Вы тут

Міхаіл Валовіч (1806—1833)


...Юнак з маёнтка Парэчча Слонімскага павета з радасцю сустрэў у 1831 годзе вестку пра паўстанне ў Царстве Польскім супраць расійскага панавання. Не вагаўся, пакінуў сваю нарачоную і пайшоў да паўстанцаў. Яго адправілі ў Варшаву наладжваць сувязь з Вільняй. Па дарозе Валовіч і яго спадарожнікі натрапілі на засаду, іншыя разбегліся ў цемры, а сам Міхаіл, ратуючыся ад пагоні, сігануў на кані са стромкага берага ў Нёман і пераправіўся цераз раку, дабраўся да Варшавы.


Жаданай дапамогі паўстанцам ён не атрымаў. Але смелага юнака (не кожны быў здольны, рызыкуючы сабой выканаць небяспечны загад) прызначылі эмісарам на Літве і даручылі прыняць у порце Палангі карабель са зброяй. Ізноў небяспечная дарога: Паланга была захоплена царскімі войскамі. Праз небяспеку ён накіроўваецца адтуль у Варшаву. Міхаіл ганарыўся, што яму давяраюць цяжкія і адказныя задачы. Пасля ён змагаўся ў шэрагах паўстанцкага корпуса генерала Гелгуда, і, як ягоныя таварышы, перажываў горыч паражэння, ганьбу ад здачы зброі прускім уладам, расчараванне і скруху ў вязніцах Прусіі. Для яго стала відавочна, што «паўстанне, узначаленае шляхтай, не мела чалавекалюбівай мэты». А мэтай Валовіча было вызваліць сялян ад прыгоннага ярма і даць ім зямлю, пра што і забыліся кіраўнікі паўстання. Свабодная краіна — гэта там, дзе свабодныя людзі, і яны гаспадары краіны, а не прывілеяваныя алігархі, якія душаць народ... Лагічна, што ў Парыжы Валовіч зблізіўся з вольнадумцам Іаахімам Лялевелем, пад яго ўплывам стаў прыхільнікам сацыяльнай рэвалюцыі і далучыўся да партыі Юзафа Заліўскага.

Паплечнікі Заліўскага марылі падняць народнае паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве, верачы ў агульную еўрапейскую рэвалюцыю. Валовіч прыняў прапанову Заліўскага вярнуцца на Беларусь і разгарнуць паўстанніцкі рух у Слонімска-Навагрудскай акрузе. «На сябе на наш люд, на сябе саміх можам толькі і павінны спадзявацца: не на паноў, не на дыпламатыю, не на іншае. А зрэшты, што нас чакае? Якая будучыня? Гультайства, звады, нікчэмнасць, а тым часам нашых у краі мучаюць, катуюць, вывозяць у Сібір, выбіраюць рэкрута. Раззлаванае рэкрутчынай нашае сялянства чаго не зробіць, калі мы дамо яму вольнасць і зямельную ўласнасць, тады зраўняем са шляхтай, што да паноў... але што там спадзявацца на цвярозую ацэнку? Досыць, што хто дзельны ў эміграцыі, у якім ёсць душа, то пойдзе. Далі мы сабе словы, і размовы скончаны», — казаў Міхаіл. Канешне, гэта былі наіўныя спадзяванні, але тое і вылучае змагароў, што яны гатовы і ў безнадзейным становішчы паказваць прыклад іншым, усяляць у сэрцы баязлівых веру ў перамогу. Валовіч. Ён свядома выбраў свой шлях. Ведаў яго смяротную небяспеку, таму на выпадак арышту гатовы быў на самагубства, «бо хто можа быць упэўнены ў сілах сваіх, што катаванне вытрымае; калі мяне зловяць, калі на пакуты пацягнуць, страшэнна падумаць, што ў аслабленні мог бы вораг з якой балючай жылы выцягнуць слова якое неасцярожнае альбо заплачу ў пакутах».

На пачатку 1833 года Валовіч адправіўся ў Беларусь. Ні памочнікаў, ні дастаткова грошай, ні явачных адрасоў яму не далі, толькі чужы пашпарт ды два рэвальверы. Няма чаго дзівіцца, што выправа скончылася поўным правалам.

Перайшоўшы прускую мяжу Валовіч і Юзаф Яцкевіч, які далучыўся да яго ў Пазнанскім княстве, прабраліся па лясных сцежках у Слонімскі павет. На месцы Валовіч пераканаўся, што яго вера ў народ была занадта аптымістычная. Шляхта, напалоханая царскімі карамі, ціха сядзела і баялася нават думаць пра паўстанне. А сяляне былі пакорлівыя сваёй гарапашнай долі. У такім безнадзейным становішчы Валовіч лічыў ганьбай адмовіцца ад пастаўленай мэты. Гэта быў яго самы важны загад — загад сэрца. Ні цяжкая хвароба, ні арышт Яцкевіча, якога схапілі па дарозе ў Вільню, нішто не спыняла Міхаіла. Ён усё ж сабраў атрад з дзесяці чалавек. Актыўнай дзейнасцю Валовіч спадзяваўся прыцягнуць да сябе больш паўстанцаў, а пасля напасці ў Слоніме на турму і вызваліць адтуль вязняў.

Паўстанцы напалі на паштовую карэту. Кучар вырваўся з акружэння, збіўшы коньмі двух паўстанцаў, адзін з якіх неўзабаве памёр. Гэты напад устрывожыў улады, пачаліся аблавы. Сам імператар Мікалай І загадаў узяць «бунтаўшчыка» жывым або мёртвым. На пошукі Валовіча ўлады выгналі шэсць тысяч сялян. На дарогах стаялі вайсковыя і паліцэйскія каравулы. Да часу Міхаіл і яго таварышы (пяць чалавек збегла) пазбягалі аблавы, хаваліся ў лесе, пад мастамі, у закінутых будынках. Але 14 мая іх высачылі паблізу Парэчча і акружылі ў балоце паліцыя і сяляне. Валовіч паспрабаваў угаварыць сялян: «Навошта вы мяне бераце, вы абцяжараны панамі, працай і іншым, а я зусім вам не раблю ніякай шкоды і хацеў бы заваяваць вам свабоду». Але над сялянамі стаў жандарскі прымус. Спроба самагубства скончылася няўдала, пісталет даў асечку, тут на яго накінуліся...

На допытах Валовіч трымаўся годна, здрадай не купляў сабе жыццё. Прама сказаў: «Я хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне для майго намеру вызвалення сялян».

Пакаранне Валовіча царскія ўлады правялі 2 жніўня 1833 года ў полі за Гародняй «со всевозможною торжественностью». Міхаіл сказаў, што яго паплечнікі не заслужылі суровага пакарання, хоць так хацеў выгарадзіць іх (яны былі сасланы ў Сібір). Прызнаў, што толькі ён вінаваты і хоча памерці за Айчыну. Цела закапалі ўпотай. Але імя Міхаіла Валовіча засталося ў гісторыі і ўвайшло ў трагічны спіс герояў, пакараных за любоў да радзімы. Паўстанец Міхаіл Валовіч верыў, што ягонае самаахвяраванне «сагрэе дух, стынучы ў народзе».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»