Вы тут

Узда — зямля Купалы i iншых славутых


Узда — гарадок камерны, утульны, з тых, дзе ўсе ўсiх ведаюць. Здаецца, гарадок як гарадок, у Беларусi такiх мноства, калi не ведаць, што гэты населены пункт i яго наваколлi — радзiма цэлай плеяды беларускiх класiкаў: Кандрата Крапiвы, Пятра Глебкi, Лiдзii Арабей, Алеся Якiмовiча. А яшчэ менавiта тут бярэ выток род Янкi Купалы.


То тут, то там з-пад утульнага вясковага аблiчча выглядвае даўнiна.

У мястэчку — два «цэнтры»: сучасны i гiстарычны. Размешчаны яны па абодва бакi шырокай вулiцы, па якой заязджаеш ва Узду з Мiнска. Зварочваем у гiстарычны цэнтр. Стары горад — драўляныя стрэхi тырчаць над платамi ў воблаку ўсыпаных яблыкамi i вiшнямi галiн фруктовых дрэў. То тут, то там з-пад утульнага вясковага аблiчча «выглядвае» даўнiна — гэтым старая Узда нагадвае Львоў у мiнiяцюры — але не сучасны, а такi, якi ён быў гадоў 30 таму.

Крапiва, Купала, Сымон Будны...

Уздзеншчына спакон веку цесна звязана з лiтаратурай i наогул з мастацтвам. Менавiта тут у 1572 годзе Сымон Будны пiша ўступ да сваёй Бiблii на беларускай мове, а асветнiкi браты Кавячынскiя — прысвячэнне да яе. Ну, а служыцеляў муз — паэтаў, пiсьменнiкаў, музыкаў, акцёраў, мастакоў — адсюль выйшла столькi, што рэгiён называюць «салаўiным краем».

У старадаўнюю частку Узды я прыехала, каб убачыць касцёл Святога Крыжа, пабудаваны ў 1798 годзе. Дарэчы, у школе пры касцёле вучыўся знакамiты паэт Тамаш Зан. А 12 мая 1846 года, расказала мне дырэктар мясцовага музея, у касцёле Святога Крыжа быў ахрышчаны Дамiнiк Луцэвiч, бацька Янкi Купалы.

Род Луцэвiчаў вядомы з пачатку XVII стагоддзя. Дзед вялiкага паэта паходзiў з дробнай шляхты. Не здолеўшы пацвердзiць дваранства, сям'я ператварылася проста ў беззямельных сялян. Арандавалi зямлю ў князёўны Гоген-Гоген з роду Чапскiх блiз вёскi Лiтва (там ёсць хутар Пяскi). Займалiся сельскай гаспадаркай: гадавалi жывёлу i вырошчвалi збожжа. Былi добрымi каталiкамi, жылi цяжкай працай, старалiся даць дзецям «пуцёўку ў жыццё» — Дамiнiк Луцэвiч скончыў езуiцкi калегiум, якi даваў адукацыю еўрапейскага ўзроўню. Словам, самая звычайная, простая сям'я, у якой, (ужо пасля пераезду яе пад Маладзечна), нарадзiўся незвычайна таленавiты хлопчык. Чаму так адбылося? Вядома, склалiся многiя фактары. Але, магчыма, сказалася i асаблiвая, няўлоўная i невытлумачальная «мастацкая радыяцыя» Уздзеншчыны, адкуль з пакалення ў пакаленне традыцыйна выходзяць таленавiтыя людзi — у радыяцыi ж, вядома, няма нi смаку, нi выгляду, нi паху, адно толькi ўздзеянне. Дарэчы, Уздзеншчыне прысвячаў свае радкi i iншы найвялiкшы класiк нашай лiтаратуры — Якуб Колас: «Не-не ды ўспомню зноў той кут, дзе я даўно сагрэты быў пяскамi Наднямоння».

У нашы днi вёску Лiтва ўспамiнаюць ва Уздзе ў першую чаргу не ў сувязi з родам Купалы. Там размяшчаецца ЗАТ «АСБ-Агра Кухцiчы». I многiя гарадскiя жыхары ездзяць туды працаваць — гаспадарка прапануе досыць высокiя зарплаты.

Новы касцёл пабудаваны побач са старадаўнiм.

Касцёл i наваколлi

Старажытны касцёл стаiць дагэтуль. Праўда, на касцёл ён цяпер падобны мала — 1935 год пачаў па ўсiм Савецкiм Саюзе так званую бязбожную пяцiгодку. У тым годзе ў уздзенскiм касцёле быў дэманцiраваны i вывезены самы вялiкi ў Беларусi арган. Бясследна знiк i алтар, якi ўяўляў вялiкую мастацкую каштоўнасць. А потым больш за 70 гадоў у будынку храма размяшчаўся мясцовы Дом культуры. Каб нiчога не нагадвала пра тое, што раней тут быў касцёл, у савецкiя гады велiзарны будынак абшылi дрэвам, прымайстравалi недарэчныя калоны i порцiк над уваходам. Тут праводзiлiся атэiстычныя лекцыi, а ў 1990-я i 2000-я — дыскатэкi, на якiя збiралася ўся уздзенская моладзь.

Але старадаўнiя каваныя вароты засталiся ранейшыя. Сёння будынак у аварыйным стане. Вернiкi прасiлi вярнуць касцёл, але насустрач iм не пайшлi. Аварыйны будынак выкупiў прадпрымальнiк, якi займаецца вытворчасцю свечак. Сёння там праводзяцца рамонтныя работы, расказалi мясцовыя жыхары. Частка будынка ўжо адрамантавана, там робяцца свечкi для цэркваў. Новы касцёл — маленькi, чысценькi i сiмпатычны — не так даўно з'явiўся побач са старадаўнiм.

А дом у вёсцы Забалацце побач з горадам Узда, дзе нарадзiўся Дамiнiк Луцэвiч, да нашых дзён не захаваўся, расказала дырэктар мясцовага краязнаўчага музея Тамара Лухверчык. Ды гэта было б проста немагчыма. Яшчэ стагоддзе таму вёскi час ад часу выгаралi: пячное ацяпленне i драўляная забудова... Напрыклад, вёска Нiзок, дзе нарадзiўся Кандрат Крапiва, была перабудавана цалкам на iншым месцы. Першапачаткова вёска стаяла на пагорку i загарэлася ад маланкi, таму перабудавалi яе ў больш нiзкiм месцы. У гэтай вёсцы яшчэ нядаўна размяшчаўся фiлiял Уздзенскага краязнаўчага музея — дом-музей Кандрата Крапiвы. Але цяпер музея ўжо няма. Вёска памiрае, трымаць там музейныя экспанаты i штат супрацоўнiкаў немэтазгодна. Тым больш што зацікавіць музейных работнiкаў сёння складана. Музейны супрацоўнiк — гэта глыбока адукаваны чалавек, а зарплата, якую яму могуць прапанаваць па спецыяльнасцi, вельмi малая. Адпрацаваўшы належны тэрмiн па размеркаваннi, людзi шукаюць сабе больш высокааплатную работу ў iншых сферах.

Старажытны касцёл, дзе быў ахрышчаны Дамiнiк Луцэвiч, бацька Янкi Купалы. Больш за 70 гадоў у будынку храма размяшчаўся мясцовы Дом культуры.

Сучаснасць i гарадскiя легенды

Па другi бок шашы знаходзіцца сучасная частка горада. Тыпавая пяцiпавярховая забудова (некаторыя з гэтых дамоў будаваў МАПIД), адмiнiстрацыйныя будынкi, унiвермаг, банк. Ёсць ва Уздзе i раён катэджнай забудовы. Зразумела, маецца i абавязковы для маленькiх гарадкоў Ленiн — тут ён (мiнiяцюрны для статуi) пафарбаваны серабрыстай фарбай i чамусьцi выглядае трошачкi збянтэжаным.

Буйных прадпрыемстваў у горадзе няма, ды i машын на вулiцах няшмат. Такiм чынам, з работай напружана, але ёсць i бонусы: свежае паветра i экалагiчна чыстыя прадукты ў гародах i на мясцовым рынку. Дарэчы, менавiта ў Уздзенскiм раёне бярэ пачатак выток ракi Нёман (па якiм праходзiў старажытны гандлёвы шлях «з варагаў у грэкi»), а больш за трэць раёна занята лясамi. Уздзенцы кажуць, у апошнiя гады сюды час ад часу пераязджаюць жыць расiяне — адносна небагатыя сем'i, якiя жадаюць збегчы ад узрушэнняў, працаваць аддалена (цi жыць на назапашаныя зберажэннi) i спакойна гадаваць дзяцей.

Як i ў кожным старадаўнім горадзе, iснуюць тут свае легенды. Адна з iх звязана з размешчанымi непадалёк развалiнамi сядзiбы «беларускага Тэслы» Якава Наркевiча-Ёдкi, якая цяпер рэканструюецца. Мясцовыя жыхары расказваюць, што галоўная вежа сядзiбнага дома, якой удалося перажыць Вялiкую Айчынную вайну, у 1994 цi 1995 годзе была падарваная... крымiнальным аўтарытэтам. Той хацеў пабудаваць у маляўнiчым месцы над Нёманам уласную вiлу, а гiстарычны помнiк вырашыў проста знiшчыць, каб не перашкаджаў. Але ў пазамiнулым стагоддзi будавалi як мае быць, сцены павалiлiся толькi часткова, а чаму спынiлiся далейшыя «выбуховыя работы», гiсторыя замоўчвае.

Уздзенская «пiрамiда», склеп роду Завiшаў.

Склеп-пiрамiда — яшчэ адна славутасць гарадка. Пахавальня ў выглядзе каменнай пiрамiды накшталт магiльняў егiпецкiх фараонаў (у паменшаным, зразумела, варыянце) вызначае гарадскiя могiлкi з 1800 года. Яна была пабудавана магнацкiм родам Завiшаў. У тыя часы гiсторыя, старажытная рэлiгiя i мiстычныя вучэннi Егiпта былi ў модзе сярод арыстакратаў Еўропы. Не засталася ў баку ад гэтай моды i арыстакратыя Рэчы Паспалiтай, тым больш што яе шляхта прымала ўдзел у паходзе Напалеона ў Егiпет. Сам склеп знаходзiцца ўнiзе, а наверсе будынка ёсць яшчэ адно маленькае памяшканне — магчыма, яго выкарыстоўвалi для спiрытычных сеансаў.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Кожны грыб у рукі бяруць, ды не ўсякі ў кузаў кладуць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ЦЯЛЕЦ. Усё ідзе паспяхова, калі не лічыць адной зусім нязначнай, але вельмі непрыемнай штукі, і імя ёй — лянота. Калі пераадолееце яе, то ўсё ў вашым прафесійным жыцці будзе выдатна.

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт