Вы тут

Лукашэнка пра каардынацыйны савет апазіцыі: Гэта спроба захопу ўлады з усімі вынікаючымі наступствамі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў адназначную ацэнку створанаму апазіцыяй каардынацыйнаму савету, назваўшы гэта спробай захопу ўлады з усімі вынікаючымі наступствамі. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе з членамі Савета бяспекі, перадае БЕЛТА.


Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб сітуацыі, якая складваецца ўнутры краіны. «Новы элемент — гэта спроба заспакоіць уладу, і асабліва сілавыя структуры: „мы мірныя, мы добрыя, разумееце, мы ўжо не хочам процістаяння“. Гэта так і не так. Гэта шырма. Калі зазірнуць за яе, вы бачыце, што адбываецца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па-першае, адзначыў Прэзідэнт, у краіне стварылі нейкі апазіцыйны штаб для перадачы ўлады. «Яны нам падкідваюць іншы бок. І патрабуюць ні многа ні мала — перадаць ім уладу. Значыць, мы гэта расцэньваем адназначна: гэта спроба захопу ўлады з усімі вынікаючымі наступствамі», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Таму я хачу папярэдзіць тых, хто ўвайшоў у гэты штаб, што мы будзем прымаць адэкватныя меры. Але выключна ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам. У нас дастаткова гэтых мер, каб астудзіць некаторыя гарачыя галовы», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаўся і наконт складу апазіцыйнага савета: «З былых „прыкарытнікаў“, як яны іх называюць. Там былыя, пакрыўджаныя, якія некалі пахадзілі ва ўладзе, і яўна адвязаныя нацысты. Паглядзіце гэты спіс».

Ад разрыву з Расіяй да ўваходжання ў ЕС і НАТА — Лукашэнка адзначае поўную няслушнасць апазіцыйнай праграмы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на праведзенай нарадзе з членамі Савета бяспекі раскрытыкаваў праграму апазіцыйнага штаба, у якой пералічаны першачарговыя меры да 2021 года і доўгатэрміновыя — да 2030 года.

Кіраўнік дзяржавы даручыў ва ўрадзе і Адміністрацыі Прэзідэнта на кожны пункт падрыхтаваць інфармацыю аб наступствах для краіны, калі гэта будзе рэалізавана. «Урад падрыхтуе ўсе матэрыялы, і мы потым народу даложым пра наступствы кожнага кроку», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама асабіста выказаўся адносна пунктаў праграмы.

«Напрыклад, выхад з Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага саюза, Мытнага саюза (праўда, недасведчаныя, такога ўжо няма — у нас Еўразійскі саюз ужо створаны ў развіццё Мытнага саюза), іншых інтэграцыйных утварэнняў, дзе дамінуе Расія. Павінен сказаць, што ні ў адной той структуры Расія не дамінуе. Трэба чытаць статутныя дакументы. Там пытанні прымаюцца кансэнсусам, і кожная краіна мае адзін голас», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Таксама апазіцыя прапануе ўвесці пагранічны і мытны кантроль на граніцы з Расіяй. «Гэта значыць устанаўліваецца беларуска-расійская граніца з усімі вынікаючымі наступствамі», — адзначыў Прэзідэнт.

«Трэцяе — забарона продажу расійскім кампаніям аб’ектаў беларускай інфраструктуры. Расійскім! Паўстае пытанне, а якім можна? Зразумела, заходнім. Мая пазіцыя і наша адназначна: мы нікому нічога не збіраемся прадаваць. Так, як было дагэтуль», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся таксама адносна пункта аб вызваленні СМІ ад кантролю з боку дзяржавы. «Гэта значыць, сёння кантроль дзяржавы — гэта дрэнна, не можа быць. А вось нейкі каардынацыйны савет з нейкіх шарлатанаў будзе створаны, вось яны будуць кантраляваць СМІ. Ну, так было ва Украіне і іншых краінах, вы гэта ведаеце», — сказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, апазіцыя прапануе забяспечыць трансляцыю ў Беларусі тэлеканалаў Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. «Яны будуць вяшчаць нам. І забарона трансляцыі ў Беларусі расійскіх тэлеканалаў. Без каментарыяў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У ваеннай сферы прапануюць выйсці з АДКБ, закрыццё на тэрыторыі Беларусі расійскіх ваенных баз — вузла сувязі ў Вілейцы і радыёлакацыйнай станцыі пад Баранавічамі. Пры гэтым на нарадзе было адзначана, што адпаведныя аб’екты нават не маюць статусу баз. «Я не разумею, а чым пагражаюць нам ваенныя базы? Гэта нават не баявыя падраздзяленні. Там — 90 працэнтаў — працуюць нашы людзі, атрымліваюць адпаведную заработную плату, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Выхад з АДКБ... Трэба разумець, небяспека ў тым, што ў нас савецкая, расійская зброя. Калі мы выйдзем з АДКБ, ды пры такой антырасійскай лініі, у нас гэта зброя ператворыцца ў хлам на працягу аднаго года», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Гэта зброя, савецка-расійская, усё будзе знішчана. Па стандартах НАТА патрэбны будуць вялізныя грошы для пераўзбраення арміі. Думаюць, што дадуць натаўцы. Ніхто нічога не дасць! Карачыцца будуць самі. Іх гэта не хвалюе, вы далей убачыце», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«Далей: развіццё, прытым шырокае, пагранічнай інфраструктуры на захадзе з Еўрасаюзам. Пры гэтым, як вы чулі, закрываем граніцу з Расіяй. Наступствы не цяжка прадказаць. Калі мы сёння гандлюем з Расіяй, што будзе заўтра, вы ведаеце», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаўся і наконт увядзення так званай паўзучай забароны ў Беларусі рускай мовы. «Адкрыта не гавораць, але паўзучая забарона рускай мовы. Уводзіцца паняцце крымінальнай адказнасці за знявагу беларускай мовы. Слухайце, а ў нас што, факты такія былі некалі, што мы зневажалі сваю родную мову? Ніколі гэтага не было», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца моўнай тэмы, то апазіцыя таксама прапануе перавесці на беларускую мову армію, а ў тэрмін да 2030 года ўвесці адукацыю на беларускай мове ад дзіцячых садоў да ўніверсітэтаў. «Мы вызначыліся з вамі, мы прайшлі і перагарнулі гэту старонку. Мы вызначыліся, як будзем дзейнічаць у плане беларускай і рускай моў. У нас яны дзяржаўныя, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы дамовіліся, што не будзем педаляваць гэту тэму. Размаўляйце на любой мове. У нас і англійская не забаронена, ніякая. Ідзі кітайскую, англійскую вывучай. Не, трэба ўзняць гэту праблему моўную!»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў шэрагу краін, у тым ліку еўрапейскіх, ёсць па некалькі дзяржаўных моў. «Аўстрыя наогул выкарыстоўвае нямецкую мову. І нічога, жывуць нармальна», — заўважыў ён.

Яшчэ адзін пункт апазіцыйнай праграмы — аднаўленне Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў процівагу Беларускаму Экзархату Маскоўскага Патрыярхата. «Мы заўсёды ганарыліся, што ў нас міжканфесійны мір, што ніхто нікому не перашкаджае. Ні праваслаўным, ні католікам. Мусульмане ў нас задаволеныя жывуць, іўдзеі і гэтак далей. Мы цяпер акунёмся ў вайну, барацьбу міжканфесійную, і на гэтай глебе, і міжнацыянальнай. І атрымаецца, тое, чым мы заўсёды ганарыліся, будзе адхілена і зганьбавана», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Нарэшце, размова ў апазіцыйнай праграме ідзе аб падачы заяў на членства ў Еўрасаюзе і НАТА. Наконт гэтага кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ва Украіне «дэмакратыю ўсталявалі ўжо, напэўна, каля 10 гадоў таму», але ніхто іх ні ў НАТА, ні ў ЕС не прыняў. «Больш таго, ніхто нікога там не чакае. Іх, а нас тым больш. Мы проста гэтым самым знішчым сваю краіну», — упэўнены беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што нядаўна ў амерыканскіх СМІ з’явілася тэорыя пра саюз трохмор’я: «Балтыка, Чорнае мора, Адрыятыка. Расіі там няма, Сербіі там няма, Беларусь ёсць. Нас ужо туды ўключылі».

«Яшчэ раз падкрэсліваю: у бліжэйшы час мы прааналізуем гэтыя пытанні і даложым народу пра наступствы падобных дзеянняў. Але вы сёння бачыце, наколькі скаардынавана тое, што яны спрабуюць нам падкінуць унутры краіны. Перавыбары, хаос і гэтак далей, забастоўкі на прадпрыемствах. Пачалі душыць сем’і дзяржслужачых, ваенных, міліцыі, СМІ. Мы ўсё гэта бачым, мы не заспакойваемся», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

«Не нагнятанне абстаноўкі» — Лукашэнка пацвярджае заклапочанасць сітуацыяй уздоўж заходніх граніц Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае заклапочанасць сітуацыяй, якая складваецца ўздоўж заходніх граніц краіны.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сабраў нараду, каб традыцыйна абмеркаваць сітуацыю, якая складваецца на сённяшні дзень у Беларусі. «Не толькі ўнутры нашай краіны, але і за яе межамі. Асабліва на нашых граніцах. Вы помніце, у Цэнтры стратэгічнага кіравання мы ўжо закраналі гэта пытанне, я аб гэтым гаварыў. Некаторыя сярод нашых грамадзян расцанілі гэта як нагнятанне абстаноўкі. Маўляў, нічога падобнага на заходніх граніцах нашай краіны няма. Але думаю, што (учарашні вечар, асабліва ноч) вы пераканаліся ў тым, што тут не нагнятанне абстаноўкі, а была дакладная і правільная рэакцыя. Трэба было раней нам гэта ўлічваць і мець на ўвазе», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«З’явіліся заявы прадстаўнікоў заходніх дзяржаў, у тым ліку і кіраўнікоў некаторых дзяржаў, якія наогул не ведаюць, дзе Беларусь знаходзіцца, і не ведаюць, што тут адбываецца. Але тым не менш робяць гэтыя заявы», — растлумачыў беларускі лідар.

«Прытым гэтыя заявы сведчаць аб тым, што, калі мы ў Мінабароны абмяркоўвалі гэта пытанне, Прэзідэнт меў рацыю. І дзякуй богу, што мы адрэагавалі на гэта і разгарнулі баявыя падраздзяленні нашай арміі на заходніх рубяжах нашай граніцы, прывялі іх у поўную баявую гатоўнасць. Міністр абароны мне далажыў, што ўсё гэта выканана і адпаведныя часці сёння гатовы да выканання сваіх абавязацельстваў, — сказаў Прэзідэнт. — Яшчэ раз падкрэслю: вельмі шкада, што асобныя падраздзяленні, асабліва сіл спецыяльных аперацый, нам давялося задзейнічаць для навядзення парадку ўнутры краіны. Ну, такая пэўная частка нашага насельніцтва. Яна не тое што не разумее, яна робіць гэта спецыяльна».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, як кажуць ваенныя, знешняя кампанента вымушае ўлічваць абстаноўку і дзейнічаць адпаведным чынам.

«Гэта значыць сёння не толькі ўнутры, але і звонку ў нас з’яўляюцца праблемы. І тое, што гэта абсалютна скаардынаваныя дзеянні, мы ўжо бачым адкрыта. Але гэта яшчэ нават не пік. Падзеі будуць развівацца адпаведным чынам, але мы разумеем, у якім напрамку», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.