Вы тут

Зянон Фіш, унікальная з’ява славянскай літаратуры


Зянон Фіш, унікальная з’ява славянскай літаратуры

Расхінаючы літаратуразнаўчае кустоўе, якім параслі згадкі пра XIX стагоддзе, не-не ды натрапіш на камень-успамін. Засмечаная пісьмовая цагліна часам не ўтрымлівае ніякіх пазнак. Аднак пратрэш яе — і ўжо можна класці ў мур беларускага дома. Іншаземныя ж цагліны часам выкідваюць. Між тым і яны калісьці нітавалі наша шматнацыянальнае супольнае жыццё. Пісьменнік Зянон Фіш якраз такая асоба — ён, нібы цэмент, замацоўваў культуру палякаў, украінцаў і беларусаў. І нарадзіўся гэты адораны талентам і вядомы ў свой час літаратар менавіта на нашай зямлі.

Зянон Фіш жыў у ХІХ стагоддзі, пісаў на польскай мове і ў большасці пра Украіну, таму сучаснаму нашаму чытачу ён невядомы. Але ад гэтага значнасць яго творчасці для беларусаў не змяншаецца. Узяць хаця б спрэчку пісьменніка з рускім публіцыстам членам-карэспандэнтам імператарскай Пецярбургскай акадэміі навук Мікалаем Кастамаравым. Абодва выступілі на старонках друкаваных выданняў у 1860 годзе. Кастамараў у даволі з’едлівай форме высмейваў прагу літаратараў Маларосіі (Украіны) да сваёй гісторыі і сцвярджаў, што як пакуты, так і герояў мінуўшчыны не варта пераносіць у сучаснасць. Маўляў, мы цяпер іншыя, і калі нашы продкі ў чымсьці памыляліся, то гэта былі іх памылкі, а мы б такіх учынкаў сабе не дазволілі, таму пакінем мінуўшчыну продкам. На гэта Фіш адказаў літаральна наступнае: «Дзе няма павагі да бацькоў, там няма месца любові да дзяцей…» Цалкам жа дыскусія з боку Кастамарава зводзілася да сцвярджэння, што ў Расійскай імперыі простаму ўкраінцу жывецца лепш, чым у колішняй Рэчы Паспалітай. Яго апанент, абапіраючыся на палажэнні Літоўскага Статута, даказваў адваротнае. Па сутнасці, у размове ўжо ў той час паднялася тэма праў нацый на самавызначэнне. Адказ Фіша Кастамараву заняў чатыры вялікія газетныя паласы і можа лічыцца ўзорам для палемістаў, якія ў спрэчках з расійскімі гісторыкамі стаяць на беларускіх нацыянальных пазіцыях.

Варта асобна адзначыць і выключнасць літаратурных твораў Зянона Фіша. Не сакрэт, што сучасныя беларускія літаратуразнаўцы скептычна ставяцца да творчасці сваіх землякоў, якія ў XIХ стагоддзі тварылі на польскай мове. Адам Міцкевіч — вялікае выключэнне. Скажам, творчасць паэта Антона Гарэцкага вярнулася да нас зусім нядаўна, а многія ж імёны да гэтай пары ў забыцці.

 

Гогаль стаў класікам рускай літаратуры, хаця пісаў пра тое ж, што і Фіш на польскай, — пра Украіну, яе звычаі, яе народ. Гогаль баяўся, што, акрамя як на рускай, ніяк не здолее паказаць свой талент. Мова, прыгажосць пабудовы сказаў і літаратурныя асаблівасці раскрыцця сюжэта захоплівалі яго. Ён стаў бы знакамітым незалежна ад тэматыкі сваіх твораў. Фіш жа, выдатна знаёмы з гогалеўскімі шэдэўрамі, саступаючы класіку ў таленце, імкнуўся якраз да адваротнага — заглыблення ў тэму і паказу характараў і вобразаў без літаратурнага глянцу. Яго героі размаўляюць па-простаму, па-ўкраінску, так, як было ў жыцці… але на польскай мове. Хто большы украінец — Гогаль ці Фіш — пытанне спрэчнае. Адказ на яго ляжыць у плоскасці нацыянальнага самавызначэння творцы. Для беларускай літаратуры гэта актуальна і сёння: пісаць на роднай мове і заставацца забытым Фішам ці тыя ж рэчы падаць па-руску і стаць Гогалем. Заўважу, што і Гогаль, і Фіш зрабілі важкі ўнёсак у стварэнне ўкраінскай літаратуры.

Польскамоўныя ўкраінскія шуканні Фіша маглі быць вядомыя і  тагачаснай дэмакратычнай беларускай эліце (паэтам Ігнату Легатовічу і Адаму Пянькевічу, мастаку Шэмешу, кампазітару Станіславу Манюшку і г. д.) , якія гуртавалася вакол слыннага адраджэнца беларускай мовы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Звестак пра літаратурнага бунтара Зянона Фіша няшмат. Грунтоўнай працай пра яго жыццё і творчасць можна лічыць вялікі артыкул польскага даследчыка ўкраінскага паходжання Леанарда Савінскага (1831–1887), які друкаваўся ў шасці нумарах часопіса Kłosy ў 1878 годзе. Савінскі выдатна валодаў пяром, меў апублікаваныя творы, удзельнічаў у паўстанні (на гэтую тэму пазней напісаў драму «На Украіне»), а ў 1862 годзе быў сасланы ўглыб Расіі. Сучаснікі аддавалі належнае яго літаратуразнаўчым ведам і крытычным працам. Дастаткова сказаць, што ён пераклаў на польскую мову «Гайдамакаў» Тараса Шаўчэнкі (творчасць якога вельмі паважаў), але не прамінуў пры гэтым крытычна выказацца адносна твора.

Чым быў выкліканы зварот Савінскага да біяграфіі і творчай скарбонкі Зянона Фіша — цяжка сказаць. Мажліва, данінай памяці сябру, які быў ужо ў іншым свеце? Артыкул у «Каласах» насычаны цеплынёй, якую звычайна выказваюць добра знаёмаму аднадумцу-паплечніку.

Савінскі даследаваў і падкрэсліў значэнне творчасці Фіша для ўкраінскай і польскамоўнай літаратуры. Аднак беларуская эліта таго часу, шляхта, таксама карысталася польскай мовай. Таму нацыянальныя вызначэнні Фіша як пісьменніка, яго даніна павагі нявольнай Украіне безумоўна ўплывалі і на тагачаснага беларускага чытача, не давалі згаснуць яго нацыянальнай свядомасці.

Артыкул Савінскага, які скарочана падаецца ў перакладзе з польскай мовы, дапоўнены зноскамі, некаторыя асабістыя імёны пададзены на мове арыгінала.

Віктар ХУРСІК

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.