Вы тут

Малавядомыя астравы Грынландыі


У інтэрнэце мы знайшлі артыкул “Севастопольская тайна Александра Грина” Марыны Цітовай, якая мае родавыя карані ў Беларусі. Піша пра цікавую мастацкую экспазіцыю, прысвечаную Аляксандру Грыну й ягонай творчасці, у фае кінатэатра “Моряк” на Паўночнай старане Севастопаля. Аўтар таго прысвячэння — мастак Уладзімір Адзееў, адзін з удзельнікаў праекта рэстаўрацыі старога будынка кінатэатра. І гэта менавіта ён арганізаваў Музейны пакой Аляксандра Грына ў былой севастопальскай турме, дзе з Уладзімірам і сустрэлася аўтарка. Мастак даўно вывучае творчасць пісьменніка. І, як лічыць, разгадаў адзін з яго сакрэтаў, бо прыйшоў да высновы, што менавіта Севастопаль, розныя часткі яго “засвяціліся” ў грынаўскіх творах — але пад іншымі назвамі. У згаданым Музейным пакоі намалявана карта Грынландыі, краіны Аляксандра Грына, якая дзівосным чынам суадносіцца з рэальнай картай Севастопаля. Паводле версіі Уладзіміра Адзеева, Грын у сваіх творах зашыфраваў менавіта Севастопаль: “Так, Зурбаган — это центр Севастополя. Город Храм — Херсонес. Херсонесский маяк он назвал Лисским. Климентьевский монастырь — общиной Голубых Братьев, город Верд — находится на Северной стороне, Гель-Гью переводится как озеро на юге, болотистое озеро, которое засыпал адмирал Лазарев, строя казармы… Ассоль-корабельная — так называли в книге героиню “Алых парусов”. Угольщик Филипп — имеет именно такую профессию: не дворник, не сапожник… Потому что между Лиссом и Каперной находилась угольная пристань Севастополя: уголь туда привозили и разгружали для броненосцев…”


Стэфан Еўзебіуш Грынеўскі

У тэксце Марыны Цітовай пададзены й фотаздымак магіл блізкіх родзічаў Аляксандра Грына, ягоных дзеда й бабулі (памылкова ў тэксце ўказана, што маці): Леанарда й Надзеі Грынеўскіх. Фотаздымак зроблены ў Беларусі, пры старым касцёле вёскі Задарожжа. Мы знайшлі на карце: Глыбоцкі раён Віцебшчыны, злева ад дарогі на Полацк. А сядзіба Якубенкі (з націскам на “у”), якая належала раней дзеду пісьменніка, паводле выдання “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” (Мн., 2009) фіксуецца ў Пліскім сельсавеце: як хутар з такой жа назвай.

Ала Ярмілава напісала нам, прачытаўшы тэкст Марыны Цітовай, што з мастаком Уладзімірам Адзеевым супрацоўнікі Феадасійскага музея Аляксандра Грына добра знаёмыя: у фондах музея зберагаецца больш за 40 ягоных работ. І на “Грынаўскія чытанні” ў Феадосію ён прыязджае, а партрэт Аляксандра Грына яго работы вісіць у кабінеце дырэктара.

Напярэдадні юбілею Аляксандра Грына мы стэлефанаваліся з старэйшым навуковым супрацоўнікам Глыбоцкага гістарычна-этнаграфічнага музея Аляксандрам Хайноўскім. Ён расказаў, што ў гонар 140‑х угодкаў пісьменніка, які нарадзіўся 11 жніўня (23 па новым стылі) 1880 года, энтузіясты з Глыбокага ды іншых месцаў Беларусі 22–23 жніўня ладзяць велапрабег. Абвестка пра тое пададзена на сайце музея, была ў райгазеце. Паедуць ад райцэнтра ў мясціны, звязаныя з Грынеўскімі. Па словах Аляксандра, кіламетраў 27 у адзін бок будзе. Ён удакладніў, што пры згаданым касцёле пахаваныя дзядуля, бабуля й дзядзька пісьменніка. Кажуць, дзядзька быў вядомы ў акрузе як добры лекар. Аляксандр Хайноўскі зацікавіўся Грынам не выпадкова: ягоная бабуля жыла ў вёсцы Кукры, непадалёк ад месцаў, звязаных з родам Грынеўскіх. Жывучы ў бабулі, унук бачыў там яшчэ ў дзяцінстве прыгожыя вербы, сажалку, парэшткі былых пабудоў, тамтэйшыя адметныя краявіды.

У часе велападарожжа плануюцца фотаздымкі, сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, са святаром Задарожскага касцёла. Аляксандр Хайноўскі хоча высветліць: можа зберагліся даўнія запісы ў касцельных кнігах.

Нагадаем, што бацька Аляксандра Грына — Стэфан Еўзебіуш Грынеўскі (які пазней стаў Степаном Евсеевичем) (1843–1914), быў шляхціцам з родавага маёнтка Якубенкі Дзісенскага павета Віленскай губерні. У 1863‑м Стэфан Грынеўскі быў сасланы ў Томскую губерню за ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага. У 1868‑м пераведзены на жыхарства ў Вяцкую губерню (цяпер Кіраўская вобласць). Там ажаніўся з рускай, і ў 1880‑м у іх сям’і нарадзіўся сын Аляксандр: будучы пісьменнік Аляксандр Грын.

Іван Ждановіч

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.