Вы тут

У бой ідзе паэзія сыноў


З вёскі Руціцы Карэліцкага раёна Гродзеншчыны быў родам Фёдар Шугля: афіцэр-­ардэнаносец, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Памяць пра бацьку­героя вызначае жыццёвыя арыенціры й для сына яго Уладзіміра: паэта, Ганаровага Генеральнага консула Беларусі ў Цюменьскай вобласці Расіі.


Уладзімір Шугля

Сёлета на пачатку чэрвеня ў Цюмені выйшла з друку кніга “И снова май, победный май” — зборнік цюменьскіх паэтаў, прысвечаны 75‑годдзю Перамогі. Гэта вершы, паэтычныя абразкі больш чым 20 аўтараў. Як расказаў журналістам адзін з іх, Мікалай Зензін, важкім аргументам за тое, каб зборнік абавязкова выйшаў, сталі выказванні некаторых замежных палітыкаў і гісторыкаў на пачатку года. Яны гаварылі пра перамогу краін антыгітлераўскай кааліцыі над фашысцкай Германіяй, не называючы Савецкага Саюза! Дэпутаты Еўрапарламента палічылі: гэта два таталітарныя рэжымы для перадзелу свету й захопу чужых тэрыторый развязалі вайну. “Жаданне супрацьстаяць плыні такой хлусні й было адным з пабуджальных матываў аўтараў”, — адзначыў Мікалай Зензін.

Як бачым, эстафету подзвігу гераічных бацькоў, дзядоў годна нясуць сыны, унукі. У бой за гістарычную праўду ідзе іх паэзія. А на 4‑ю старонку вокладкі 106‑старонкавага зборніка (якую абдымае Сцяг Перамогі) вынесены чаканныя, бы з марша, радкі Мікалая Зензіна: “В боях с врагом Отчизну отстояли,/ И никому Победу не отнять! Историю мы кровью написали,/ И не дадим ее переписать!”.

З гордасцю за беларусаў Цюмені чыталі мы ў інтэрнэце, што творчую й матэрыяльную падтрымку пры падрыхтоўцы, выданні зборніка аказаў Уладзімір Шугля — кіраўнік Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Саюз — інтэграцыя брацкіх народаў”, паэт, Ганаровы Генеральны консул Беларусі ў Цюменьскай вобласці Расіі. Ягоная прадмова пададзена ў зборніку, і вершы на ваенную тэму таксама. 

Захацелася патрымаць выданне ў руках — і мы звярнуліся з такой просьбай да супляменніка. Пісалі, дарэчы, пра яго раней (“Зямля і неба Уладзіміра Шуглі: У Ганаровага Генеральнага консула Беларусі ў Цюменьскай вобласці любоў да Сібіры й зямлі яго продкаў у крыві” — “Беларусь. Belarus”, 2016, № 5. Гл. у інтэнэце: https://www.sb.by/artіcles/zyamlya-neba-uladz-m‑ra-shugl.html). Ведаем, што для вядомага беларуса Цюмені зямля продкаў, іх традыцыі — важная частка яго самога як асобы. Калі восенню 2013‑га ў камандзіроўцы сустрэліся з Уладзімірам Фёдаравічам, ён паказваў нам і невялікі “музей” з экспанатамі з Беларусі, свой галінасты радавод (у яго самога чацвёра дзяцей) у рамачцы. А фатаграфіі бацькі з маці заўсёды з ім побач: у рабочым кабінеце. Суразмоўца цёпла гаварыў пра паездку ў родную вёску бацькі: Руціца ў Карэліцкім раёне Гродзеншчыны. Згадаў пра паходжанне прозвішча: шугляй у Беларусі называлі вялікую лодку-даўбёнку з суцэльнага ствала дуба. Пэўна, і продкі Уладзіміра Фёдаравіча мелі справу з дубамі, спрычыніліся да рэдкага “суднабудаўнічага” рамяства. Яшчэ ўспомніў, як бацька, былы франтавік, вучыў яго будаваць дом з бярвення. Падумалася тады: а не разгубіў былы франтавік на жыццёвых дарогах спадчынны досвед працы з сякерай!

І вось на пачатку ліпеня з Цюмені, з прыёмнай Ганаровага Генконсула ў Мінск прыйшла бандэроль з кнігамі — як для рэдакцыі, так і для перадачы ў дар Музею літаратуры. Дасланыя нам кнігі “Победители” (зборнік з творамі беларускіх і цюменьскіх аўтараў да 70‑годдзя Перамогі, выйшаў у Цюмені ды Мінску ў 2014 годзе), “И снова май, победный май”, а таксама тры зборнікі вершаў Уладзіміра Шуглі: “Четвертое измерение” (2013, Цюмень), “Имя твоё” (2016, Мінск), “Шестое чувство” (2019, Курган). За тое дзякуем як Уладзіміру Фёдаравічу, так і ягонай памочніцы Любові Генадзеўне. Яна даслала нам і юбілейны буклет: сёлета Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Саюз — інтэграцыя брацкіх народаў” спаўняецца 15 гадоў. І пра тое мы раскажам, але іншым разам.

Згаданая прадмова ў сёлетняй кнізе мае назву “Сцяг Перамогі ў надзейных руках”. Прадстаўляючы творчасць паэтаў Зямлі Цюменьскай, Уладзімір Шугля акрэслівае, што пішуць яго калегі па пяры на тэмы вайны, патрыятызму, гераізму, самаахвярнасці, воінскага брацтва. Тэмы, удакладняе, блізкія й дарагія таксама яму: “Гэта маё жыццё й маё сумленне, мой маральна-грамадзянскі стрыжань. І гэта не гучныя словы. Мае карані ў Беларусі. Яе гераічнае мінулае, стойкі братні народ, які мужна й з годнасцю прайшоў праз усе выпрабаванні — усё гэта ўва мне. Як і прыклад бацькі-франтавіка: “Когда я слышу о войне/ Отец приходит в мою память. Пока я жив — он жив во мне,/ Несём мы вместе наше знамя…”. Вось такі пераход у прадмове ад прозы да паэзіі. Вобразна, хораша, глыбока!

У кнізе пададзены 4 вершы Уладзіміра Шуглі, і ў адным з іх, 12‑радковым, бачым вобразнае развіццё той тэмы, пра сцяг: “Одна из пуль летит моя…/ “Я жить хочу!” — кричит сознанье…/ И спас отец — закрыл меня…/ Теперь в руках моих то знамя!”.

Мы знайшлі ў нэце, у базе дадзеных “Подвиг народа”  ажно пяць згадак пра ўзнагародныя дакументы капітана Фёдара Міхайлавіча Шуглі, 1907 года нараджэння. Пяць ардэноў! Імі камандзір батальёна, які вёў барацьбу з бандамі, падпольнымі арганізацыямі ў вызваленых Чырвонай арміяй рэгіёнах Беларусі, быў ушанаваны ў 1944–45 гадах: ордэн Леніна, два ордэны Чырвонага Сцяга, два ордэны Айчыннай вайны І ступені. Месцам нараджэння ў дакументах значыцца: “Литовская ССР, г. Вильно”. Магчыма, так трэба было ў той час? Альбо сапраўды ў Вільні герой нарадзіўся? Мяркуем, тое ведае Уладзімір Фёдаравіч, які даследаваў свае родавыя беларускія карані.

Тут варта яшчэ згадаць і пра тэкст, які нам летась увосень даслала актыўная няштатная аўтарка з Цюмені Людміла Бакланава: пра традыцыйную сустрэчу студэнтаў і выкладчыкаў Цюменьскага інстытута культуры з паэтам, Ганаровым Генконсулам Беларусі ў Цюменьскай вобласці Уладзімірам Шугляй. На гэты раз прэзентаваўся ягоны чарговы, згаданы ўжо намі зборнік вершаў “Шестое чувство”. Аўтар не толькі чытаў свае творы, але й высвятляў глыбінныя сэнсы, пасылы, у іх закладзеныя. Акцэнтаваў увагу на адказнай ролі паэта ў жыцці краіны, выхаванні людзей, фармаванні нашага светапогляду. Гаварыў, як важна паўнакроўна жыць не толькі ў свеце матэрыяльным, але і ў духоўным, пра гарманічнае развіццё асобы. А сам для сябе, піша Людміла Бакланава, ён даўно вылучыў простыя й мудрыя правілы, параўноўваючы жыццё нашае з палётам птушкі: “Чтобы удержаться на лету, надо придерживаться девяти векторов в направлении движения. И здесь действуют три “Т”, три “С” и три “Не”. Это Труд, Творчество, Терпение. Это Стыд, Совесть, Сострадание. И — Не сдаваться, Не бояться, Не доверять, то есть все подвергать сомнению, проверять”. Такія прынцыпы жыцця, казаў Уладзімір Фёдаравіч, закладваў у ім бацька. Цяпер жа й сам ён перадае іх не толькі дзецям, унукам, але й слухачам, чытачам. А яго самыя любімыя паэты — рускі Афанасій Фет і беларус Максім Танк, якія спалучалі ў сабе такую “шматвектарнасць”, выяўлялі яе ў сваёй творчасці.

На сустрэчы гучалі песні, напісаныя на вершы Уладзіміра Шуглі Кацярынай Чарнышовай: яна загадвае кафедрай харавога дырыжыравання, прафесар. Выйшаў кампакт-дыск, на якім запісаны 12 песень. Пранікнёныя музыка й вершы ўпрыгожылі сустрэчу. Цікава, што дырэктар бібліятэкі Наталля Сакалова правяла эксперымент, пра які й расказала. Яна папрасіла калег прааналізаваць вершы з розных зборнікаў Уладзіміра Шуглі. У ходзе чытання даць адказ на пытанне: дзе ж вытокі яго вершаў? І ўсе прыйшлі да высновы: вытокі — у зямлі продкаў аўтара, у Беларусі. “Тэма нябеснай духоўнай сінечы нібы прыпадымае чытача ў кожным радку, нават калі й наўпрост у словах не выяўлена, — гаварыла Наталля Сакалова. — Святло паэтычнай душы аўтара даецца як азарэнне звыш. Беларускія родавыя гены бацькі, тэмы вайны, Хатыні, праваслаўя — там вытокі творчасці Уладзіміра Шуглі”.

На прэзентацыі зборніка

Людміла Бакланава паведамляе, што ў творчай сустрэчы паўдзельнічаў старшыня Цюменьскай абласной думы Сяргей Карапанаў. Ён павіншаваў Уладзіміра Шуглю з новым зборнікам паэзіі, пажадаў новых здзяйсненняў на карысць брацкіх народаў Беларусі ды Расіі. Словы ўдзячнасці выказалі старэйшаму сябру, супляменніку старшыня Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі беларусаў Цюменьскай вобласці Сяргей Сцяцкевіч з жонкай Таццянай Мецелевай, мастацкая кіраўніца народнага беларускага ансамбля “Лянок” Клаўдзія Зуева. Напрыканцы сустрэчы гучала песня “О, Беларусь мая!”.

Людміла Бакланава нам яшчэ напісала, што на адной з сустрэч з актывам беларускай дыяспары ў Цюмені Уладзімір Шугля прадставіў Анталогію сучаснай рускамоўнай паэзіі Беларусі. У яе ўвайшлі й яго вершы. Выданне “Поэзия русского слова: антология современной русскоязычной поэзии Беларуси” ўключае творы 186 аўтараў, яго можна знайсці ў кнігарнях Беларусі. А на пачатку 2020 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшла прэзентацыя выдання ў фармаце круглага стала. Падрыхтавана было выданне ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, пабачыла свет у Выдавецкім доме “Беларуская навука” ў 2‑х тамах. Аўтары праекта — доктар філалагічных навук, акадэмік НАН Беларусі, галоўны навуковы супрацоўнік Уладзімір Гніламёдаў і кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела ўзаемасувязяў літаратур Мікола Мікуліч. Вядома ж, надрукавацца ў такім салідным выданні — гонар і для Уладзіміра Шуглі, Ганаровага Генеральнага консула Беларусі ў Цюменьскай вобласці Расіі.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.