Вы тут

Як наш журналіст была ўдзельніцай «канфлікту» на экзамене па медыяцыі


Маладая пара з двума дзецьмі жыве ў двухпакаёвай кватэры. Дачка сёлета ідзе ў школу, мама Ксенія з гадавалым сынам у дэкрэце. Бацька Анатоль працуе на двух работах, каб утрымліваць сям'ю. Яго маці Мар'я Пятроўна жыве ў аднапакаёвай кватэры, якая належыць Анатолю, а сваю «трошку» здае ў арэнду і ўсе грошы забірае сабе. Праблема, з якой яны прыйшлі да медыятара, напачатку гучала так: маладой пары не хапае грошай на жыццё і месца ў кватэры. Праз гэта нявестка са свякроўю лаяліся, а Анатоль ніяк не мог іх памірыць. Пагаварыць нармальна не атрымліваецца, таму дапамогу вырашылі шукаць у медыятара…


Такім першапачаткова быў сцэнарый канфлікту, разбірацца ў якім павінна была Таццяна, каб здаць экзамен на права атрымаць пасведчанне медыятара. Іспыт праводзілі ў цэнтры «Медыяцыя і права», які ўжо навучыў асновам медыяцыі каля 600 чалавек. Усе ўдзельнікі гульні-выпрабавання — спрачальнікі — бачыліся ўпершыню, таму падыграць адно аднаму не маглі. Здавалася б, кожны проста выконваў ролю, аднак за час іспыту ўсе так у іх уцягнуліся, што літаральна пражылі кавалачак жыцця сваіх герояў і адчулі іх клопаты. Настолькі, што ў выніку медыяцыйнай сустрэчы выйшлі на рэальныя прычыны канфлікту, якія нарадзіліся тут жа, падчас гульні. Мне на гэтым іспыце дасталася роля нявесткі, і скажу адразу, што пісаць пра гісторыю пары і ўдзельнічаць у стварэнні гісторыі — вялікая розніца. Аказалася, што прычына канфлікту не ў тым, пра што гаварылася напачатку. Ксенія прагне зусім не грошай, а Мар'я Пятроўна не давярае нявестцы і падазрае яе ва ўсякіх злачынствах, сама ж пры гэтым мае таямніцу...

Зневажаць нельга выказвацца

Напачатку сустрэчы кандыдат у медыятары Таццяна абвясціла, што мерапрыемства запланавана на 2-2,5 гадзіны, і прапанавала зрабіць неадкладныя званкі і завяршыць усе іншыя тэрміновыя справы, каб пасля не адцягваць увагу. Кожны з удзельнікаў пацвердзіў, што прыйшоў на працэдуру добраахвотна, бо гэта адзін з галоўных прынцыпаў удзелу ў ёй.

— Медыяцыя — нефармальны працэс урэгулявання вашай праблемнай сітуацыі з удзелам медыятара — незалежнай бесстаронняй асобы, — абазначыла Таццяна і нагадала некалькі правіл сустрэчы і прынцыпаў медыяцыі. — Прашу вас паважліва ставіцца адно да аднаго, не крычаць, не зневажаць, не перапыняць таго, хто гаворыць. Калі нехта не згодны з выказваннем, пазначайце на аркушах паперы інфармацыю, якую хочаце ўдакладніць. Каб вытрымаць канфідэнцыяльнасць, усё, што вы напішаце, застанецца тут. Тэлефонныя і дыктафонныя запісы размоў таксама лепш не весці. Я як медыятар не займаю пазіцыю ніводнага з бакоў, вытрымліваючы прынцып бесстароннасці. Дарэчы, гэтак жа добраахвотна, як вы прыйшлі на сустрэчу, вы таксама можаце і сысці з медыяцыі.

— Калі хтосьці з вас пажадае дадаць нейкі каментар, які не хоча агучваць перад усімі, зрабіць гэта можна падчас індывідуальнай размовы, якую на 15 хвілін я забяспечу кожнаму з бакоў. Пра гэтыя звесткі другі бок не даведаецца, калі вы не захочаце, — дадала Таццяна.

Адразу пасля гэтага Анатоль выказвае незадавальненне:

— Я б не хацеў, каб мае дзяўчынкі нешта без мяне абмяркоўвалі. Я не хачу нічога ад мамы хаваць. Тут селі і тут будзем размаўляць.

— У вас будзе магчымасць прадукцыйна абмеркаваць усё. Аднак індывідуальныя размовы прадугледжаны працэдурай, — тлумачыць Таццяна.

— Яны індывідуальна ўжо наскандаліліся. Мы прыйшлі сюды мірыцца! Пакуль не дамовімся, не пойдзем адсюль. Надакучылі лаянкі дома!

Такім чынам мы ўвайшлі ў медыяцыю-гульню.

Грошы, дзеці, катлеты...

Таццяна прапанавала Ксеніі выказацца першай. Анатоль адразу ўзвіўся: «Гэта ты прасіла, каб маму на другі план адсунулі?» — «Ды ні ў якім разе, проста медыятар бачыць, пэўна, у каго добрэйшы твар», — рэагуе Ксенія.

— Мы павінны выслухаць сёння ўсё пра канфлікт, каб зразумець, які шлях рашэння можна знайсці, — узяла ініцыятыву ў рукі медыятар. — Тым больш што пагадненне аб прымірэнні падпісана менавіта з Ксеніяй.

— Матэрыяльнае становішча ў нас цяжкае, а не нармальнае, як лічыць Толік. Дачку ў школу збіраць, малодшаму трэба ўжо прыкорм уводзіць нармальны. А мама твая ўсе грошы сабе забірае, магла б і падзяліцца. Мы ўжо два варыянты рашэння праблемы з ім прыдумалі. Мы ўчатырох маглі б пераехаць у «трошку», а маю двухпакаёўку здаваць, а грошы напалам дзяліць, мы не сквапныя. Другі варыянт — мы працягваем жыць дзе жывём, а Мар'я Пятроўна няхай падзеліцца з намі грашыма. Яна не пагаджаецца ні на адзін з варыянтаў, кажа, што ёй трэба для сябе пажыць, — агучвае праблему Ксенія.

Наступнаму прапануюць выказацца Анатолю:

— Ну, не ўсё так адназначна. У гэтай кватэры мы жывём даўно. Яшчэ да вяселля мы з Ксюшай абмяркоўвалі, як будзем жыць. Трохпакаёвая кватэра належыць маім бацькам. Для мяне яны да вяселля яшчэ пабудавалі аднапакаёўку. А як вырашылі ажаніцца, то пераехалі да Ксеніі жыць, а аднапакаёўку здавалі. І ўсе сябравалі. А потым у нас дзеці пайшлі. Бацька мой памёр, брат ажаніўся. Маме ўжо тая трохпакаёўка і не патрэбная. Яна ў маю пераехала, а бацькоўскую здаваць сталі. А потым яны раптам пасварыліся тыдні два таму, і панеслася. Чаго Ксеніі не хапае, не разумею. Можа, ёй сумна стала ў дэкрэце, яна ж у мяне актыўны чалавек. Бо мама і дзяцей глядзіць, і часам грошы дае. І нявестцы вось 100 долараў на юбілей падарыла. Унучка захацела ровар — бабуля купіла, на поўдзень яе звазіла адпачыць, да 1 верасня завушніцы падарыла дарагія. Маці сваёй я не вораг, высяляць яе не буду. Я хоць дома і рэдка бываю з-за дзвюх работ, але хачу спакою ды цішыні. Можа, вы памірыцеся, бо жыцця няма, хоць з хаты ўцякай.

Анатоль так разышоўся, так абурыўся, што цалкам запаланіў сабой інфармацыйную прастору. Нават медыятар яго ледзьве прыпыняла.

— Я сябе адчуваю непатрэбнай. Ты сядзіш і маму сваю падтрымліваеш. Яна тое, яна гэта, — не вытрымлівае ўрэшце Ксенія. — А ты ведаеш, як яна са мной размаўляе, пакуль цябе няма?

Калі надыходзіць чарга выказацца Мар'і Пятроўне, яна чамусьці пачынае настойваць на тым, каб спачатку пагаварыць асобна з медыятарам:

— Ёсць некаторыя рэчы, якія я не хацела б выносіць перад усімі. Я магу сказаць толькі пра свае апасенні.

— Яна што, загуляла, пакуль мяне не было?! — узрываецца Анатоль.

— Вось сваімі недагаворкамі да чаго давялі. Вы што, нас развесці хочаце?! — крычыць і Ксенія.

Пачынаецца вэрхал.

— Фіксуйце свае каментарыі, у тым ліку і адно да аднаго, на паперы, не павышайце голас, — нагадвае медыятар, супакойваючы спрачальнікаў, і прапануе выказацца другому боку — свекрыві.

— Мой сын і Ксенія даўно жанатыя. У мяне цудоўныя ўнукі. Я дагэтуль перажываю смерць мужа, а нявестка стала мне радзей даваць унукаў, асабліва маленькага. Я не разумею, чаму раптам Ксеніі спатрэбілася гэтая кватэра. Навошта ёй, каб я аддавала палову грошай ад арэнды? На што ёй не хапае? Ну, пераеду я назад у сваю трохпакаёвую, а раптам яны з сынам разыдуцца і ёй кватэра сына аднапакаёвая дастанецца? Я не давяраю нявестцы! Думаю, яна хоча «развесці» майго сына на грошы.

— Ды шмат на што трэба грошай! У нас рамонту не было ўжо дваццаць гадоў! — усхопліваецца нявестка. — І што вы ўсё пра развод кажаце?! Я яму двух дзяцей нарадзіла! Я табе не казала, Толік, не хацела, але мама твая мяне крытыкуе бясконца. Катлеты нясмачныя, боршч надта тлусты, бардак у кватэры...

Медыятар ізноў заклікае паважаць адно аднаго. Атмасфера між тым распальваецца. Тым не менш у адказ на кожную прэтэнзію мамы і жонкі Анатоль дыктуе рашэнне, нават не пытаючыся, што яны пра гэта думаюць. Ды і на Таццяну пачынае пакрыкваць. Але першая зрываецца на крык менавіта свякроў, якая пагражае сысці з медыяцыі, калі ёй не дадуць пагаварыць з медыятарам асобна.

Прычыны — надуманыя, эмоцыі — сапраўдныя

Пасля кароткага эмацыянальнга выбуху Мар'я Пятроўна нарэшце кажа, чаму падазрае нявестку. Аказваецца, яна ўбачыла ў той на камп'ютары адкрытыя старонкі з запытамі «Як прадаць «аднушку» і «Як перааформіць кватэру» і вырашыла, што Ксенія збіраецца адабраць у сына маёмасць.

Нявестка тут жа тлумачыць, што піша артыкул пра нерухомасць, таму і глядзела, што ў сеціве на гэты конт пішуць. Хоць яна і ў дэкрэце, але ж стараецца не траціць кваліфікацыю, абстрагавацца ад хатніх клопатаў, ды і грошы сапраўды дадатковыя.

Анатоль прапануе ўсім разыходзіцца, раз у гэтым прычына. Ён для сябе ўжо вызначыўся і гатовы далей сам разбірацца з блізкімі.

Пачынаецца чарговая эмацыянальная сварка, якую Таццяна перапыняе прапановай даць магчымасць спрачальнікам выказацца падчас індывідуальных размоў па 15 хвілін.

І вось ужо пасля гэтага высвятляюцца дадатковыя акалічнасці і сапраўдныя прычыны канфлікту.

— Толік, мне здаецца, ты да мяне ставішся не так, як раней. У цябе мама на першым месцы! Мне не хапае тваёй увагі. Замест цябе твая мама перад вачыма ўвесь час, — не вытрымлівае Ксенія.

— Давай толькі без гэтага, ты мне ўльтыматумы не стаў. Чаго табе не хапае? З раскошы шалееш? Твая першасная задача — маленькі сын. Хочаш на работу — ідзі працуй. Толькі я малога глядзець не магу. На работу ездзіў, езджу і буду ездзіць! — выносіць вердыкт Анатоль. — З дэкрэту выйдзеш — будзе табе павага. Хочаш слоў пяшчотных — напішы, буду табе чытаць.

Медыятар спрабавала дастукацца да пачуццяў Анатоля, аднак той цвёрда стаяў на сваім.

Агучыла ўголас урэшце пасля індывідуальных размоў сваю таямніцу і Мар'я Пятроўна. Аказваецца, грошы ёй патрэбныя на лячэнне, яна не хацела хваляваць сына... Пры гэтым яна нават пабойваецца яго нахрапістасці, хоць і любіць, і шкадуе.

Гэтаксама як і Ксенія, якая і прагне ўвагі мужа, і крыўдуе, і шкадуе, што ён на дзвюх работах. Толькі каб дапамагчы яму, яна хапаецца за ўсё адразу: ці працаваць, ці большую кватэру знайсці, каб для адпачынку больш магчымасцяў было...

Тут панеслася пановай. Ксенія адразу адмовілася ад прэтэнзій на грошы і пераезд. «Мы спраўляемся ў двухпакаёўцы, яшчэ патрываем, пакуль вы не назбіраеце патрэбную суму, а «трошку» ж даражэй здаваць». Мар'я Пятроўна пагадзілася схадзіць да натарыуса, каб той пацвердзіў ёй, што нявестка з кватэрай сына сапраўды зрабіць нічога не зможа, нават у выпадку разводу. А Анатоль супакоіўся, што паміж «яго дзяўчынкамі» ўсё высветлілася, непапраўнага не здарылася, а мяняць нешта тэрмінова і не трэба.

...Мы ўсе так ужыліся ў ролі, што калі прайшло амаль 2,5 гадзіны, нават гэтага не заўважылі і працягвалі «вырашаць праблемы». Невядома, да чаго б яшчэ «дакапаліся», калі б нас не перапынілі экзаменатары. Цяпер магу на вопыце сказаць, наколькі гэта складаная і важная справа — мірыць людзей, тым больш калі ты іх не ведаеш. Магчыма, адносіны ў нашых герояў і не адразу палепшацца, аднак яны дакладна не стануць горшыя, бо людзі пагаварылі і пачулі адно аднаго. Як правіла, менавіта гэта і трэба зрабіць, каб не страціць тое, што існуе. А выслоўе «лепш мірыцца, чым судзіцца» сапраўды працуе.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Што на паверхні, а што — унутры?

Выбар рэдакцыі

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.

Грамадства

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Маладыя муж і жонка нецярпліва чакалі з'яўлення ў іх сям'і дзіцяці. 

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках