Вы тут

Міхаіл Змушко: Самая галоўная ўзнагарода — бачыць, як пацыенту становіцца лепш


Месяцы напружанай працы, «чырвоныя зоны» ў бальнічных калідорах і сіла надзеі на выздараўленне — COVІD-19 выпрабаваў на трываласць урачоў, медсясцёр і жыхароў усіх абласцей. Пра тое, як у паўднёва-ўсходнім рэгіёне рыхтаваліся да пандэміі COVІD-19, змагаліся за жыццё кожнага пацыента і ці ёсць месца цуду ў бальнічнай палаце, расказаў БелТА намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама Міхаіл Змушко. Яго, як і іншых калег, адзначылі ў міністэрстве за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўнёсак у развіццё і ўдасканаленне сістэмы аховы здароўя.


— Сёлета эпідэміялагічная сітуацыя паднесла ўрачам і медперсаналу няпростае выпрабаванне ў сувязі з COVІD-19. Некаторыя параўноўвалі пандэмію інфекцыі з чумой. Ці былі гатовыя нашы медработнікі да такога выкліку?

— Штогод у халодны сезон мы сутыкаемся з уздымам захваральнасці на грып і ВРВІ. У гэты перыяд прыкметна павялічваецца колькасць зваротаў па медыцынскую дапамогу ў паліклінікі і стацыянары вобласці. Думаю, гэта заўважна кожнаму. Таму парадак аказання меддапамогі насельніцтву ў сезон уздыму захваральнасці адпрацаваны за доўгія гады да з'яўлення каранавіруснай інфекцыі.

У работнікаў інфекцыйнай і санітарна-эпідэмічнай службаў таксама ёсць вопыт у лакалізацыі і ліквідацыі іншых інфекцыйных захворванняў. Гэта тыя ж менінгіты, адзёр, кішэчныя інфекцыі. У нашай вобласці, як і ў іншых рэгіёнах, рэгулярна праводзяцца трэніровачныя вучэнні па лакалізацыі і ліквідацыі ачагоў інфекцыйных захворванняў. Таму да падобных выклікаў нашы сістэмы аховы здароўя і санітарнага кантролю былі папярэдне гатовыя.

Вядома, адсочвалі сітуацыю з COVІD-19 у свеце. І ў Беларусі ў цэлым, і ў Гомельскай вобласці прымалі рашэнні ў рэжыме рэальнага часу. Так, былі пэўныя моманты, калі даводзілася аператыўна пераразмяркоўваць рэсурсы, часова перапрафіляваць фонд ложкаў. Сёння мы можам казаць, што сістэма аховы здароўя нашай вобласці справілася з першай хваляй каранавіруснай інфекцыі. Гэтага ўдалося дасягнуць дзякуючы падтрымцы выканаўчай улады і высокай кваліфікацыі медработнікаў.

— Якія меры давялося прымаць са з'яўленнем першых хворых у вобласці і ростам іх колькасці?

— Пачалі дзейнічаць яшчэ са з'яўленнем першых хворых у краіне. У Гомельскай вобласці быў распрацаваны і зацверджаны рэгіянальны план па перапрафіляванні ложкавага фонду бальніц з улікам эпідэміялагічнага становішча. Гэта пасля дазволіла нам працаваць на апярэджанне і на піку захваральнасці не прывяло да паралічу работы ўстаноў аховы здароўя, як гэта адбылося ў Італіі. Каб аказаць меддапамогу пацыентам з лёгкай формай захворвання, прыцягвалі ўрачоў іншых спецыяльнасцяў. Але гэта не адбілася на якасці дапамогі, бо ўсе — вопытныя спецыялісты. У перыяд неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі ў Гомельскай вобласці было задзейнічана каля чатырох тысяч урачоў і 15 тысяч сярэдніх медыцынскіх работнікаў.

— Некаторыя ўрачы і медсёстры прызнаваліся, што ў сітуацыі, якая склалася, адчувалі сябе інтэрнамі, не маючы вопыту дзеянняў ва ўмовах такой жорсткай пандэміі. Як думаеце, медыкі рэгіёна вытрымалі гэты няпросты экзамен?

— Меры бяспекі, якія неабходна выканаць пры рабоце з інфіцыраванымі COVІD-19 пацыентамі, не былі беспрэцэдэнтнымі. Ахова здароўя і раней сутыкалася з асабліва небяспечнымі інфекцыямі. Пэўнай праблемай стала адсутнасць поўнай інфармацыі пра характарыстыкі новага віруса. Як вядома, у любых жыццёвых сітуацыях найбольшы страх у людзей выклікае невядомае.

Трэба сказаць, што як толькі з'явіліся першыя паведамленні пра распаўсюджванне каранавіруса з Кітая ў еўрапейскі рэгіён, мы пачалі рыхтавацца да магчымага пападання інфекцыі ў Беларусь. Аператыўна адсочвалі сітуацыю ў іншых краінах, кантактавалі з замежнымі калегамі па ўсіх лячэбных і арганізацыйных пытаннях. На аснове гэтага выпрацоўвалі свой механізм барацьбы з вірусам.

Калі ў Віцебскай вобласці пацвердзілі дыягназ COVІD-19 у першага пацыента, у Гомельскай вобласці ўжо прайшла маштабная падрыхтоўка да работы з такімі хворымі. Мы перапрафілявалі бальніцы для аказання дапамогі пацыентам з імавернай і пацверджанай інфекцыяй COVІD-19, забяспечылі ўстановы сродкамі індывідуальнай аховы, антысептыкамі і дэзсродкамі. Быў створаны незніжальны запас лекаў, навучаны медыцынскі персанал, падрыхтаваны пункты падключэння да кіслароду, абноўлены парк ШВЛ, выкананы іншыя мерапрыемствы. Таму адказаць на пытанне магу адназначна: мы былі гатовыя і справіліся.

— Што дапамагала выстаяць пры павышанай нагрузцы ў няпростых умовах?

— Бяда аб'ядноўвае людзей. Трэба сказаць, што ўсе словы прызнання і ўдзячнасці, якія гучалі на адрас медыцынскіх работнікаў, вельмі натхнялі. Напружаныя ўмовы работы з гэтай інфекцыяй дазволілі выйсці з руціны і ўспомніць усё, дзеля чаго мы прыйшлі ў прафесію.

— У сацсетках тое, што адбывалася ў асобных палатах, называлі цудам. Напрыклад, калі пасля паўтара месяца на ШВЛ чалавек вяртаўся да звычайнага жыцця. Такіх выпадкаў нямала. Акрамя звышнатуральнага, ці ёсць аб'ектыўнае тлумачэнне такому цуду?

— Напэўна, у любой, нават самай складанай сітуацыі павінна быць месца цуду. І ў яго некалькі складнікаў. Многае залежыць не толькі ад прафесіяналізму медыцынскіх работнікаў. Важныя і зыходныя даныя: як чалавек ставіўся да свайго здароўя да хваробы, ці меў шкодныя звычкі, спадарожныя захворванні, які быў агульны стан здароўя. Вельмі важны настрой, жаданне перамагчы хваробу, жыць здаровым і паўнавартасным жыццём. Мабыць, у гэтым крыецца сакрэт поспеху ў падобных крытычных сітуацыях.

— Працу ўрачоў і медсясцёр у гэты перыяд называюць подзвігам. Некаторых узнагародзілі да Дня медыцынскіх работнікаў, некаторыя прадстаўлены да ўзнагароды крыху пазней. Былі прадугледжаны таксама матэрыяльныя бонусы. Як лічыце, якая ацэнка для іх самая каштоўная?

— Самае каштоўнае для медыцынскага работніка — бачыць, як пацыенту, у якога ён уклаў столькі энергіі і сіл, становіцца лепш. Як, пазбавіўшыся ад хваробы, ён з удзячнасцю медыкам і верай у свае сілы працягвае жыць. Гэта самая галоўная ўзнагарода для нас.

— На фоне зніжэння колькасці хворых ці змяніўся рэжым бальніц і паліклінік рэгіёна?

— Вядома, установы аховы здароўя вярталі да звычайнага рэжыму на падставе аператыўнага аналізу колькасці пацыентаў з інфекцыяй COVІD-19. Адноўлена таксама аказанне планавай медыцынскай дапамогі.

— Калі закрануць падтрымку галіны, то ці адчувалася ўвага з боку ўлады, прадпрыемстваў, грамадзян?

— Так, вядома, сістэма аховы здароўя Гомельскай вобласці атрымала адчувальную падтрымку і ад выканаўчай улады, і ад прадпрыемстваў, і, што таксама вельмі каштоўна, — ад грамадзян.

Дзякуючы дапамозе Гомельскага аблвыканкама з пачатку года набыта 39 апаратаў ШВЛ, тры аўтаматычныя аналізатары газаў крыві з камплектам рэагентаў і расходных матэрыялаў, 13 гемадынамічных манітораў, 49 блокаў падачы кіслароду, кіслародныя інгалятары, увільгатняльнікі кіслароду і іншае неабходнае абсталяванне. Адрамантавалі і аднавілі сістэмы забеспячэння медыцынскімі газамі, дадаткова падключылі больш за 600 пунктаў падачы кіслароду.

Міністэрства аховы здароўя цэнтралізавана закупіла наборы рэагентаў для ПЦР-дыягностыкі і экспрэс-тэстаў для дыягностыкі каранавіруснай інфекцыі, сродкі індывідуальнай аховы і медыцынскае абсталяванне.

Усяго арганізацыі аховы здароўя рэгіёна атрымалі бязвыплатную дапамогу на суму больш за Br1,7 млн. Гэта і фінансавая падтрымка, і сродкі індывідуальнай аховы, і дэзсродкі, і медабсталяванне, і бытавыя прыборы.

Транспартныя арганізацыі Гомеля дапамагалі з дастаўкай з Мінска гуманітарных грузаў. Дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы кожны дзень прывозілі гарачыя абеды медработнікам.

На сродкі, сабраныя простымі грамадзянамі і прадпрыемствамі горада, купілі сучасны апарат ШВЛ. Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа набыло перасоўны рэнтгенаўскі апарат. Пералічваць падобныя прыклады можна доўга. А вось сілу маральнай падтрымкі немагчыма перавесці ў лічбавы эквівалент. Мы ўдзячныя за ўсё.

— Як ацэньваеце дзеянні жыхароў рэгіёна? Ці на належным узроўні прыслухоўваліся да рэкамендацый урачоў?

— Трэба сказаць, што большасць грамадзян слухала парады ўрачоў і эпідэміёлагаў і выконвала меры бяспекі для зніжэння імавернасці інфіцыравання. Аднак, як і ва ўсе часы, асобныя грамадзяне катэгарычна не прымалі падобных мер і сваім прыкладам падштурхоўвалі блізкіх і знаёмых да такіх жа безадказных паводзін, а галоўнае — падвяргалі рызыцы сваіх блізкіх, калег па рабоце. Са зніжэннем узроўню захваральнасці насельніцтва на інфекцыю COVІD-19 істотна знізіўся ўзровень мер па ўласнай ахове. У грамадскіх месцах толькі адзінкі надзяваюць ахоўныя маскі і карыстаюцца антысептычнымі сродкамі, хоць недахопу ў іх няма. Хацелася б яшчэ раз нагадаць людзям, што вірус не дрэмле і не шкадуе ні маладых, ні старых. І, умоўна кажучы, сёння, як і ўчора, выкананне элементарных мер бяспекі ўсё гэтак жа актуальна. Не падвяргайце сябе і блізкіх неапраўданай рызыцы.

— У Гомельскай вобласці ў тых, хто перахварэў на каранавірусную інфекцыю, пераважала лёгкая форма або выпадкі з ускладненнямі?

— Большасць пацыентаў у рэгіёне перанеслі каранавірусную інфекцыю ў лёгкай ці бессімптомнай форме. Разам з тым было нямала пацыентаў, якім спатрэбілася лячэнне ва ўмовах стацыянара, а таксама і ў рэанімацыйным аддзяленні. Часам захворванне прыводзіла да сумных наступстваў. Цяжэй яно працякала ў пацыентаў, якія мелі спадарожную хранічную сардэчна-сасудзістую і дыхальную паталогію. Асабліва часта развіваліся ўскладненні ў асоб пажылога ўзросту з трыядай: лішняя вага, цукровы дыябет і артэрыяльная гіпертэнзія.

Пакуль няма канчатковых статыстычных звестак пра ўсе наступствы захворвання, але папярэдне ўжо можна казаць, што наша сістэма аховы здароўя справілася з гэтым выклікам не горш за заходнееўрапейскія краіны.

— Якія высновы пасля сутыкнення з нявывучанай інфекцыяй былі зроблены на ўзроўні раёнаў вобласці?

— Мабыць, галоўная выснова — толькі сумеснымі намаганнямі ўсяго грамадства мы здольныя супрацьстаяць падобным пагрозам і мінімізаваць іх наступствы.

— Зараз у некаторых еўрапейскіх краінах ідзе другая хваля віруса, уводзяцца каранцінныя меры. Ці гатовыя ў Гомельскай вобласці да падобнага?

— Перыяд стабілізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі мы выкарыстоўваем для дадатковага ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, у тым ліку па забеспячэнні гатоўнасці да магчымага ўздыму захваральнасці на COVІD-19. Цяпер на балансе арганізацый аховы здароўя Гомельскай вобласці — 12 камп'ютарных тамографаў, каля 350 рэнтгенадыягнастычных апаратаў, больш за 430 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, у тым ліку дарослых, неанатальных (педыятрычных) і партатыўных. Усе ў рабочым стане.

У стацыянарах рэгіёна ёсць 1,6 тысячы пунктаў падключэння кіслароду, якія магчыма задзейнічаць для лячэння пнеўманіі, з іх — 476 у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі. Працягваецца актыўная работа па арганізацыі дадатковых пунктаў падачы кіслароду.

Напярэдадні эпідэміялагічнага сезону росту захворвання на рэспіраторныя інфекцыі ў Беларусі плануецца штогадовая кампанія па вакцынацыі супраць грыпу. Аптымальныя паказчыкі прышчэпленасці, акрамя стварэння імуннай праслойкі сярод насельніцтва, дапамогуць звесці да мінімуму імавернасць выпадкаў мікст-інфекцыі — хваробы, выкліканай некалькімі патагеннымі мікраарганізмамі, што цесна ўзаемадзейнічаюць адзін з адным. Вакцынацыя супраць грыпу таксама паспрыяе зніжэнню нагрузкі на лячэбную сетку ў перыяд прагназаванай другой хвалі захваральнасці на COVІD-19.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.