Вы тут

Адменены шэраг міжнародных спаборніцтваў


Спартыўнае жыццё паступова вяртаецца да свайго звыклага рытму пасля пандэміі каранавіруса. Але не ўсе спартыўныя федэрацыі на сёння гатовыя праводзіць вялікія міжнародныя спаборніцтвы. У жніўні многія спартыўныя аб'яднанні абвясцілі аб пераносе ці адмене турніраў. Прычына ва ўсіх адна — цяжкая эпідэміялагічная сітуацыя і нежаданне рызыкаваць здароўем удзельнікаў. Гэтыя рашэнні закранулі і беларускіх спартсменаў.


Еўрапейская федэрацыя хакея на траве вырашыла не праводзіць фінал васьмі Еўрапейскай хакейнай лігі, які быў запланаваны на 14–18 кастрычніка ў Амстэрдаме. Удзел у турніры збіралася ўзяць жаночая каманда хакейнага клуба «Мінск». Наступны розыгрыш фіналу васьмі Еўрапейскай хакейнай лігі сярод жаночых камандаў пройдзе 15 красавіка 2021 года. Сярод удзельнікаў — па адной камандзе Беларусі, Іспаніі, Англіі, Ірландыі і па дзве дружыны Нідэрландаў і Германіі.

З 15 да 18 кастрычніка ў Румыніі павінен быў прайсці чэмпіянат Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ. Еўрапейская асацыяцыя каноэ яго адмяніла. «З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі ў Еўропе, дзе ў некаторых краінах існуюць абмежаванні на наведванне іншых дзяржаў, а таксама прымаючы да ўвагі рэкамендацыі кіраўніка медыцынскай камісіі ЕАК Джэйн Гібсан, за 60 дзён да пачатку спаборніцтваў было прынятае рашэнне аб адмене чэмпіянату Еўропы ў Баскаве», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве Асацыяцыі.

Перанесены чэмпіянат Еўропы па настольным тэнісе, які аматары і ўдзельнікі рыхтаваліся ўбачыць з 15 да 20 верасня ў Варшаве. «Бяспека гульцоў, трэнераў і арганізатараў мае галоўнае значэнне. Паколькі не ўсе нацыянальныя федэрацыі могуць узяць удзел у спаборніцтвах, гэты турнір нельга будзе назваць сумленным», — паведаміла кіраўніцтва Еўрапейскага саюза настольнага тэніса. Новыя даты правядзення чэмпіянату будуць аб'яўлены пазней. Перанесены і кангрэс Еўрапейскага саюза настольнага тэніса, які павінен быў прайсці падчас кантынентальнага першынства.

Выканаўчы камітэт Міжнароднага саюза трыятлона адмяніў два этапы Кубка свету. Этап у венгерскім Цісаўйварошы ўжо быў перанесены з ліпеня на восень. А спаборніцтвы ў Тхан'ене (Рэспубліка Карэя) былі запланаваныя на 17-18 кастрычніка.

У 2020 годзе не адбудзецца славуты парыжскі марафон, які праводзіцца з 1976 года па знакавых месцах французскай сталіцы. Забег павінен быў прайсці 5 красавіка, потым быў перанесены на 18 кастрычніка, а затым — на 15 лістапада. У рэшце рэшт арганізатары вырашылі ўвогуле не праводзіць спаборніцтвы: «Прымаючы гэта рашэнне, мы ўлічвалі цяжкасці, з якімі сутыкаюцца спартсмены, асабліва замежныя, пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў, намечаных на 14-15 лістапада. Мы прынялі рашэнне, што для іх будзе прасцей, калі мы правядзём марафон у 2021 годзе».

Але ёсць і добрыя навіны. Мінскі паўмарафон, які плануе сабраць 42 000 удзельнікаў, пройдзе ў беларускай сталіцы 13 верасня. Рэгістрацыя на бегавое свята працягваецца.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: svgeurope.org

Загаловак у газеце: Трэба яшчэ пачакаць

Выбар рэдакцыі

Спорт

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Чорны пояс па таэквандо і светлы шлях па жыцці плыўца-параалімпійца.

Грамадства

Патрыятычны марафон, флэшмобы, велапрабегі. Якія мерапрыемствы запланаваны ў рэгіёнах у гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?

Патрыятычны марафон, флэшмобы, велапрабегі. Якія мерапрыемствы запланаваны ў рэгіёнах у гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?

Штогод у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга.