Вы тут

Аўтаматызм і прадвызначанасць


Суаўтарства і творчыя тандэмы — з’ява даволі незвычайная. Зразумела, што ў кожнага творцы свае метады і прыёмы, свой стыль. І каб стварыць нешта цэласнае ў супрацы, аўтарам давядзецца не толькі спалучаць сюжэтныя часткі і прыводзіць стыль тэксту да агульнага, але і здзяйсняць ледзь не найцяжэйшы з подзвігаў у чалавечых стасунках — прыходзіць да кампрамісу.


Так ці інакш, калі справа тычыцца кніг Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак, ніякіх сумненняў наконт выніку творчай супрацы не ўзнікае. Можа быць, доўгатэрміновасць існавання гэтага тандэму і папулярнасць яго твораў хаваецца менавіта ва ўдалым раздзяленні сфераў адказнасці. Гэта добрае рашэнне для суаўтарства і ў той жа час удалы прыём для зацікаўлення мэтавай аўдыторыі. Ёсць герой-хлопчык і гераінядзяўчынка. Аўтарам зразумела, хто чыю гісторыю піша. Чытачам цікава паглядзець на сітуацыю з абодвух бакоў. Новая кніга аўтараў  — «Сіямцы», спачатку была выдадзеная п-аруску, а пасля перакладзеная на беларускую Станіславай Умец.

Мэтавая аўдыторыя Жвалеўскага і Пастэрнак застаецца нязменнай  — гэта падлеткі. І аўтары добра трапляюць у рэчаіснасць і побыт сучасных шаснадцацігадовых мінчан. У гісторыю пра стасункі з бацькамі, настаўнікамі, сябрамі, і — галоўнае — пра першае каханне ўплятаецца ненавязлівае фэнтэзі. Аднак гэта не містычныя сілы, а лёс імкнецца звесці галоўных герояў, праўда, увасоблены ён у гэтым тэксце даволі цікава. У ролі сілаў лёсу, якія робяць невыпадковымі ўсе сустрэчы, выступае Мінск. Горад набывае аблічча добрага духа, які любіць сваіх жыхароў і дапамагае ім зрабіць правільны выбар. Але на працягу тэксту ён засяроджаны выключна на галоўных героях і дзеля іх прымушае кагосьці пасварыцца з жонкай, а кагосьці згубіцца ў горадзе. Як у амерыканскіх фільмах, ён сігналізуе персанажам надпісамі на білбордах, нумарамі аўтобусаў, старонкамі забытых на прыпынку кніг, а героі паступова вучацца яго слухаць.

Кніга з першых старонак пачынае гульню з чытачом. Назва «Сіямцы» выклікае асацыяцыю або з коткамі, або з блізнятамі. Праўда, зусім не чакаеш, што гэтая асацыяцыя акажацца настолькі літаральнай, а праз пару абзацаў  — ледзь не літаральна рассыплецца.

Галоўныя героі вядуць разам канал на YouTube і вучацца ў дзявятым класе. Нічога, акрамя супольнай працы і сяброўства, звязваць іх не павінна, але менавіта тут умешваецца лёс. Галоўная ідэя аповесці  — прыгожы фаталізм, «калі табе наканавана быць разам з чалавекам, то нішто не зможа вас развесці, нават вашае ўласнае жаданне».

Чытачам, больш дарослым за галоўных герояў, цікавей назіраць не столькі за сюжэтам, колькі за тым, як самі па сабе пачуцці выяўляюцца ва ўспрыманні падлеткаў. Аўтары аповесці праводзяць пільнае даследаванне самой сутнасці кахання: галоўны герой вымушаны значна паглыбіцца ў сябе, каб зразумець, што, чаму і як ён адчувае. Паступова персанажы, якія на пачатку выглядалі эталоннымі падлеткамі  — імпульсіўнымі, схільнымі да рэзкіх высноў і ўчынкаў, бразганняў дзвярыма і імкнення «змяніць жыццё вось тут і зараз» — становяцца больш асэнсаванымі.

У тэксце аповесці пануе своеасаблівы дуалізм. Аповед паступова пераходзіць ад глыбокага назірання за пачуццямі да схематычнага апісання дзеянняў. Але схематычным яно становіцца па задуме аўтараў. На працягу ўсяго твора героі вельмі шмат часу праводзяць «у аўтаматызме»  — то яны блукаюць па горадзе і праз некалькі гадзін знаходзяць сябе ў іншым раёне, то тры гадзіны за здымкамі новага роліку прамільгваюць незаўважна ні для герояў, ні для чытачоў, то герой аўтаматычна дарабляе ўсе недаробленыя справы. Мы рэдка назіраем за героямі ў працэсе якога-небудзь дзеяння і вельмі часта  — за размовамі і разважаннямі. Але аўтары не забываюць агарнуць гэты «аўтаматызм» у тлумачэнні  — ён падаецца або як асаблівасць характару, або як сітуатыўны стан.

Жвалеўскі і Пастэрнак даўно працуюць у сферы падлеткавай літаратуры і, заўважна, добра вывучылі псіхалогію сваіх патэнцыйных чытачоў і яе прычыны. У «Сіямцах» рознабакова паказаныя мадэлі стасункаў з бацькамі, вельмі рэалістычна і натуральна, без перабольшванняў і наўмыснасці, раскрыты той самы легендарны «юнацкі максімалізм» у светапоглядах персанажаў. Нягледзячы на тое, што ўвесь аповед вядзецца ад трэцяй асобы, чытач назірае за падзеямі быццам бы «знутры персанажа».

Адзінае, што падаецца спрэчным у гэтым тэксце  — пару разоў сустрэты сэксізм. Напрыклад, адзін з дарослых герояў прытрымліваецца пазіцыі кшталту «жанчыны будуць сто гадоў разбірацца, кахаюць яны цябе ці не, а ты проста бяры і жаніся». З аднаго боку, такія погляды адпавядаюць характару героя, але аўтары не выказваюць да іх ніякага стаўлення, яны нават падаюцца як своеасаблівая парада. Гэтае рамантычнае клішэ, канешне, грае не на карысць рэальнаму і здароваму ўспрыманню стасункаў, але такая проза не ставіць перад сабой задачы выхоўваць чытача. Сюжэтны каркас  — сам па сабе своеасаблівае рамантычнае клішэ — прызначанасць людзей адно для аднаго. У чытачоў, на якіх разлічаны гэты твор, ужо павінна быць крытычнае мысленне.

Вельмі асцярожна, але без пошлых эўфемізмаў і залішніх падрабязнасцяў, аўтары закранаюць тэму падлеткавага сексу. Пры разглядзе гэтай тэмы яскрава выяўляецца цікавая пазіцыя аўтараў у адносінах да чытачоў. Жвалеўскі і Пастэрнак не размаўляюць з падлеткамі ні як бацькі, ні як сябры-равеснікі, ні як школьны псіхолаг ці настаўнік. Іх пазіцыя насамрэч нагадвае кропку, з якой глядзяць на сваіх гледачоў блогеры ў сацыяльных сетках. Яны ствараюць прыкметны брэнд, распавядаюць прыгожую, у меру драматычную гісторыю, добра ведаюць псіхалогію сваёй аўдыторыю і разважаюць на вострыя, актуальныя для яе тэмы. Гісторыя «Сіямцаў» прымушае лішні раз задумацца пра «невыпадковасць выпадковасцяў» і звярнуць увагу на дробязі. Можа быць, гэта і не дапаможа знайсці свой лёс, але часам бывае вельмі карысна вырвацца з аўтаматызму ўспрымання і пераключыцца на «тут і цяпер».

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.