Вы тут

Вiталь Рапейка — двойчы стараста


Вiталь Рапейка — патомны кругавец. У Вялiкiх Круговiчах Ганцавiцкага раёна жылi i яго дзед i бацька


— Бацька, Генадзь Бранiслававiч, спачатку працаваў кiроўцам у мелiярацыйнай арганiзацыi, — апавядае Вiталь. — Потым перайшоў на цагельны завод. Я, можна сказаць, i вырас на гэтым прадпрыемстве. Мяне нават жартам называлi «сынам завода». Вельмi падабалася прыходзiць да бацькi, назiраць за тым, як вырабляецца цэгла, ездзiць на пагрузчыку. Я i кiраваць iм навучыўся!

Менавiта з таго часу хлопец пацягнуўся да тэхнiкi. Аўтамабiлi, трактары, камбайны — гэта быў яго свет. Таму, скончыўшы вялiкакруговiцкую дзесяцiгодку, доўга не раздумваў, куды пайсцi вучыцца далей. Паступiў у Ганцавiцкае прафтэхвучылiшча на трактарыста i, дарэчы, быў адным з лепшых, да таго ж старастам групы. Напэўна, лёс яму такi наканаваны — быць старастам.

Атрымаўшы дыплом, Вiталь вярнуўся ў родную вёску. Аж тры днi адпрацаваў слесарам у майстэрнi калгаса «Сцяг Ленiна» (так тады называлася сельгаспрадпрыемства), потым атрымаў трактар. Не першай маладосцi той быў, даводзiлася самому чынiць-рамантаваць. Ды ён бы сваю тэхнiку нiкому i не даверыў.

— Я i сёння такога прынцыпу прытрымлiваюся, — усмiхаецца Вiталь. — Калi хочаш быць упэўнены ў машыне — даглядай яе сам.

Далей — служба ў армii, потым зноў родны калгас. Праз пяць гадоў у спадзяваннi на лепшыя заробкi перайшоў у ганцавiцкi аўтапарк. Але цягнула ў вёску, у поле. Вярнуўся ў калгас — i адразу на трактар. Араў, сеяў, убiраў... Калi пачалiся перабоi з зарплатай, iзноў сышоў, iзноў вярнуўся — шукаў сябе. «Знайшоў» жа ў Ганцавiцкiм бюро тэхнiчнай iнвентарызацыi, дзе апошнiя сем гадоў i працуе кiроўцам.

«Бягун» — можа сказаць iранiчны чытач. Ды не. Не ў пошуках лёгкага жыцця пераходзiў ён з адной работы на другую. Проста чалавек Вiталь такi — прынцыповы i бескампрамiсны. Калi што не па iм — пад чужую дудку плясаць не будзе.

Менавiта за гэтыя якасцi «пасаду» старасты вёскi Вялiкiя Круговiчы прапанавалi яму.

— Як гэта атрымалася? — Рапейка i сам да сённяшняга дня здзiўляецца. — Старастай нашай вёскi доўгi час была дырэктар клуба Ванда Чабатарэнка. Аднойчы, два гады таму, яна зайшла надвячоркам да мяне i прапанавала замянiць яе на пасадзе старасты вёскi. Я нават разгубiўся: «А як жа вы?» Яна растлумачыла, што мяняе месца жыхарства.

Кандыдатуру Вiталя Рапейкi падтрымалi i аднавяскоўцы, i сельвыканкам.

Да абавязкаў старасты вёскi Вiталь Генадзевiч паставiўся так, як i да iншых даручэнняў: сур'ёзна i з поўнай адказнасцю.

— Не магу я людзей падводзiць, гэта ж мае аднавяскоўцы, — кажа ён. — Таму стараюся рабiць усё так, каб не сорамна было iм у вочы глядзець.

У старасты абавязкаў шмат: i парадак трэба ў вёсцы падтрымлiваць, i са скаргамi жыхароў разбiрацца. Але найбольш падабаецца Вiталю арганiзоўваць суботнiкi, асаблiва па добраўпарадкаваннi вёскi, могiлак. На могiлках нядаўна з iнiцыятывы Рапейкi правялi некалькi суботнiкаў, прыбралi некалькi старых небяспечных дрэў. Цяпер тут амаль iдэальны парадак.

— Засталiся толькi дрэвы, якiя мы самi не ў стане спiлаваць, — тлумачыць ён. — Будзем збiраць грошы i выклiкаць альпiнiстаў-прафесiяналаў.

Прыкладаў актыўнасцi, iнiцыятывы вясковага старасты шмат. Трэба было бачыць вочы Вiталя Рапейкi, калi ён даведаўся, што ў Вялiкiх Круговiчах у 2019 годзе пройдуць раённыя «Дажынкi»! Чалавек радаваўся шчыра, адкрыта. А потым i сам актыўна ўдзельнiчаў у падрыхтоўцы да раённага свята ўраджаю. «Стукаўся» да кiраўнiкоў мясцовых прадпрыемстваў i арганiзацый, iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, жыхароў вёскi, пераконваў навесцi парадак на сваiх тэрыторыях, падворках, вулiцах, арганiзоўваў суботнiкi i сам шчыраваў на iх разам з усiмi.

Рапейка — з тых людзей, пра якiх кажуць: яму да ўсяго ёсць справа. I сапраўды, не было i няма ў Вялiкiх Круговiчах такой справы, у якой бы не ўдзельнiчаў стараста. Папрацаваць на добраўпарадкаваннi — ён у першых шэрагах. Дапамагчы школе падрыхтавацца да 150-гадовага юбiлею — рыхтуе i ўстанаўлiвае памятны знак. Арганiзаваць прэм'ерны канцэрт самадзейных артыстаў — стараста сярод актыўных памочнiкаў i гледачоў. А калi ў 2019 годзе праходзiлi выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, паўстала пытанне аб кандыдатуры старшынi ўчастковай выбарчай камiсii. Пасада хоць i грамадская, але вельмi адказная, i даверылi яе Вiталю Генадзевiчу.

Памятаю, як у 2018 годзе ў краiне рыхтавалi спецыяльную карту-схему прыродных крынiц. Вiталь Рапейка i тут праявiў актыўнасць. Прыйшоў у рэдакцыю раённай газеты, расказаў пра задуму аб'ездзiць раён, сфатаграфаваць крынiцы, апiсаць iх паходжанне i гiсторыю, i папрасiў дапамогi. Цi ж можна адмовiць чалавеку, якi звяртаецца з такой шчырай просьбай, заўважце, не ў асабiстых iнтарэсах, а дзеля грамадскай карысцi. Некалькi дзён вечарамi мы ездзiлi з Вiталем на яго асабiстым аўтамабiлi па Ганцаўшчыне, каб нанесцi на карту месцазнаходжанне тых крынiц. А мог жа проста дома пабыць, з сям'ёй — нiхто ж не прымушаў трацiць свой бензiн i вольны час на работу.

Што характэрна, iнiцыятыва старасты заўсёды знаходзiць падтрымку i дапамогу з боку кругаўцоў. Людзi яго паважаюць i заўсёды падтрымлiваюць. А калi ўзнiкаюць нейкiя праблемы, ён звяртаецца да старшынi сельскага Савета Вольгi Бобка, з якой з першага дня наладзiлiся добрыя стасункi, да кiраўнiкоў мясцовых прадпрыемстваў i арганiзацый, да iндывiдуальных прадпрымальнiкаў. I заўсёды знаходзiць паразуменне i падтрымку.

У сельвыканкаме ацанiлi стараннасць i iнiцыятыўнасць Вiталя Рапейкi i прапанавалi па сумяшчальнiцтве яшчэ адну грамадскую пасаду — старасты вёскi Шашкi. Так што цяпер Вiталь Генадзевiч — двойчы стараста. I ў Шашках, i ў Вялiкiх Круговiчах. Спраў прыбавiлася. Але Вiталя Рапейку гэта не палохае. У яго шмат новых iдэй i задумак.

Вячаслаў БУРДЫКА

Фота Алы Пятлiцкай

Загаловак у газеце: Двойчы... стараста

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.