Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным штотыднёвым аглядзе «Звязды» расказваем пра самыя цiкавыя спартыўныя навiны.


1. Беларускiя лёгкаатлеткi выступiлi на мiжнародных спаборнiцтвах — мемарыяле Iштвана Дзьюлаi ў Венгрыi. Турнiр з'яўляецца адным з этапаў World Athletics Continental i мае залаты ўзровень у гэтай серыi турнiраў. Настасся Мiрончык-Iванова перамагла ў скачках у даўжыню: у першай жа спробе яна скокнула на 6,77 м, не пакiнуўшы сваiм сапернiцам нiводнага шанцу. Настасся на адзiн сантыметр апярэдзiла ўкраiнку Марыну Бех-Раманчук, якая ў пятай спробе паказала 6,76 м. На трэцiм месцы — спартсменка з Венгрыi Дзiяна Лэсцi з асабiстым рэкордам 6,65.

У бегу з бар'ерамi бронзавы медаль выйграла Эльвiра Герман. У забегу на 100 метраў яна фiнiшавала з вынiкам 12,96 секунды. Яе апярэдзiлi лiдар сусветнага сезону Надзiн Вiссер (12,68) з Нiдэрландаў i Луца Козак (12,71) з Венгрыi. На п'едэстал паднялася яшчэ адна беларуска — Ганна Малышчык, лiдар сусветнага сезону ў кiданнi молата. У найлепшай спробе Ганны снарад паляцеў на 70,59 м. Такi вынiк забяспечыў ёй бронзавы медаль. Далей за ўсiх молат адправiла францужанка Аляксандра Тавернье — 73,09, на другiм месцы польская спартсменка Мальвiна Капрон — 72,68.

2. Гандбалiсты клуба «Мяшкоў Брэст» 12-ы раз сталi ўладальнiкамi Кубка Беларусi. Вырашальны матч прайшоў у Пiнску, дзе брастаўчане абыгралi мiнскi СКА з вынiкам 26:25 (15:13). У барацьбе за трэцяе месца гандбалiсты «Гомеля» перамаглi магiлёўскi клуб «Машэка» — 32:31. Найлепшым гульцом «Мяшкоў Брэст» стаў Мiкiта Вайлупаў, якi закiнуў 11 мячоў. А ў мiнскiм СКА вызначыўся Кiрыл Самойла, што закiнуў iх сем. Для клуба «Мяшкоў Брэст» гэта 12-я перамога ў Кубку Беларусi.

3. Хакеiсты гродзенскага «Нёмана» з вынiкам 5:0 (1:0, 1:0, 3:0) абыгралi «Магiлёў» у гасцявым матчы групавой стадыi Кубка Салея—2020. Таксама ў групе В аршанскi «Лакаматыў» прымусiў капiтуляваць хакеiстаў «Лiды» — 5:0 (3:0, 2:0, 0:0). Акрамя таго, у гэтай групе хакеiсты зборнай Беларусi U-18 здолелi разграмiць «Пiнскiх ястрабаў» — 7:0 (1:0, 3:0, 3:0). Вырашальны раўнд Кубка Салея адбудзецца 29—30 жнiўня ў фармаце «фiналу чатырох». У першы дзень пераможцы групавой стадыi сустрэнуцца са сталiчнымi «Юнацтвам» i «Дынама». На наступны дзень адбудуцца матчы за 3-е месца i вырашальны паядынак.

4. Юныя беларускiя баскетбалiсты прайшлi ў топ-8 каманд турнiру Skills Challenge. Юнацкая каманда U-17 у фiнале квалiфiкацыйнага этапу была мацнейшая за румынскiх апанентаў. У барацьбе за выхад у чвэрцьфiнал беларусы перамаглi каманды Уганды i Турцыi, двойчы ўстанавiўшы сусветны рэкорд — 111 ачкоў, але потым саступiлi камандзе Манголii. За выхад у паўфiнал беларуская каманда спрачалася з камандай Балгарыi, але ў чвэрцьфiнале нашы спартсмены ўступiлi 128:126 i выбылi з барацьбы за ўзнагароды. Пераможцамi турнiру сярод мужчынскiх камандаў сталi прадстаўнiкi Манголii, якiя перамаглi балгар з вынiкам 99:124.

Турнiр Global Challenge замянiў юнацкiя чэмпiянаты свету, адмененыя праз пандэмiю каранавiруса. Згодна з сiстэмай спаборнiцтваў, каманды сустракалiся памiж сабой завочна. Калектывы праходзiлi эстафету на час, ход якой фiксаваўся на вiдэа. Запiсы адпраўлялiся ў офiс Мiжнароднай федэрацыi баскетбола для вызначэння якасцi i хуткасцi баскетбольнага майстэрства.

5. Беларускiя валейбалiсткi з перамогi стартавалi на маладзёжным чэмпiянаце Еўропы, якi праходзiць у Осiеке (Харватыя) i Зенiцы (Боснiя i Герцагавiна). Падапечныя Вольгi Пальчэўскай у цяжкiм пяцiсэтавым паядынку абыгралi зборную Сербii — 3:2 (16:25, 25:21, 25:21, 20:25, 15:13). Нападаючая беларускай каманды Ксенiя Лябедкiна стала найлепшым гульцом матча, набраўшы 22 ачкi. Дар'я Саўчук была прызнана найлепшай блакiруючай сустрэчы, пасля таго як пяць разоў спыняла атакi сапернiц. Усяго ж на яе рахунку 14 ачкоў. Яшчэ 12 ачкоў для каманды Беларусi зарабiла Дар'я Борыс.

«Я вельмi задаволеная вынiкам. Гэта быў цяжкi матч i вельмi важная перамога. Цяжка змагацца супраць каманды з высокiмi гульцамi, у якiх высокi скачок i выдатны блок. Вельмi добра паказалi сябе ў абароне. Кожная каманда хоча выйграць. Мы таксама. Спадзяюся, што падчас чэмпiянату будзем гуляць вельмi добра, а калi атрымаецца, пазмагаемся за медаль», — пракаментавала вынiк сустрэчы трэнер зборнай Беларусi Вольга Пальчэўская.

Таксама ў гэтай групе адбыўся матч памiж валейбалiсткамi Польшчы i Славакii. З лiкам 3:0 (27:25, 25:15, 25:18) перамогу атрымалi польскiя спартсменкi. Далей каманда пад кiраўнiцтвам Вольгi Пальчэўскай паспрачаецца з дружынамi Польшчы i Боснii i Герцагавiны.

Валерыя Сцяцко

Загаловак у газеце: Беларускiя валейбалiсткi пераможна пачалi маладзёжны чэмпiянат Еўропы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.