Вы тут

Хай брат не пакрыўдзіць брата!


У Беларусі прайшлі выбары Прэзідэнта. На жаль, выбарчая кампанія ў краіне тым не закончылася…


Фота БЕЛТА

У краіне 9 жніўня прайшлі выбары. Наступным днём Цэнтрвыбаркам абвясціў папярэднія іх вынікі. На БелТА з’явілася інфармацыя: у дзейнага Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі 80,23% галасоў. Паводле папярэдніх дадзеных, як паведамлялася, за Святлану Ціханоўскую прагаласавалі 9,9%, за Ганну Канапацкую — 1,68%, Андрэя Дзмітрыева — 1,04%, Сяргея Чэрачня — 1,13%, супраць усіх — 6,02%.

Адметнасць сёлетніх выбараў была ўжо ў тым, што, знаёмячы журналістаў з іх папярэднімі вынікамі, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына казала наступнае: “Яны літаральна атрымліваліся ў ручным рэжыме ў сілу таго, што Цэнтральная камісія, па меншай меры, я з аналітыкам, нас было толькі двое, у гадзіну ночы былі эвакуяваныя з Дома ўрада. Таму мы не прымалі вынікі. Мы прынялі іх толькі цяпер, літаральна напярэдадні гэтага брыфінгу”.

Эвакуацыя ЦВК? Такога ў нас яшчэ не бывала. Падобная інфармацыя насцярожвала. Тым больш, што з’яўляліся весткі ў інтэрнэце, прайшлі чуткі: незадаволеныя вынікамі галасавання грамадзяне ўжо ў ноч з 9 на 10 жніўня выйшлі на вуліцы, патрабавалі “честных” выбараў, абвінавачвалі ўлады ў махінацыях з выбарчымі бюлетэнямі. Пазней з інфармацыі, якую давёў Следчы камітэт, стала вядома: там сапраўды “працягваецца расследаванне крымінальных спраў аб масавых беспарадках і гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія адбыліся 9 жніўня ў Мінску”. Распачата 21 крымінальная справа. Прычым “паводле дадзеных следства, масавыя беспарадкі ў краіне адбываліся не спантанна: каардынавалі дзеянні грамадзян і кіравалі імі спецыяльна падрыхтаваныя асобы. У ходзе вывучэння запісаў камер відэаназірання следчыя прыйшлі да высновы, што каардынатары прафесійна арганізоўвалі натоўп і заклікалі грамадзян да актыўных дзеянняў”. Паведамляецца, што ў натоўпе былі правакатары, якія падбухторвалі ўдзельнікаў да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, правакуючы такім чынам прыняцце сілавых мер. Самі ж падбухторшчыкі ў часе дзеянняў ад месцаў сутыкненняў грамадзян з супрацоўнікамі АМАП адыходзілі.

Ці абяцала нешта бяду ў нашым доме? Так. І сам Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка не раз публічна гаварыў, што сёлета краіну чакаюць вялікія выпрабаванні. Пра шэраг розных пандэмій, якіх налічвалася ці не з пяць. Безумоўна, каранавірус прыўнёс немалое эмацыйнае напружанне ў грамадства. Беларусь жа выбрала свой шлях у змаганні з пандэміяй, таму пачаліся атакі з розных бакоў на кіраўніцтва краіны. З часам, аднак, многія зразумелі: стратэгія й тактыка былі апраўданыя. Але “інфапандэмія” нарастала. Стабільнасць і спакой у грамадстве пачалі разбіваць розныя “дальнабойныя” фэйкі. Якія, вядома ж, абвяргаліся ў афіцыйных СМІ — але ж сляды ад іх застаюцца. Была разгорнута ў часе перадвыбарчай агітацыі
“массированная” інфабарацьба супраць дзеючага Прэзідэнта, найперш у інтэрнэце. Фіксаваліся шматлікія парушэнні правапарадку ў ходзе збору подпісаў, перадвыбарчай агітацыі. Закруцілася крымінальная справа з “Белгазпромбанком”, былі затрыманы на тэрыторыі Беларусі людзі з расійскай прыватнай ваеннай кампаніі “Вагнер”, гаварылася пра гібрыдную вайну, якая вядзецца з замежжа супраць Беларусі…

Калі пішацца гэты тэкст, супрацьстаянне пратэстантаў і прадстаўнікоў сіл правапарадку прадаўжаецца. Нам жа, хто апелюе да розуму, а не эмоцый узбуджаных людзей, застаецца толькі як малітву паўтараць: хай брат не ідзе на брата! І спадзявацца, што ў гэтым канфлікце ўдасца, праявіўшы лепшыя рысы беларускага характару, вырашыць супярэчнасці не ў крывавых разборках — за сталом перагавораў.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?