Вы тут

Чым займаюцца айчынныя археолагі?


Знайсці матэрыяльныя сведчанні таго, як жылі нашы продкі сотні і тысячы гадоў таму, вывучыць і захаваць унікальныя артэфакты, а галоўнае — пазнаёміць праз шматлікія музейныя экспазіцыі са зробленымі гістарычнымі адкрыццямі шырокую грамадскасць, расказаць пра самабытнасць нашай духоўнай і матэрыяльнай культуры — вось тое, чым год за годам рупліва займаюцца айчынныя археолагі.


Дзіцячая цацка-жужалка і касцяны грэбень ХІІ стагоддзя — знаходкі экспедыцыі «Палатыда» ля возера Чарсцвяды ва Ушацкім раёне пад кіраўніцтвам супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марата Клімава.

«Кожны археолаг марыць пра пэўныя адкрыцці, хоць для нас артэфакты — не самамэта: важней, якія веды яны даюць, якія высновы мы робім з іх дапамогай», — зазначае намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, які напярэдадні Дня археолага пажадаў поспеху і імпэту сваім калегам, хто працуе «ў полі» проста зараз. У вёсцы Какорыца Драгічынскага раёна навукоўцы і валанцёры пад кіраўніцтвам Мікалая Крывальцэвіча даследуюць старажытнае тарфяніковае паселішча эпохі неаліту і ранняга бронзавага веку. «Гэта мелася быць міжнародная экспедыцыя з удзелам нашых калег з Польшчы і Эстоніі, — дадае Вадзім Лакіза, — але праз эпідэміялагічную сітуацыю давялося сваімі сіламі выконваць тую комплексную работу, якая была запланаваная там».

Штогод да свайго прафесійнага свята археолагі падводзяць пэўныя вынікі палявога сезона. Вось і цяпер, хоць сёлета ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй колькасць удзельнікаў раскопак і ўдзел у іх студэнтаў і школьнікаў былі вельмі абмежаваныя, Акадэмія навук выдала 154 дазволы на правядзенне археалагічных даследаванняў ва ўсіх рэгіёнах краіны. (Для параўнання: летась за ўвесь год такіх дазволаў было выдадзена 220.) Акрамя фундаментальных даследаванняў, вялікая колькасць гэтых экспедыцый звязаная з так званымі выратавальнымі работамі ў зонах новабудоўляў — узвядзенне новых раёнаў у гарадах, будаўніцтва нафтаправодаў, свідравін, добраўпарадкаванне тэрыторый, — на такія выратавальныя даследаванні сёлета ўжо выдадзена 127 дазволаў.

Сярод самых цікавых праектаў 2020-га — узвядзенне чацвёртай чаргі археалагічнага музея-скансена ў Белавежскай пушчы, каля вёскі Каменюкі. У межах сумеснай работы Інстытута гісторыі НАН Беларусі і Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» тут былі праведзеныя комплексныя даследаванні на трох помніках археалогіі — каменнага, бронзавага і ранняга жалезнага вякоў, на тэрыторыі якіх цяпер будуецца новая чарга музея. На падставе знойдзеных артэфактаў гэтага часу цяпер аднаўляюцца стаянкі эпох мезаліту і неаліту, а таксама цэлая вёска бронзавага веку. Наогул на сёння музей пад адкрытым небам мае ўжо шэсць комплексаў розных гістарычных перыядаў. Першых наведва льнікаў археалагічны скансен пачаў прымаць ужо летась, з мая гэтага года турысты могуць пазнаёміцца з асаблівасцямі жыцця і побыту насельніцтва Беларусі ў раннім жалезным веку і ў перыяд эпохі Сярэднявечча.

«Не так даўно мы з калегамі вярнуліся з выратавальных даследаванняў у зоне будаўніцтва Нежынскага горнаўзбагачальнага камбіната ў Любанскім раёне, — расказвае Вадзім Лакіза. — Там даследавалі помнікі каменнага веку і эпохі Сярэднявечча паблізу вёскі Обчын. Падкрэслю, гэта патрабаванне нашага заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны: любыя земляныя, меліярацыйныя, будаўнічыя работы на сёння павінны суправаджацца археалагічнымі даследаваннямі, экспертызай спецыялістаў, выдачай заключэння аб наяўнасці ці адсутнасці археалагічных помнікаў і пры неабходнасці выкананнем мер па ахове археалагічнай спадчыны на гэтай тэрыторыі». У ліку знойдзеных на Любаншчыне артэфактаў — крамянёвыя і каменныя вырабы, фрагменты старажытнага посуду, жалезныя прадметы.

Значныя работы сёлета праводзіліся і працягваюцца ў Полацку, дзе на тэрыторыі Верхняга замка, крыху на поўнач ад Сафійскага сабора, будуецца кадэцкае вучылішча. Папярэдне экспедыцыі пад кіраўніцтвам Вольгі Ляўко правялі максімальна поўныя даследаванні на гэтым месцы, ход навуковых работ шырока абмяркоўваўся як у рэгіянальных і цэнтральных СМІ, так і ў сацсетках. Праца гэта, заўважым, каласальная па аб'ёмах: агульная плошча археалагічных даследаванняў складае прыкладна два гектары, а таўшчыня культурнага пласта, у якім былі зробленыя важныя знаходкі, на розных участках вагаецца ад 1,5 да 7 метраў — многія тоны зямлі, перабраныя літаральна ўручную. Зрэшты, вынікі былі вартыя гэтых намаганняў: падчас раскопак навукоўцы выявілі падмуркі храма ХІІ-ХІІІ стагоддзяў, а таксама некалькі драўляных будынкаў ХІІ—ХVІІІ стагодддзяў — падклець, калодзеж, вымастка двара, фрагменты вуліц. Устаноўлена, што гэтыя фрагменты знаходзіліся на плошчы, якая раней магла выкарыстоўвацца як месца гандлю, вялікі кірмаш, — гэтыя высновы ўскосна пацвярджаюць знойдзеныя гіркі, пломбы, усходнееўрапейскія манеты, элементы амфар... Адна з самых каштоўных знаходак — нацельны крыжык Х стагоддзя скандынаўскага тыпу. Усе гэтыя артэфакты, сцвярджаюць археолагі, дазваляюць па-новаму ацаніць гістарычную значнасць Полацка як калыскі беларускай дзяржаўнасці.

Дастаткова складаныя даследаванні шмат гадоў ідуць на Крывінскім тарфяніку ў Бешанковіцкім раёне, дзе арганіка — вырабы з косці, бурштыну і дрэва, амулеты, упрыгажэнні — захавалася пад пластом торфу. У 2020-м, кажуць археолагі, не было зроблена такіх сенсацыйных знаходак, як летась, аднак усё адно з'явілася новая інфармацыя і сведчанні аб асаблівасцях развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры мясцовага насельніцтва. Напрыклад, экспедыцыя Максіма Чарняўскага выявіла фрагменты гліняных статуэтак са слядамі іх прымацавання да адзежы — выдатная прастора для навуковых гіпотэз і далейшых пошукаў. У Лепельскім раёне Віцебскай вобласці было даследавана паселішча Бярэшча, дзе, дарэчы, спецыялістам аказалі істотную дапамогу мясцовыя школьнікі. Таксама падлеткі — удзельнікі летніка «Юны археолаг» дапамагалі экспедыцыі Алега Ткачова на Слонімшчыне, вучыліся закладваць шурфы, знаёміліся з методыкай археалагічных даследаванняў. «Гэта вельмі важна для фарміравання гістарычнай самасвядомасці, — адзначае Вадзім Лакіза, — калі ў Год малой радзімы дзеці бяруць удзел у навуковых даследаваннях і на свае вочы бачаць, як жылі ў розныя часы людзі ў іх родным краі».

Шмат папрацавалі супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН і ў Бялынічах, дзе напярэдадні Дня беларускага пісьменства праводзіцца маштабнае добраўпарадкаванне тэрыторыі. Так, перад будаўніцтвам капліцы на Ільінскай гары, дзе знаходзяцца могілкі, спецыялісты правялі комплекснае археалагічнае даследаванне, часам у неспрыяльных кліматычных умовах. У выніку сумесна з антраполагамі, якія вывучалі звыш 200 знойдзеных касцякоў, выявілі ўзрост могілак — пахаванні тут праводзіліся ў XVІІ-XІX стагоддзях. А знойдзеныя артэфакты — кераміка і посуд, нацельныя крыжы, фрагменты адзення, манеты — дазволілі істотна дапоўніць звесткі з пісьмовых крыніц, у якіх адлюстраваная гісторыя Бялыніч.

...Безумоўна, гэта толькі частка работ, якія працягваюцца і зараз — на зямлі і пад зямлёй, а таксама пад вадой (з 2015 года Інстытут гісторыі супрацоўнічае з вопытнай камандай дайвераў), летам і ўзімку (у вёсцы Жабер Драгічынскага раёна, на руінах былога замка князёў Вішнявецкіх, даследаванні зручней праводзіць менавіта зімой, калі ўтвараецца трывалы лёд), з дапамогай будаўнікоў, выкладчыкаў і студэнтаў розных ВНУ, школьнікаў і валанцёраў... Менавіта так, супольна, удаецца адкрываць дзясяткі і сотні новых, раней невядомых помнікаў археалогіі, больш дазнавацца пра нашу гісторыю, каб з дапамогай ведаў пра дзень учарашні будаваць сённяшні — і заўтрашні.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Фота hіstmuseum.by, facebook

Загаловак у газеце: Дакапацца да адкрыццяў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?