Вы тут

Феномен Блакітнай крыніцы. Як прайшло Макаўе ў Слаўгарадскім раёне


Тут быццам прыпыніўся час. Спакойна, утульна, мірна. Ціха шуміць лес, і пераліваюцца перламутрам на сонцы нябесна-блакітныя хвалі цудадзейнай крыніцы. Дзверы маленькай каплічкі адчынены насцеж. Перад абразамі дрыжаць агеньчыкі свечак. Лікі святых на іконах нібыта ўглядаюцца ў душу. Ад іх пільнага позірку сэрца пачынае трапятаць. Яно ведае: перад гэтымі вачыма не схлусіш.


Ікона ў гонар мужных Макавеяў.

Сёлетняе Макаўе на Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне было па-асабліваму светлае і размеранае, можна сказаць, камернае. Людзей было, як заўсёды, шмат, але той мітусні і напружанасці, якая прысутнічае, калі нешта робіцца для справаздачы, не адчувалася. Як кажуць тутэйшыя, гэтае свята, нават калі не арганізоўваць, адбудзецца — бо ёсць крыніца, і ў ёй ёсць патрэба. Людзі ідуць да яе са сваімі праблемамі і спадзяваннямі. А яна гасцінна, як маці, сустракае і супакойвае.

Макаўе — свята з вялікімі традыцыямі, якія сягаюць у даўнюю эпоху, калі Уладзімір Чырвонае Сонейка хрысціў Русь.

Пасля таго як паўтара месяца таму быў адкрыты мост цераз Сож, дабрацца да святога месца стала прасцей. Апроч яго пабудавана шыкоўная часткова бетонная, часткова асфальтавая дарога амаль да самага месца падзей.

14 жніўня праваслаўныя адзначаюць тут памяць пакутнікаў Макавеяў. Тутэйшая каплічка — менавіта ў іх гонар, і кожны ахвотны можа купіць ікону з іх выявай. Гісторыя адсылае нас у эпоху яшчэ да Раства Хрыстова, калі ў Сірыі правіў тыранічны цар Антыёх Епіфан. Ён жорстка ўкараняў язычніцкія звычаі і ўсіх прымушаў пакланяцца Зеўсу. Але былі і тыя, хто застаўся верны Богу і верыў у Яго прышэсце, як законавучыцель Елізар з Іерусаліма. Яго асудзілі за гэта на страшныя пакуты. Браты Макавеевы былі вучнямі загінулага і разам са сваёй маці Саламоніяй прызналі сябе паслядоўнікамі Праўдзівага Госпада. Цар Антыёх расправіўся і з імі. Саламонія не змагла перажыць страту сыноў і таксама аддала душу Богу. Гэтыя мужныя людзі зрабілі такое моцнае ўражанне на Юду Макавея, што ён сабраў паўстанне супраць Антыёха і перамог яго. А подзвіг братоў застаўся ў памяці і праз дзясяткі стагоддзяў.

На крыніцы прайшло богаслужэнне ў гонар пакутнікаў і хрэсны ход. Але і на наступны пасля гэтага дзень паломніцтва працягвалася. Пакуль я круціла колы свайго ровара, спрабавала лічыць машыны, якія праносіліся міма. На дваццатай збілася і вырашыла больш не займацца гэтай бессэнсоўнай справай: навошта, калі і так зразумела, што людзей шмат. Вунь і аўтобус паехаў, як потым высветлілася, з турыстамі з Бабруйска.

Кажуць, што патаемнае не трывае мітусні, а малітва просіць цішыні. Злавіла сябе на думцы, што каля крыніцы не было ніякага штучнага музычнага фону. Толькі дзіцячы смех, заспакаяльны плёскат вады і ап'яняльны пах мёду.

Нездарма ў народзе першы Спас называюць мядовым. Жнівеньскі мёд спелы, з пахам лугавых і лясных траў, цягучы і празрысты, як смала. А тут яшчэ і асвечаны макавееўскім святам. Мёду на Блакітнай крыніцы сапраўды было багата на любы густ. Прыехала каля 60 пчаляроў з Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Выбар вялікі, але цана фіксаваная — літр каштуе 14 рублёў. Сужэнцы са Шклоўскага раёна запэўнівалі, што іх мёд самы натуральны. Жанчына пераварочвала банку, і ўнутры быццам перакочваўся мядовы шар.

На Мядовы Спас сабраліся добрасумленныя пчаляры.

— Бачыце пузыр? Гэта прыкмета таго, што мёд не падробка, — казала яна.

Госці з Рагачова ўразілі разнастайным асартыментам мядовай прадукцыі.

— Гэта ўсё лясное і лугавое разнатраўе — вакол нашай вёскі лес, — усміхалася Алена. — Калгасы не апрацоўваюць гэтыя травы, яны растуць самі па сабе, нічым не атручаныя. Кожная надае смаку сваё адценне. Напрыклад, той, дзе больш скрыпеню, — з кіслінкай.

Звяртаю ўвагу на крэм-мёд: цікава, што гэта за прадукт?

— Гэта той жа мёд, толькі ўзбіты крэмавалкай, — тлумачыць жанчына. — Хоць грэчка, хоць ліпа — ён усё роўна будзе белы. Гэта як з яйкамі, калі іх узбіць як след.

Такі мёд даражэйшы, паўлітра — восем рублёў. Найбольш смачны ён з напаўняльнікамі. Крэм-мёд з жывіцай наогул раяць прымаць як лякарства — чайная лыжка ў дзень, не больш. І рассмоктваць — тут поўны прыродны комплекс вітамінаў. Ёсць крэм-мёд з пяргой, іншымі словамі, пчаліным хлебам — ім пчолкі кормяць сваіх дзяцей. Пчала прыносіць пылок на сваіх задніх лапках, укладвае ў соты, залівае мёдам і апрацоўвае сакрэтнымі залозамі. Такім чынам атрымліваецца пярга.

На вочы трапляе яшчэ адзін незнаёмы прадукт — вадкасць у маленькіх карычневых бутэлечках, якая завецца васковая моль.

— Гэта настойка з лічынак васковай молі, якія харчуюцца пчалапрадуктамі. Кажуць, вылечвае нават сухоты, — рэкламуе гаспадыня.

Насупраць мядовы тавар прапануюць чавускія патомныя пчаляры. На стале — ганаровыя лісты і падзякі за перамогі ў конкурсах. І маркай сваёй тут даражаць.

Камень, які па легендзе кідалі Марка і Сцяпан, каб вырашыць, хто стане абраннікам Кацярыны.

Гандлёвыя рады, атракцыёны, перасовачныя кавярні... Адных толькі рамеснікаў прыехала каля 80 чалавек. Арганізатары кажуць, што сёлета ўмовы не дазволілі запрасіць расійскіх майстроў. А летась на Макаўе прыязджалі рамеснікі і з расійскіх Хіславіч.

На гадзінніку ўсяго дванаццаць гадзін, а слаўгарадскіх сыравараў ужо чамусьці не відаць. Аказваецца, наплыў пакупнікоў быў такі, што тавар размялі адразу ж, як яго расклалі.

Карункавыя сурвэткі, вырабы з гліны, металу, тэкстылю — можна бясконца любавацца творчасцю ўмелых людзей. Бачу крычаўскую майстрыху Любоў Яшчанку з яе шыкоўнымі керамічнымі свістулькамі. Звычайна яна прыязджае на падобныя мерапрыемствы разам з сужэнцам Вячаславам Якавенкам, але сёння нешта адна. «Ды вось прыхварэў гаспадар, — уздыхае жанчына. — А прапусціць гэта свята я не магла. Яно ж народнае, як і наша творчасць. Акарыны вялікія не павезла, цяжка адной перасоўвацца з такім грузам. А вось свістулькі на любы густ».

Крычаўская майстрыха Любоў Яшчанка прывезла на свята ўнікальныя свістулькі.

Пакуль адны гуляюць у гандлёвых радах, другія напаўняюць свае баклагі вадой і акунаюцца ў блакітныя хвалі гасціннай крыніцы.

Таццяна прыехала з Магілёва з мужам, трыма дзеткамі і свякроўю.

— Мы тут упершыню, — кажа яна. — Шмат чула пра гэтую крыніцу ад сваіх знаёмых, яны сюды пастаянна ездзяць. Вось і мы вырашылі паглядзець, што гэта за месца. Прыехалі — спадабалася. Пахадзілі па вадзе, нават пакупаліся.

Свякроў Людміла Васілеўна дадае:

— Ногі-рукі баляць, спадзяёмся, крынічка нам дапаможа. Мы пра яе даўно ведалі, але даехаць не маглі. А цяпер тут мост пабудавалі, ну, мы і рызыкнулі.

Алена прыехала з Чачэрскага раёна з маці і сынам.

— Другі год прыязджаем, падабаецца, — усміхаецца яна. — І легенды пра гэта месца ведаем — вельмі яны прыгожыя, хоць пра дзяўчыну Кацярыну і яе хлопца крыху сумная. Ад вады ўражанні незвычайныя: калі заходзіш, холадна, а калі выйдзеш — па целе разліваецца незвычайнае цяпло.

Вада Блакітнай крыніцы лічыцца цудадзейнай.

У захапленні ад крыніцы і госці з Санкт-Пецярбурга.

— Як вада? — цікаўлюся ў мужчыны, які толькі што выйшаў на бераг.

— Цёпленькая, — смяецца ён.

— Мы тут першы раз, — кажа яго жонка Любоў. — Прыехалі да родных у Чавускі раён, яны і падказалі. Нам вельмі спадабалася. Кажуць, што гэтая вада і хваробы можа вылечыць. Толькі, як кажуць праваслаўныя, па нашай веры будзе нам.

Інга з Рагачова прыехала з мужам і двума дзецьмі.

— Мы не ўпершыню тут, — кажа яна. — І з кожным разам усё лепш і лепш становіцца. Мясціны ўжо не пазнаць. Шмат чаго новага з'явілася.

Колькі чалавек наведала за гэтыя дні Блакітную крыніцу, дакладна ніхто не скажа. Пасля таго як з'явіўся стацыянарны мост цераз Сож, машыны ідуць сюды пастаянна. Але такога, як раней, калі транспарт пад'язджаў амаль да самай крыніцы, няма. Пляцоўка для транспарту знаходзіцца на вельмі значнай адлегласці.

Наогул гэта зона сёння месца рэалізацыі некалькіх міжнародных праектаў.

Да таго як Уладзімір Чырвонае Сонейка хрысціў Русь, Блакітнай крыніцы пакланяліся язычнікі.

Віталь Варабей, дырэктар мясцовага фонду развіцця сельскіх тэрыторый «Адраджэнне-агра», дэманструе Цэнтр экалогіі крынічнай вады, які цалкам быў здадзены ўсяго паўтара месяца таму. Але яшчэ шмат работы наперадзе.

— Мы рэалізуем праект «Асабліва ахоўныя тэрыторыі як рэсурс экалагічнай адукацыі», — кажа суразмоўца. — У рамках яго на тэрыторыі заказніка «Слаўгарадскі» будуць створаны дзве турыстычныя сцежкі, два веламаршруты, вышкі для назірання за птушкамі. Паралельна вядзецца работа з трыма школамі, ствараюцца экалагічныя класы, якія на тэрыторыі заказніка будуць праводзіць розныя экалагічныя мерапрыемствы. Яшчэ адзін праект «Мост як пілотная бізнес-мадэль для мясцовага і рэгіянальнага эканамічнага развіцця» прадугледжвае стварэнне інфраструктуры на самой Блакітнай крыніцы — гэта тая ж рыначная плошча, якую вы бачыце, Цэнтр экалогіі крынічнай вады, які мы адкрылі. Хутка пачне працаваць Цэнтр сельскага прадпрымальніцтва ў вёсцы Старая Каменка — да яе адсюль восем кіламетраў. Актыўна развіваем турыстычны патэнцыял. Як адкрылі мост, пайшоў людскі паток. Цяпер тут людна кожныя выхадныя. Абавязковы рытуал — тройчы прайсціся па вадзе, прачытаць малітву і прывезці дадому гаючай вады.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Слаўгарадскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У Блізнятаў ёсць шанц кардынальна змяніць жыццё.

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.