Вы тут

Кузня кіраўніцкіх кадраў: попыт і прапанова


У Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае залічэнне першакурснікаў на бюджэтную і платную формы навучання. Сёлета ўчарашнія абітурыенты маглі прысутнічаць на мерапрыемстве як вочна, так і анлайн — для гэтага была арганізавана трансляцыя.


Да залічаных звярнуўся рэктар Акадэміі Генадзь ПАЛЬЧЫК: «Прахадныя балы гэтага года сведчаць пра высокі ўзровень вашай падрыхтоўкі. Зараз перад адміністрацыяй і прафесарска-выкладчыцкім складам стаіць задача — апраўдаць вашы чаканні і надзеі не толькі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, але і студэнцкага жыцця ўвогуле. Хачу падкрэсліць, што ўсім, хто мае патрэбу, будуць забяспечаны месцамі ў інтэрнаце. Пры гэтым мы ўлічваем пажаданні тых, хто хоча жыць разам, каб стварыць для вас найбольш камфортныя ўмовы».

Вынікі прыёмнай кампаніі абвясціў адказны сакратар прыёмнай камісіі Аляксандр Гурын. На бюджэтную форму навучання прахадныя балы склалі: на спецыяльнасць «Дзяржаўнае кіраванне і права» — 350, «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» — 336 (паўпрахадны — 333), «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі» — 344 (паўпрахадны — 341) . На платную форму навучання прахадныя балы склалі: «Дзяржаўнае кіраванне і права» — 328, «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» — 269, «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі» — 281.

Сярод залічаных шмат тых, хто ўжо дасягнуў поспеху пры атрыманні базавай сярэдняй адукацыі. З іх 76 чалавек скончылі школу з залатымі і сярэбранымі медалямі, 10 маюць стабальныя сертыфікаты па прадметах ЦТ, яшчэ 15 падалі ў прыёмную камісію атэстаты з сярэднім балам «10», тры абітурыенты з'яўляюцца пераможцамі рэспубліканскіх алімпіяд. Таксама сярод абітурыентаў 79 выпускнікоў ліцэяў і гімназій.

Сёлета на першы курс для атрымання першай вышэйшай адукацыі залічана 180 чалавек. Больш за 70 працэнтаў абітурыентаў прадстаўляюць рэгіёны краіны.

У ВНУ адзначаюць, што попыт на спецыяльнасці Акадэміі кіравання ў апошнія гады расце. Унікальнасць падрыхтоўкі заключаецца ў тым, што ўсе тры спецыяльнасці, якія асвойваюць студэнты («Дзяржаўнае кіраванне і права», «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» і «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі»), не маюць аналагаў у іншых установах вышэйшай адукацыі, і кожная з іх з'яўляецца комплекснай. Гэта значыць, што адначасова з набыццём запатрабаванай кваліфікацыі («юрыст», «эканаміст-менеджар», «менеджар-эканаміст інфармацыйных сістэм») выпускнікі атрымліваюць веды, уменні і навыкі ў галіне тэорыі і практыкі кіравання, вывучаюць некалькі замежных моў, праходзяць практыку на базе органаў дзяржаўнага кіравання, вядучых прадпрыемстваў і арганізацый, кампаній-рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій.

У Акадэміі кіравання таксама рэалізуецца праграма другой вышэйшай адукацыі завочнай формы навучання па дзвюх спецыяльнасцях — «Дзяржаўнае кіраванне і права» і «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка». Вядзецца падрыхтоўка па чатырох спецыяльнасцях другой ступені вышэйшай адукацыі (магістратура) — «Дзяржаўнае кіраванне», «Дзяржаўнае кіраванне і права», «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» і «Менеджмент», попыт на якія стабільна высокі.

Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь уваходзіць у лік самых прэстыжных навучальных устаноў у краіне і займае вядучае месца ў падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кіруючых кадраў. Штогод навучанне тут праходзяць каля 9 тысяч чалавек. Установа адукацыі супрацоўнічае з 72 замежнымі профільнымі навучальнымі ўстановамі і арганізацыямі з 28 краін.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».