Вы тут

«Звяртаючыся да цябе, чытаю сябе...»


З творчасцю італьянскага паэта Фердынанда Патэрностра пазнаёміла беларускага чытача паэтэса Вольга Раўчанка


Імя перакладчыцы і паэтэсы, члена СПБ Вольгі Раўчанкі вядома не толькі на радзіме, але і за яе мяжамі. Яшчэ зусім нядаўна беларускія СМІ шырока асвятлялі выхад кнігі Пас Дамейка «Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі  — у Санцьяга-дэ-Чылі», выпушчанай па заказу Міністэрства інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у серыі «Імёны Беларусі ў свеце», а таксама публікавалі матэрыялы да 200-годдзя Таварыства філаматаў, членам якога быў Ігнат Дамейка. Непасрэдна над гэтым выданнем працавала Вольга Раўчанка, якая пераклала аўтарскі рукапіс Пас Дамейка з іспанскай на рускую (пазней ён быў перакладзены на беларускую мову мінскімі перакладчыкамі).

Неўзабаве мэтанакіраваная, таленавітая і працавітая гамяльчанка парадавала чытача новай працай. На пачатку гэтага года ў італьянскім выдавецтве «Meta» выйшла кніга лезгінскага паэта Білала Адзілава «Romantico degle montagne» («Рамантык гор») у перакладзе на італьянскую мову Вольгі Раўчанкі. Гэтае выданне даволі цёпла сустрэлі ў Італіі.

Зрэшты, не затрымаўся і новы падарунак айчынным чытачам. Вольга пераклала на рускую мову творы італьянскага паэта Фердынанда Патэрностра, а таксама склала з перастварэнняў паэтычны зборнік «PRO MEMORIA» (з лацінскай — напамінанне, памятнае пісьмо, вузельчык на памяць). Кніга выйшла ў мінскім выдавецтве Аляксея Вараксіна.

Пра што паэзія Фердынанда Патэрностра? Чым яна прыцягнула беларускую паэтку?

— Жанр гэтай кнігі  — міжземнаморская паэзія замілавання сэрца, — распавяла Вольга. — У век, здавалася б, далёкі ад рамантызму, раптам нараджаюцца пранізліва далікатныя, абсалютна мужчынскія вершы  — збольшага і зямныя, збольшага і касмічныя — з натуральнай пацінай самаіроніі: гімн каханню, шчасліваму і беспрытульнаму...

Вольга Раўчанка зазначае, што са згоды аўтара яна аб’яднала ў новым зборніку зробленыя ёю пераклады вершаў з дзвюх раней выдадзеных паэтычных кніг («Прымаць пасля ежы» і «Пабочныя эфекты») і творы, напісаныя зусім нядаўна.

Дарэчы, Патэрностра (у перакладзе на нашу мову гучыць як «Ойча наш») — не псеўданім, што, па меркаванні перакладчыцы, накладае на аўтара яшчэ большую адказнасць. Фердынанд  — навуковецдаследчык, дацэнт кафедры «Анатомія чалавека» Фларэнційскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дырэктар анатамічнага тэатра спецыялізуецца на тапаграфічнай, функцыянальнай і пальпаторнай анатоміі і аператыўнай хірургіі.

Як адзначае перакладчыца, ёй было прыемна працаваць з сапраўднай паэзіяй. Вельмі яе парадавала і тое, што гэтая жыццесцвярджальная кніга  — паэзія замілавання сэрца — выйшла ў свет у перыяд пандэміі, якая выпрабоўвае на трываласць увесь свет.

Думаецца, што новае выданне (у яго афармленні выкарыстана карціна Федэле Барлета «Партрэт Кры») беларускаму чытачу не проста спадабаецца, але і закране глыбіні яго душы. Прадстаўленая ў зборніку паэзія  — чыстая і кранальная, арыгінальная, шчырая. Яна прымушае думаць. Зрэшты, упэўнены і ў тым, што гэтая кніга адназначна стане бібліяграфічнай рэдкасцю.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».