Вы тут

Незахмараныя далягляды зямлі


Кожны, хто возьме ў рукі зборнік паэзіі «За сіняй птушкай» (Мінск, «Кнігазбор», 2020) Таццяны Яцук, якая жыве ў Баранавічах і працуе настаўніцай роднай мовы, і акунецца ў свет яе вобразаў, то адчуе, «дзе гаманою расцвіталі вёсны», дзе «ў самым шчодрым ліўні зарападу гайдае росы вецер у лугах», дзе «белы снег і вабіць, і хмяліць», дзе «ранак прытуліўся да травы», дзе «спяць пад зорным плашчом гарады». Паэтка стварыла цудоўны цыкл вершаў, прысвечаных тэме паэта і паэзіі. Асобны раздзел «У паэтычным садзе» чытаецца як споведзь, на адным дыханні:


Душы сваёй мудрэйшыя высновы

Сябрам раздаў.

Жыў-быў паэт, ён зоркі песціў словам,

Сам зоркай стаў.

Адразу прыгадваецца хрэстаматыйны верш пра паэзію Леаніда Галубовіча:

Ты — боль, паэзія. Ты — быль.

Твае суровыя законы

Не для забаў, не для гульбы —

А пошук ісціны да скону…

Таццяна Яцук працягвае гэтую думку Леаніда Галубовіча і дапаўняе свой паэтычны сад новымі радкамі-гімнамі ў адрас паэтаў і паэзіі  — у новых творах «жанчына дакранаецца да слова», пасля чаго слова ажывае, шчыруе «шчаснаю падковай», а потым расцвітае светлаю загадкай. Вельмі шмат аўтарка піша пра паэтычнае Слова. Нават каханне яна апявае менш. Слова і смяецца, і дражніць, і рассякае сэрца, і трапеча... Піша аўтарка кнігі і пра страшэннае, распушчанае слова, і, вядома ж, пра шчырасць, якая стварае цуд.

Паэтка родам з вёскі з-пад Навагрудчыны, яна добра ведае вясковае жыццё, любоў да вёскі праходзіць скразной лініяй праз увесь зборнік. У яе вершах адчуваецца дыханне шырокага жыцця, спазнанага ёю і перажытага, ёсць радасці і боль, якія прайшоўшы праз сэрца, сталі своеасаблівай песняй. Паэзія Таццяны Яцук арыгінальная, асобны эмацыянальны свет, святло, свячэнне. Сіла яе лірыкі ў душэўнай чысціні, у даверлівасці інтанацый, выяўленні душы тонкай, чалавечай, адкрытай, а таму шмат у чым безабароннай перад грубасцю і абыякавасцю. Лірычную гераіню паэткі лёгка параніць, бо яна чуллівая, як мембрана, яна  — імгненны рэзанатар, настроены на абвостранае перажыванне ўсяго, што баліць камусьці альбо пагражае. Але найперш у вершах кранаюць прыгожая чалавечая сціпласць, самапаглыбленне, якое вызначаецца балючымі перажываннямі і радасцю.

На высокай шчырай, душэўнай ноце гучаць у зборніку вершы «Да святыні», «У садзе тым…», «Дакор», «Надзея» і многія іншыя, дзе паэтка выказвае сябе, унутраную чалавечую сутнасць і ўвесь свет, які яе атачае. Няма сумнення, што, паэтызуючы зямлю, творца раскрывае свой ідэал чалавечнасці, сябе як чалавека, як жанчыну, самае запаветнае. Увасабленне зямлі  — найрэальнейшая і найбольш поўная аўтахарактарыстыка. Кніга Таццяны Яцук у цэлым якраз і ёсць далейшы працяг усхваляванай размовы пра тое, у чым заключаецца шчасце  — лірычная гераіня просіць лёс «шчыра памаліцца за прагу вечную жыццё любіць», імкнецца засцерагаць чалавека ад мук, дабром сустракаць, праводзіць, не пакідаць у бядзе.

Душа паэткі і яе лірыка неадлучныя ад роднага краю, ад незахмараных даляглядаў роднай зямлі, засяроджваецца ў сабе. Паэтэса піша аповесць свайго жыцця. Калі прайсціся па раздзелах выдання, то першы, «Ля святых крыніц», пачынаецца з народзінаў, з краю маленства, з юнацтва і кароткім экскурсам у гісторыю («Віленскім кірункам», «Князь Вітаўт», «Вільня», «Нясвіж», «Куфэрак пабулі»). Другі раздзел «Дзе гарчаць мяды…» — роздум пра жыццё, надзея на спадзяванні, на сяброў, а таксама вершы пра гады адкрыццяў — і жыццёвых, і творчых. Трэці раздзел «У паэтычным садзе»  — пра паэтаў і мастацкае Слова. Чацвёрты раздзел «Пяць хвілін без цябе»  — пра каханне. Шосты  — «У згодзе з сэрцам»  — прысвечаны роздуму пра жыццё, пра прыгажосць прыроды, якая суцяшае і радуе:

Ранак выйшаў на пакос,

Сонца падміргнула.

У сцяжынках з белых рос

Неба патанула…

Вядома ж, ёсць у кнізе Таццяны Яцук вершы і радкі, якія варта было б паправіць, перапісаць, выкрасліць лішнія словы.

Тым не менш, кніга вартая і сур’ёзная. Верыцца, што услед «За сіняй птушкай» будуць і творы, дзе аўтарка па-ранейшаму будзе філасофскі разважаць пра наша жыццё, пра дабро і зло, пра справядлівасць і спагаду, але на новым узроўні, з новымі адкрыццямі і вобразамі.

Сяргей ЧЫГРЫН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».