Вы тут

Норман Нароцкі прайшоў адзін з найдаўжэйшых шляхоў у мастацтве


1907 год, Кабыльнік — мястэчка на скрыжаванні шляхоў у Полацк, Вільню, Мінск і Дзвінск. Тут ёсць касцёл, царква, сінагога, багадзельня, народнае вучылішча, карчма, млын, вінакурня і рыбныя сажалкі. За год праходзіць некалькі кірмашоў, рэгулярна працуе базар. Выгаднае геаграфічнае становішча дазваляла месцічам займацца гандлем, але з той жа прычыны многія войны і паўстанні закраналі Кабыльнік. За пяцьсот гадоў існавання ён неаднаразова гарэў, але адбудоўваўся і жыве і сёння (цяпер гэта вёска Нарач. — «Зв».).


На пачатку ХХ стагоддзя насельніцтва мястэчка складала каля тысячы жыхароў, з іх амаль палова — яўрэі. У гэты перыяд адбывалася хваля міграцыі еўрапейцаў, у тым ліку падданых Расійскай імперыі, у Амерыку. Шаснаццацігадовы Аарон, сын мясцовага яўрэя, кабыльняцкага рыбака і краўца Давіда Нароцкага, таксама адправіўся ў Новы свет шукаць лепшага лёсу. Яўрэі часам атрымлівалі прозвішчы згодна з мясцовасцю, у якой яны жылі — Свірскі, Крывіцкі, Нароцкі і г. д., так і прозвішча Нароцкіх было звязана з возерам Нарач, бліз якога размешчана мястэчка.

Аарон распачаў новае жыццё ў ЗША. Як і бацька, ён працаваў краўцом, праз некаторы час ажаніўся з мігранткай з Украіны, і ў іх нарадзілася двое дзяцей. У 1930—1940-я гады Нароцкі стаў адным з заснавальнікаў Таварыства дапамогі Кабыльніку, члены якога аказвалі грашовую дапамогу жыхарам мястэчка. Пасля вайны цэнтр згуртавання эмігрантаў — яўрэяў з Кабыльніка і Мядзела існаваў у Ізраілі. Удзельнікі згуртавання праводзілі работу па ўшанаванні ахвяр вайны, уладкавалі яўрэйскі могільнік у Кабыльніку і выдалі збор успамінаў кожнага сведкі вайны са згуртавання.

Старэйшы сын Аарона, Норман (Norman Narotzky), нарадзіўся ў 1928 годзе ў Нью-Ёрку. Сёння гэта слынны амерыканскі і іспанскі мастак, які жыве ў Барселоне. Норман Нароцкі правёў каля шасцідзесяці персанальных і мноства калектыўных выставак у прэстыжных музеях і галерэях Іспаніі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Англіі, Партугаліі, ЗША. Яго работы захоўваюцца ў Музеі мастацтва Філадэльфіі, Мастацкай галерыі Мілс каледжа ў Каліфорніі, Музеі мастацтва Цынцынаці, Музеі Ставанджэра ў Нарвегіі, Цэнтры мастацтваў Каралевы Сафіі ў Мадрыдзе, Нацыянальным мастацкім музеі Каталоніі ў Барселоне, Музеі сучаснага мастацтва ў Вілафармэс і ў іншых музеях і прыватных калекцыях.

Мы сустрэліся са спадаром Нароцкім у Барселоне — два чалавекі, аб'яднаныя любоўю да мастацтва і беларускімі каранямі, — і ён расказаў пра сваё жыццё і творчы шлях.

...Схільнасць да малявання Норман праяўляў ужо з пяцігадовага ўзросту, а ў трынаццаць гадоў распачаў навучанне ў школе музыкі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Затым паступіў у Бруклінскі каледж з мастацкім ухілам, які скончыў з тытулам бакалаўра мастацтва cum laude. У 1949 годзе Норман паспяхова прайшоў конкурс у адну з найбольш славутых навучальных устаноў ЗША Купер Юніан. Яе выпускнікі адзначаны прэстыжнымі міжнароднымі прэміямі, уключаючы Нобелеўскую і Прытцкераўскую. Дзеля таго, каб пракарміць сябе, Норман удзень працаваў у студыі графічнага дызайну, а па вечарах вучыўся.

У 1953 годзе Нормана прызвалі ў армію. Якраз ішла вайна паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэямі, і ён меў усе шанцы аказацца ў віры ваеннага канфлікту, але, напэўна, як і бацька, быў народжаны пад шчаслівай зоркай: мастака адправілі служыць у армейскую часць у Тэхасе, размеркавалі ў дэпартамент графічнага мастацтва, дзе ён маляваў ілюстрацыі для дапаможнікаў секцыі медыцынскай падрыхтоўкі. Па заканчэнні службы Норман падаў заяўку на стыпендыю на вучобу ў Парыжы і выйграў яе. Сярод знаёмых Нормана яго пераезд у Еўропу выклікаў здзіўленне, бо хваля міграцыі якраз ішла ў адваротным напрамку. Затым ён атрымаў грант праграмы ЗША па культурным абмене з іншымі краінамі і пераехаў у Мюнхен, дзе ўдасканальваў майстэрства ў Акадэміі мастацтваў, дадаткова прайшоў курс у галіне выяўленчых мастацтваў у Нью-Ёркскім універсітэце і такім чынам завяршыў амаль дваццацігадовы (!) перыяд адукацыі. З таго часу Норман Нароцкі бесперапынна займаецца творчасцю.

У 50-я гады Нароцкі наведаў Кадакес, прыбярэжны каталонскі горад. Яго настолькі ўразілі пейзажы Каталоніі, што ён застаўся працаваць на цэлае лета, а з 1958 года пасяліўся ў Барселоне назаўсёды. Мастак ажаніўся з дзяўчынай родам з Каталоніі, пара выхавала дзвюх дачок, адна атрымала адукацыю антраполага, другая — прамысловага дызайнера і гісторыка.

Асноўны від творчасці, якім займаецца Нароцкі, — жывапіс, хоць некаторы час ён прысвяціў графіцы, гравюры і скульптуры. Па кірунках і стылю работы мастака ўкладваюцца ў азначэнні ад абстракцыянізму да фігуратыўнага жывапісу.

У перыяд творчага і асабовага сталення да Нормана прыходзяць развагі аб духоўнай эвалюцыі чалавецтва. Ён стварае карціны з выявамі Аўраама Лінкальна і Марціна Лютэра Кінга, у якіх гучыць асуджэнне расізму. Крыху пазней роздумы над апошнімі 500 гадамі заходняга свету былі прадстаўлены ў работах «Каталіцкія каралі», дзе выкрываліся расавы, рэлігійны і палітычны пераслед паўсюль і на працягу гісторыі, пачынаючы з часоў іспанскай інквізіцыі як зыходнага пункта. У 1967 годзе «Каталіцкія каралі» былі прадстаўлены ў галерэі Рэнэ Метрас. Толькі падчас выстаўкі разгледзелі, што, акрамя маштабнай выявы караля Фердынанда і каралевы Ізабэлы, палотны насычаны дробнымі недвухсэнсоўнымі дэталямі і калажамі, сярод іх выявы Гітлера, атрад ККК, сімвалы ганення і смерці.

Дзед мастака Давід Нароцкі с дзецьмі.

Калі ўладам стаў вядомы сюжэт карцін мастака, выстаўка ўжо завяршылася. Гэта выклікала скандал у франкіцскай Іспаніі. Прадстаўніка міністэрства інфармацыі і турызму тэрмінова накіравалі ў студыю Нормана на праверку карцін. Сталічны мастацвазнаўца папярэдне пісаў вельмі добразычлівую крытыку на работы Нормана. З гэтага часу, аднак, тон эксперта рэзка змяніўся. Ён пачаў друкаваць агрэсіўныя водгукі на жывапіс Нормана, выступаў з асуджальнымі прамовамі, а таксама ўплываў на іншых крытыкаў з мэтай прадухіліць выпуск любых рэцэнзій на творы мастака. Яшчэ на працягу некалькіх гадоў да Нормана на выстаўкі прыходзілі сакрэтныя чыноўнікі, каб пераканацца, што там не ўтрымліваецца нічога абразлівага для ўрада. Мастак мяркуе, што ўсё ішло да яго дэпартацыі з Іспаніі, і толькі шлюб з грамадзянкай Іспаніі дапамог яму застацца ў краіне.

У 1970-я гады Нароцкі піша серыю карцін «Выявы жыцця і смерці» з нагоды вайны ў В'етнаме, як пратэст супраць усіх войнаў і гвалту. У ёй вобразы рыцараў у ваенных даспехах супрацьпастаўляліся выявам жаночых формаў, як сімвалам крыніцы жыцця і кахання. Адтуль мастак перайшоў да серыі «Жывы ландшафт», дзе маляваў горы Мансэрат, а таксама ўзбярэжжа і горы Коста-Бравы ў выглядзе жывых формаў. Затым Норман прыняўся за напісанне ўрбаністычных пейзажаў, спачатку Барселоны, а затым і Нью-Ёрка.

Апошняя серыя карцін мастака «Заход сонца» — гэта закладзенае ў фарбы і формы папярэджанне чалавецтву аб крохкасці існавання і пагрозе самазнішчэння праз войны, тэрарызм і пастаянную шкоду зямлі і навакольнаму асяроддзю. Гармонія жыццесцвярджальнай атмасферы карцін, перададзеная чыстымі насычанымі колерамі, руйнуецца прысутнасцю змрочных вобразаў знішчэння і скону.

Прайшоўшы адзін з найдаўжэйшых шляхоў у мастацтве, Норман добра ведае ўсе плюсы і мінусы прафесіі мастака. Пазітыўныя моманты заключаюцца ў магчымасці рабіць тое, што падабаецца, выражаць сябе і ствараць нешта асабістае — эмацыянальна гэта вельмі задавальняючы працэс. Але мінус прафесіі ў тым, што гэта непрыбытковы бізнес, за нешматлікімі выключэннямі.

...З пункту гледжання Нормана, недастаткова проста размясціць аб'ект у музеі, каб назваць яго творам мастацтва. Перадусім ён мусіць мець структуру, перадаваць эмоцыі і канцэпцыю. Куча пяску ў музеі не ёсць мастацтва, калі яна не насыпана так, каб быць выяўленча прыгожай, структураванай, экспрэсіўнай і трансліраваць перажыванні аўтара.

Неабходнай умовай творчага прагрэсу мастак лічыць настойлівую штодзённую працу. «Я не чакаю натхнення ці добрага настрою, — кажа ён. — Калі вы чакаеце натхнення, у выніку вы не атрымаеце нічога. Натхненне прыходзіць у працэсе. Часам у мяне ёсць уяўленне таго, што я хачу пісаць, часам не. Але калі я не ўпэўнены, ідэі падштурхоўваюцца самой работай: першая каляровая пляма на палатне прадказвае наступную, і паступова вы пачынаеце больш выразна бачыць, куды ісці». Немагчыма падтрымліваць працоўны рытм на адным узроўні ў маладосці і сталасці, але і на дзясятай дэкадзе жыцця майстар стараецца аддаваць жывапісу кожны дзень, за выключэннем выхадных.

Мастаку так і не давялося пабываць у Кабыльніку, але яго дачка падчас распаду СССР наведала месца жыцця сваіх продкаў.

Сёння мастаку 92 гады. Паважанага ўзросту ён дасягнуў, дзякуючы перш за ўсё добрай генетыцы, а таксама стрыманаму ладу жыцця і адсутнасці шкодных звычак. Норман лічыць: для таго, каб у рэтраспектыве быць задаволеным сваім жыццём, неабходна заўсёды выкладвацца з усіх сіл, што б ты ні рабіў.

Іна Берняковіч, Барселона


Даведка «Звязды»

Іна Берняковіч — наша зямлячка, ураджэнка Мядзельшчыны, якая ўжо доўгі час жыве і працуе ў Іспаніі. Па прафесіі яна генны інжынер, мае адпаведную вучоную ступень, але навуковыя інтарэсы не замінаюць Іне шчыра цікавіцца мастацтвам, а таксама краязнаўствам. Праз пошукі ў інтэрнэце яна і выйшла на героя свайго артыкула, з якім пазнаёмілася завочна, а потым і асабіста на выстаўцы ў Барселоне.

Загаловак у газеце: Чалавек свету з Кабыльніку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».