Вы тут

Аляксандр Лукашэнка агучыў вынікі пасяджэння Савета бяспекі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў выніковыя рашэнні пасяджэння Савета бяспекі, у якім па відэасувязі прынялі ўдзел і кіраўнікі рэгіёнаў. Канкрэтныя даручэнні дадзены па розных напрамках і тычацца пытанняў стабілізацыі становішча ў краіне — забеспячэння бяспекі, падтрымання правапарадку, устойлівай працы прадпрыемстваў і арганізацый, дзейнасці СМІ, інфармавання замежных лідараў аб сітуацыі ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА.


Дзяржпагранкамітэту:

«Даручаю Дзяржаўнаму памежнаму камітэту, мы з абмеркавання гэта бачым, узмацніць ахову дзяржаўнай мяжы па ўсім перыметры ў мэтах недапушчэння ў Беларусь з іншых краін баевікоў, зброі, боепрыпасаў, грошай для фінансавання беспарадкаў. Мы бачым, што гэтыя грошы паступаюць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў тым ліку гэтыя грошы ідуць на аплату ўдзельнікам пратэстаў, хоць і не ўсім. «Плацяць людзям, якія хочуць зарабіць. З кветачкамі пастаяць, яшчэ нешта зрабіць. Я не хачу сказаць, што ўсе такія. Але вялікія грошы паступаюць, і прытым у адкрытую», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Такім чынам, падагульніў Прэзідэнт, органы пагранслужбы, акрамя спецслужбаў, таксама павінны ўдзельнічаць у перакрыцці падобных фінансавых патокаў і каналаў.

Мінабароны:

«Міністэрству абароны асаблівую ўвагу трэба надаць перамяшчэнню войскаў НАТА на тэрыторыю Польшчы і Літвы. Мы павінны адсочваць напрамкі іх руху і іх задумы. Але ў дадзены момант мы ўсе гэтыя задумы бачым. Асабліва нас гэта не напружвае, але асобныя факты, асабліва на гродзенскім кірунку, прымушаюць задумацца. Таму нам абавязкова трэба прыняць меры і не саромецца выводзіць нашы Узброеныя Сілы і тэхніку на напрамкі іх перамяшчэння», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Гэта значыць, трэба кантраляваць гэтыя пытанні. Асабліва ў Гродне, у гродзенскім кірунку. Бо ўжо вельмі вялікае жаданне там дэстабілізаваць абстаноўку яшчэ больш, чым у Мінску», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

МУС:

Міністэрству ўнутраных спраў Аляксандр Лукашэнка даручыў не дапускаць беспарадкаў у краіне, і асабліва ў Мінску. «У Мінску не павінна быць больш ніякіх беспарадкаў. Людзі стаміліся, людзі патрабуюць міру і цішыні», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што, з аднаго боку, і добра, што беларусы адчулі, што яны могуць страціць. «Але, слухайце, бо мора людзей, пераважная большасць, якія прывыклі жыць у спакойнай краіне. І мы гэтую спакойную краіну павінны ім вярнуць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама запатрабаваў абараніць працоўныя калектывы ад шальмавання і пагроз вуліцы. «Абараніць працоўныя калектывы — не толькі рабочых фабрык і заводаў, але і іншыя калектывы, арганізацыі (у іх адрас сыплюцца пагрозы), калектывы сродкаў масавай інфармацыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Калі хтосьці ў сродках масавай інфармацыі — АНТ, БТ, яшчэ дзесьці — хочуць пабаставаць, выйсці і потым зноў вярнуцца, такога шанцу ў іх быць не павінна. Сышлі — ідзіце. Але абараніць калектывы трэба. І гэта наша сёння задача. Яна актуальная», - дадаў Прэзідэнт.

Камітэту дзяржбяспекі:

Камітэту дзяржаўнай бяспекі Аляксандр Лукашэнка даручыў выяўляць і спыняць дзеянні арганізатараў вулічных беспарадкаў, выкрываць каналы фінансавання беспарадкаў у Беларусі. «Як бы ні было складана, мы павінны працягваць гэтую працу і працаваць па максімуму», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

МЗС:

Па лініі міністэрства замежных спраў кіраўнік дзяржавы даручыў арганізаваць працу па давядзенню да кіраўнікоў заходніх дзяржаў інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі. «Ім проста трэба распавядаць, што адбываецца ў Беларусі. Каб гэтую інфармацыю атрымалі і Меркель, і Макрон, і Дуда, і Науседа, і іншыя, і Зяленскі. Каб яны ведалі, што адбываецца ў Беларусі, афіцыйны пункт гледжання, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І папярэдзіць іх (не саромецца) аб адказнасці за распальванне беспарадкаў. Фінансаванне беспарадкаў — гэта і ёсць распальванне. і мы бачым сёння, што гэта фінансаванне працягваецца».

«Па-другое, барабаніць гусеніцамі на мяжы з Беларуссю, праводзіць зараз вучэнні контрпрадуктыўна. Яны гэта павінны разумець, і яны будуць за гэта адказваць, калі што здарыцца», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

СМІ

«Сродкам масавай інфармацыі — растлумачваць, распавядаць, папярэджваць людзей, што праграмы гэтай «чорнай сотні» - шлях у прорву да знішчэння Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Вы гэта бачыце. Больш за тое, яны штурхаюць нас да сутыкнення з гістарычна брацкім нам народам — рускімі, расіянамі. Гэтага дапусціць нельга. Таму трэба актывізавацца сродкам масавай інфармацыі», - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ураду:

Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду забяспечыць рэалізацыю і кантроль яго даручэнняў па бесперабойнай функцыянаванню прадпрыемстваў. «Трэба сказаць, што тут работа і кіраўнікамі, і ўрадам праведзена вялікая, і ёсць добрыя вынікі. Але расслабляцца нельга», — заявіў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна аказаць падтрымку кіраўнікам прадпрыемстваў у арганізацыі вытворчага працэсу. «Абавязкова трэба гэта зрабіць. Не трэба кідаць кіраўнікоў сам-насам з тым натоўпам, які часам сядзіць на прахадной, перашкаджае людзям працаваць. Ну і ўнутры ж прадпрыемстваў ёсць пэўнае кола людзей, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы не павінны нагнятаць ў працоўных калектывах абстаноўку. Але, тым не менш: хочаш працаваць — працуй (як я ўжо казаў), не хочаш — за вароты, не перашкаджай працаваць іншым. Але вяртання потым назад на гэтае прадпрыемства быць не павінна. У нас у чарзе стаяць людзі на прадпрыемствы. Ды і залішняй колькасці на любым прадпрыемстве, якое сёння на слыху, велізарная колькасць».

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць засяродзіць увагу на вырашэнні паўсядзённых задач і пытанняў жыцця грамадзян краіны. «Тут дзяржсакратар правільна прапаноўваў і іншыя, і губернатары пра гэта казалі», — адзначыў Прэзідэнт.

«Людзі павінны бачыць, што органы ўлады, асабліва цэнтральныя, займаюцца не толькі пытаннямі навядзення парадку ў Мінску і іншых двух-трох гарадах, але і займаюцца вырашэннем пытанняў, ад якіх залежыць жыццё нашых людзей», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».