Вы тут

Простая мова. Сцежкi, што мы выбiраем


Вёска, вулiца, дыхтоўны дом, а ўжо плот...

Надпiс на брамцы: «Асцярожна! У двары злы сабака». I трэба ж — пыса яго, якраз пад «шыльдай», — памiж штыкецiн...

Мелi шчасце паглядзець! Нават больш за тое — пагладзiць! Добры сабака! I, вiдаць па ўсiм, разумны-разумны.

Значыць, няпраўда на той брамцы напiсана?

...I каб толькi там, пра сабаку.


Ад прадзедаў

Цi не бог нам госця паслаў — тутэйшага, беларускамоўнага, бялявага, у белым адзеннi... Не ведалi спачатку, куды яго пасадзiць i чым пачаставаць.

— Чай, — спыталi, — цi кава?.. Што вы п'яце?

— Ды ў вас на рабоце, мусiць, няма таго?.. — разгубiўся ён.

— ?

— Ну, што продкi нашы пiлi...

— ?

— ...Вады з варэннем. Цi з мёдам.

Яна, сцюдзёная (можна кубiкi лёду ўкiнуць), як аказалася, цудоўна бадзёрыць i наталяе смагу! «Гатуецца» — умомант, не каштуе нiчога...

Проста. Як усё генiяльнае.

Пакуль маўчаў

У Юлечкi новы паклоннiк — высокi, цёмнавокi, шыракаплечы. Мы моўчкi i дружна ўхваляем: малайчынка, маўляў, такога хлопца падчапiла!

Дзеўка ў адказ моршчыць носiк i махае рукой: пустое...

Сэнс гэтага слова мы разумеем пазней, калi хлопец адкрывае рот i пачынае нешта даводзiць. Неразумны, бядак... Але ж пакуль маўчаў, гэта непрыкметна было.

Цяжкi выпадак

Былi часы — iмя яго моцна грымела: за сотнi вёрстаў людзi ехалi, бо, пiсалi, здымаў нагаворы i псоту, варажыў, лёгка караў зламыснiкаў, лячыў — iншых...

Але ж болька была i ў самога: з жонкай ну нiяк разысцiся не мог. Мала таго, што яна забiрала дзiця — «з канцамi» (муж каб нават не бачыў), дык хацела i астатняе ўсё загрэбцi: кватэру, машыну, дачу, грошы...

Спрабаваў угаворваць, упрошваць, пераконваць, судзiцца i бездапаможна разводзiў рукамi: «Шалею, — казаў, — ад яе нахабства». I потым дадаваў, што з такiмi магiя бяссiльная i паратунак адзiны — цаглiну ў валёнак...

З людзьмi...

У Яўгенавiча падстаў для гонару, можа, сто, а вось форсу, дык — нi на грам. З усiмi ён, дырэктар, папросту: таго пра здароўе спытае, таго — пра дзяцей; з некiм пажартуе, некага на працу цi з працы падвязе... Хоць на службовай машыне, хоць на сваёй...

Што не ўсе разумеюць.

Надоечы яго калега на прадпрыемстве быў — круты-круты, пальцы ўроскiдку... Пакуль размаўлялi — час абеду настаў.

— Тут паблiзу рэстаран ёсць. Я пазваню, каб нам столiк накрылi? Разам папалуднуем, — прапанаваў госць.

— Не, — адмахнуўся гаспадар, — дзякуй, я ў сваёй сталоўцы прывык.

— I што, — здзiвiўся госць, — там можна есцi?

— Чаму ж не? Складзеш кампанiю?..

Пакуль iшлi туды, з некiм павiталiся-парукалiся, з некiм паразмаўлялi, пастаялi ў чарзе...

Дарэчы, госця як падмянiлi там. Казаў — гадоў 30 скiнуў, у студэнцкую сталоўку трапіў — успомнiў раздачу, падносы, салату з капусты, коржык, кампот...

З людзей i ў людзi выйшлi, як вядома, многiя.

Ды не ўсе людзьмi засталiся.

Тутэйшая

Гэта некалi ў цырульнях чэргi былi, сёння — папярэднi запiс, а то i без яго... Не паспеў зайсцi, а ўжо на табе: «Сядайце, калi ласка!»

Утульнае крэсла. I побач — такое ж. Вось толькi жанчына ў iм нейкая дзiўная: твар чырвоны... Дыхае цяжка...

Заўважае гэта i майстрыха: дрыжачымi рукамi пачынае развязваць накiнутую на шыю накiдку.

— Ай-ё-ечкi, — лапоча, — я ж туга завязала. А вы нiчога i не кажаце.

— Дык стрыжка ж, думаю, гэта не завiўка — хутка зробiм. Перацярплю.

Тутэйшая?

Апытанне

Аднакласнiкi, аднакурснiкi ў «кантактах» «сыходзяцца» часта, — сустракаюцца куды радзей. Ну, хiба, па датах: праз пяць гадоў пасля выпуску, праз дваццаць. Асобныя — праз шэсцьдзясят...

З'ехалiся неяк дзесяць выпускнiц фiлфака.

Адна — пад канец сустрэчы — нават апытанне правяла:

— Дзяўчаты, падымiце рукi, хто з вас гэтыя гады пражыў шчаслiва? Ну хаця б адносна...

Адна рука ўверсе... Потым — нясмела — другая... I трэцяя.

...Такое жыццё?

Цi ў нас такiя адносiны?

Ёсць логiка?

Былi часы... У пятнiцу пасля працы мы садзiлiся ў машыны i ехалi — у той жа Светлагорск, напрыклад.

Не, не ў наш, хоць i ён таго варты, — у такi ж дагледжаны i ўтульны гарадок Прыбалтыкi. Жылi там два днi на беразе мора, а ў нядзелю вярталiся. Нi табе вiз, нi пашпартоў, нi мытняў. Да таго ж дарогай у любым месцы можна было смела збочыць у лес цi да рэчкi, паставiць намёт, развесцi вогнiшча, пераночыць.

Адно — прыдарожны сервiс быў на нулi: ежу мы бралi з сабой, на зямлi рассцiлалi абрус, садзiлiся...

Цяпер ужо iншая рэч: кавярнi ля дарог (хоць i не густа), нейкiя буданкi са стрэшкамi, са сталамi-лаўкамi, скрынкамi для смецця, прыбiральнямi, а месцамi — нават з забаўкамi для дзяцей.

Спыняемся неяк у божым куточку. Толькi б стол накрываць, каб паснедаць, — гаспадар пад'язджае, ляснiк. Мы тут жа з пытаннямі: а хто, маўляў, гэтыя карункi з дрэва выразаў, хто арэлi паставiць надумаў, хто драўляных грыбоў «насадзiў» i чыя, прынамсi, iдэя назву ляснiцтва ў беларускiм арнаменце напiсаць па-руску?

— Дык элементарна ж, — не зразумеў здзiўлення гаспадар. — Будуць расiяне нейкiя ехаць — спыняцца, адпачнуць. Iм жа прыемна будзе, што надпiс па-руску?

...Паводле логiкi леснiка, каб прыемна было палякам, трэба надпiс зрабiць па-польску, немцам — па нямецку, англiчанам — па-англiйску...

Як пры гэтым будзе нам — справа дзясятая? Як, мiж iншым, i тое, што госцi едуць да нас, каб убачыць, пачуць, пакаштаваць, зразумець нешта наша, а не сваё.

Яны i мы

Брат — чалавек грунтоўны: няшмат што ён робiць, але ж калi робiць...

Неяк адкрыццём падзялiўся. Спытаў:

— Вось ты ведаеш, чаму ў цябе грыбы падгараюць, а ў мяне — нiколi?

— ?

— ...Таму што калi я вару грыбы, то я — вару грыбы, а ты...

Цi трэба гаварыць — у мяне, як ва ўсякай кабеты, адначасова «столькi работы, ну столькi работы!»

Каб лягчэй рабілася...

Двор (бальнiчны). Лавак пустых няма. На нашу — двое падселi. Вiдаць, мацi з дачкой. Пра нешта гамоняць — цiхенька-цiхенька, так, што голас мужчынскi — як гром:

— Мамаша, вы што сабе дазваляеце, га?! Гаварылi ж: сустрэнемся на прыпынку, потым удваiх сюды. Я стаю там, чакаю. А вы?

— Ну не шумi! Вiнавата, — губляецца «мамаша». — Я раней прыйшла — з работы адпрасiлася. Думала, мы тут пасядзiм крыху, пагаворым, а потым i ты далучышся.

— А як вы гэта ўяўляеце?.. Я ж, як дурань, там паўгадзiны стаю... Чакаю...

— Ну такой бяды, — заступаецца за мацi дачка. — Падумаеш, пачакаў...

— I падумаеш!.. Дома столькi работы, столькi работы!

Жанчыны ўдзвюх:

— Ну якая ў цябе работа?

— Якая-якая?! Я шкарпэткi свае замачыў!

...Шчаслiвы той, хто можа вось так «шчыраваць»!

Як, зрэшты, i той, хто не можа. Вось гэтак.

Ёсць сэнс?

Кацю ў бальнiцу забралi — з малой. Ад'язджаючы, адкрыла халадзiльнiк, паказала мужу, што з'есцi сёння, што заўтра.

Ён аж пакрыўдзiўся: я ж, маўляў, не малы. Неяк перакантуюся.

I кантаваўся — днi тры. На чацвёрты (сам распавядаў) надумаў кашы зварыць. Насыпаў у каструлю грэчкi, налiў вады, уключыў плiту i тэлевiзар — у суседнiм пакоi. Сеў там. Падумаў яшчэ, што жанчына — стварэнне само па сабе цiкавае, але ж бесталковае, недасканалае. Вось, напрыклад, што яна цэлы вечар можа рабiць на кухнi? Якi сэнс таптацца там, стаяць ля плiты? Яна ж сама...

Пакуль разважаў так, з кухнi пацягнула дымком. Грэчка знiзу падгарэла, зверху была сырая i пахла, мякка кажучы, непрыемна. Выкiнуў. Замачыў адну каструлю, узяў другую. Налiў вады, насыпаў круп, памяшаў, зноў пайшоў глядзець тэлевiзар...

У вынiку — не еўшы лёг, не спаўшы ўстаў, бо галодны i да поўначы мыў каструлi. Назаўтра жонку папрасiў:

— Слухай, ты напiшы мне, як кашу варыць. Толькi падрабязна... Я не думаў, што будуць складанасцi...

Гэта — з даўняга. З нядаўняга.

У тралейбусе па мабiльным хлопец размаўляў. Пытаў некага:

— Колькi-колькi рысу ўзяць?

Праз паўзы:

— А вады?.. Каб яго закрывала?.. На колькi пальцаў?.. Тваiх цi маiх?.. А доўга варыць?.. Што-што зрабiць, каб ён не зляпiўся? Ага!..

Курс «маладога байца», трэба разумець, якi да сваiх 17 тую кашу еў i ў думках не меў, як яна там зварана. Зараз — трэба самому...

Яшчэ, магчыма, i для таго, каб навучыцца... паважаць тую абсалютна «бессэнсоўную» жаночую тупанiну — памiж ракавiнай, плiтой i халадзiльнiкам.

Ад каго Бог...

Вёсачка тая ў нiзiнцы ляжыць. Дваццаць хат у ёй некалi было, з кожнай па трое-чацвёра дзяцей у школу хадзiла — нацянькi, цераз балота...

Зрэшты, не — балота ўжо не было, асушылi, хiба што назва засталася. I крынiчкi не было — высахла: шнурок хмызняку вiецца. Лесу таксама не стала — яго ў буру скрышыла... I людзей... Старыя памерлi, дзецi — параз'язджалiся...

Адно, што было, што ёсць i мо будзе, — камень: вялiзазны, урослы ў зямлю... Форма ў яго цiкавая: быццам нехта (агромнiсты) доўга сядзеў, як на беразе, на пяску, а потым устаў.

Бог, верылi продкi i вельмi ганарылiся.

Iх нашчадкi цяпер маўчаць, бо спачатку проста заўважылi, а потым пераканалiся: калi Бог i сядзеў на тым каменi, то... гледзячы на лес — спiнай да вёскi.

Па праспекце

Чым зручны горад — тым, што блiзка ўсё: крамы, прыпынкi, пошты, майстэрнi, музеi, школы...

Раманаўне, напрыклад, да сваёй палiклiнiкi — рукою падаць: ехаць лёгка. Цяжэй потым iсцi: з прыпынку трэба наперад i ўнiз, у падземны пераход, потым наверх. Усяго — неяк злiчыла — 76 прыступак. Моладзь па iх вiхурай, а яна, з хворым сэрцам, на сваiм дзявятым дзясятку...

Неяк, нядобра сябе адчуваючы, падумала: а, была не была — не палезу ў той пераход, праспект перайду па версе. На шчасце, там пуставата было — у тыя iмгненнi, а колькi крокаў ступiла — i спужалася: да яе iмчалi машыны... Да таго ж даiшнiк як з-пад зямлi.

Уявiла, як зараз наблiзiцца, як прычэпiцца, як давядзецца казаць яму пра хваробы...

Таго, што адбылося, не чакала нiяк: мiлiцыянер... спынiў транспарт, усмiхнуўся ёй i нават руку да скронi прыклаў: гонар маю, маўляў, праходзьце.

Прайшла — пад прыязныя ўсмешкi кiроўцаў — адна, маленькая, па сваiм жа праспекце Незалежнасцi (пры ёй — Сталiна, Ленiна ды Скарыны...). Аднак «эксперымент» свой паўтараць зараклася. Iншым таксама не раiла.

Сцежкi, што мы выбiраем

Ля прыпынку дом узвялi, тэрыторыю вакол прыбралi, сцежкi праклалi — чытай «прадпiсалi» жыхарам роўненька, метраў з пяць, прайсцi ад пад'езда, потым павярнуць, прайсцi паўз дом, яшчэ раз павярнуць...

Ёсць месцы, дзе людзi так, вядома ж, ходзяць, але ў большасцi выпадкаў — не. Хiба ў гразь, калi абутку шкада. А так... Наўпрост, нацянькi, як дыктуе здаровы сэнс.

Зрэшты, справа мастакоў маляваць. Прымаць цi не прымаць «малюнак» — асабiстая справа кожнага.

На дым?

...Унук пасля дожджыка i якраз у чацвер знаёмага дзеда на вулiцу выцягнуў — папрасiў, каб вогнiшча расклаў. Той, вядома ж, заўпарцiўся: чыстую праўду казаў, што гарэць нiчога не будзе, бо ўсё адсырэла.

— Не, не ўсё, — паправiў малы не зусім старога, — вунь колькi дроўцаў пад стрэшкай ляжыць.

Прыйшлося дзеду пайсцi — абярэмак прынесцi і потым пусцiць — на пустое, як той казаў, на дым, на забаву ўнуку. Бо ён — першы i, вiдаць, апошнi — пярэчанняў, лiчы, не прымае, бо ён, ледзь што, адразу ж загадвае: «Дзед, упакойся!»

I той тады напраўду баiцца — «упакоiцца»... Без пары. Не застаўшыся ў дзiцячай памяцi.

Валянцiна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.