Вы тут

Хлеб у хаце гаспадар


Як вялікую й заўсёдную каштоўнасць шануюць беларусы хлеб. І ўсё, што з ім звязана, таксама ўшаноўваецца ў нашай культуры.


Жніво пачалося!

Жнівень — месяц каласісты, кажуць у народзе. Асабліва душа радуецца, калі колас пшанічны ў полі поўны, залацісты. І ўсе думкі ў хлебаробаў цяпер пра тое, як управіцца ў час, ураджай сабраць. Так было на Беларусі спрадвеку. Апошні месяц лета менавіта ў гонар жніва й назвалі. А разам са жнівом ходзяць па зямлі нашай народныя абрады Зажынкі, Дажынкі — святочныя ўшанаванні як першага снапа, зжатага ў полі, так і апошняга. Вядома ж, і гаспадароў нівы пры тым велічалі ды жнеек-працаўніц, якіх цяпер паўсюль замянілі магутныя камбайны. Камбайнёрам, шафёрам, усім, хто працуе ў зладжаным жніўным канвееры таксама і ў нашым часе — усеагульная павага й пашана.

Мне помніцца з маленства: жнейкі ў поле на Зажынкі ішлі апранутымі ў чыстую вопратку. Белыя хусткі на галовах. Перад нівай полю кланяліся ды, папрасіўшы падмогі Усявышняга, перахрысціўшыся (бывала, толькі ў думках у атэістычную пару) пачыналі працу. Зажаўшы першы сноп, неслі яго па ўсім сяле з песнямі. Дарылі гаспадару прыкладна з такімі словамі: “Вось, гаспадарыку, табе снапочак./ Беражы яго на другі гадочак”. Гаспадыні ж, бывала, ускладалі на галаву й вянок з каласоў. А гаспадары частавалі жнеек квасам бы рознымі прысмакамі.

Адметнасць абраду Дажынак у тым, што ў ім праяўлялася моцная паяднанасць чалавека працы з самой нівай, з яе ўраджаем. Апошні сноп жнейкі перавязвалі прыгожымі стужкамі, уручалі гаспадару з гаспадыняй, якія іх за добрую працу ды павагу частавалі. Потым той сноп-Гаспадар ставілі ў хаце на покуці, самым ганаровым месцы. Во якая хлебу пашана! А ніўцы, ладзячы з ёй дыялог, пакідалі жменьку нязжатай збажыны, завязвалі яе ў бараду ды стужкамі каляровымі ўпрыгожвалі (каб залагодзіць дух поля), між каласкоў глебу выполвалі (каб у наступным годзе пустазелле на полі не вадзілася) і хлебам полю аддзячвалі (спецыяльна кавалачак закопвалі). Усё гэта рабілася ў імя будучыні: каб і ў наступным годзе ніва радзіла поўным коласам. Дарэчы, у назве гомельскіх зернеўборачных камбайнаў прыжылося важкае ды працавітае, звонкае імя: “Палессе”. Менавіта гэткіх камбайнаў цяпер большасць на нашых палетках.

Першы сноп нажалі жнейкі ў Веткаўскім раёне Гомельшчыны

З павагай ставіцца да кожнай крошкі хлеба — таксама ў народнай традыцыі. Войны ж не раз пракочваліся па Бацькаўшчыне: нішчылі працаўнікоў, іх нівы, разаралі гаспадаркі. Таму й галодных гадоў хапала, калі знак роўнасці ставіўся між хлебам і жыццём. Памятаю, як мне, малому, у пасляваенную пару маці рабіла суслу: кавалачак намочанага ў вадзе хлеба загортвала ў палатняную анучку, давала ў рот. І гэта мяне супакойвала, есці не так хацелася. Гэтаксама рабілі беларускія сялянкі спрадвеку, гадуючы дзяцей. А смак той суслы я й цяпер памятаю.

Хлеб у хаце гаспадар. Лепей хлеб з вадою, чым пірог з бядою. Хлебная ніва — як дзіцячая калыска. Хлеб на стале — дом багаты… Гэтыя ды шмат іншых выслоўяў падкрэсліваюць паважлівае стаўленне беларусаў да хлеба. Павага да яго ў народзе не меншая, чым да самой зямелькі роднай. Шмат дзе я пабываў у замежжы й чуў ад супляменнікаў: помніцца ім Бацькаўшчына са жнівом, з духмяным хлебам, спечаным матуляй. От жа быў хлеб! Яго, казалі, як ясі, то нос у прысядку скача. Шмат песень у нас пра жытнёвае поле, каласы, хлебныя нівы, родныя мясціны. Такія беларусы і ў замежжы спяваюць.

Хораша дыхаецца ў жніўні ля ніваў, што даспельваюць каласы. Па сутнасці, гэта ж нашая заможная будучыня там навідавоку. Не сакрэт: увесь беларускі агракомплекс напрамую залежыць ад ураджаю збожжавых культур, а цяпер і кукурузы — яе з кожным годам высяваецца ўсё больш. У жніўную пару ад рання да глыбокай ночы, пакуль раса не ўпадзе, працуюць на нівах камбайны. Прычым не рэдкасць на жніве й сямейныя экіпажы. Бацькі прывучаюць сыноў, а нават і дачок да сялянскае працы. Вясковыя падлеткі працуюць і на зернатаках. Ці варта казаць, што ўражанні ад такіх жніўных талокаў, дзяржаўна важнай калектыўнай працы застаюцца ў памяці юных працаўнікоў на ўсё жыццё.

Абрад Зажынкі ў Аршанскім раёне Віцебшчыны

Хлебаробам на Бацькаўшчыне — заўсёдная пашана. І дзяржаўнае свята Дажынкі з тых традыцый вырасла ў пару незалежнай Беларусі. Свята па-ранейшаму жыве ў аграгаспадарках, раёнах, ладзяць і абласныя Дажынкі. Ушаноўваюць працаўнікоў вёскі, бо па-ранейшаму ў нас хлеб — усяму галава. Вось і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка перад выбарамі слушна заўважыў, што выбарчая кампанія — другасная ў параўнанні са жнівом, кампаніяй уборачнай: бо есці ж хочацца заўсёды… А калі багата збожжа ў засеках, то можна тады й танчыць, і спяваць — як тое й робіцца на Дажынках.

Хлеб як сімвал дабрабыту, шчаснай долі, прыгожага жыцця шырока скарыстоўваецца ў беларускіх абрадах: пры сустрэчы ганаровых гасцей, у вясельнай цырымоніі. Абрад засялення ў новую хату — таксама з хлебам: першымі ўносяцца ікона, непачаты каравай хлеба са жменькай солі альбо, раней, дзяжа з цестам.

Хлебаробскае майстэрства: ад старэйшых да малодшых

То хай штогод шчодра каласіцца родная ніва, хай багацее родная Бацькаўшчына! Тым жа, хто хоча паспытаць іншага, не здабытага сваёй працай хлеба — раю ўважліва перачытаць беларускую народную казку “Лёгкі хлеб” ды суаднесці яе глыбокую мудрасць з днём сённяшнім. І зрабіць высновы — на карысць хлеба, уласным мазалём на роднай ніве здабытага.

Мікола Котаў, фалькларыст.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».