Вы тут

Андрэй Кулеш. Я не Ясь, але касіў


Аўтар гэтай летняй замалёўкі — не толькі касец (як у ёй засведчана), але яшчэ і «швец і жнец»: акрамя таго, што ён стаў лаўрэатам у сёлетнім фінале конкурсу «Слаўная кампанія: рэANІMAцыя» (а летась заваяваў дыплом у яшчэ адным — «Бацькаўшчына светлая мая...»), ужо больш за год «Маладосць» змяшчае на сваіх вокладках яго фотаздымкі і рэгулярна друкуе яго агляды ў рубрыках «Ёсць такая кніга» і «Мой набеліст». Малады слуцкі гісторык Андрэй Кулеш мае рэдкую ў наш час назіральнасць, якая праяўляецца і ў яго тэкстах.


Раз на год і палка страляе, кажаце? Ну і няхай. Галоўнае, каб не ў лоб. Гэтак жа і рэчы, якія, здавалася б, ужо архаічныя і нямодныя (што людзі скажуць?). Словам, прадметы, якія зусім «усё». Такія ў некаторых краінах на Новы год у акенца — шух са свістам! — і бывай! Але гэта не значыць, што калі я (або нехта) чагосьці не бачу, то гэтага няма або яно знікла.

Нармальная практыка ў людзей ва ўсім свеце, калі рэч адразу не выкідваеш. Яна (рэч) павінна гадоў дваццаць паляжаць, і ўжо потым вырашаецца пытанне: дазволіць ёй і далей пыл нарошчваць ці выкінуць разам з пылам.

Але ёсць яшчэ весялейшы варыянт — выкарыстаць па прызначэнні. Вярнуць былую маладосць нейкай прыладзе і паглядзець ды ацаніць, «як гэта было».

І так аднойчы зранку, калі табе яшчэ рана некуды спяшацца, але за вокнамі ўжо «пеў-пеў-пеў», па газонах носіцца-носіцца — «тра-та-та-та-та» лёскай — маленькі такі бензажах. Спытайце ў котак, якія пры гэтым хаваюцца.

Не тое каб для мяне такі будзільнік быў адкрыццём, але чамусьці тым ранкам зацікавіла месца традыцыйнай касы ў сучаснасці. З чаго пачаць? А ці выкарыстоўваюць іх цяпер?

Заходжу назаўтра ў «Гаспадарчыя тавары». Гляджу — ляжаць косы. Іх яшчэ штампуюць? Ці распрадаюць савецкія рэшткі? Не-а, адносна новыя: у прамасленай паперы з налепленымі штрыхкодамі — бяры і касі. Але не. Паглядзеў, супакоіўся, адвёў душу.

А каб цалкам пазбавіцца мулікаў ад новага бзіку, трэба пашукаць на гарышчы. Звычайна такія рэчы пакідаюць пад кроквамі. Як аказалася, праўда. Здымаеш акуратна. І што з ёй цяпер рабіць? Гугл ігнаруем наўмысна — будзем працаваць з носьбітам ведаў. Вось сусед праз плот. Ён карыстаецца, бо бенз для нарыхтоўкі сена не надта пасуе.

— Мі-іш!

— А-а-а!

— Як касу біць, ведаеш?

— Ну, а навошта табе?

— Трэба.

— Пакажы.

Падношу да плота.

— Ну, бярэш і б'еш, каб роўна і тонка.

— Дзякуй.

Нерваваўся, хібіў, але ўрэшце адолеў. Сабака нічога не разумеў і спрабаваў выхапіць злосную і да гэтага невядомую палку — касаўё.

— Рассохлася дрэва ля самага ляза — пакладзі ў ваду, — падказаў бацька.

— Добра, а брусок дзе?

— Там жа, дзе і заўсёды.

Дзе? Думаю... Ага, пад страхой жа. Так і ёсць. Памятаю, чытаў пра старыя прыстасаванні: калі бруска не было, то палку мазалі гарачай бульбай, зверху сыпалі пясок і тачылі. Або кавалак цэглы бралі з сабой. Але мы не настолькі вычварэнцы ў нашай рэканструкцыі.

Косяць раніцай, калі травы мокрыя. Узяўся — і пайшоў па парадку. «Ш-ш-ш, ш-ш-ш», — канюшынкі пад лязом тваім. Туды-сюды, роўна па крузе, як стрэлка ў амперметры. А глянуў на свае ногі — зялёныя, нібы ў жабкі. Як яны ўсё жыццё з такімі нагамі? Яшчэ я заўважыў, што я не адзін, але тыя людзі недзе далёка.

Вясёлы гудок цягніка, які па гуку падобны да грузавога. Здавалася, на месцы стаіш, азірнуўся — амаль футбольная пляцоўка. Выцершы лопухам лязо і рукавом твар, вяртаешся.

Цяпер я разумею, чаму старыя людзі смяюцца з фізічных практыкаванняў, што па тэлевізары ўбачылі, і перадражніваюць: «Фітнес-шмітнес, ха-ха-ха».

Рэзюмэ.

1. Я не Ясь, але канюшыну касіў.

2. На дзяўчыну не паглядаў, бо жыта ніхто не жаў.

3. Мамку жаніць мяне не прасіў — рэальнасць не тая. Ніякіх Станіслаў і Янін.

4. Ручная каса — гэта не артэфакт.

5. Усё суб'ектыўна, таму такая касьба можа быць: а) уласным адкрыццём, б) здзіўленнем, в) незабыўным вопытам і г. д.

6. А для іншых: а) звычайная рэч; б) добрая забаўка, але не на кожны дзень.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.