Вы тут

«Гэта добры прыклад мадэрнізацыі вёскі і сельскай гаспадаркі» — што паказалі Лукашэнку на агракамбінаце «Дзяржынскі»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння, наведваючы агракамбінат «Дзяржынскі», назваў гэтае прадпрыемства добрым прыкладам мадэрнізацыі вёскі і сельскай гаспадаркі, паведамляе БЕЛТА


Прыбыўшы на прадпрыемства, кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу пацікавіўся колькасцю супрацоўнікаў і ці ёсць сярод працоўнага калектыву жадаючыя баставаць. Як далажылі Прэзідэнту, на агракамбінаце працуе больш за чатыры тысячы чалавек, тых, хто пратэставаў, тут няма. «Правільна, трэба працаваць. Баставаць — гэта не выгадуеш ні курэй, ні кароў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, падобныя аграхолдынгі павінны быць лакаматывамі ў сельскай гаспадарцы, бо яны падцягваюць іншыя, больш дробныя і слабыя гаспадаркі. «І мы тады забудзем, што кагосьці трэба наогул падтрымліваць. Добрае прадпрыемства, добрае месца, малайцы!» — пахваліў агракамбінат кіраўнік дзяржавы і накіраваўся заслухоўваць даклады.

На прадпрыемстве гаворка перш за ўсё пайшла аб уборачнай кампаніі. Як далажыў Прэзідэнту міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко, у краіне сабрана 91% плошчаў, ураджай збожжа ўжо дасягнуў амаль 7,5 млн т. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што цяпер важна своечасова пачаць пасяўную кампанію. «У нас, на шчасце, усё ёсць, каб своечасова пасеяць», — заявіў ён.

Затым кіраўніку дзяржавы расказалі аб фінансава-эканамічных паказчыках работы агракамбіната «Дзяржынскі», будаўніцтве на яго тэрыторыях новых сельскагаспадарчых аб’ектаў. За сем месяцаў гэтага года тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі да аналагічнага перыяду мінулага года на прадпрыемстве склаў 104,8%. Экспарт агракамбіната «Дзяржынскі» за гэты ж перыяд перавысіў $ 20 млн, або на 14% да адпаведнага перыяду мінулага года. Выручка за першае паўгоддзе склала Br180,8 млн, што на 8,4% вышэй за аналагічны перыяд 2019 года. Сярэдняя рэнтабельнасць па камбінаце — 15,4%.

Паводле слоў гендырэктара агракамбіната «Дзяржынскі» Уладзіміра Лук’янава, цяпер будуюцца тры малочнатаварныя фермы, некалькі птушкагадоўчых аб’ектаў, птушнікі, вытворчасць па вырошчванні і перапрацоўцы мяса індычкі.

Аляксандр Лукашэнка наведаў цэхі прадпрыемства, дзе азнаёміўся з вытворчымі працэсамі і пагутарыў з работнікамі агракамбіната, а таксама прадэгуставаў розныя віды мясной прадукцыі.

Размаўляючы з працоўным калектывам агракамбіната, кіраўнік дзяржавы заявіў, што прыехаў сюды, каб адпачыць душой і даведацца, у якім кірунку намер развівацца прадпрыемства. «У свой час вашыя начальнікі вельмі прасілі пэўнай падтрымкі і дапамогі, асабліва дадатковых зямельных рэсурсаў, каб можна было апрацоўваць дастатковую колькасць кармоў. Рашэнні былі прынятыя. Я ўжо гляджу, вы замахнуліся на палову вобласці, а заўтра ўсю рэспубліку манапалізуеце, — адзначыў Прэзідэнт. — За апошнія гады вы і па зарплаце прыраслі, сёння вырабляеце велізарную колькасць прадукцыі. Але самае галоўнае, што ваша прадукцыя карыстаецца попытам»

«Мы не можам дазволіць разбураць краіну»

«Вы людзі працоўныя, ведаеце, што грошы зарабляюцца вось такім чынам (цяжкасцю — Заўвага БЕЛТА). Часам, бывае, на вуліцы, але гэта нядоўга, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Ну зарабілі трохі, толькі краіну не трэба разбураць. Гэта мы дазволіць не можам, таму што ведаем, чаго яна нам каштавала».

Па словах кіраўніка дзяржавы, сітуацыя ў краіне вельмі палітызаваная, але яе не трэба разглядаць як катастрафічную. Ён распавёў, што ў адным з цэхаў да яго падышла працаўніца агракамбіната і выказала словы падтрымкі, пажадаўшы «выстаяць у гэтай сітуацыі». Аднак, падкрэсліў Прэзідэнт, сітуацыя не такая складаная, што трэба «выстойваць».

«У Мінску, яшчэ недзе, камусьці не падабаецца. Гэта натуральна. Але гэта не павінна вас хваляваць, гэта мая праблема, якую я павінен вырашаць, і мы яе вырашаем. І, паверце, у бліжэйшыя дні вырашым», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што перад наведваннем прадпрыемства сустрэўся з кіраўнікамі праваахоўных структур, абмеркаваў з імі пытанні падтрымання правапарадку ўнутры краіны і рэагавання на знешнія пагрозы. «Яны кожны дзень з раніцы да ночы дзяжураць, каб захаваць мір і спакой. І я ўбачыў, што хлопцы сваю краіну нікому не збіраюцца аддаваць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Ад Амерыкі да Варшавы» — Прэзідэнт заявіў, што супраць Беларусі дзейнічаюць некалькі цэнтраў сіл

Супраць Беларусі дзейнічаюць некалькі цэнтраў сіл, дзе аселі «ўрады ў выгнанні», заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Каардынацыйны савет — гэта прыгожая назва. За мяжой сёння, па-мойму, ужо пяць урадаў у выгнанні», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, як былы прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы Валерый Цапкала мяняе сваё месцазнаходжанне: спачатку ён асеў у Расіі, але «там яго папярэдзілі», і ён пераехаў у Украіну, а затым яму давялося перамясціцца ў Варшаву, таму што Кіеў таксама не захацеў сварыцца з Мінскам. «І ён смелы, робіць заявы з Варшавы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вось гэта адзін з «урадаў».

Святлане Ціханоўскай, расказаў Прэзідэнт, прыйшлося дапамагаць з выездам за мяжу, прычым не без яго ўдзелу. «Паводле яе просьбы, — звярнуў ён увагу. — Яна нармальная жанчына, любіць сваіх дзяцей. Але яе кінулі на папялішча, і яна сёння топчацца на гэтых галавешках. Яе аблыталі, агарнуў Міністэрства замежных спраў (Літвы — Заўвага БЕЛТА), спецслужбы, яна ўжо пачала рабіць заявы. Вось яшчэ адзін цэнтр. Я проста не хачу пералічваць — яны ад Амерыкі да Варшавы».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што па факце стварэння каардынацыйнага савета была заведзена крымінальная справа, і апазіцыйны штаб сам разумее, што іх дзеянні незаконныя. Цяпер апазіцыя прэтэндуе на шматмільённую падтрымку ад Еўрасаюза, пра якую нядаўна заявілі ў Еўропе, аднак гэтыя грошы без ведама дзяржавы ў краіну не паступяць.

«Я Прэзідэнт краіны. Не дай бог, краіна ўздыбіцца і абрынецца — вам не будзе працы. І вы з мяне спытаеце. І пляваць б я хацеў на ўсе гэтыя пасады, але я сяджу і думаю: а што будзе з вамі, калі яны прыйдуць і пачнуць усё гэта дзяліць. Вас забяруць з трыбухамі. і вы мяне будзеце праклінаць заўсёды: «Мы цябе выбралі, чаму ты не абараніў нас?» Вось, што мяне больш за ўсё турбуе, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Тых жа амапаўцаў, дзяржслужачых, журналістаў кожны дзень цкуюць. Не хачу называць прозвішча, але аднаму намесніку кіраўніка даслалі СМС: да вечара не здасі, забярэм дачку. Гэта будзем выпальваць гарачым жалезам. І вы можаце мяне асуджаць ці не асуджаць, але пакуль я Прэзідэнт, я буду праводзіць жорсткую палітыку на стабілізацыю становішча ўнутры краіны».

«Нам рыхтавалі гэтую заварушку, плануюць гэта і накіроўваюць ЗША»

«Нам рыхтавалі гэтую вось заварушку. І Расія баялася нас страціць. Захад нас неяк падцягнуць вырашыў, вядома ж, як мы бачым цяпер, супраць Расіі. Зараз яны хочуць усталяваць гэты балта-чарнаморскі калідор, санітарны кардон — тры балтыйскія рэспублікі, мы і Украіна. Мы тут адно звяно засталіся», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Плануюць усё гэта і накіроўваюць ЗША, а еўрапейцы падыгрываюць. Сказана так — зробяць так. Створаны спецыяльны цэнтр пад Варшавай. Мы кантралюем, ведаем, чым ён займаецца. Пачалі ляскаць гусеніцамі. Разумееце, калі неспакойна побач і танкі пачынаюць перамяшчацца і самалёты лётаць, гэта невыпадкова», - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што камусьці ў Беларусі заплацілі, камусьці галаву задурылі, і пачалася наступная валакіта. «А за мяжой у гэты час вучэнні праводзяць. Што гэта такое? Гэта рыхтуюць пры неабходнасці ўварвання», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што загадзя бачыў задумы сваіх апанентаў і тых, хто за імі стаіць: «Ужо прызнаюцца: ні праграмы, нічога не было. На эмоцыях хацелі праскочыць. Не ўдалося. Часам карысна, калі чалавек працуе і чвэрць стагоддзя. І я іх адразу усіх раскусіў загадзя. Я разумеў, чаго яны хочуць», - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што спачатку патрабавалі пераліку галасоў, але хутка адмовіліся ад гэтай ідэі і сталі патрабаваць новых выбараў. «Разумеюць, што 80% нельга фальсіфікаваць. Усё роўна іх пройгрыш. Кажуць, пойдзем на новыя выбары. Вы разумееце, што такое яшчэ паўгода займацца гэтымі справамі? Перавярнуць усё ўверх дном, нават працоўным некаторым мазгі запудрыць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — А чаму мы павінны пад чыю-небудзь дудку скакаць. Мы правялі выбары, давайце жыць далей спакойна. Хочаце размаўляць, як яны кажуць, дыялог. Ну, вось я дыялог вяду з вамі. я і буду весці толькі з працоўнымі калектывамі дыялог».

Пра сітуацыю вакол Купалаўскага тэатра: “Будзе поўная свабода і рынкавыя адносіны”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з працоўным калектывам агракамбіната «Дзяржынскі», выказаўся аб сітуацыі вакол Купалаўскага тэатра.

«Цяпер яны спрабуюць напісаць нейкія заявы. А я думаю: яны хацелі свабоды, у іх лозунг быў «Свабода. Рынак» . Я ім зараз дам (і даў ужо) поўную свабоду. Ёсць калектыў, заяўляйце ў Амерыку, што прывязеце туды спектакль, едзьце туды і стаўце спектакль. Вам заплацяць долар — падзяліце, заплацяць тысячу даляраў — тысячу падзяліце. Не прымуць вас — ну, гэта ж рынак. З’ездзіце ў Расію, пастаўце спектакль. Гэта значыць, поўная свабода, лятайце, стаўце спектаклі. Мы не будзем у гэта ўмешвацца. І рынкавыя адносіны: колькі зарабілі, столькі і атрымаеце», - выказаўся кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што дзяржава датуе сферу культуры, у тым ліку тэатральныя калектывы, але цяпер будзе «поўная свабода і рынкавыя адносіны». «Што хацелі, то і арганізуем ім», — дадаў ён.

Прэзідэнт пракаментаваў прыезд у Белтэлерадыёкампанію журналістаў з Расіі

«Свята месца пуста не бывае. У нас у Расіі працуюць каля 60 тыс. так званых гастарбайтэраў. На розных пасадах, нават у палітыцы. Расіяне нам прэтэнзій не прад’яўляюць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што пытанне з прыцягненнем расійскіх журналістаў паўстала пасля таго, як некаторыя з супрацоўнікаў тэлекампаніі «выскачылі на вуліцы і пачалі мітынгаваць». «Якія выраслі на тэлевізары, і ў асноўным якіх я на руках насіў. Яны выраслі і раптам зразумелі, што ў іх чагосьці не хапае, — заўважыў беларускі лідар. — Некаторыя выскачылі: працаваць не будзем! Не трэба».

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі прасіў не ціснуць на людзей у працоўных калектывах. «Хтосьці захацеў — ідзіце, нікога не трэба трымаць. Што толку, што ты яго сёння ўтрымаў, угаварыў, а ён усё роўна будзе кукіш у кішэні насіць. Хочаш сыходзіць — сыходзь. Я рабочым у адкрытую пра гэта сказаў. Лямантавалі, крычалі — сёння ўсе працуюць», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Усё роўна трэба разумець, што цябе нідзе не чакаюць, канкурэнцыя вялікая. Я папрасіў расіян: дайце нам 2-3 групы журналістаў на ўсялякі выпадак. Гэта 6 або 9 чалавек з самага прасунутага тэлебачання, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І наша моладзь хай паглядзіць, як працуюць. Слухайце, гэтыя яшчэ 2-3 групы не прыехалі, палова тых, якія пасціліся і бегалі вакол Белтэлерадыёкампаніі, — назад. Я кажу: ну добра, сёння возьмем назад. Хто заўтра сыдзе — не прымаем».

«Нармальна, сітуацыя стабілізавалася. Хто хоча, той працуе. Хто не хоча, той не працуе. А расіян я нават запрасіў: дайце мне адну групу ў пул Прэзідэнта, каб бачылі, як яны працуюць. І я ведаю гэтых людзей. Тэлебачанне нармальнае» , - сказаў кіраўнік дзяржавы.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

З авітамінозам у нас прынята змагацца па-старому...

Грамадства

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

На Гомельшчыне актыўна рэалізоўваюцца праекты па развіцці тэрыторый, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС. 

Грамадства

Дружыннікі выходзяць на дзяжурства... А разам з імі — і карэспандэнт «Звязды»

Дружыннікі выходзяць на дзяжурства... А разам з імі — і карэспандэнт «Звязды»

Кожны замацаваны за сваім участковым, у кожнага свая зона адказнасці.