Вы тут

Зноў будзе музыка гучаць


Грунтоўна падноўлены будынак Рэспубліканскай гімназіі-каледжа, што пры Акадэміі музыкі, атрымалі да новага навучальнага года яе шматлікія навучэнцы


Так выглядае цяпер будынак гімназіі-каледжа

Гэта здорава, што закончаны былі рэканструкцыя й рэстаўрацыя будынка яшчэ ў часе летніх вакацый: у кіраўніцтва ўстановы ёсць часу, каб пасля рамонту ўсё, як кажуць, расставіць на свае месцы. Цяпер гімназія-каледж стала больш прыстасаванай для заняткаў музыкай. З’явіліся прасторныя аўдыторыі, канцэртная зала на 300 месцаў і камерныя залы. Упершыню вялікая ўвага надавалася акустыцы залаў і гукаізаляцыі класаў. І юныя музыканты нарэшце займелі ўласную студыю гуказапісу! “Неабходнасць такой студыі даўно пацверджана часам, — казаў, калі наноў адкрывалася гімназія-каледж, яе дырэктар, вядомы піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Палякоў. — Цяпер мы зможам рабіць запісы, неабходныя не толькі для папаўнення агульнай калекцыі лепшых інтэрпрэтацый, але й для ўдзелу нашых музыкантаў у выканальніцкіх конкурсах: на многіх такіх спаборніцтвах пачатковы адбор ідзе на аснове дасланых аўдыя-відэаматэрыялаў. Раней вучні й выкладчыкі вымушаны былі самі шукаць, дзе тое зрабіць”.

Удзельніцы святочнага канцэрта ў часе адкрыцця

Рэспубліканская музычная школа-дзесяцігодка (цяпер адзінаццацігодка) пры Беларускай дзяржкансерваторыі, як яна раней называлася, пераехала ў будынак (сёння — плошча Свабоды,7) у 1947 годзе. Да таго часу яго абжывалі ўстановы, якія да музыкі не мелі дачынення. Напрыклад, з 1699 года ў будынку месцілася езуіцкая школа, што ўваходзіла ў склад знакамітага Мінскага езуіцкага калегіума. Пазней туды “пасялілі” свецкую школу. Пасля будынак пераўтварылі ў Дом губернатара. У гады Першай сусветнай вайны там размяшчаўся нават шпіталь… Гістарычнае аблічча будынка было адноўлена пры апошняй рэканструкцыі настолькі, наколькі гэта ў нашым часе магчыма.

Урачыстае адкрыццё гімназіі-каледжа праходзіла з удзелам Міністра культуры Юрыя Бондара, які ўзгадаў пра творчыя дасягненні ўстановы. За апошнія тры гады таленавітыя музыканты гімназіі-каледжа атрымалі 428 перамог на прэстыжных міжнародных творчых спаборніцтвах. Лаўрэатамі й стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі сталі 83 навучэнцы.

У гімназіі-каледжы на сённяшні дзень займаюцца каля 440 юных музыкантаў.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.