Вы тут

Мора без фараонаў, або Ці ёсць турызм у перыяд пандэміі?


Распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі ў свеце, безумоўна, унесла свае карэктывы ў летнія планы адпачынку для ўсіх, і беларусы не выключэнне. Закрытыя граніцы іншых краін, актывізацыя ўнутранага турызму прымусілі многіх адмовіцца ад ранейшых планаў адправіцца на мора, але засталіся экстрэмалы, якія на свой страх і рызыку спакавалі чамаданы і рушылі... на курорт. Як выглядае адпачынак на папулярным у еўрапейцаў егіпецкім курорце Шарм-эль-Шэйх, мы раскажам вам зараз.


Пачну з таго, што гэтая паездка адбылася спантанна: не планавалі, не разлічвалі, а толькі марылі пра цёплыя воды якогасьці (нават міфічнага) мора, бо ўжо колькі гадоў там не былі... Раптоўна і нечакана пашанцавала — замаячыла некалькі дзён адпачынку. Таму разам з жонкай вырашылі пацікавіцца прапановамі тураператараў на цяперашні момант. Беглы прагляд водгукаў і стужак навін паказаў: беларусы могуць у жніўні адпачыць не так ужо і шмат дзе. А хацелася сонца і цёплага мора...

— Махнём у Турцыю? Чорнае мора, як-ніяк, да болю знаёмае, а? — пачала жонка «прабіваць» тэму.

— Можа, лепш параіцца з кімсьці, хто бачыў крыху далей за Чорнае мора? — прапаную ў адказ.

Сказана — зроблена. Найбліжэйшы офіс тураператара ад месца работы, рэйтынг якога па водгуках аказаўся самы высокі. Паўгадзіны на абмеркаванне дэталяў і... мара ўсё больш і больш набліжаецца да рэчаіснасці. У прыватнасці, вельмі цікавыя прапановы цяпер у егіпецкіх гатэляў, якія надта пакутуюць ад недахопу еўрапейскіх турыстаў, таму зніжаюць цэны на свае паслугі і становяцца больш прывабныя для турыста сярэдняй рукі. У параўнанні з папярэднімі сезонамі, кажуць тураператары, эканомія складае каля 30 %. Яшчэ адзін цікавы момант: танней набываць тур з вылетам з любога рэгіянальнага аэрапорта: яны ёсць і ў Гродне, і ў Віцебску, і ў Гомелі... Нам аказалася зручней ляцець з гродзенскага. Дарэчы, такое рашэнне ў параўнанні з прапановай вылету з Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» падоўжыла наш адпачынак на суткі за тыя ж грошы.

Чатыры гадзіны — і ты на курорце!

Апроч пашпартнага і мытнага кантролю цяпер праводзіцца і медыцынскі, інакш кажучы, вымярэнне тэмпературы. Калі ўсё добра, можна ляцець! Сам палёт доўжыцца чатыры гадзіны: чартарны рэйс на «Боінгу-737» кампаніі «Белавія» звязвае Гродна і Шарм-эль-Шэйх. Наш борт першы адкрыў гэты напрамак, і цяпер палёты выконваюцца штотыднёва. Ці трэба казаць, што салон быў запоўнены цалкам, бо такіх прапаноў на турыстычным рынку даўно не было... Людзі сабраліся адпачыць цэлымі сем'ямі, з дзецьмі і нават бацькамі. А чаму б і не?!

Па прылёце — хуткі пашпартны кантроль, запаўненне ўсіх дакументаў: міграцыйных картак і загадзя запоўненых формаў, што ты не хворы на каранавірусную інфекцыю. Дарэчы, наконт гэтай навалы: з 1 верасня турыстам давядзецца мець пры сабе ПЦР-даследаванне на COVІD, зробленае не пазней чым за 72 гадзіны да вылету. Нам пашчасціла — у гэты перыяд дастаткова было толькі запоўніць звычайную паперу, словам, пускалі на павер.

Яшчэ адзін відавочны плюс выбару гэтага напрамку — у летні перыяд не патрабуецца віза: набыў тур і ляці сабе без лішніх выдаткаў. Нават ранейшы турыстычны збор тураператар не бярэ, што таксама паўплывала на наша рашэнне. Адзінае, што параю — дадаткова аформіць страхоўку на выпадак захворвання на каранавірусную інфекцыю і неабходнасці вяртання іншым рэйсам. Але тут ёсць падводныя камяні: з моманту першага плацяжу за тур не павінна прайсці больш за два тыдні. Прычым пацвердзіць гэты факт у вас, хутчэй за ўсё, папросяць дакументальна, таму лепш усе банкаўскія квіткі аб аплаце пакуль прытрымаць у кішэні — сметніца пачакае.

Акцэнт — на ўнутраны турызм

А цяпер пра сам адпачынак. Яго цяперашняй асаблівасцю можна назваць пэўнае зацішша. Не, гэта не значыць, што турыстаў няма, — яны ёсць, але ў параўнанні з папярэднімі сезонамі іх стала значна менш. Гатэлі, як мы заўважылі, таксама вытрымліваюць своеасаблівую сацыяльную дыстанцыю — многія стаяць пустыя ў чаканні іншаземных гасцей. На момант, калі мы засяліліся ў свой чатырохзоркавы гатэль, ён, здаецца, быў запоўнены працэнтаў на 40–50 % — не болей. Прычым сярод турыстаў са славянскай знешнасцю адпачывалі толькі нашы суайчыннікі і ўкраінцы. Расійскіх турыстаў заўважана не было (што і нядрэнна само па сабе, бо шумных пасядзелак у бары ніхто не ініцыяваў).

Сярод новых рэалій — змена акцэнтаў уладальнікаў гатэляў у бок адпачынку сваіх гасцей. Гаворка ідзе пра іх запаўненне за кошт унутранага турызму: арабскія сем'і выбіраюць гэты напрамак для адпачынку пераважна на ўік-энды. Скажу адразу, такое суседства было вельмі карыснае для знаёмства з іншым этнасам. Ну дзе ж яшчэ так шчыльна ты сутыкнешся з усходняй культурай?! Жанчыны ў хіджабах, паранджы (яны нават у басейне плаваюць у адмысловым касцюме) заўсёды побач са сваім мужам і дзецьмі. Адрозніваліся мы не толькі па знешнім выглядзе — у кожнага з нас былі рознага колеру бранзалеты: еўрапейцы насілі жоўтага колеру, што азначала «усё ўключана», арабы — зялёнага: без алкагольных напояў.

Трэба сказаць, што новыя рэаліі паўплывалі і на падыход да харчавання. Так званыя шведскія сталы нікуды не зніклі, толькі супрацоўнікі рэстарана (якія заўсёды былі ў масках і пальчатках) самі накладвалі ежу турыстам у любой колькасці — хоць пакуль разарвешся! Прыборы для харчавання таксама былі запакаваныя для кожнага асобна.

Таргуйцеся з задавальненнем

Але самы вялікі плюс Егіпта — гэта Чырвонае мора! Яно лагоднае, яркае і жывое. Абавязкова раю набыць маску для падводнага плавання: па-першае, трэба бачыць гэтую рыбную разнастайнасць і рознакаляровасць, па-другое, цэны знізіліся амаль удвая. Мае сябры набывалі такую ж маску летась за 25 долараў, мы ж — усяго за 12. Між іншым, зніжэнне цэн з-за адсутнасці турыстаў (унутраных не лічым, яны амаль нічога не набываюць) — толькі на руку! Таргуйцеся без сораму — і не пашкадуеце. Асноўная валюта на курорце — гэта амерыканскі долар, але і егіпецкі фунт, калі ён у вас ёсць, вітаецца. Цяперашні курс — 1 долар да 16 фунтаў.

Калі гатэль не ў цэнтры ці дзесьці побач, а, напрыклад, у новым раёне Набцы, смела бярыце маршрутку: іх кіроўцы пачнуць вас зазываць, як толькі вы выйдзеце за межы гатэля. Першапачатковая такса — долар з чалавека, але не забывайцеся пра торг: на самай справе за гэтыя грошы вы даедзеце ў цэнтр удваіх. Вяртацца можна такім жа чынам ці на таксі, за якое папросяць, як звычайна, больш, але 5 долараў (за 30 кіламетраў у дарозе) — канчатковая сума праезду за ўсіх, хто змесціцца ў салоне.

Сярод даступных забаў, акрамя паездкі ў цэнтр на мясцовы рынак, прапануюць яшчэ марскую вандроўку ці паездку па пустыні на квадрацыклах. На жаль, праз распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі ў Каіры (дарэчы, сярод турыстаў не было выяўлена ніводнага выпадку) наведванне знакамітых егіпецкіх пірамід пакуль знаходзіцца пад забаронай. Але нічога — мора ўсё кампенсуе! Асабліва яркім і запамінальным можа стаць купанне ў адкрытым моры: першы раз страшнавата, але потым — цэлы фантан эмоцый!

У ліку забароненых — вываз кавалкаў рыфаў, ракушак ды іншых марскіх «сувеніраў». Памятайце: каб не сапсаваць сабе ўспаміны пра адпачынак, лепш вяртацца не з такімі артэфактамі, а з іх выявамі, якія вы абавязкова зробіце на памяць у неверагоднай колькасці!

Сяргей ЭМБЕРГ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».