёдаравічу: «Няхай ён падавіцца!» І паглядзеў на старую вельмі горда. Як пераможца.

Лазня нядоўга прастаяла. Нехта зноў прыбраў яе да рук. Гэтым разам Вера Сцяпанаўна не бачыла — хто. Але радавалася, што не бачыла, і шкадавала Пятра Валюшава, якога выдала. А яшчэ больш радавалася, што лазня зноў некаму спатрэбілася.

Няхай жыве лазня. Калі яна пабудавана, то павінна ж выконваць непасрэднае прызначэнне, а не стаяць сіратліва пад голым небам, чакаючы свайго апошняга дня...

Так, пэўна ж, падумала старэйшая жыхарка вёскі.

З ёй я цалкам згодны.


НЯБАЧНЫ МУЖ

— У санаторыі за адным столікам са мной сядзелі дзве вабныя жанчыны, — прызнаўся надоечы сусед Пятровіч, з якім мы абменьваліся іншы раз рознымі гісторыямі
альбо проста размаўлялі пра жыццё. — Прыехалі мы ў адзін дзень, але так атрымалася, што я крыху раней, і калі пачаргова дзяжурная па зале паджсаджвала да мяне гэтых жанчын, адну ў абед, а другую ў час вячэры, я адчуваў сябе ў ролі гаспадара. Калі ласка, кажу! Давайце знаёміцца. Пятровіч. Назваліся і яны: Святлана з Рагачова і Вікторыя з Віцебшчыны, таксама з райцэнтра, а з якога — не запомніў. Але не гэта важна.

Рагачоўская кабета адразу ж пачала менш глядзець у талерку, а больш кідала позіркі на мужчын, якіх, да яе расчаравання, было не так многа. Ды і тыя, якіх не абмінулі яе вочы, наўрад ці парадавалі — адны дзяды. Як вось і я. Што з такога возьмеш? Праўда, за змену падвярнуліся ўсё ж ёй два мужчынкі так сабе... Як сказала б наша суседка Дзіна, такіх у базарны дзень жменькамі прадаюць... альбо пучкамі... Яно і Святлану зразумееш: жыве ж адна, развядзёнка, дзеці ўжо самі па сабе, чаму б не прыгадаць маладосць? Ды каб зусім не «згарэла» пуцёўка, добра будуць і такія. Але мне больш хацелася расказаць пра Вікторыю. Слухаеш?

— Слухаю, слухаю.

— Яна мне вельмі як жанчына спадабалася. Разважлівая, мала што з твару прыгожая, у целе, смуглявая. На малдаванку змахвае. Я калі ў Кішынёве жыў, на такіх наглядзеўся. Пазней я зразумеў, чаму нас за сталом трое, нікога больш не падсяляюць: адно месца ўвесь час пуставала. Вікторыя прыехала не адна — з мужам. А ён быў інвалідам, не выходзіў з пакоя. Так я ніводнага разу яго і не ўбачыў. Нябачны муж, адным словам. Вікторыя яго надта хваліла. Пражыла, кажа, усё жыццё, як за каменнай сцяной. А потым яго хвароба адолела. Верыць ёй ці не, але казала, што ён у яе даслужыўся да палкоўніка. Я ўжо не пытаўся, а чаму ж яны тады не паехалі ў вайсковы санаторый. Іх справа. Ну, а паколькі на стол ставілі ежу і на чацвёртага адпачывальніка, то жонка спярша адносіла мужу порцыі ў сваім пакеціку, а потым ёй на кухні рабілі ўжо гатовыя пайкі. Акуратна, у кантэйнеры спецыяльныя састаўлялі ежу, там іх і забірала.

Відаць, я так разумею, Вікторыі далі пуцёўку, забыў пацікавіцца, маё ўпушчэнне, а мужа не было з кім дома пакінуць... Вось тут не скажу. А можа і яму, мужу, далі, а ёй ужо, як прыстаўленай да інваліда... заадно.

Пятровіч крыху памаўчаў, а потым падняў на мяне вочы:

— Але ж як яму, мужу Вікторыі, маглі даць пуцёўку, калі ён настолькі хворы? Калі сам на працэдуры не можа хадзіць? Маёй жа Наталлі, як ні ўпрошваў медыкаў, не падпісалі санаторную карту. Да яе нават справа не дайшла. Нельга! У яе і тое, і гэтае. Вы што, хочаце, каб нам потым з санаторыя дэпеша прыйшла — каго вы накіравалі? Дык мая ж Наталля яшчэ — уго! Мятла! А, бач, я адзін паехаў.

Памаўчалі.

— Што мяне асабліва ўразіла, дык я ніводнага разу яе не бачыў на танцульках, — працягваў далей Пятровіч. — На канцэрты там розныя прыходзіла. Звычайна адна сядала ў крэсельца, але калі каго з нас, суседзяў па стале, заўважала, прыветна ўсміхалася і падгуртоўвалася. Ці да мяне, ці да Святланы.

Пятровіч памаўчаў, уздыхнуў, і сказаў, узважваючы і смакуючы словы:

— З усяго санаторнага жыцця запомнілася больш за ўсё мне гэта. Пашанцавала ж, наколькі я зразумеў, таму нябачнаму хвораму мужу хоць у адным — з жонкай...


ЮБІЛЕЙ

Юбілеі бываюць самыя розныя. У кагосьці залатое вяселле. Нехта адзначае круглую дату з дня нараджэння. Юбілеі надараюцца не толькі ў людзей — у тэатраў, прадпрыемстваў, навучальных устаноў, школ... І гэтак далей.

Мне ж захацелася распавесці сёння пра юбілей, ад якога патыхае... горыччу.

На пятым паверсе ў нашым пад'ездзе жыла некалі рабочая сям'я з рэдкім прозвішчам Замрыевы. Бацькі, Ніна і Леанід, працавалі на заводзе, дзеці, дачка Люська і сын Сяргей, хадзілі ў школу. Што ні кажыце, а чужыя дзеці растуць вельмі хутка. Не паспеў і я азірнуцца, як дачка нашых суседзяў скончыла школу і выйшла замуж, а сына забралі ў армію. Кватэра ў доме неўзабаве засталася для дачкі з мужам, а бацькі пераехалі ў прыватны дом, які дастаўся ім у спадчыну. Здавалася б, лепей не прыдумаеш. Жыві і радуйся. Яно так і было спярша. Дачка нарадзіла адразу двух дзетак — сына і дачку. А потым пайшлі чуткі, што муж запіў, і Люська яго вытурыла. А далей, як толькі падраслі малыя, суседзі перасталі бачыць і Люську, а малых у садзік пачала вадзіць яе маці.

Адным словам, старэйшыя Замрыевы пачалі жыць на два дамы.Прыватны двор не пакінеш без нагляду, а з дзецьмі зручней у гарадской кватэры. Тут садзік якраз пад вокнамі. Ды і іншыя ўмовы лепшыя.

На маіх вачах выраслі хутка (зноў жа: што ні кажыце...) і Люсьчыны дзеці. Скончылі школу, набылі прафесіі ў каледжах, пабраліся шлюбам. Самі Замрыевы пастарэлі, ужо на пенсіі. Зрэдчас сустракаемся, вітаемся. Старыя перабраліся цалкам у прыватны дом, а тут жыве ўнук Лёшка з жонкай і дзіцем. Іншы раз я пытаўся ў Лёшкі, як там родныя, ён адказваў звычайна бадзёра: трымаюцца! Апошні раз, калі пацікавіўся, сумна адказаў:

— Бабулю інсульт ударыў. Але малайчына, не здаецца. У шпіталі ляжала больш за месяц, цяпер размаўляе. Твар выправіўся амаль. Я прывёз ёй трэнажор. Праз боль, але займаецца.

Пра Люську я не цікавіўся. Навошта вярэдзіць душу людзям. З'ехала ў Маскву на заробкі і з'ехала. Ні грошай, ні тэлефанаванняў ад яе доўга не было. Думалі пра саме горшае. «Можа яна там у маскоўскую каналізацыю правалілася?» — сумна жартаваў бацька. Потым адгукнулася і зноў прапала. Нехта з гамяльчан перадаў, што зусім нядаўна бачыў Люську ў Маскве. Цвіце і пахне!

Што ж да аліментаў ад былога Люсьчынага мужа, дык іх, як высветлілася, і ў вочы не бачылі. Што з яго, п'янтоса, возьмеш? Нідзе не працуе, жыве на матчыну пенсію.

Не прысылала, вядома ж, грошай і Люська.

Але ўнукі ў Замрыевых былі дагледжаныя і сытыя, як кажуць. Не горш за іншых.

А тут сустракаю надоечы Замрыевых у двары. Леанід нясе торт, а Ніна, абапіраючыся на кульбу, стараецца ад мужа не адставаць. Я кіўнуў на торт: ніяк, свята ў вас, суседзі? Ніна адказала, хоць і не адразу:

— Юбілей у нас. Сёння роўна дваццаць гадоў, як дачка ў Маскву на заробкі паехала...

І яны моўчкі пайшлі далей, а я не знайшоў, што адказаць гэтым людзям...

Драма. Шэкспір пазайздросціў бы.

Васіль ТКАЧОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».