Выспа душы


Літаратурны працэс — гэта, па сутнасці, бясконцае стварэнне і перастварэнне міфаў, своеасаблівая квітэсенцыя быцця. У сціслым, закадзіраваным выглядзе кожны міф захоўвае для будучых пакаленняў пэўную інфармацыю пра светабудову, паходжанне той ці іншай з’явы. Але ў той жа час ён можа выступаць перасцярогай, напамінам аб крохкасці жыцця і пэўнага стану рэчаў. Кожны падобны твор прыўносіць у ментальную прастору частку суб’ектыўнага аўтарскага бачання, адмысловы, непаўторны антрапалагічны досвед. Аднак сусветная гісторыя заўжды пакідае падставы для сумненняў: а ці здольнае чалавецтва рабіць высновы з ранейшых памылак, альбо ўсё-ткі гэтыя антыўтопіі-папярэжданні не могуць прадухіліць бяду?


Навуковая фантастыка — нібыта і забаўляльны жанр, але штораз ён адкрывае новыя магчымасці для прытчавасці і іншасказальнасці. Ва ўмовах таталітарнага СССР гэта сталася, бадай, адзіным спосабам данесці да грамадства погляды, адрозныя ад агульнапрынятых. Да фантастыкі як сродку закамуфляваць крамольныя ідэі, звярталіся ў розныя часы Міхаіл Булгакаў, Яўген Замяцін, браты Стругацкія…

У беларускай літаратуры-фантастычны накірунак запачаткавалі «Лабірынты» Вацлава Ластоўскага, у пазнейшыя часы  — асобныя творы Янкі Маўра, Уладзіміра Шыціка і  — Васіля Гігевіча. Фізік па першай адукацыі (пазней скончыў вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у часопісах «Маладосць» і «Полымя»), тым не менш, ён не адразу звярнуўся да фантастыкі. Першыя творы, такія як «Жыціва», «Доказ ад процілеглага» былі звыклыя, «зямныя», але сваёй філасафічнасцю і заглыбленасцю ва ўнутраны свет яны вылучаліся на агульным тле бравурнай прозы сацрэалізму.

Менавіта ў перабудовачныя часы творчасць пісьменніка зазнала прыкметную эвалюцыю: яна падпарадкавала сабе патаемныя бакі чалавечага быцця. Духоўны вакуум, які панаваў у соцыуме, справакаваў усплёск цікаўнасці да паранармальных з’яў. Гэтую тэму і развіў Васіль Гігевіч у аповесці «Палтэргейст», структурна набліжанай да журналісцкай хронікі non-fiction. Тады ж пісьменнік звярнуўся і непасрэдна да навуковай фантастыкі: з’явіліся аповесць «Марсіянскае падарожжа», раман «Кентаўры» ды іншыя творы.

Летась у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла яго кніга пад назвай «Востраў» — плён працы апошніх гадоў. Густоўнае афармленне, выкананае мастаком Уладзімірам Лукашыкам, адразу прываблівае чытацкае вока. Аднак шырокафарматнае выданне камусьці можа падацца нязвыклым, асабліва аматарам кішэнных кніг у мяккай вокладцы, бо такі фаліянт няпроста разгарнуць у грамадскім транспарце, ды і ў барсетку ён не змесціцца. Затое эстэтычная асалода гарантавана!

У зборнік увайшлі чатыры буйныя творы (міфы) і апавяданні. Згодна з анатацыяй, кніга прысвечана «разгляду сучасных тэм і звязаных з развіццём цывілізацыі працэсаў, сувязяў чалавека і прыроды». Кожны міф забяспечаны падрабязнымі каментарамі, якія не толькі дапамагаюць разумець навуковую фактуру, але і акрэсліваюць аўтарскае бачанне пэўнай з’явы ці падзеі.

У першым з іх, які даў назву кнізе, пісьменнік выкарыстоўвае арыгінальную трактоўку легенды пра таямнічы востраў Пасхі. Як у многіх іншых сваіх творах, Гігевіч і тут прымярае на сябе ўлюбёнае амплуа «пасярэдніка» паміж чытачом і сапраўдным відавочцам ці ўдзельнікам. Згодна з перадгісторыяй, пасля наведвання вострава Пасхі апавядальнік быў «настолькі ўражаны ўбачаным, што напачатку не ведаў, што рабіць», бо адчуваў: усё, што адбылося тысячагоддзі таму на далёкім востраве пасярод акіяну, можа стаць сённяшняй рэальнасцю. Дзіўным чынам у аўтара апынаецца вучнёўскі сшытак з расшыфраваным тэкстам пісьма ронгаронга... Але найперш «Востраў» — гэта аповесць-папярэджанне пра тое, што варажнеча паміж людзьмі, падзел на «правільных» і «няправільных», «сваіх» і «ворагаў» недапушчальная ў грамадстве, што асноўным прыярытэтам у любой чалавечай супольнасці мае быць павага да асобы, да меркаванняў і перакананняў іншых. Напружанне, якое сфарміравалася на востраве паміж плямёнамі караткавухіх і даўгавухіх, у рэшце рэшт выбухае, руйнуючы звыклы лад жыцця, абрынаючы ў небыццё высокадухоўную і высокаразвітую цывілізацыю.

Тэму сталення, эвалюцыі грамадства працягвае міф «Страчанае шчасце». Аўтар распавядае пра нашых далёкіх продкаў, пра іх жыццё і звычаі, але найперш  — пра каханне, пра спрадвечны канфлікт паміж шчырым пачуццём і грубай сілай. Першабытны перыяд атаясамліваецца з «заканчэннем дзяцінства» чалавецтва, развітаннем з прыродным, стыхійным успрыманнем свету і ўступленнем у фазу жорсткага супрацьстаяння не толькі з сіламі прыроды, але і з сабе падобнымі.

У астатніх двух міфах распрацаваны тэмы касмічных падарожжаў і сустрэч з іншапланецянамі. Творы маюць знешнія прыкметы навуковафантастычнай прозы, але навідавоку намер скарыстаць сюжэтную абалонку дзеля акцэнтуацыі на рэальных, злабадзённых праблемах. Таму аповесць «Гуманоіды» ўспрымаецца не як класіка жанру, а хутчэй як сацыяльная сатыра ў духу Свіфтаўскага «Падарожжа Гулівера». Вандроўка галоўнага героя Базыля Беларуса да невядомай далёкай галактыкі і кантакт з прадстаўнікамі высокаразвітай цывілізацыі  — гэта не што іншае, як погляд у будучыню, спроба ўявіць наша грамадства праз пэўны прамежак часу. Але высновы бязрадасныя  — людская супольнасць, скіраваная адно на паляпшэнне дабрабыту і на пошук асалоды, немінуча асуджана на выраджэнне, маральную і фізічную дэградацыю. Пісьменнік увесьчасна нагадвае нам, што галоўнае ў жыцці — не эфемернае матэрыяльнае багацце, не бясконцае назапашванне дабротаў, а самыя, кажучы словамі з вядомай песні Міхаіла Анемпадыстава, «простыя рэчы: хлеб на стале, полымя ў печы». І што над сапраўднай літаратурай і мастацтвам ніхто «не ўладны — ні філосафы разумныя, ні хахмачы вясёлыя, якія з жыцця і смерці чарговую хохму лепяць, ні палітыкі няшчасныя...».

І, бадай, самы галоўны міф  — гэта «Карабель», створаны пісьменнікам яшчэ напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, на схіле камуністычнай эпохі. Тое, што аўтар уключыў яго ў гэты шэраг  — цалкам заканамерна, ён ідэйна ўпісваецца ў агульную канцэпцыю. Касмічны карабель у творы ўспрымаецца як разгорнутая алегорыя нейкай іерархічнай дзяржаўнай машыны, чыё функцыянаванне падтрымліваецца кругавой парукай, заснаванай на падмане і жорсткасці дзеля захавання ўлады купкай людзей, у дадзеным выпадку — Таемным Саветам. «На нашым Караблі ёсць свая шкала каштоўнасцей, і што пачнецца на Караблі, калі мы пачнем бурыць гэтую шкалу каштоўнасцей, сцвярджаючы, што за межамі Карабля ёсць цікавае жыццё?..». Адметна, што знакамітую «Жоўтую стралу», тэматычна набліжаную да аповесці Гігевіча, Віктар Пялевін напісаў толькі праз некалькі гадоў, на пачатку 90-х. Зрэшты, абодва творы маюць свайго папярэдніка — раман «Пасынкі Сусвету» амерыканца Роберта Хайнлайна.

Тры апавяданні, змешчаныя напрыканцы, аб’яднаны адной тэмай кахання. У адрозненне ад міфаў, яны цалкам рэалістычныя, жыццёвыя. Асноўны лейтматыў  — туга па незваротным, па страчаным: «Тады яшчэ людзі спявалі. Тады яны яшчэ чаравалі. То быў іншы свет, дзе людзі гаварылі тое, што думалі…»

«Востраў» Васіля Гігевіча — гэта адна вялізная метафара чалавечай душы, гэткай самотнай выспы пасярод жыццёвага акіяну, у якім валадараць нахабства, хцівасць ды жывёльныя інстынкты. І толькі крэўнае, роднае, спрадвечнае выратуе, дазволіць адстаяць сваё права звацца людзьмі, дасць моцы змагацца за праўду і захаваць яе для нашчадкаў.

 Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».