Вы тут

Кветкі райскага саду. Маляванкі Святланы Скавыркі


Наіўныя малюнкі казачных гарадоў, прыгожых кветак, дзіўных звяроў... Палітра фарбаў і сюжэты на рукапісных кілімах зачароўваюць і здзіўляюць. На пачатку ХХ стагоддзя дываны-«маляванкі» можна было ўбачыць, мабыць, у кожнай вясковай беларускай хаце. Звычайна іх замаўлялі ў якасці сямейнага абярэга на вяселле, да нараджэння дзіцяці. Жывапісная традыцыя, на жаль, праіснавала нядоўга: «маляванкі» карысталіся попытам яшчэ некалькі гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны, але з развіццём лёгкай прамысловасці ў моду ўвайшлі фабрычныя дываны.


У народнай культуры Віцебшчыны дываны-карціны — асаблівыя, са сваімі прыёмамі выканання, кампазіцыйнымі схемамі. Віцебскія «маляванкі» адметныя блакітнымі вачыма-азёрамі, стракатымі кветкавымі букетамі і вянкамі. У 2014 годзе «маляванкі» віцебскага Паазер'я папоўнілі Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны. Спрыяла гэтаму і Святлана Скавырка — народны майстар Беларусі.

На яе маляванках — знаёмыя вобразы: яркія кветкі, вазы з садавінай у абрамленні акуратных вяночкаў. У цэнтры дывана можна ўбачыць беласнежных лебедзяў, аленяў, ільвоў. Вось перад намі горад Глыбокае, які згубіўся сярод лясоў і азёр Віцебшчыны, але пазнаецца па сваіх архітэктурных славутасцях — па касцёле Святой Тройцы і Саборы Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, пабудаваным у стылі віленскага барока.

На дыванах-малюнках Святланы вельмі часта сустракаюцца азёры, і гэта не дзіўна. У ваколіцах Глыбокага каля сотні вадаёмаў, вялікіх і маленькіх, якія, як мазаіка, складаюцца затым у беларускае Паазер'е. Майстар выкарыстоўвае насычаныя колеры: змрочным фарбам на маляванках не месца.

— Найперш маляванкі рабіліся, каб упрыгожыць сялянскі быт, стварыць у хаце радасны настрой і адцягнуць увагу ад цяжару жыцця. Мастакі-самавучкі іх пісалі, як самі бачылі і адчувалі. Хай наіўна, але затое вобразна і эмацыйна, — расказвае Святлана. — Для стварэння маляванак менавіта гэта і ёсць галоўнае. Памятаю, як мяне ўразілі работы Язэпа Драздовіча, якія ўпершыню я ўбачыла ў мастацка-этнаграфічным музеі ў вёсцы Германавічы.

  • Беларускія дываны-маляванкі праславіліся найперш дзякуючы Алене Кіш і Язэпу Драздовічу. Самабытныя мастакі раней хадзілі па вёсках і малявалі «на шчасце». З імі рэдка разлічваліся грашыма, звычайна плацілі хлебам, мукой, крупамі і глядзелі на іх як на дзівакоў і летуценнікаў. Сёння творчасць Алены Кіш на піку папулярнасці. У «Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва» яе імя стаіць побач з імем Ніко Пірасмані і Анры Русо.

Не забытая і творчасць Язэпа Драздовіча. Маляванкі выконваліся на звычайным ільняным палатне, і хоць ім амаль 100 гадоў, фарбы не страцілі сваёй яркасці. Сёння на Глыбоччыне — радзіме славутага беларускага жывапісца, які праславіўся маляванымі дыванамі і «касмічнымі» карцінамі, адраджаюць цудоўныя традыцыі наіўнага мастацтва.

Святлана Скавырка малюе дываны на палотнах каля 15 гадоў. А наогул першы раз узяла ў рукі пэндзлік яшчэ ў школе ў Нароўлі, дзе яна з бацькамі жыла. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС сям’я пераехала ў Глыбокае, і гэты горад стаў для яе другой малой радзімай.

— Нездарма кажуць: усё пачынаецца з сям'і. Мая маці Вольга Дзмітрыеўна перадала мне любоў да прыгажосці, навучыла шанаваць кожны пражыты дзень. У яе няма прафесійнай мастацкай адукацыі, але яна выдатна малюе, — дзеліцца Святлана. — Асабліва добра атрымліваюцца краявіды, яна знаходзіць творчую гармонію ў прыродзе. Маме ўжо 80 гадоў, але да гэтага часу яна дзеліцца сваім бачаннем прыгажосці, і я ведаю, што заўсёды магу атрымаць у яе слушную параду.

Святлана сама піша на адным дыханні. Здараецца, што ў працы некалькі палотнаў адначасова, але яна ўкладвае ў кожнае з іх усю душу. Працуе жанчына ў Глыбоцкім Доме рамёстваў.

— Першае, на што я звярнула ўвагу, калі прыйшла сюды, — калекцыя маляванак мясцовага майстра Галіны Таляронак, — успамінае Святлана. — Дываны-малюнкі — гэта прыклад народнага мастацтва ў яго традыцыйным разуменні. На жаль, доўгі час яны былі незаслужана забытыя і заставаліся як бы па-за межамі афіцыйна прынятага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сваімі працамі я хачу паказаць, што маляванкі вельмі натуральна ўпісваюцца ў нашу эпоху — гэтыя цудоўныя ўзоры «па-за часам». Некалі стваралі дываны на саматканым палатне. Цяпер, вядома, працаваць зручней і прасцей. У маляваных  дыванах таксама прысутнічаюць арнаментальныя элементы традыцыйнага ткацтва, вышыўкі і роспісу.

Працэс стварэння маляваных дываноў патрабуе ўседлівасці і цярпення. Роспіс вялікага палатна можа заняць да чатырох тыдняў. Ды і з невялікімі клопатаў не менш: асаблівай увагі патрабуе прапрацоўка дробных дэталей. Сюжэты ў Святланы самыя разнастайныя: сярод іх трыпціх «Райскі сад», велічныя храмы, вогненныя жар-птушкі на дрэвах. Кожны малюнак па традыцыі аздабляецца кветкавымі гірляндамі — з бэзу, руж, васількоў, рамонкаў.

Малюе майстар на тоўстай ільняной тканіне чорнага колеру. Тоненькім кавалачкам мыла прамалёўваецца распрацаваны на паперы эскіз. Крэйда для нанясення контураў будучага малюнка не падыходзіць, бо трэба, каб эскіз добра змываўся вадой. Наступны этап — нанясенне грунтоўкі з клею і водаэмульсіёнкі, каб фарба не прамочвалася ў тканіну і не цямнела.

Простыя матывы падкупляюць шчырасцю і свабодай самавыяўлення. Нягледзячы на наіўныя формы, у маляванкі нібы ўпісаны сакральны код каштоўнасцей. Гледачы рэагуюць на сімволіку і колеры кампазіцый. Не дзіўна, што маляванкі вешалі ў хаце на ганаровым месцы. Палатно было не толькі ўпрыгожаннем, але і своеасаблівым талісманам-абярэгам.

Ёсць такі твор і ў Святланы. Гэта своеасаблівая інтэрпрэтацыя райскага саду Алены Кіш: у вобразах каларытных ільвоў мастачка адлюстравала сябе, мужа і дзяцей, на палатне знайшлося месца і ўтульным хаткам ля возера, і лебедзям — сімвалу вернасці і неразлучнасці. Дарэчы, усе работы Святланы аздабляюць драўляныя рамкі, якія афармляе муж Уладзімір, майстар на ўсе рукі.

Раней маляванкі нярэдка замаўлялі нявесты. Незвычайныя дываны былі часткай пасагу і разам з размаляваным куфрам пераязджалі ў новую хату. Святлана кажа, што і сёння маляванкі купляюць не толькі дзеля ўпрыгожання, але і як дарагі падарунак, абярэг для дзяцей і ўнукаў. Працы жанчыны можна сустрэць не толькі ў Беларусі, але і ў краінах блізкага і далёкага замежжа: Кітаі, Аўстраліі, Літве, Латвіі, Польшчы, Расіі, Ізраілі. А яшчэ палотны выдатна ўпісваюцца ў інтэр'ер аграсядзіб.

Адна з самых дарагіх для Святланы работ — маляванка з генеалагічным дрэвам сям'і Скавыркаў. З аднаго боку, вішнёвыя галіны, з другога — дубовыя, унізе цячэ паўнаводная рака Прыпяць.

— Я нарадзілася ў вёсцы Вішанька і такім чынам сімвалічна паказала жаночы пачатак роду. Праўда, у вёсцы з мілагучнай назвай мы жылі не доўга, бацькі неўзабаве пераехалі ў Нароўлю на беразе Прыпяці. Гэта дарагія сэрцу мясціны — там прайшло маё дзяцінства. Магутны дуб сімвалізуе мужчынскую лінію, нездарма гэтае дрэва — адно з найбольш шанаваных у нашых продкаў, сімвал роду. Упэўненая: дачка і сын упішуць у наша радавое дрэва імёны сваіх дзяцей і ўнукаў.

Маляваныя дываны майстра цешаць вока і сэрца гасцей на беларускіх і замежных фестывалях і конкурсах. Работа «Краскі нябёсаў» заваявала Гран-пры на конкурсе майстроў традыцыйнага і сучаснага жывапісу, які праходзіў на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Святлана ездзіла на фестываль і ў гэтым годзе, ужо ў ролі сябра журы.

А летась, як ветлівая гаспадыня, яна сустракала гасцей на абласным пленэры майстроў дэкаратыўнага жывапісу «Райскі сад», які быў прысвечаны творчасці Язэпа Драздовіча. Госці знаёміліся з таямнічай семантыкай народнай творчасці, спасцігалі тэхнічныя асаблівасці стварэння маляванак. І ў выніку кожны стварыў сваю, непаўторную і адметную.

У пакоі народнага майстра ў Глыбоцкім Доме рамёстваў пануе творчая атмасфера, тут шмат яе прац і карцін яе вучняў. Дзеці ходзяць займацца з вялікім задавальненнем. Піша маляванкі і дачка Ксенія. Святлана падкрэслівае, што для яе вельмі важна, каб сувязь пакаленняў не перарывалася:

— Такая пераемнасць, перадача мастацтва «з рук у рукі», ад бабулі да мамы, ад мамы да дачкі не павінна перарывацца. Я рада, што дачка працягвае ўнікальную традыцыю. Сёння цікавасць да маляванак адраджаецца. Што мы ведаем пра традыцыі нашых продкаў? На жаль, многае ўжо забылася і згублена… А нацыянальную памяць трэба зберагаць і захоўваць.

Яніна КУРЫЛОВІЧ

Фота: БЕЛТА і з асабістага архіву С. СКАВЫРКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Універсальная мова якасці

Універсальная мова якасці

Аб развіцці стандартызацыі ў Беларусі расказалі эксперты.

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Сельская гаспадарка

Увосень работ восем

Увосень работ восем

Якія задачы стаяць перад аграрыямі восенню?

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.