Вы тут

Расстройствы апетыту, сну i памяцi. Псiхолаг — пра тое, як супрацьстаяць узроставым змяненням псiхiкi


Прырода людзей такая, што яны няпроста пераносяць розныя жыццёвыя цяжкасцi i непрыемнасцi. Тое эмацыянальнае напружанне, якое пры гэтым узнiкае, можа стаць прычынай нервовага зрыву. Асаблiва востра гэта адбываецца ў людзей пажылога ўзросту. Як супрацьстаяць стрэсу i замарудзiць узроставыя змяненнi псiхiкi, расказала псiхолаг Гарадскога клiнiчнага псiхiятрычнага дыспансера Вольга Хвяжэнка.


Пераезд — моцны стрэс для пажылых

— Найбольш эфектыўным спосабам захавання душэўнай раўнавагi з'яўляецца актыўнасць. Чым шырэйшыя iнтарэсы чалавека, чым большае кола яго абавязкаў; чым лепш ён адаптаваны, тым прасцей пераносiць непрыемнасцi i няўдачы, — расказвае спецыялiст.

Кожны чалавек мае пэўны статус у грамадстве i сям'i i валодае для захавання гэтага статусу. Старэнне, хваробы i жыццёвая неўладкаванасць могуць выклiкаць яго змяненне. Прычым для пажылых людзей важнае не столькi змяненне гэтага статусу, колькi звязанае з ім стаўленне навакольных. Людзi сталага веку цяжка прыстасоўваюцца да змянення жыццёвых умоў.

— Такая падзея, як пераезд, з'яўляецца для iх моцным стрэсам — доўгi час на новым месцы ўсё здаецца чужым, няўтульным, нязвыклым. Гэтак жа адбываецца, калi пераезд звязаны са змяненнем унутрысямейных адносiн: неабходнасць з'язджацца з дарослымi дзецьмi цi раз'язджацца з iмi прыводзiць да ўнутранай трывогi i разгубленасцi, — тлумачыць псiхолаг. — Гэта можа прывесцi да з'яўлення неўрозаў.

Пагаршэнне самаадчування i ўзроставыя змяненнi таксама спрыяюць узнiкненню неўрозаў. Агульнымi прыкметамi такога стану з'яўляюцца прыгнечанасць i маркота, беспрычынная трывога, знiжэнне настрою, расстройствы апетыту i сну. Мясцовымi праявамi неўрозаў у сталых людзей з'яўляюцца адчуванне закладзенасцi ў грудзях, паколванне спераду пад ключыцай цi ззаду пад лапаткай, замiранне сэрца. Самыя нязначныя змяненнi ў рабоце сэрца выклiкаюць у некаторых пажылых людзей думкi аб сур'ёзных захворваннях сэрца i страх смерцi. Акрамя таго, у сталым узросце сустракаюцца некаторыя псiханеўралагiчныя хваробы, якiя iмiтуюць тыя цi iншыя неўралагiчныя паталогii.

Вольга Хвяжэнка тлумачыць, што прычыны пералiчаных адчуванняў самыя розныя.

— Часта нагодай з'яўляецца клiмактэрычная перабудова арганiзма. Гэтыя змены звычайна наступаюць у 47—50 гадоў i фiзiялагiчна праяўляюцца ў спыненнi менструацый у жанчын i знiжэннi палавой функцыi ў мужчын. З'яўленню такiх расстройстваў садзейнiчаюць розныя перажываннi: думкi пра наблiжэнне старасцi, пачуццё адзiноты, адсутнасць перспектыў, пачуццё непазбежнай смерцi. Многiя пажылыя людзi цяжка перажываюць знешнiя прыкметы старэння, а таксама змяненнi, звязаныя з палавой сферай, — любая дробязь можа трактавацца няправiльна цi крайне тэндэнцыйна.

Псiхолаг заўважае, што жанчыны, як правiла, перажываюць перыяд клiмаксу цяжэй за мужчын. Жанчынам уласцiвая думка, што пасля клiмаксу губляецца здольнасць да нармальнага палавога жыцця i надыходзiць поўнае фiзiчнае згасанне. Гэта не адпавядае рэчаiснасцi, бо клiмакс з'яўляецца ўсяго толькi чарговым этапам жыцця, да якога можна i трэба адаптавацца.

Не спяшайцеся прымаць снатворнае

Яшчэ адной праблемай, на якую часта скардзяцца пажылыя людзi, з'яўляецца бяссоннiца, а таксама ранняе прабуджэнне, перарывiсты цi неспакойны сон. Безумоўна, гэта выбiвае з раўнавагi, псуе настрой на ўвесь дзень i нават пагаршае iмунiтэт. Урачы часта лечаць гэта снатворнымi сродкамi. Насамрэч патрэба ў снатворных значна меншая. Нярэдка здараецца, што прычынай згаданых сiмптомаў з'яўляюцца праблемы стрававальнай сiстэмы, расцяжэнне мачавога пухiра, прамой кiшкi. Таму дастаткова звесцi да мiнiмуму прыём ежы перад сном, i гэта дапаможа пазбегнуць адчування цяжару ў страўнiку i падпiрання дыяфрагмы.

— Лячэнне бяссоннiцы з'яўляецца строга iндывiдуальным i залежыць ад канкрэтнага чалавека. Варта заўважыць, што снатворнае ў тэрапеўтычных дозах не гарантуе сну, а толькi садзейнiчае яго ўзнiкненню. Пасля прыёму лекаў чалавек, як правiла, засынае. Але толькi ў зручнай позе i пры адсутнасцi знешнiх раздражняльнiкаў. Таксама добраму сну садзейнiчаюць прагулкi на свежым паветры i праветрыванне памяшканняў, — кажа Вольга Хвяжэнка.

Яна звяртае ўвагу, што для працэсу старэння характэрным з'яўляецца аслабленне ўсiх функцый арганiзма, парушэнне абмену рэчываў, пэўныя зрухi ў сасудзiстай сiстэме, у тым лiку ў сасудах галаўнога мозга, расстройства памяцi. На шчасце, апошняму можна супрацьстаяць i рабiць некаторыя рэчы, якiя дапамагаюць захаваць цвярозы розум. Найперш гэта станоўчыя эмоцыi, умераныя фiзiчныя нагрузкi, разумовая гiмнастыка i прагулкi на свежым паветры. Шматгадовыя назiраннi паказваюць, што адсутнасць iнтэлектуальных стымулаў разбурае памяць мацней за ўзроставыя змяненнi.

Найбольш частай праявай парушэнняў псiхiкi ў познiм узросце з'яўляюцца змяненнi ў эмацыянальнай сферы — ад кароткiх перыядаў дрэннага настрою да моцных дэпрэсiўных расстройстваў. Пажылы чалавек пачынае крайне песiмiстычна ацэньваць сваё жыццё, адчувае сябе нявартым быць сярод людзей, карыстацца жыццёвымi выгодамi.

Пры якiх умовах варта звяртацца да псiхiятра?

Яшчэ адна частая непрыемнасць у людзей сталага веку — атрафiчныя захворваннi галаўнога мозга. Тыповым яго прадстаўнiком з'яўляецца так званая сенiльная слабасць розуму. Яна характарызуецца паступовым знiжэннем iнтэлекту, сцiраннем раней уласцiвых гэтым людзям рыс характару, iх iндывiдуальнасцi. У чалавека знiкаюць усялякiя iнтарэсы, губляюцца ранейшыя схiльнасцi i сiмпатыi, з'яўляюцца панурасць, сварлiвасць, чэрствасць i зласлiвасць. Хворыя забываюць назвы вулiц, не могуць прызнаць блiзкiх, цяперашнюю дату, час, свае iмя i прозвiшча, узрост. Паступова наступае поўная бездапаможнасць. Такiя людзi маюць патрэбу ў пабочным доглядзе. З часам псiхiчны распад узмацняецца. Лячэнне ў такiх выпадках не прыносiць нiякага прыкметнага вынiку.

У познiм пажылым узросце сустракаюцца i расстройствы ў стане трызнення. На iх узнiкненне ўплываюць розныя фактары: страта сужэнца цi знiкненне стабiльнасцi, уяўная недастатковая ўвага з боку блiзкiх, адчуванне сваёй непатрэбнасцi, пачуццё адзiноты, сам факт прызнання старэння. Гэта прыводзiць да ўзнiкнення ўзаемнага неразумення памiж старым i тымi, хто побач з iм, што, у сваю чаргу, вядзе да непаразумення i канфлiктаў. I тут мала хто разумее, што такiя людзi маюць патрэбу ў кансультацыi квалiфiкаванага псiхiятра.

— Пры любых змяненнях у псiхiцы пажылых людзей не трэба спяшацца ставiць кляймо «псiхiчна хворы» старому чалавеку. Варта найперш паспрабаваць стварыць для яго камфортную маральную абстаноўку, — рэзюмуе спецыялiст.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.