Вы тут

Кветка шчасця для Беларусі


Два месцы, знакавыя для разумення творчасці Янкі Купалы і ўвогуле ўсёй Беларусі — Вязынка і Ляўкі. У Вязынцы ў 1882 годзе будучы Народны паэт Беларусі ўпершыню пабачыў свет, а Ляўкі былі яго апошнім прытулкам на радзіме. Адсюль у 1941 годзе пясняр з’ехаў у эвакуацыю. Назаўсёды.


Будаўніцтва дачы. 1936 г.

Філіялы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Ляўкі» і «Вязынка» былі заснаваныя паводле пастановы ЦК КП(б)Б і СНК БССР ад 04.08.1945 № 1139-292 «Аб увекавечанні памяці Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы». Цяпер яны адкрытыя для наведвальнікаў. Своеасаблівая атмасфера гэтых куточкаў ні з чым не параўнальная: колькі б разоў тут не пабываў, хочацца вяртацца зноў і зноў, каб судакрануцца з душой паэта

У госці да легенды

Усе мы госці ў гэтым жыцці, прыходзім на зямлю ўдасканаліць свае душы, хаця б на крок наблізіцца да разумення існага, свету і сябе ў ім, сцвярджаюць многія філасофскія і тэалагічныя вучэнні. Госцем быў і Янка Купала ў маляўнічым куточку Аршаншчыны на Дняпроўскіх стромах, гасцямі былі на яго дачы ў Ляўках, падоранай паэту ўрадам БССР да 30-гадовага юбілею творчасці, навакольныя сяляне і сябры пісьменніка. Менавіта вобраз гасцей стаў скраз- ной тэмай увасаблення літаратурна-дакументальнай экспазіцыі ў Ляўках, адноўленай у 2015 годзе.

У далёкіх 1930-х Купала ўспрымаўся мясцовымі жыхарамі жывой легендай — усім хацелася пагава- рыць з ім, завітаць да яго... Так, вяскоўцы назбіралі на полі кветак, узялі снапы ільну, мёд, хлеб, соль і прыйшлі знаёміцца з паэтам. Сустрэча яго ўразіла — ужо на наступны дзень усе чыталі верш «Госці»  — першы з тых, што ён напісаў у гэтых сценах...

І сёння госці часта прыязджаюць сюды, каб ад- крыць для сябе нешта новае ў разуменні паэта і яго творчасці, прайсціся Купалавымі сцежкамі, пашукаць сваю папараць-кветку.

Усталяваныя ў экспазіцыі сучасныя мультымедый- ныя сродкі дазваляюць глыбей адчуць атмасферу часу і прысутнасць творцы. Кожная зала мае асаблівае напаўненне: гучаць песні на словы Янкі Купалы, аўдыёзапіс яго голасу, спевы птушак. Мультымедыйнае акно ў стылізаваным пакоі будынку лясніцтва дазваляе як бы збоку зірнуць на ляўкоўскае жыццё песняра.

Будынак канторы Копыскага лясніцтва, у якім зна- ходзіцца літаратурна-дакументальная частка экспазіцыі, аўтэнтычны, быў узведзены ў 1929 годзе. Менавіта тут, у сям’і ляснічага М. І. Шыманскага жылі Купала і Уладзіслава Францаўна, пакуль па ўрадавай пастанове будавалі дачу.

У 1975 годзе гэта месца было аддадзена пад юрысдыкцыю міністэрства культуры, каб зрабіць тут музей. 28 кастрычніка 1977 года ён адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў.

Праз некалькі дзён пасля таго, як Купала назаўжды пакінуў Ляўкі 30 чэрвеня 1941 года, яго дача загінула ў агні. Адбылося гэта пры фарсіраванні Дняпра танкавай дывізіяй Гудэр’яна, было прамое пападанне снарада...

 Мемарыяльнай зонай экспазіцыі з’яўляецца рэканструяваны, адноўлены на тым жа фундаменце па фотаздымках і ўспамінах будынак дачы. Зрабілі гэта ў 1981 годзе па праекту Я. Раманоўскага і Ф. Анісовіча.

Крылатыя мары дзяцінства

Пакой для адпачынку.

У Ляўках Купала напісаў верш, які стаў улюбёным творам многіх дзяцей: «Хлопчык і лётчык». Распавядалі, што паэт ішоў ляўкоўскай вуліцай, і раптам аднекуль з-пад брамы выскачыла хлапчанё  — бегла, захопленае гульнёй, кружыла рукамі, голасам імітуючы гул самалёта. Купала «прапусціў» малога ў свой верш. Дарэчы, гэты твор любіў Юрый Гагарын. У фондах музея захоўваецца кніжка з вершам «Хлопчык і лётчык» і аўтографам маці першага касманаўта Ганны Цімафееўны Гагарынай, дзе паведамляецца пра гэта.

А дзіця, якое натхніла паэта на напісанне верша, здзейсніла сваю мару. Са здымка ў экспазіцыі глядзіць засяроджаны твар Кірылы Баразнова  — той самы хлопчык стаў лётчыкам! Жыхары Копысі «блізка» пазнаёміліся з авіяцыяй, калі найвялікшы па тым часе самалёт «Ілья Мурамец» рабіў пералёт з СанктПецярбургу праз Віцебск і Оршу ў Кіеў (пілотам яго быў сам авіяканструктар Сікорскі). У раёне Копысі вымушаны былі зрабіць аварыйную пасадку (тут дзейнічала некалькі аэрадромаў).

На іншым групавым здымку  — дзяўчынка Жэня. Згадваюць, што Купала любіў хадзіць у лес, з кошыкам і алоўкам. На дне кошыка ляжалі паперы: паэт то збіраў грыбы, то ўладкоўваўся пісаць верш. Аднойчы ў гушчары пабачыў маленькую дзяўчынку. Яна рупліва збірала ў збаночак суніцы. «Чыя ж ты будзеш, кветачка?»,  — запытаўся ў яе паэт. Яна, засаромеўшыся, адказала: «Ляўкоўская». Хутка Купала даведаўся, што Жэня  — сірата, расце без маці. І што вельмі хоча вучыцца і працаваць настаўніцай. Ужо ўвечары Янка Купала размаляў з яе бацькам. Пасля сям'я паэта забрала дзяўчынку ў Мінск, дзе яна скончыла педагагічнае ву- чылішча і потым усё жыццё працавала настаўніцай на Гродзеншчыне.

Улетку ў Ляўках у сям’і Купалы гасцявалі пляменнікі Янка і Уладзіслаў, ім тут вельмі падабалася.

Памяць, захаваная праз любоў

Купала вельмі любіў простых людзей. У 1935 годзе ў лясніцтве працавала рабочай Вера Баразнова. Аднойчы Купала адлучыўся ў Мінск па справах, а ёй загадалі зварыць яму суп з назбіраных грыбоў. Прыедзе, маўляў, трэба будзе пакарміць. Калі суп быў гатовы, а Купала вярнуўся з дарогі, жанчына і гаворыць: «Сядайце, абедайце, смачна вам есці!» Купала прапанаваў: «Вера Якаўлеўна, сядайце, і будзем разам абедаць!» Яна вельмі засаромелася, у нерашучасці адказала: «Іван Дамінікавіч, я ж дзеравенская!..» На што Купала не разгубіўся: «Вера Якаўлеўна, я — таксама дзеравенскі!» Так яны і абедалі разам.

Шмат чаго яшчэ згадвала Вера Якаўлеўна. Калі ў яе захварэў сын і яго трэба было везці ў Оршу ў бальніцу, Іван Дамінікавіч і адвёз туды хлопца на сваім «Шэўрале». Дапамагаў і грашыма.

Людзі, якія тут жывуць цяпер, душэўна чулыя, заўжды гатовыя прыйсці на дапамогу. Загадчыца музея распавядала пра тое, што замок, якім замыкалі гараж з паэтавым аўтамабілем, узімку заўжды так замярзаў, што супрацоўнікі, перш чым павярнуць ключ, вымушаны былі яго саграваць. Гэтыя пакуты выпадкова пабачыў адзін з рабочых: «Я прынясу вам іншы!» Ужо заўтра замок быў заменены на больш зручны ў абыходжанні. Самае цікавае, што знойдзена тая прылада была на агародзе. А праляжала яна ў глебе, магчыма, больш за стагоддзе...

Калі ладзілася экспазіцыя, трэба было знайсці мэблю. Не было надзеі адшукаць тое, што належала Купалу, — хаця б даваенную, стварыць тагачасную атмасферу. Але тут пашанцавала! У Копысі ў адной жанчыны знайшоў- ся стол, за якім Купала піў чай! Жанчына распавядала, што яе дзед працаваў у лясніцтве аб’ездчыкам. У дзеда тады была пасека, і ён сябраваў з паэтам. У Копысі яны не раз сядзелі за гэтым сталом! Стол быў перададзены музею, рэстаўраваны і цяпер упрыгожвае экспазіцыю. Знаходзіцца ён менавіта ў тым пакойчыку канторы лясніцтва, дзе Купала жыў разам з жонкай падчас будаўніцтва дачы. З асабістых рэчаў паэта на яго дачы — барометр і прыёмнік.

Памяць пра паэта збіралі па крупінках, і здолелі сабраць дзякуючы мясцовым жыхарам, якія руплі- ва захоўвалі дарагія звесткі. Так, адзін з групавых здымкаў 1936 года, дзе сярод выпускнікоў Копыскай школы Янка Купала і Пятрусь Броўка, кімсьці быў уклеены на аркуш са сшытку — таму і захаваўся.

Каштоўнай крыніцай пра жыццёвы і творчы шлях паэта сталі ўспаміны, якімі падзяліліся ў 1962 годзе жыхары Палесся і музейныя супрацоўнікі, што сабраліся аддаць даніну памяці песняру. Цікавыя ўспаміны пакінуў і старажыл горада Барысава, дзе Купала быў падчас камандзіроўкі.

Жарты і не толькі

«Шэўрале», падораны Янку Купалу ўрадам БССР у 1935 г. да 30-годдзя творчасці.

Вузкія прыступкі, прыбудаваныя з вонкавай сцяны дачнага доміка, вядуць на другі паверх, у невялікі пакойчык на паддашшы. Тут Купала і Колас (а яны былі добрымі сябрамі) гулялі ў шахматы. Распавядалі, што калі Колас прайграваў, уставаў і сыходзіў. Трохі пахадзіўшы вакол дома, вяртаўся і патрабаваў працягнуць гульню  — яму хацелася адыграцца «ў конікаў» (як жартоўна называлі шахматы). Купала ж казаў, што яму добра з Коласам маўчаць... А яшчэ з ліку музейных легенд — згадкі пра тое, як Купала вёз у сваім «Шэўрале» Коласа. А ў Коласа быў такі ж самы аўтамабіль, падораны ўрадам. Падчас паездкі Колас сказаў: «І ўсё ж мая машына лепшая!» Купала змаўчаў. Праз некаторы час Колас ізноў нагадаў, што яго «Шэўрале» ўсё ж лепей за Купалаў. Той загадаў кіроўцу спыніцца на ўзбочыне і... Колас вымушаны быў рэшту дарогі ісці пешшу...

На Шэўрале Купала паехаў 30 чэрвеня 1941года ў Маскву. 4 ліпеня дачы была знішчана. Машына пасля смерці паэта перайшла ў спадчыну яго жонцы, а Уладзіслава Францаўна падарыла машыну музею ў 1982 годзе. Адрэстаўраваны ўнутры, аўтамабіль заняў сваё месца ў экспазіцыі.

З дачнага балкона адкрываецца раскошны від на наваколле: Дняпроўская строма, белыя аблокі, што марудна праплываюць па-над гэтай прыгажосцю. І высачэзныя сосны, якія, здаецца, трымаюць на сваіх магутных галінах спрадвечную сінь нябёсаў. І выява песняра, на твары ў якога  — засяроджанасць, глыбокая задуменнасць... Нібыта душа яго засталася тут, сярод простых людзей, якіх ён так любіў. Каб радавацца і засмучацца разам з імі.

З удзячнасцю і замілаваннем

З 1985 года ў музеі працуе цяперашні яго загадчык Тамара Крына. Прыехала ў Копысь у 1975 годзе ўслед за мужам, якога сюды накіравалі на працу. Адукацыя — курсы бухгалтараў. Уладкавалася на керамічны завод у аддзел кадраў. Потым запрасілі ў музей.

— Даўно працую, але і сёння еду на працу з радасцю ў душы, асаблівым захапленнем, тым больш вясной, калі тут  — дыван пралесак і ва ўсёй прыродзе адчуваецца невыказнае хараство і хваляванне. Мы кажам вялікі дзякуй Купалу за тое, што ён тут жыў, Дняпроўскай строме  — за тое, што чакала яго, а «Шэўрале»  — што прывёз сюды паэта, — падзялілася ўражаннямі Тамара Крына.  — Чытаючы вершы Купалы, успамінаю і сваю маці, тое, як нялёгка жылося тады нашым бацькам. Да Купалы ж асаблівая ўдзячнасць за тое, што ён жыў не для сябе — усё жыццё шукаў папараць-кветку, кветку шчасця для беларускага народа...

Яна БУДОВІЧ         

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На адным дыханні. Што адбываецца ў пульманалагічным аддзяленні, дзе лечаць хворых на COVІD-19

На адным дыханні. Што адбываецца ў пульманалагічным аддзяленні, дзе лечаць хворых на COVІD-19

Пятая клінічная бальніца застаецца адной з медустаноў Мінска, куды шпіталізуюць хворых на COVІD-19. 

Грамадства

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Чым можна падсілкавацца, і навошта гэта ядуць.

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.