Вы тут

Васiль Колб: У нашай краiне дастатковая колькасць радовiшчаў


Прырост запасаў карысных выкапняў па многiх вiдах перавышае патрэбы айчыннай прамысловасцi

Наша краiна мае значны мiнеральна-сыравiнны патэнцыял. Па выпуску калiйных угнаенняў мы займаем трэцяе месца ў свеце, а па вытворчасцi цэменту — лiдзiруем у Еўропе. Пра гэта i пра развiццё геалагiчнай галiны Беларусi расказаў начальнiк галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Мiнпрыроды Васiль КОЛБ.


Фота Сяргея Нікановіча.

— Адзiн з важных паказчыкаў у тым лiку эканамiчнага дабрабыту краiны — уласныя запасы нафты. Колькi iх здабываецца, цi ёсць недаразведаныя радовiшчы?

— У апошнiя гады ўзровень здабычы нафты ў нашай краiне стабiлiзаваўся i складае 1,7 мiльёна тон. Усяго ж выяўлена 87 радовiшчаў, з якiх распрацоўваецца 60. У мэтах адкрыцця новых радовiшчаў i павелiчэння агульных запасаў нафты ў краiне штогод забяспечваецца прырост яе здабычы.

За апошнiя чатыры гады РУП «НВЦ па геалогii» забяспечыла прырост папярэдне ацэненых запасаў нафты ў аб'ёме 3,463 мiльёна тон (115,4 % ад устаноўленага паказчыка на 2016—2020 гады). РУП «ВА «Беларуснафта» сумесна з НВЦ па геалогii забяспечыла прырост запасаў нафты прамысловых катэгорый у аб'ёме 4,016 мiльёна тон, або 79,2 % ад устаноўленага паказчыка на 2018—2020 гады (5,07 мiльёна тон).

— Васiль Юр'евiч, цi дастаткова ў нас сваiх карысных выкапняў, неабходных для будаўнiчай галiны?

— На тэрыторыi Беларусi разведаны шматлiкiя радовiшчы будаўнiчых матэрыялаў: цэментнай сыравiны, будаўнiчага каменю, пяску, глiн, якiя выкарыстоўваюцца ў натуральным выглядзе або пасля адпаведнай тэхналагiчнай перапрацоўкi. Таксама створаны значны рэзерв для большасцi горназдабываючых прадпрыемстваў. На базе радовiшчаў паспяхова функцыянуюць такiя прадпрыемствы, як ААТ «Беларускi цэментны завод», ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», ААТ «Крычаўцэментнашыфер», РУВП «Гранiт», ААТ «Даламiт» i iншыя. У першым паўгоддзi забяспечаны прыросты прамысловых запасаў будаўнiчых пяскоў, пясчана-гравiйнай сумесi i будаўнiчага каменю.

— Якiя карысныя выкапнi ў нас, так бы мовiць, залiшнiя i, адпаведна, экспартуюцца?

— У нашай краiне дастаткова радовiшчаў, якiя не распрацоўваюцца па шэрагу прычын, у тым лiку таму, што яны з'яўляюцца рэзервовымi. З 86 разведаных i падрыхтаваных для распрацоўкi радовiшчаў торфу распрацоўваюцца 39, з больш за 200 радовiшчаў пясчана-гравiйнага матэрыялу распрацоўваюцца каля 130, з 94 радовiшчаў сапрапелю — 13.

Што да экспарту, найбольшая ўдзельная вага ў 2016—2019 гадах у колькасным выражэннi прыпадае на гальку, жвiр, друз — 37 мiльёнаў 817 тысяч тон. Пры гэтым у грашовым эквiваленце найбольшую ўдзельную вагу мае экспарт сырой нафты, газавага кандэнсату — 2 мiльярды 615 мiльёнаў долараў ЗША (за 2016—2019 гады). Усяго экспарт мiнеральнай сыравiны ў названы перыяд склаў 3 мiльярды 638 мiльёнаў долараў ЗША.

Аналiз экспарту ў 2016—2019 гадах мiнеральнай сыравiны паказвае, што найбольшы яго аб'ём у колькасным выражэннi прыпадае на 2017 год i складае 14 мiльёнаў 271 тысячу тон. Разам з тым у грашовым эквiваленце пераважае 2018 год, калi сума экспартаванай мiнеральнай сыравiны склала 996 мiльёнаў 579 тысяч долараў ЗША.

Па экспарце калiйных угнаенняў Беларусь уваходзiць у тройку сусветных лiдараў.

— А што можна сказаць пра iмпарт мiнеральнай сыравiны?

— Найбольшая ўдзельная вага iмпарту ў грашовым эквiваленце належыць сырой нафце, газаваму кандэнсату — 22 мiльярды 712 мiльёнаў долараў ЗША за перыяд 2016—2019 гадоў.

Звяртае на сябе ўвагу рэзкi рост у 2019 годзе iмпарту бурага вугалю — 48,8 тысячы тон, або ў 3,8 раза да паказчыкаў 2016—2018 гадоў. Рэзюмуючы, адзначу, што ў
2016—2019 гадах iмпарт мiнеральнай сыравiны перавысiў яе экспарт у 6,3 раза.

Фота Андрэя Феакцiстава. Бурэнне свiдравiны пры сейсмаразведцы.

— З якiмi праблемамi сутыкаецца галiна?

— Назаву тры з iх. Адной з асноўных праблем геалагiчнай галiны з'яўляецца маруднае амаладжэнне кадраў. Разам з тым трэба адзначыць, што за пару апошнiх гадоў прэстыж прафесii геолага сапраўды стаў павышацца, вядома, не так, як у савецкiя часы, аднак працэс iдзе. Тая палiтыка, якую праводзяць Мiнпрыроды, падпарадкаванае яму прадпрыемства «НВЦ па геалогii», Белдзяржунiверсiтэт, накiравана на павышэнне прэстыжу прафесii сярод моладзi i дае свой плён. Ужо з 2017 года ў краiне становiцца папулярным рух «Юныя геолагi». Каманда з Беларусi паспяхова ўдзельнiчае ў мiжнародных палявых алiмпiядах i займае прызавыя месцы, на роўных супернiчаючы з камандамi Казахстана, Расii i iншых краiн СНД. У развiццi гэтага руху хочацца адзначыць таксама ролю беларускай кампанii «Сохра».

Другой праблемай назаву мадэрнiзацыю геолагаразведачнай галiны. Гэтае пытанне знаходзiцца на парадку дня, бо геалогii без матэрыяльна-вытворчай базы не бывае. Замены патрабуе досыць вялiкая колькасць састарэлай i маральна зношанай свiдравiннай, геафiзiчнай, лабараторнай, аўтатранспартнай i iншай дапаможнай тэхнiкi. Работу па мадэрнiзацыi галiны мы плануем пачаць у блiжэйшай пяцiгодцы.

Трэцяй праблемай можна пазначыць непланамернае ўцягванне ў прамысловую распрацоўку вялiкай колькасцi радовiшчаў.

Нягледзячы на штогадовае забеспячэнне прыросту запасаў карысных выкапняў, па многiх iх вiдах праблемным застаецца пытанне незапатрабаванасцi ў шэрагу галiн айчыннай прамысловасцi. Гэта, у сваю чаргу, не дазваляе дзяржаве ў поўнай меры атрымлiваць эканамiчны эфект у выглядзе падатку за здабычу прыродных рэсурсаў ад бюджэтных сродкаў, укладзеных дзяржавай у разведку радовiшчаў, i скарачаць iмпарт мiнеральнай сыравiны.

Таксама трэба адзначыць недастатковасць мер, якiя прымаюцца мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi па прыцягненнi iнвестыцый у геалагiчнае вывучэнне нетраў i распрацоўку радовiшчаў карысных выкапняў.

Нагадаю, што зацверджаны пералiк аб'ектаў, прапанаваных для перадачы ў канцэсiю, якiх зараз налiчваецца 16. Сярод iх можна вылучыць чатыры радовiшчы ў Гомельскай вобласцi — Брынеўскае (гiпс), Астражанскае (бентанiтавыя глiны), Добрушскае (мел), Марозаўскае (нафта); у Брэсцкай вобласцi — Гароднае (кварцавыя пяскi); у Вiцебскай вобласцi — радовiшча Асiнторфскае (даламiт).

Распрацоўка гэтых радовiшчаў, стварэнне на iх базе новых вытворчасцяў дазволiлi б павышаць узровень дабрабыту насельнiцтва краiны, у тым лiку на раённым i абласным узроўнях, ai скарачаць iмпарт мiнеральнай сыравiны. Таму Мiнпрыроды неаднаразова рэкамендавала мясцовым выканаўчым i распарадчым органам уключацца ў работу па прыцягненнi iнвестыцый у асваенне нетраў нашай краiны.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.