Вы тут

Расповеды пра сучасныя прафесіі і тое, што будзе актуальна ў будучыні


Айцішнікі, гейм-распрацоўшчыкі, кантэнт-мейкеры, блогеры — мы нават не маглі ўявіць такія прафессіі яшчэ дзесяць гадоў таму ў самых смелых фантазіях, а зараз гэта штодзённасць. Усё мяняецца вельмі хутка, і часам некаторыя не паспяваюць усачыць за новымі тэхналогіямі. «Чырвонка. Чырвоная змена» паразмаўляла з моладдзю і даведалася пра сучасныя прафесіі, а таксама пра тое, што будзе, на іх погляд, актуальна ў будучыні.


Яўгенія РУСАК, графічны дызайнер SMM-агенцтва Jam:

— У гэтай сферы працую ўжо два гады. Зацікавілася прафесіяй, калі пачала вывучаць ва ўніверсітэце камп'ютарную графіку і анімацыю.

Спачатку ўсюды шукала вакансіі і некалькі месяцаў выконвала розныя тэставыя заданні абсалютна бясплатна, а праз год мяне ўзялі на работу, дзе я атрымала свае першыя грошы. Што датычыцца бацькоў, то яны падтрымліваюць мяне ва ўсім, хоць і не працуюць у такой творчай сферы. А бабуля заўсёды казала, што я з дзяцінства добра малюю. Астатнім, хто не зусім разумее маю работу, прыводжу ў прыклад рэкламу і афішы. Я лічу, што дызайн вельмі важны, ён моцна ўплывае на людзей, хоць яны часцей за ўсё гэтага не заўважаюць. Мне здаецца, што ў будучыні будуць запатрабаваныя ўсе прафесіі, якія звязаны з ІT-сферай: HR, дызайнеры і тэсціроўшчыкі.

Данііл Шэк, гейм-дызайнер Wargamіng.net:

— Мая прафесія — гейм-дызайнер, а для старэйшага пакалення тлумачу, што распрацоўваю відэа-гульні. Мы вырашаем праблему дызайну, каб зрабіць уражанні карыстальнікаў больш яскравымі. Я не раблю ракеты, але гэта ўсё роўна вельмі крута!

У самым пачатку плацілі вельмі мала, нягледзячы на рост маёй кваліфікацыі. Потым я трапіў у крутую кампанію, якая зрабіла тыя самыя «танчыкі». Зараз, будучы інтэрнам, атрымліваю больш за сярэднюю зарплату па Беларусі.

Мне вельмі прыемна, што ў маім асяроддзі шмат прагрэсіўных людзей старэйшага пакалення, якія падтрымліваюць мяне. Напрыклад, некаторыя з іх гуляюць у мае гульні.

На мой погляд, спецыялісты, якія вырашаюць вострыя пытанні з прадуктамі харчавання і агракомплексу, будуць вельмі запатрабаваныя ў будычыні. Мы ад гэтага нікуды не сыдзем, а пытанне аб тым, як усіх накарміць, актуальнае заўсёды. Яшчэ мне здаецца, што прафесіі, дзе трэба непасрэдна працаваць з самім чалавекам і яго ментальным здароўем, таксама будуць у прыярытэце. Гэтага не заменіць ніякі робат.

Софія Цыкунова, SMM-спецыяліст агенцтва 5S:

— Зараз працую сторыс- і кантэнт-мейкерам, а таксама кам'юніці-менеджарам. Камунікую з падпісчыкамі, тым самым забяспечваю зваротную сувязь розным брэндам. Займаюся SMМ ужо тры гады, але больш актыўна пачала працаваць толькі цяпер. Маё знаёмства з гэтай сферай атрымалася абсалютна выпадковым, калі я ўступіла ў студэнцкую арганізацыю ва ўніверсітэце. Думала, ну вось, проста зраблю пасты ва «УКантакце» або запошчу фотачку ў Іnstagram пра чарговае мерапрыемства на факультэце, а потым зразумела, якую вялікую важнасць мае сфера маркетынгу ў сацыяльных сетках.

Сапраўдную зарплату атрымала ўжо на стажыроўцы, калі месяц займалася акаўнтам крамы адзення. Там заплацілі вельмі мала, і мяне гэта крыху знервавала. У той час баялася зрабіць нешта не так, таму вельмі старалася. Нягледзячы на такую несправядлівасць, я ўсё роўна ўдзячная за першы дарослы вопыт.

Цяпер занадта шмат тых, хто пайшоў у SMM, таму што гэта дазваляе працаваць на фрыланс. І ад таго высокая канкурэнцыя, таму зарплата вельмі сціплая.

На мой погляд, прафесія будучыні — гэта стратэг-маркетолаг, які здолее не проста распісаць, што трэба рабіць кампаніі, а прыдумае эфектыўную і крэатыўную стратэгію для брэнда. І гэта абавязкова павінна адпавядаць трэндам і ўсяму, што адбываецца ў свеце. Таксама будзе актуальна прафесія дызайнера, які заўсёды патрэбны ўсюды. Што датычыцца айцішнікаў, то гэта бессмяротная прафесія.

Анастасія Рудзкая, блогер, рэпарцёр БТ:

— Акрамя работы на ТБ, я таксама мікраблогер і на гэты момант у мяне пяць тысяч падпісчыкаў у Іnstagram. Пачала весці блог у канцы дзясятага класа і проста выкладвала фотаздымкі. Першая рэклама прыйшла дзесьці год таму, калі маё стаўленне да вядзення акаўнта стала больш сур'ёзным. Напрыклад, зусім нядаўна кампанія ёгуртаў замовіла ў мяне рэкламу. А ў якасці кампліменту падарыла цэлы кошык садавіны і ўласнай прадукцыі. У мяне арганічны прырост падпісчыкаў, таму што я не заказваю рэкламу ў блогераў і не ўкладваю грошы ў таргет, як гэта робяць многія.

Спачатку я расказвала родным, што ёсць такая сацыяльная сетка, куды выкладваю свае фатаграфіі. І ўсе ставяцца да гэтага адэкватна. Мне пашанцавала са сваякамі, таму што яны ўсе ў «тэме». Нават бабуля сядзіць у TіkTok! Вось нядаўна здымала ката з папулярным эфектам, дзе жывёлы размаўляюць, і мая бабуля актыўна ў гэтым дапамагала. Яна сказала, што абавязкова выкладзе відэа ў «Аднакласніках».

Рэвека Ахраменка, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: «Я не раблю ракеты, але гэта ўсё роўна вельмі крута!»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.