Вы тут

Дзмітрый Шулюк. Лямпачка перагарэла. Урывак


«Маладосць» друкуе падборку новых апавяданняў намесніка галоўнага рэдактара Дзмітрыя Шулюка пад агульнай назвай «Трылогія безгвалтоўнасці». «Часам людзі гатовыя колькі заўгодна хлусіць толькі для таго, каб ім верылі. Часам людзі гатовыя кім заўгодна прыкідвацца толькі для таго, каб іх любілі такімі, як ёсць. Часам людзі гатовыя колькі заўгодна маўчаць толькі для таго, каб іх пачулі». Такімі словамі суправаджае аўтар сваю публікацыю. Чытачам «Чырвонкі». Чырвонай змены» прапануецца паразважаць над імі пры чытанні гэтага ўрыўка.


Рыжы заўсёды быў прыдуркаваты, але гэтым ён мяне і чапляў. Дзіўна, што толькі мяне. Ці не. Калі шчыра, то астатніх ён таксама чапляў, але інакш. Так чапляў, што ім хацелася яго зачапіць. Так зачапіць, каб запомніў і не чапляў больш. Як? Аднаму чорту вядома. Усе ж ведаюць, што ён заўсёды такі, сам па сабе такі, ды я не пра тое зусім. Ці пра тое. Бо калі казаць пра Рыжага, то ўсё не пра тое і пра тое адначасова.

Рыжы быў добры хлопец. Крэатыўны. Яму такія штукі ў галаву прыляталі, якія нікому не прыляцяць, бо вецер у галаве жыў-гадаваўся, вось і прыносіў усё, што прынясецца, а пасля, як закруціць, як заверціць і такое атрымлівалася... Мне хацелася побач быць у гэткі час, вельмі хацелася. Таму і быў. Як толькі школьны дзень скончыцца, дык я і да яго, ці ён да мяне. Ён пастаянна мне «Ігар-Ігар». Заўсёды па імені і з гэтым паўторам. А яго па імені не называў. Я яго ніяк не называў. «Ты» казаў. Нейкая была мяжа, якую не мог перайсці. Іншымі словамі, я з ім важуся, гуляю, размаўляю, але па імені называць — гэта ж неяк празмерна ўжо. Мы ж проста з ім, не сябры нават. Чапляе. Прыдуркаваты.

Прыбег да мяне а палове на пятую, сем рублёў працягвае і заліваецца.

— Ігар-Ігар, пабеглі. Пабеглі хутчэй. Бяры грошы, бо я згублю. Пабеглі ж. Бяры. Ігар-Ігар.

Я спрабую быць спакойным, бо калі не я, то хто. А ў яго вочы блішчаць, бы там унутры за шкельцамі лямпачка стаіць, настольная, за сталом спакойны хлопчык хатняе заданне выконвае, зараз зробіць, лямпу выключыць і спаць пойдзе, вось тады можна будзе з Рыжым размаўляць.

— Куды?

— У кінатэатр, на «Джокера». Да дзевятнаццаці трэба паспець. Я глядзеў: квіткі яшчэ ёсць.

— У які кінатэатр? Якога «Джокера»?

— Ігар-Ігар, хутчэй. Па дарозе ўсё расскажу. Усе хадзілі, глядзелі. Ігар-Ігар, чаго стаіш. Збірайся, ці ты так пойдзеш?

— Пайду так.

Ну і пайшоў. Іду і думаю, куды іду, чаго, а Рыжы ўсё заліваецца і заліваецца, ляціць і ляціць наперад. Папярэджвае, настойвае, што не паспеем. Ну, кінатэатр «Мір» і праўда не блізка, але да сеанса спакойна павінны паспяваць без лішніх целарухаў, толькі чамусьці пайшлі не на той прыпынак, што бліжэй, а праз пустыр. Ну, няхай. Можа Рыжы ў расклад зазірнуў і зрабіў вывады. Напэўна, зазірнуў. Ён, калі што прыдумвае, то паўсюль зазірае, паглядае, удакладняе — а пасля пачынае рэалізацыю. Нават ведаў, што ў мяне грошы на квіток будуць, не будзе адгаворкі, чаму не пайду. Гэта ж я быў ляпнуў: кніжку хацеў купіць, а не хапіла столькі рублёў, то можа іншым разам. А калі столькі не хапіла, то тут хоць хто падлічыць, колькі было. Атрымалася якраз, каб сёння сунуцца на, здаецца, тут ёсць іронія, «Джокера». Не трэба з мяне смяяцца, зразумела, я чуў пра гэты фільм — проста не хацеў ісці і таму прыдумляў усякае. Не так, каб празмерна ўсякае, але прыдумляў непразмерна. Настрой нейкі быў. У мяне часта такі настрой перад сустрэчамі з Рыжым. Цяжка адразу. Быццам вось ты зараз будзеш на КамАЗе па людзях. Пасля праходзіць. Можа і на КамАЗе так. Не ведаю.

І тут Рыжы, нарэшце, упаў. Гэта я не злараднічаю. Гэта так і ёсць. Нарэшце і нарэшце. Ён ледзь не спінай наперад то бег, то ішоў, то скакаў, вось і паслізнуўся на нейкім смецці. А смецця тут на выбар, можаш слізгаць, можаш каму за каўнер запіхваць, можаш, калі зусім адбіты, цэлыя выхадныя збіраць. Кожныя. Кожныя выхадныя збіраць і нічога тут не зменіцца. Упаў не страшна. Мне не страшна. Яму можа і страшна было. Было б, але ён жа такі ён, што яму такое хоць бы што, тым больш пакуль агонь у вачах. Толькі падумаў — і агонь патух.

— Што? — пытаюся.

Глядзіць на мяне. Вопратку добра забрудзіў, мабыць.

— Бутэрброд, — кажа.

— Бутэрброд, — паўтараю за ім. І яшчэ раз з іншай інтанацыяй. — Бутэрброд?

— Ага.

Ён ківае. Ківае напаўрадасна — усё ж такі я яго з аднаго слова зразумеў. Ківае напаўсумна — усё ж такі бутэрброд. Толькі я нічога не зразумеў з аднаго слова. Аднаго слова мала, каб зразумець, тым больш у такой сітуацыі, тым больш «бутэрброд». Але часам да слова дадаюцца дзеянні, і ўсё робіцца куды як празрысцей, быццам табе спрабуюць растлумачыць, што вада гарачая, а пасля льюць яе табе на галаву. Ніякіх слоў не патрэбна. Рыжы ўстае і з задняй кішэні джынсаў пачынае даставаць рэшткі бутэрброда. Не хацеў бы я быць на яго месцы. Яго — бутэрброда. Давайце, толькі без лішніх хахатулькаў. Усе зразумелі, што я не пра кішэню, а пра пашкоджанні, але ўсе жадаюць пабыць гумарыстамі. Паспрабуйце сябе ў стэндапе.

— Навошта ты яго?.. — я недагаварыў, але слоў і так атрымалася ў тры разы больш, чым дагэтуль у Рыжага.

— Я думаў, перад фільмам падзелім.

Вось яно як. Мяне пачаставаць хацеў. Цяпер ён такі не ад таго, што заваліўся ў бруд і яшчэ ежу ў кішэні расціснуў, а ад таго, што не атрымалася мяне пачаставаць. Зрабілася вельмі прыкра. Захацелася паслаць усё куды далей і самому зрабіцца КамАЗам, які не адказвае за дзеянні кіроўцы.

Рыжы, нарэшце, вырашыў сваю маленькую праблему — з вялікімі разбірацца ён не хацеў. Хлопчык у яго вачах прачнуўся і зноў уключыў святло, можа, каб праверыць, ці ўсё прыбраў са стала, можа, каб пакласці тэлефон бліжэй і не бегаць ранкам за будзільнікам па ўсім пакоі. Праверыў ён вельмі хутка, я нават здзівіўся, ніколі не бачыў, каб гэта святло запальвалі на такі кароткі час. Я нават не здзівіўся, а разгубіўся, калі шчыра — спужаўся.

— Што здарылася? — пытаю.

Рыжы пачаў мацаць усе кішэні. Дзесьці аддалена ў галаве падумалася, што ён, мабыць, яшчэ чаго набраў, але — не.

— Грошы, — выдыхнуў ён. — Няма. Згубіў.

Рыжы апускаецца на калені і мацае ўжо ў траве, рукам дае веры больш чым вачам, бо сонца ўжо не так свеціць і грэе, як магло б. Мне падаецца, што ён не толькі мацае. Мне падаецца, што ён ногцямі ўгрызаецца ў зямлю, што зараз ён угрызецца зубамі, быццам грошы валодаюць здольнасцю як чэрві ўцякаць углыбіню ад такіх прыдуркаватых рыжых. Я гляджу. Цямнее. Неяк алегарычна ці метафарычна — я не дакладна ў гэтым разбіраюся — з цемрай расце і мая злосць на гэтага чалавека. Выцягнуў. Пацягнуў. Ды пайшоў ён к чорту. Не кажу ні слова і іду адзін далей. Куды? На «Джокера». Выйшаў. Пайшоў. Супыніцца? Мы разам збіраліся? Я нікуды не збіраўся. Ён збіраўся. А цяпер пайду я. Такое жыццё.

Рыжы не пабег за мной. Рыжы нават не паглядзеў на мяне. Я спінай адчуваў, што адчувае ён. Бо ён заўсёды быў такі. Прыдуркаваты. Ён вінаваціў сябе. Ён так вінаваціў сябе, што рабілася яшчэ цямней, і майго цела ўжо не хапала, каб утрымаць увесь гнеў, усю злосць, усю нянавісць. Хацелася бегчы без ніякіх аўтобусаў і тралейбусаў гэтыя некалькі кіламетраў да метро, бегчы не супыняючыся, каб разам з энергіяй выйшла ўсё непатрэбнае. Чаму яно мяне захоплівае? Хацелася бегчы, але я сціскаў кулакі і зубы. Я казаў сабе, што ўсё раблю правільна. Я паўтараў сабе гэта, пакуль не ўспомніў, што Рыжы аддаў свае грошы мне, каб не згубіць. І тады я пабег.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».