Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


Затануў, але стаў легендай

Навукоўцы абследавалі месца гібелі «Чалюскіна»

Адзначаецца, што мэтай работ было абнаўленне даных аб фактычным месцазнаходжанні легендарнага парахода, а таксама стварэнне трохмернай мадэлі яго стану. Навукоўцы правялі вадалазныя спускі для ідэнтыфікацыі і абследавання судна, затым былі аддадзены ўшанаванні загінуламу параходу, паведаміла Марвыратслужба Расмаррачфлоту.

Савецкі ледакольны параход «Чалюскін» затануў 13 лютага 1934 года ў Чукоцкім моры ва ўмовах палярнай ночы і моцнага сціску лёду пасля амаль пяцімесячнага дрэйфу ў арктычных ільдах.

На лёд высадзілася 104 чалавекі, у тым ліку дзесяць жанчын і двое дзяцей. Аперацыя па выратаванні чалюскінцаў з лядовага палатачнага лагера з трыумфам завяршылася роўна праз два месяцы — 13 красавіка 1934 года — і стала першай у сусветнай гісторыі паспяховай буйнамаштабнай выратавальнай аперацыяй ва ўмовах Арктыкі.

Палярныя лётчыкі здзейснілі немагчымае. Менавіта для іх было заснавана самае ганаровае званне краіны — Герой Савецкага Саюза. Сем лётчыкаў сталі першымі яго ўладальнікамі.

Выратаванне чалюскінцаў паслужыла падставай для стварэння ў СССР магутнай палярнай авіяцыі і праграмы транспартнага развіцця арктычных абшараў.


Цяжкавоз для Арктыкі

Такі беспілотны верталёт стварылі ў Расіі

Паветраны борт, здольны пераносіць грузы масай да 80 кілаграмаў на адлегласці да 200 кіламетраў ва ўмовах Крайняй Поўначы, распрацавалі расійскія інжынеры канструктарскага бюро «Русь». R-2200 зможа прызямліцца на хісткую палубу карабля ці рухомую грузавую платформу, пішуць «Известия».

Грузы масай да 80 кілаграмаў складаюць большую частку трафіка ў цяжкадаступных раёнах Поўначы, Сібіры і Далёкага Усходу — гэта сярэдняя вага абсталявання для нафтаздабычы і геалагічнай разведкі. Доступ да такіх тэрыторый часта ёсць толькі па паветры. Некаторыя рэчы, напрыклад, лекі або апаратуру для навуковых даследаванняў, неабходна дастаўляць максімальна хутка.

Вылеты верталётаў каштуюць дорага — 70–150 тысяч расійскіх рублёў за адну гадзіну палёту. У сувязі з гэтым спатрэбіўся новы эканамічны сродак дастаўкі, які мог бы працаваць эфектыўна і безадмоўна ва ўмовах Поўначы.

Даўжыня беспілотніка — крыху менш за чатыры метры, шырыня — амаль паўтара. Гадзіна арэнды абыдзецца ўсяго ў 20 тысяч расійскіх рублёў, што выглядае істотнай эканоміяй у параўнанні са звычайным верталётам.

Чым меншая нагрузка, тым даўжэй верталёт зможа знаходзіцца ў паветры. З 80 кілаграмамі на борце ён зможа праляцець 80 кіламетраў, а з грузам у 60 кілаграмаў — да 200 кіламетраў.

Распрацоўшчыкі таксама плануюць выкарыстоўваць яго для разведкі мясцовасці, напрыклад, для складання папярэдняй карты залягання карысных выкапняў або атрымання інфармацыі аб лядовай сітуацыі ў моры.


Жывы сваяк дыназаўраў

Яго даследчыкі выявілі ў Новай Зеландыі

Адзіным жывым прадстаўніком старажытнага атрада рэптылій Rhynchocephalіa, які меў агульнага продка з вымерлымі дыназаўрамі каля 250 мільёнаў гадоў таму, з'яўляецца гатэрыя, або туатара.

Як паведамляе часопіс Nature, іх дакладнае сваяцтва застаецца спрэчным, паколькі некаторыя вучоныя настойваюць на сувязі туатары з птушкамі, іншыя — з кракадзіламі або чарапахамі. Аднак новае даследаванне змясціла рэптылію ў эвалюцыйны ланцуг, агульны з яшчаркамі і змеямі.

На думку навукоўцаў, туатары аддзяліліся і самастойна існавалі каля 250 мільёнаў гадоў. Сустрэць іх можна ў Новай Зеландыі. Па словах суаўтара даследавання Марка Толіса з універсітэта Паўночнай Арызоны, геном туатары значна радзей мяняў ДНК, чым у іншых рэптылій, а іх малекулярны гадзіннік «цікаў» значна больш павольна.

Вельмі цікавіць даследчыкаў пытанне пра тое, як жывёла можа жыць больш за 100 гадоў. У сувязі з гэтым навукоўцы робяць спробы раскрыць генетычны код гэтых старажытных рэптылій.

«Геном туатары — гэта сапраўды машына часу, якая дазваляе нам зразумець, якія былі генетычныя ўмовы для жывёл, што змагаліся за сусветнае панаванне сотні мільёнаў гадоў назад», — расказаў вядучы аўтар даследавання Ніл Гемел з Універсітэта Атага.


Як выглядаў Нерон?

Дызайнер паказаў выгляд рымскіх імператараў

Даніэль Вошарт стварыў поўнаколерныя і фотарэалістычныя партрэты 54 рымскіх кіраўнікоў, злучыўшы іх каменныя бюсты. Дызайнер склаў кампазіцыйныя малюнкі з дапамогай праграмы Artbreeder, паведамляе News.artnet.

Простыя карыстальнікі могуць проста дадаць два малюнкі ў праграму і яна сама іх злучыць як мага лепш. Але дызайнер загружаў на кожны партрэт дзясяткі малюнкаў бюстаў з выявай адпаведнага імператара. З дапамогай фотарэдактараў ён выдаліў расколіны, дадаў тэкстуру скуры і колер вачэй. Каб наблізіць іх да падабенства, дызайнер вывучаў сямейнае паходжанне імператараў, каб адгадаць колер скуры.

«Калі вы робіце фота рэалістычнымі, лёгка вылучыць з арыгінала любы выраз і характар. Я вельмі стараўся гэтага прытрымлівацца. Бюст Фларыяна, які я выкарыстаў у якасці зыходнага матэрыялу, не меў вялікай акадэмічнай вагі, але я лічыў, што гэты выраз быў захапляльны. Гэта трэба было захаваць. Чым больш выраз з'яўляецца нейтральным, тым цяжэй захоўваць фотарэалістычнасць».

Для папярэдніх праектаў Вошарт таксама выкарыстаў камп'ютарную праграму для стварэння партрэтаў егіпецкіх мумій і пераўтварэння серыі вобразных скульптур з гліны, створаных студэнтамі Нью-Ёркскай акадэміі мастацтваў, у рэалістычных асоб.


Заможныя і сытыя

Пра іх расказалі старажытныя пахаванні

Навукоўцы прааналізавалі косткі ранніх фермераў Еўропы, якія жылі 6600 гадоў таму, і выявілі, што разрыў ва ўзроўні дабрабыту мог існаваць значна раней, чым меркавалі спецыялісты.

Чэлсі Бадзі з універсітэта Умеа ў Швецыі і яе калегі прааналізавалі пахаванні абшчыны Осланкі ў Польшчы, каб паспрабаваць вызначыць, ці існавала няроўнасць у залежнасці ад атрыманага багацця ў гэтых старажытных грамадствах, перадало ТСН са спасылкай на New Scіentіst.

Каманда спачатку выявіла, што чвэрць насельніцтва была пахавана з дарагімі меднымі пацеркамі, падвескамі і павязкамі на галаву. Але гэта не абавязкова азначае, што такія людзі былі багатыя пры жыцці. Таму Бадзі і яе калегі прааналізавалі ізатопы вугляроду і азоту ў касцях з магіл, якія могуць даць уяўленне аб якасці рацыёну на працягу жыцця. Каманда даследавала косткі 30 чалавек, якія жылі на працягу 200 гадоў, агледзелі 29 дарослых ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў і аднаго дзіцяці. Каля 80 працэнтаў знойдзеных у гэтым раёне костак належала скаціне, група прааналізавала і іх. У костках тых, хто пахаваны з меддзю, быў выразны баланс суадносін ізатопаў вугляроду. Даследчыкі выявілі, што гэты незвычайны баланс быў таксама знойдзены ў костках буйной рагатай жывёлы, выяўленых у гэтым раёне. Гэта дазваляе выказаць здагадку, што людзі, пахаваныя з меддзю, елі мяса гэтых жывёл. Каманда Бадзі разважае, што названая жывёла магла пасвіцца на ярка асветленых адкрытых пашах, паколькі расліны, якія растуць на іх, павінны быць аналагічна абагачаны ізатопамі вугляроду. Такая ізатопная раўнавага не назіраецца ў раслін, якія растуць на менш прадукцыйных зацененых дрэвамі пашах. Гэта сведчыць аб тым, што людзі, пахаваныя з меддзю, мелі доступ да земляў і скаціны, чаго не было ў іншых. Бадзі лічыць, што такая сітуацыя можа быць звязана з рознымі ўзроўнямі ўласнасці на зямлю і багацці.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».